Ru
En Bl

Чым знакамітая і цікавая Траецкая гара — месца, дзе адбыўся канцэрт да сотых угодкаў абвяшчэньня БНР

Автор: Зьміцер Бартосік АШ Радыё Свабода
Ссылка: svaboda.org
26.03.2018

Падарожжа ў часе і прасторы па Траецкай гары Радыё Свабода распачала ад агароджы колішняга Траецкага манастыра.

«Гэтае месца ад 19 стагодзьдзя было рынкавым пляцам, – распавёў старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Рынак — гэта квінтэсэнцыя гарадзкога жыцьця. Гэта і эканамічная актыўнасьць, гэта і забавы. Гэта месца, дзе сацыяльныя камунікацыі зашкальвалі. Людзі тут жывуць ад 17 стагодзьдзя. Бо тут быў заснаваны грэка-каталіцкі Траецкі манастыр. А на пачатку 19 стагодзьдзя паўстаў рыма-каталіцкі кляштар марыявітак. Ён знаходзіўся там, дзе сёньня сувораўская вучэльня. У сярэдзіне 19 стагодзьдзя будынкі кляштара перабудавалі пад духоўную сэмінарыю».

Дарэчы, як выглядала Траецкая гара да пабудовы Вялікага тэатру, бачылі многія. Але ня ўсе зьвярнулі на тое ўвагу.

У фільме «Кастусь Каліноўскі», зьнятым на «Беларусьфільме» ў 1927 годзе, Траецкая гара выконвала ролю віленскага Лукіскага пляца. Бачна, што там, дзе сёньня сквэр і фантан, стаяць прыземістыя будынкі. А будучая сувораўская вучэльня яшчэ захоўвае свой гістарычны двухпавярховы выгляд. У колішнім Марыявіцкім кляштары, калі здымалі «Кастуся Каліноўскага», месьцілася Беларуская вайсковая вучэльня.

Дом, дзе нарадзіўся Багдановіч

Бронзавы Максім Багдановіч глядзіць на памятную шыльду на доме № 25. Шыльда хлусіць, што «на гэтым месцы знаходзіўся дом, дзе нарадзіўся паэт». Насамрэч той будынак знаходзіўся ў двары 25 дому. Гэта быў адзін з самых знакавых беларускіх адрасоў. Бо да рэвалюцыі тут жа месьціліся рэдакцыі часопісаў «Саха» і «Лучынка».​

«Як толькі адкрыўся музэй Багдановіча, адразу плянавалася некалькі філіялаў: «Ракуцёўшчына» і «Беларуская хатка»  . І тады ж узьнікла ідэя аднавіць будынак былой школы, дзе жыў і настаўнічаў Адам Багдановіч зь сям’ёй, — кажа Астаповіч. — Праект быў падрыхтаваны «Белрэстаўрацыяй» у 1992 годзе. Але ж 90-я гады. Сродкаў на культуру на было. Так гэтая задума і не рэалізавалася. І канчаткова пэрспэктывы аднаўленьня гэтага дома былі страчаныя, калі паўстаў дом, які я называю «Чыжоўкай». Будынак вэнтыляцыйнай шахты сеў практычна на тое месца, дзе стаяў дом, у якім нарадзіўся Багдановіч.

Было прынята рашэньне пра стварэньне мэмарыялу ў гонар таго дому. Мне падабаецца сучаснае дызайнэрскае рашэньне. Асабліва мне падабаецца, што матэрыял, які ўжыты, — гэта стальныя лісты, якія далі каразійны колер. Шкада, што гэты дом не аднавіць. Але памяць пра яго, хаця б такім чынам, адлюстраваная».

Трэці Дом Саветаў

Зьвярніце ўвагу на шыльду, якая вісіць на рагу 23 дому. Згодна зь ёй, гэта помнік архітэктуры 19 стагодзьдзя. Насамрэч дом пабудаваны ў 1936-м для вышэйшых афіцэраў РККА.

У двары зрабілі фантан, які сёньня ператвораны ў клюмбу. У доме былі кватэры з усімі магчымымі на той час выгодамі. Каналізацыяй, тэлефанізацыяй і нават ваннымі пакоямі. У якіх былі нават ня ванны, а міні-басэйны. Такіх сантэхнічных цудаў, я ўпэўнены, больш у Менску нідзе не сустрэць.

Мы працягваем наш шпацыр з гісторыкам Антонам Рудаком.

«Афіцыйная назва гэтага дому — Трэці Дом Саветаў. Калі першыя два Дамы Саветаў, дзе новая ўлада давала кватэры сваёй намэнклятуры, былі пабудаваныя яшчэ да рэвалюцыі (Першы Дом Саветаў — дом у стылі «мадэрн» насупраць гатэля «Сьвіслач», і другі — дом, дзе жыў Пятрусь Броўка), дык гэты быў абсалютна новы. Хоць у ягонай назьве ніяк не адлюстраваная прыналежнасьць да войска, але ён будаваўся менавіта для вышэйшага складу арміі.

