Ru
En Bl

Казіно і «пілсудаўкі»: якую спадчыну пакінулі ў Маладзечне польскія жаўнеры

Автор: Аксана Ярашонак
Источник: Рэгіянальная газета
Ссылка: http://www.rh.by
27.04.2018

З трэцяга паверха афіцэрскага дома ў Гелянове быў бачны вакзал. Фальварак, хутчэй за ўсё, названы ў гонар нейкай невядомай прыгажуні Гелены. А чаго не ведалі пра маладзечанскі мікрараён Гелянова вы?

22 красавіка ў межах рэспубліканскага фэста экскурсаводаў краязнаўца з Маладзечна Уладзімір Садоўскі правёў экскурсію па колішняму гарнізону Гелянова.

foto.png

Такім чынам Уладзімір дэманстраваў фотаздымак з ільвом канца 1950-х

– Учора адзін сталічны экскурсавод вадзіў экскурсію па Мінску шэсць гадзін, – пачаў Уладзімір. – Я вас шэсць гадзін вадзіць не буду. Максімум – пяць.

Падчас нядоўгай прыватнай гутаркі Уладзімір распавёў, што ў Гелянове жылі яго дзядуля і бабуля. Дзядуля ад 1960-х гадоў працаваў на мэблевай фабрыцы непадалёк. Таму хлопец ведаў гэтыя мясціны з дзяцінства. Аднак сур’ёзна зацікавіўся гісторыяй Гелянова ўжо будучы дарослым – у 2013 годзе.

Казіно без рулеткі і карт

Экскурсію пачалі ад будынка Мінскага абласнога драматычнага тэатра  – а за польскім часам – афіцэрскага казіно. Аднак, па словах экскурсавода, мелася на ўвазе не тое казіно, дзе гуляюць у карты і рулетку.

gelianovo.png

Праект афіцэрскага казіно 1920-х гадоў. Цяпер у гэтым будынку тэатр

Так называўся афіцэрскі клуб, дзе на сцэне ладзіліся канцэрты і імпрэзы. У гэтым жа будынку, верагодна, была і вайсковая кухня. Будынак зрабілі сіметрычным: вялікія вокны былі і спераду, і ззаду. У наш час тыя вокны, што глядзяць на парк, заклалі цэглай.

Ад 1944 года ў будынку тэатра месціліся спачатку абласны, а потым гарадскі Дом культуры.

Куды «збеглі» львы ад трыумфальнай аркі

У 1929 годзе 86 пяхотны полк адзначаў дзесяцігоддзе. З гэтай нагоды ў гарадку пабудавалі трыумфальную арку. Па новых звестках, яе асвяцілі не ў 1929, а ў 1930 годзе. Тады прэзідэнт Польшчы Ігнат Масціцкі наведваў гарады Віленскага ваяводства. Ён удзельнічаў у адкрыцці аркі ў Маладзечне.

Наверсе аркі была каплічка. Тут ладзіліся набажэнствы і вісеў звон, адліты спецыяльна да адкрыцця аркі. Цяпер звон у Музеі гісторыі Мінска.

arka.png

Экскурсавод дэманструе старыя фотаздымкі трыумфальнай арка

Арку ўпрыгожвалі статуі рыцараў, якіх разбурылі падчас вайны, і пліты, дзе было напісанае прысвячэнне абаронцам Міншчыны. Ля аркі адзначалі дзяржаўныя польскія святы, напрыклад, Дзень польскай Канстытуцыі – 3 мая.

Арка перажыла вайну. У канцы 1940-х наверсе ў каплічцы жыла сям’я. У савецкі час пад аркай праходзілі першамайскія дэманстрацыі. Яе разбурылі ў пачатку 1960-х. Адна з прычын – перашкода руху. Тады якраз зрабілі новую дарогу на Валожын, узмацніўся рух у гэтым накірунку.

Каля аркі стаялі два каменныя львы. Сёння яны знаходзяцца каля навучальнай установы ў аграгарадку Беразінскае, па словах сведкаў, у занядбаным стане.

Не «хрушчоўкі», а «пілсудаўкі» для «кантрактнікаў»

Злева ад аркі пабудаваныя два амаль аднолькавыя дамы для польскіх падафіцэраў, у якіх і сёння жывуць людзі.

– Гэта тыповае жыллё для вайскоўцаў. Як «хрушчоўкі» ў савецкі час. Такія дамы можна назваць «пілсудаўкі», – пажартаваў экскурсавод. – У іх жылі вайскоўцы, якія служылі, кажучы сучаснай мовай, «па кантракце» і выконвалі абавязкі сяржантаў.

Больш элітнае жыллё – дамы для афіцэраў. Адзін – у дварах, другі побач з аўтобусным прыпынкам «Драматычны тэатр».

Тры паверхі ў дамах былі жылыя, чацверты – тэхнічны. За польскім часам на тэхнічным паверсе працавала пральня і сушылася бялізна. Ужо ў 1920-30 гадах выгоды – прыбіральня і душ – месціліся ў кватэрах. Ацяпленне было пячным. Кухні праектавалі маленькія, толькі для таго, каб разагрэць ежу, узятую ў вайсковай сталовай.

На сценах дома з шэрай цэглы, які стаіць каля аўтобуснага прыпынку, можна заўважыць сляды ад куль і закладзеную цэглай дзірку ад снарада. З польскіх часоў каля пад’ездаў засталіся ўмураваныя ў цэглу металічныя трубкі для сцягоў, што луналі тут падчас польскіх дзяржаўных святаў.

Ад Гелянова да вакзала – суцэльныя палі

Жаўнеры, якіх служыла каля 1700, жылі ў казармах. Сёння ў гэтых каменных будынках крама і карпусы навучальных устаноў. Уралагічнае аддзяленне Маладзечанскай ЦРБ, пафарбаванае ў сучасны ружовы колер, – таксама былая казарма.

tur.png

Публіка на экскурсіі была рознаўзроставай

Пасля вызвалення горада ў 1944 годзе ў Гелянове, у былых казармах, размясціўся аблвыканкам Маладзечна, бо ў 1944 годзе горад атрымаў статус абласнога, якім заставаўся да 1960 года.
Два дамкі, дзе жылі цывільныя супрацоўнікі гарнізона, месцяцца паміж вуліцай Буйло і бальніцай.

А двухпавярховы дом на Буйло,  дзе зараз цэнтр дзіцячай творчасці, належаў палкоўніку, што камандаваў гарнізонам. Дрэвы ўздоўж вуліцы – магчыма, алея тых часоў.
Адразу за афіцэрскімі дамамі да чыгуначнага вакзала ішлі суцэльныя палі. Таму з трэцяга паверха дома лёгка можна было ўбачыць чыгуначную станцыю.

dom.png

Экскурсавод на фоне будынка, дзе жыў палкоўнік, які камандаваў ганізонам Галянова

А забудова на Машэрава, якую часам памылкова прымаюць за дамы польскага гарнізона, адносін да Гелянова не мае. Гэтыя двухпавярховыя дамы пабудавалі тут у 1940-1950-х.

Пра «фізуху» і вайсковую «муштру»

На месцы сённяшняга гарадскога стадыёна быў вайсковы пляц. Тут жаўнеры займаліся фізічнай падрыхтоўкай, скакалі на конях, ладзілі вайсковыя парады.

Займаліся спортам і на сённяшнім стадыёне другой школы.

Увогуле, фізічнай падрыхтоўцы жаўнераў надавалі шмат увагі. Па словах экскурсавода, стрэльбы для салдат ладзіліся ў Лазаўцы. І туды ад Гелянова яны мусілі бегчы ва ўсёй вайсковай экіпіроўцы.

А цяпер пра дом, які не захаваўся

Да нашых дзён не захаваўся сядзібны дом гаспадароў фальварка Гелянова – Васілеўскіх. Вядома, што ён быў драўляны і месціўся там, дзе сёння зелянгас.

Прыкладна насупраць дома было штучнае азярцо, дзе каталіся на лодках.

У 1922 годзе польская дзяржава набыла ў паноў Васілеўскіх зямлю для свайго карыстання. Назва фальварка Гелянова, хутчэй за ўсё, паходзіць ад польскага жаночага імя Гелена.

Крыху з гісторыі гарнізона

86  пяхотны полк Войска Польскага перавялі з Вільні пад Маладзечна ў 1922 годзе. Спачатку полк месціўся на Замкавай вуліцы, там дзе сёння вайсковая часць, і ў Красным. Аднак гэтых будынкаў было мала.

dom1.png
Дом, у якім жылі цывільныя супрацоўнікі гарнізона

Будаваць вайсковы гарадок на выкупленых у Васілеўскіх землях у чыстым полі пачалі з нуля ў 1924 годзе.

У склад Маладзечна Гелянова ўвайшло ў 1929 годзе. Якраз тады загадам Польскага ўрада Маладзечна атрымала статус горада і да яго далучылі фальваркі Бухаўшчына, Гелянова, калонію Завань і засценак Цівідаўка.

dom2.png

Гэты незвычайны дом — таксама з часоў гарнізона. Да нядаўняга часу там былі аптэчныя склады

Да 1950-х гадоў Гелянова было геаграфічна аддзеленае ад цэнтра горада. Гарадскі парк і забудова 1940-50-х гадоў на сённяшніх вуліцах Маркава і Машэрава злучылі былы вайсковы гарадок з цэнтрам Маладзечна.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Идем пешкарём. В каких белорусских городах есть пешеходные улицы?

Рецепт создания популярного туристического места таков: освободите одну из улиц, желательно в историческом центре, от

Наследие
Синагога в Молодечно

Новая синагога в Молодечно построена в начале ХХ

Самые популярные Самые обсуждаемые