Минская область, Столбцовский район
Елена Верещагина

У 1717 годзе беларускія магнаты Радзівілы стварылі ў Налібоках шкляную мануфактуру. Праз дваццаць год падобная з’явілася ва Урэччы. З тых часоў лепшыя еўрапейскія вытворцы шкла, напрыклад, багемскія, атрымалі моцнага канкурэнта.

Які посуд выдзімалі беларускія майстры? Якімі намаганнямі дасягаўся такі высокі ўзровень? І чаму гэта беларуская традыцыя з цягам часу сышла ў нябыт? Мы паспрабавалі адшукаць адказы разам з кандыдатам гістарычных навук Таццянай Скрыпчанка.

a1.jpg

«Менеджмент» замежны, мастакі свае

Яшчэ на этапе планавання будучай вытворчасці Радзівілы прынялі два стратэгічна правільных рашэння. Першае датычылася месца для мануфактур. Адзін з неабходных складнікаў шкла – паташ – давала Налібоцкая пушча. Яго здабывалі з попелу. Таму мануфактуры і месціліся каля густога лесу. «А вось беларускі пясок для гэтай вытворчасці не падыходзіў, – кажа Таццяна Скрыпчанка, – У ім шмат жалеза. Пры яго ўжыванні атрымаецца шкло зялёнага бутэлькавага колеру, непрывабнае для посуду. Таму прыходзілася карыстацца спецыяльна прывезеным пяском».

Другое ўдалае рашэнне – не вынаходзіць ровар, а арганізаваць працэс вытворчасці з улікам лепшых еўрапейскіх практык. Сказана – зроблена. Налібоцкую мануфактуру стварылі на ўзор Дрэздэнскай каралеўскай, Урэцкую – Саксонскай каралеўскай. Тэхнічнымі працэсамі і ў Налібоках, і ва Урэччы кіравалі лепшыя замежныя адмыслоўцы, напрыклад, Канстанцін Фрэмель, спецыяліст па варцы багемскага крышталю. А вось рысавальшчыкі і гравіроўшчыкі былі з мясцовых – прыгонных сялян ды збяднелай шляхты. Вядома пра дынастыі беларускіх майстроў: Дубіцкіх, Александровічаў, Кахановічаў, Бялькевічаў, Галубовічаў.

Уявім абедзве мануфактуры і тэхналагічны ланцужок вытворчасці. Асобна размяшчаліся склады з сыравінаю і месца, дзе палілі дрэва, пасля чаго з гэтага попелу выраблялі паташ. Далей – штосьці кшталту лабараторыі. У ёй згодна з дакладнай прапорцыяй змешваліся пясок, паташ і мінеральныя фарбы. Зрабіўшы неабходную  сыравіну, майстар варыў у спецыяльным тыгэле – вялізным гаршчку – у печы ўласна шкло. «Унікальнае ружовае шкло атрымлівалася пасля дабаўлення ў працэсе варкі калоіднага золата, – кажа эксперт, – а блакітнае – срэбра». Далей у працэс уключаліся мастакі, сумесна са шкларобам яны вырашалі, якія формы магчыма выдзьмуць. Бо ўласцівасці аморфнага стану шкла дазваляюць ажыццявіць далёка не ўсе ідэі. Пасля атрымання патрэбнай рэчы яе абпальвалі і шліфавалі, а мастакі прыдумлялі роспіс, які ўжо іншы адмысловец пераносіў на гатовы выраб. Якасным лічылася шкло без бурбалак, празрыстае і зіхатлівае, як брыльянт.

a2.jpg

Мастацтвазнаўца Мая Яніцкая ў сваім артыкуле «Матэрыяльная і духоўная культура Міншчыны» піша, што, працуючы ў Налібоках, Канстанцін Фрэмель вынайшаў новую тэхналогію варкі рубінавага шкла. Беларускія ж майстры засвоілі надзвычай складаныя тэхнікі шліфоўкі, гравіроўкі і разьбы. Па словах даследчыцы, яны ўмелі аздобіць ножкі келіхаў ніцямі рубінавага шкла. Вырабы таксама ўпрыгожвалі плацінай, золатам, срэбрам і накладнымі медальёнамі. Мясцовыя мануфактуры не проста засвойвалі чужы вопыт, гэта было асяроддзе інавацый.