24 чэрвеня 1941 году адбылася нямецкая бамбардзіроўка Менску. Колькасьць ахвяраў той бамбардзіроўкі дагэтуль невядомая. Нямецкія службы, якія займаліся расчысткай завалаў, гаварылі пра семсот целаў, якія знаходзіліся пад заваламі. Хоць савецкі бок, як ні дзіўна, называў меншыя лічбы — каля двухсот. Але, што тычыцца гэтага дому. Вайскоўцы былі мабілізаваныя. Тут засталіся іхныя сем’і, якія не пасьпелі эвакуавацца. Жонкі, дзеці. І яны вырашылі схавацца ў падвале. Бомба ўпала на адзін з пад’ездаў і выклікала пажар. Агонь перакрыў выхад з падвалу. Людзі аказаліся заблякаваныя. Па сьведчаньнях уладаў, якія апошнія дні заставаліся ў Менску, там загінула каля ста асобаў».

З боку вуліцы Багдановіча ёсьць уваход у абутковую краму. Гэта самая незвычайная крама ў Менску. Дастаткова спусьціцца па старых прыступках і паглядзець на жалезныя дзьверы паміж сэкцыямі крамы. На вузкія калідоры.

Гэта тое самае бамбасховішча, дзе 24 чэрвеня загінула больш за 100 чалавек. У асноўным жанчын і дзяцей. Але пра гэта шыльды на доме няма. Як няма і шыльды памяці тых, каго забралі з гэтага дому падчас Вялікага тэрору. У гэтым доме да самага арышту жылі наркам асьветы Анані Дзякаў і пісьменьнік Янка Нёманскі. Апошняга арыштавалі 29 кастрычніка 1937-га.

Траецкае прадмесьце

​Кожнага разу, ідучы па Траецкім прадмесьці я дзіўлюся — якім пустынным і бязьлюдным выглядае гэты квартал. А некалі, здаецца, зусім нядаўна, Траецкае было самым модным і самым тусовачным месцам. Месцам, дзе завязваліся найцікавейшыя знаёмствы. Дзе ў музэі Багдановіча адбываліся самыя цікавыя літаратурныя вечарыны. Дзе зьявіліся першыя падвалы-півярні. Да нашай вандроўкі далучыўся мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

«Раней, у 70-я, калі я хадзіў гэтай дарогай у школу, тут жыла маса народу. Тут гучалі дзіцячыя галасы, нехта ганяў у футбол, мужыкі на лавах сядзелі, вісела бялізна. Тут усё было жывое. А пасьля раптам усё сьціхла. Пасярод агромністага гораду, дзе ўсё кіпіць-бруіць, утварылася атмасфэра поўнай цішыні. І да сёньня гэта не пераадолена. Мы стаім удзень пасярод двухмільённага гораду — і навокал ні душы. Няма таго, што здаецца жыцьцём.​

Мы самі сабе не адказалі на пытаньне: што для нас Траецкае? Для каго гэта рабілася? Думалася, што для менчукоў. На ўскраінах не было кавярняў. Але сёньня ехаць сюды з Чыжоўкі, каб кавы папіць? Абсурд. Траецкае на сёньня ня мае свайго эксклюзіву. Вось каб зараз, пад 100-годзьдзе БНР, тут была галоўная выстава пра БНР — я ўпэўнены, што людзі пайшлі б сюды цугам. Траецкаму патрэбны эксклюзіў. Вось каб аддалі будынак сынагогі пад сынагогу — усе б ведалі. «Ведаеце? Ведаеце, дзе ў нас сынагога? Ідзіце і паглядзіце». І ўсе турысты пайшлі б глядзець».


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Натхненне беларускіх паэтаў. Самыя маляўнічыя літаратурныя сядзібы ў Беларусі

Сёння па ўсёй краіне ёсць шмат адноўленых сядзіб, дзе калісьці праводзілі час нашы паэты і пісьменнікі. Некаторыя з іх

Статьи
Уникальный гид по белорусской столице написала минская гимназистка

На днях в минских книжных появился путеводитель-раскраска по белорусской столице «Моя первая книга о Минске».

Статьи
«Прыгучие» хатки, колючая проволока и клоны домов Максима Богдановича

С Минском был связан всего год жизни Максима, да и то разбитый на два периода: полгода после рождения и полгода перед

Наследие
Бывший Троицкий монастырь базилианок в Минске

В первой половине ХVII века в Минске появилось несколько монастырей униатского ордена

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые