Ціна Турава

Падчас святкавання 950-годдзя беларускай сталіцы часта даводзілася чуць (прычым не толькі ад гасцей Мінска, але і ад тутэйшых жыхароў), што яны ніколі раней не ўспрымалі горад «такім старым». Сапраўды, плошча гістарычнага цэнтра Мінска менш за 1 (адзін!) адсотак; каменных будынкаў, старэйшых за 100 гадоў, ледзь назбіраецца дзве сотні (з 3000 узведзеных да рэвалюцыі, паводле дадзеных краязнаўцы Захара Шыбекі). Ды і тыя ўвесь час прарэджваюць падчас рознага кшталту «рэканструкцый»… Вось і вымушаны яны маладзіцца, каб не трапіць пад раздачу.

Гэта, канешне, жарт, але насамрэч ёсць у Мінску некалькі вельмі старых будынкаў, але так добра замаскіраваных, што на свой салідны ўзрост яны аніколечкі не выглядаюць. Аднак зараз мы раскрыем іх таямніцу.

На вуліцы Энгельса, 1 стаіць каржакаваты корпус былога Свята-Духава кляштара базыльянак– бадай што адзіны з сённяшняга спісу, хто не вельмі хавае сваю «сівізну». Як і ўвесь манастырскі комплекс, ён быў збудаваны ў першай палове ХVII стагоддзя, але на аснове гатычных дамкоў папярэдняга, ХVI стагоддзя (а некаторыя лічаць, што нават ХV-га). Такім чынам, можна сцвярджаць, што колішні жаночы кляштар, а зараз дзіцячая музычная школа – самы стары з захаваных дамоў Мінска, старэйшы нават за афіцыйна прызнаны такім сабор Пятра і Паўла на Нямізе.

Бывший монастырь базилианок в Минске.jpg

Будынак яшчэ адной навучальнай установы – Рэспубліканскага музычнага каледжа на плошчы Свабоды – нягледзячы на знешнюю стылізацыю «пад застой», старэйшы за любы з палацаў Санкт-Пецярбурга, бо з’явіўся ён тут, на пляцы Верхняга рынку, ажно ў 1699 годзе. Двухпавярховую камяніцу ўзвялі для сваёй школы манахі-езуіты, якія кантралявалі ў канцы ХVII – XVIII стст. сістэму адукацыі ў Мінску. Будаўніцтва касцёла Езуса, Марыі і Святой Барбары пачалося толькі ў наступным, 1700-м, годзе.

Касцёл і кляштар езуітаў у Мінску.jpg

У 1780-х тут выкладаў тэалогію Тадэвуш Бжазоўскі – прапаведнік, які ў 1805 годзе стаў генералам (то бок кіраўніком) ордэна езуітаў. На той час былы мінскі калегіюм як адна з самых дыхтоўных будынін горада стаў – ні больш ні менш – палацам губернатара. Першым пасяліўся тут славуты Захар Карнееў, у гонар якога пасля назвалі будучую галоўную вуліцу Мінска – Захар’еўскую (сёння праспект Незалежнасці). У 1918-м экс-езуіцкая школа на некалькі месяцаў дала прытулак Радзе БНР, а ў 1920-х – пачатку 1930-х тут знаходзіўся беларускі Дом ураду.

Мінскі палац губернатара, архіўнае фота.jpg

Дарэчы, параўнаць, як выглядаў гэты будынак у ХІХ стагоддзі і сёння, можна ТУТ, на верхнім калажы ён злева.

Яшчэ больш старажытная пабудова, якая прыкідваецца сталінскім ампірам, – гмах Міністэрства абароны Беларусі. Кажуць, праваслаўны мужчынскі манастыр існаваў у гэтай частцы Траецкай гары з канца ХIV стагоддзя. У ХV-м ён моцна пацярпеў ад пажару і быў цудоўна адноўлены на сродкі жонкі вялікага князя ВКЛ Аляксандра Ягелончыка Алены. Цікава, што ў 1596 годзе настаяцель менавіта гэтай абіцелі, Міхаіл Рагоза, узначаліў царкоўны сабор, які абвясціў Брэсцкую унію. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў гэтых сценах адкрылі жаночае духоўнае вучылішча, некаторы час тут працаваў шпіталь, а пасля рэвалюцыі прапісаўся медыцынскі факультэт БДУ.

