Могилевская область

У межах міжнароднага праекта па развіццi культурнай спадчыны CHOICE у супрацы з Магілёўскім гарвыканкамам архітэктурнай секцыяй Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распрацавана дэталёвая канцэпцыя аднаўлення Школішча – аднаго з былых прадмесцяў Магілёва, якое вядома яшчэ як Пакроўскі пасад.

Аб гэтым паведамiў на сваёй старонцы ў Facebook старшыня таварыства Антон Астаповiч. Канцэпцыя рэвіталізацыі старажытнага прадмесця створана аўтарскім калектывам у складзе А. Астаповіча, А. Вантуха, І. Вантуха і А. Ларры.

0_8ced5_bdb038d5_orig.jpg

Прадмесце пачало фармавацца з XVI стагоддзя як гарадскія кварталы побач з эканамічным сэрцам горада – гандлёвай прыстанню. Тапонім «Пакроўскі пасад» паходзіць ад драўлянай Пакроўскай царквы, збудаванай яшчэ ў XVI ст. у межах прадмесця. Пазней гэтую частку горада сталі зваць Школішчам, бо ў XVII ст. там была збудавана драўляная Халодная сінагога, у ХІХ ст. побач з ёй узводзіцца будынак ешывы, і квартал становіцца цэнтрам іўдзейскага рэлігійнага жыцця Магілёва.

Mahiloŭ_Dniapro_(N_Orda_1877).jpg

Пакроўскі пасад (злева) на акварэлi Напалеона Орды (1877 год)

Прадмесце знаходзілася за межамі гарадскіх абарончых умацаванняў. Сувязь паміж ім і горадам ажыццяўлялася праз Алейную браму. Можна дапусціць, што назва брамы наўпрост звязана з гандлёвай функцыяй Пакроўскага пасаду, з сувяззю горада і прыстані, якая праз яе ажыццяўлялася. Планіроўка кварталаў прадмесця абумовілася яго месцаразмяшчэннем, ландшафтам, у якім яно існавала. Гэта з поўначы высокая надпоплаўная тэраса Дняпра, дадаткова падсыпаная гарадскім абарончым валам, а з паўднёвага захаду – правы карэнны бераг Дняпра і часткова забалочаная пойма.

mogilev_staroe_foto_istoriya_ratusha.jpg

У 50-х гадах ХХ ст. кварталы канчаткова расчышчаюць ад руін, у тым ліку руйнуюцца рэшткі касцёла Святога Антонія і жылога корпуса кляштара бернардынцаў, а таксама будынкі Пакроўскай царквы і званіцы. Халодная сінагога ж была разабрана яшчэ да Другой сусветнай вайны, у другой палове 1930-х гг. у межах мерапрыемстваў па перабудове Магілёва з мэтай пераносу сюды сталіцы БССР. Пасля Другой сусветнай на тэрыторыі Пакроўскага пасада ўжо не функцыянуе і грузавая прыстань, якая была перанесена на месца сучаснага рачнога порта.

Асноўная функцыя прадмесця ў 60-я гг. ХХ ст. – пачатку ХХІ ст. – гарадскі водазабор: тут узводзяцца службовыя і вытворчыя збудаваннi Магілёўскага водаканалу, а тэрыторыя старой прыстані пачынае выкарыстоўвацца як рэкрэацыйная тэрыторыя. На правым беразе Дняпра ўладкоўваюцца гарадскі пляж і выратавальная станцыя. Сама ж тэрыторыя Пакроўскага пасаду страчвае прыкметы існаваўшай тут на працягу стагоддзяў гістарычнай планіровачнай структуры, зарастае дрэвамі і кустоўем. З былых гістарычных вуліц захоўваецца толькі Вялікая Грамадзянская з функцыямі тэхнічнага праезда ад маста праз Дняпро да Падміколля.

2015-06-30-37 1710.jpg

Прапанаваная канцэпцыя прадугледжвае аднаўленне страчаных дамінантных архітэктурных аб’ектаў, гістарычнай планіровачнай структуры (вуліц у гістарычных чырвоных лініях), планіровачных маштабу і характару страчанай шэраговай забудовы. Пры гэтым усе працы мусяць праводзіцца строга ў адпаведнасці з дзеючымі нарматыўна-прававымі актамі і тэхнічнымі нормамі Беларусi, а таксама міжнароднымі дакументамі.

13076923_1177525012258158_5504354067233973171_n.jpg

13226920_1177525372258122_6276370435430544888_n.jpg

13260096_1177525172258142_8172591765022049488_n.jpg

«Хацелася б адзначыць, што працы на тэрыторыі прадмесця ўжо вядуцца. Рэканструюецца і рэстаўруецца адна з сінагог, распачаты працы па аднаўленні ансамбля Пакроўскай царквы, – пiша Антон Астаповiч. – Менавіта спецыялiсты архітэктурнай секцыі Таварыства выконвалі навуковыя вышуканні, распрацоўвалі праектныя прапановы па дадзеных аб’ектах. Таму ёсць усе падставы спадзявацца на працяг засваення тэрыторыі згодна методыкам і заканадаўству».

13221622_1177525118924814_7533346120827573016_n.jpg

13244836_1177525318924794_8414870505902043992_n.jpg

13256342_1177525392258120_4356977921397890616_n.jpg

Сама канцэпцыя перададзена ва Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама. Зараз ідзе падрыхтоўка па наладжванню шэрагу прэзентацый, дзе распрацаваныя прапановы маглі б быць даведзены да мэтавых груп і абмеркаваны з імі.

Больш дэталёвыя праектныя планы глядзiце тут.