Беларуская школа

Спецыялізацыя абедзвюх мануфактур была агульнаеўрапейскай. Тут выраблялі аконнае шкло, люстэркі, жырандолі, падсвечнікі, цацкі, флакончыкі для духоў і, вядома, посуд: цукарніцы, салатнікі, бутэлькі, графіны, кубкі з накрыўкамі, бакалы ды «куляўкі» – чаркі без ножак (відаць, не для слабакаў, бо з такіх пілі ўсё змесціва адным махам). І гэта далёка не ўся прадукцыя. Вядома, што найменняў вырабаў было больш за сто. Дарэчы, менавіта Урэцкая мануфактура, адзіная ў краіне, вырабляла люстры і люстэркі. «Так, да моманту рэстаўрацыі аднаго з найбольш каштоўных люстэркаў у Кракаўскім нацыянальным музеі лічылася, што яно заходнееўрапейскае, – піша Мая Яніцкая. – Калі ж знялі падрамнік, то аказалася, што паміж ім і шклом у якасці пракладкі былі пакладзены інвентары Урэцкай мануфактуры».

Уплыў заходнееўрапейскага мастацтва быў вельмі адчувальным, але самабытныя ўзоры і выкарыстоўванне традыцыйных форм дазваляюць казаць пра беларускую школу шкларобства. Тутэйшыя майстры аздаблялі вырабы жартоўнымі надпісамі-парадамі, пажаданнямі, вершамі, гербамі, арабескамі, партрэтамі каралёў і асоб княжацкіх родаў, выявамі беларускіх краявідаў і жывёл, а таксама сатырычнымі сцэнкамі з жыцця мясцовых жыхароў.

a3.jpg

Але выразнай сувязі з народным мастацтвам тут не прасочваецца. Па словах Таццяны Скрыпчанка, напрыклад, беларускага арнаменту, якім паўсюдна карысталіся ў сельскім асяроддзі, няма на шкляных вырабах. «Спажыўцамі шкляных вырабаў былі пераважна гараджане – кажа эксперт – і галоўным у аздабленні была такая зменлівая з’ява, як мода. Для сельскай мясцовасці насупраць характэна следванне ўстойлівай традыціі». Аднак трэба падкрэсліць, што формы шкляных вырабаў перагукваліся з народнымі.

Традыцыйныя формы ў спалучэнні з арыгінальнымі гравіраванымі кампазіцыямі ды мясцовымі матэрыяламі вылучалі нашу вытворчасць на еўрапейскім рынку. Нягледзячы на замежны «менеджмент», беларускае шкло не стала копіяй саксонскага ці багемскага. Але ў сэнсе якасці яны стаялі ў адным шэрагу. «Радзівілам патрэбны былі мануфактуры высокага класа, інакш займацца вытворчасцю было бессэнсоўна, – кажа Таццяна Скрыпчанка. – Яны гандлявалі ў Еўропе і Расійскай імперыі. У такіх умовах у вас альбо бездакорная якасць, альбо вы проста не вытрымаеце канкурэнцыі».

Рэшткі шкла

a4.jpgПасля ўваходу тэрыторыі сучаснай Беларусі ў Расійскую імперыю мануфактуры пачалі паступова губляць пазіцыі. Пратрымаўшыся да сярэдзіны XIX стагоддзя, яны зачыніліся. «Былыя гаспадары прадалі мануфактуры, – кажа Таццяна Скрыпчанка, – а новым трэба было працаваць ужо ў змяніўшыхся  ўмовах». Да таго ж на Беларусі прагрымела вайна 1812 года, якая не пашкадавала ні памяшканні мануфактур, ні абсталяванне. І старажытная беларуская традыцыя шкларобства перапынілася. У савецкія часы тут працавалі некалькі шкляных заводаў, але яны рабілі зусім іншыя рэчы па іншым тэхналогіям.

Нажаль, час і войны не збераглі для нас крохкія вырабы знакамітых мануфактур.  Прыгожыя штофы, графіны, кубкі і келіхі  захоўваюцца у калекцыях Варшавы, Львова, Санкт-Пецярбургу, Масквы, але не ў беларускіх музеях. І толькі мясцовыя жыхары па сёння знаходзяць на сваіх агародах рэшткі старажытнага шкла, што вельмі карысна для навукоўцаў, але слаба суцяшае ўсіх астатніх.

Што можна зрабіць сёння? Таццяна Скрыпчанка ўпэўнена, што аднавіць паўнавартасную вытворчасць шкла па старажытных тэхналогіях зараз немагчыма. Хаця б таму, што калі мы вырашым у XXI стагоддзі паліць такую колькасць лесу, прагрэсіўная частка грамадства нас проста не зразумее. І будзе мець рацыю. А вось арганізацыя прадпрыемства ў мініяцюры як турыстычнага аб’екта цалкам магчымая. У краіне ўжо ёсць некалькі музейна-вытворчых камплексаў, і яны папулярныя. Пагадзіцеся, што вельмі файна было б купіць далікатны беларускі келіх, які майстар выдзьмуў прама перад вамі.


Читайте также:

Антикварные редкости Януша Униховского

Рукодельничаем по-белорусски. Какие народные ремесла легко освоить дома?

«Дарыце беларускае»: цветы в стекле, вышиванка и керамический еж

Топ 10. Промышленный туризм в Беларуси: пиво, трактора и мороженое