Мінск, штаб БВА.jpg

У канцы 1940-х на высокім пагорку над Свіслаччу замест аднаўлення пашкоджанага вайной медфаку вырашылі будаваць штаб Беларускай вайсковай акругі. Аўтар праекта архітэктар Валянцін Гусеў рызыкнуў не руйнаваць старажытныя манастырскія муры, а ўпісаць іх у аб'ём новабудоўлі. Магчыма, сакрэтам ператварэння старога ў новае з Гусевым падзяліўся яго больш дасведчаны калега Іосіф Лангбард, разам з якім яны працавалі над праектам пасляваеннага аднаўлення акруговага Дома афіцэраў у Мінску. Менавіта па такой схеме Лангбард у сярэдзіне 1930-х ствараў гэты будынак, заклаўшы ў яго каркас сцены Свята-Пакроўскай царквы ХIХ стагоддзя – так што, заходзячы сёння ў левае крыло Дома афіцэраў, мы ў пэўным сэнсе ўваходзім у храм. (Вось, дарэчы, яшчэ адзін фігурант нашага спісу будынкаў, якія «прымаладзіліся», – але пра «Дом афіцэраў імя Покрыва Прасвятой Багародзіцы», як часам жартаўліва называюць яго краязнаўцы, мы ўжо пісалі).

Дом офицеров.jpg

Таму вернемся з былога Архірэйскага падворку зноў на Траецкую гару і паслухаем гісторыйку пра штаб БВА ад аўтара кнігі «Наш стары добры Вавілон» Міхаіла Валодзіна. Так атрымалася, што над архітэктарам Гусевым аднойчы згусціліся хмары. Справа ў тым, што зверху гмах штаба пасля перабудовы нагадваў літару «Ш», а гэта, вырашылі савецкія асабісты, мусіла падказаць ворагу, што тут знаходзіцца менавіта Штаб. Кажуць, за такое Гусева маглі нават расстраляць, але яго выратаваў камандуючы Беларускай вайсковай акругай маршал Цімашэнка, які адзначыў, што «Ш» чытаецца, толькі калі ляцець з боку Масквы, а з захаду гэта «Т». На тым быццам і вырашылі, праўда, дадатковы корпус, які замкнуў контур штаба, усё ж прыбудавалі.

2be09168d2ba90235db2d2ea3d902d16.jpg

А на процілеглым схіле Траецкай гары тым часам грунтоўна перараблялі, надбудоўваючы яшчэ два паверхі, старую камяніцу колішняга каталіцкага кляштара марыявітак. З 50-х гадоў ХІХ стагоддзя тут дзейнічала праваслаўная духоўная семінарыя, сярод знакамітых выпускнікоў якой – этнограф, фалькларыст Павел Шпілеўскі і дыпламат, першы пасол Расійскай імперыі ў Японіі Іосіф Гашкевіч. У іх часы і да 1950 года будынак выглядаў так.

Мінская духоўная семінарыя, архіўнае фота.jpg

У 1953 годзе, пасля ператварэння проста ампіра ХІХ стагоддзя ў «сталінскі» ампір ХХ-га, гэтыя сцены прынялі першых курсантаў Мінскага сувораўскага вучылішча. Ці здагадваюцца сённяшнія кадэты, што, праходзячы праз вестыбюль галоўнага корпуса сваёй alma mater, яны апынаюцца пад скляпеннямі марыявіцкага касцёла Святога Вінцэнта, умураванага ў новы гмах?

Сувораўскае вучылішча.jpg

Тое ж адбылося і з мінскай харальнай сінагогай, створанай у самым пачатку ХХ стагоддзя ў маўрытанскім стылі, аднак убачыць уласцівыя гэтаму кірунку рысы зараз не так ужо проста. Для гэтага трэба абысці будынак Нацыянальнага драматычнага тэатра збоку – і ў дворыку перад вамі адкрыецца акуратная чырвона-белая кладка былой сінагогі. У сваім першапачатковым выглядзе яна праіснавала да канца 1940-х, а потым экзатычны фасад, часткова разбураны падчас вайны авіябомбай, знік за сталінскай прыбудовай. Дасюль так званае вока Аарона (вялікае круглае акно), зазірнуўшы ў якое, нават самыя закаранелыя грэшнікі каяліся ў здзейсненых грахах, наглуха закрыта порцікам.

Харальная сінагога2.jpg

Схаваўся ад старонніх вачэй, нібы за вялікай скалой, за 14-павярховікам і стары канструктывісцкі будынак педагагічнага ўніверсітэта (а яшчэ раней БДУ), узведзены напрыканцы 1920-х. Яго хоць і не праглынуў новы гмах, але трапіць унутр мінак можа толькі праз гэтую «дылду». А зрабіць гэта абавязкова трэба – хаця б для таго, каб дакрануцца да сівых сцен, у якіх выкладалі і вучыліся нашы светачы навукі і літаратуры: Пічэта, Колас, Ігнатоўскі, Броўка, Крапіва…

33c8f61fcf23a1154260aa2d5fb249ac.jpg

 

Чытайце таксама: 

Семь самых страшных мест в центре Минска

Перекати-город, или Пять минских памятников, сменивших свою прописку

Храм над могилой. Где похоронен первый минчанин-олигарх

Знакомимся с Минском заново. О столице будущего (и не только) расскажут бесплатные аудиогиды