Ru
En Bl

Выстава “Biblia pauperum”


15.03.2019 - 31.03.2019

описание

15 сакавіка 2019 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы сакральнага жывапісу Анны Макаць “Biblia pauperum”.

biblia-Pauperum-4_600.jpg

АННА MAKAЦЬ – мастак, рэстаўратар твораў мастацтва. Нарадзілася 9 ліпеня 1966 года ў Гдыні. У 1985-1991 гадах вывучала рэстаўрацыю жывапісу і графікі на Факультэце выяўленчага мастацтва Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні. За дыпломную работу –  рэстаўрацыю іконы XVIII – XIX стст. – у 1992 годзе атрымала ўзнагароду Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны на выставе найлепшых дыпломных работ мастацкіх ВНУ “Дыплом 90/91”. У 1993 годзе ў конкурсе ілюстрацыі да дзіцячай Бібліі, арганізаваным гданьскім Фондам “Pro Arte Sacra”, атрымала ўзнагароду за цыкл работ, натхнёных візантыйскім жывапісам. У 1995-1996 гадах працавала на пасадзе рэстаўратара ў гданьскіх рэстаўрацыйных майстэрнях. Сёння Анна Макаць вядзе прыватную рэстаўрацыйную практыку, піша іконы і крыжы па замове касцёлаў і прыватных асоб.

Свае іконы мастачка піша ў адпаведнасці з арыгінальнымі тэхнікамі рускага іканапісу. Асновай з'яўляюцца сасновыя дошкі, узмоцненыя дубовымі шпонамі. Яны абклейваюцца пакрытым растворам палатном, а потым паталлю або сусальным золатам. Іконы напісаны тэмпернымі фарбамі з дадаткам яечнага жаўтка ў якасці вяжучага рэчыва. На фінальным этапе паверхня пакрываецца лакам і пацінай.

“Мастацтвам стварэння ікон я зацікавілася падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў.  Да іканапісу мяне падрыхтавалі заняткі па тэхніцы жывапісу і залачэння, а таксама дыпломная праца па рэстаўрацыі іконы Святога Георгія мяжы XVIII і XIX стагоддзяў. Тады я вучылася рамяству, а з тэалогіяй пазнаёмілася нашмат пазней.

Спачатку, як кожны пачатковец, я рабіла копіі, даказваючы сабе, што таксама так магу. Тады іканапіс быў не такі папулярны, як цяпер. Не было матэрыялаў і кніг з рэпрадукцыямі. Мне ўдалося знайсці толькі расійскія альбомы. Таму спачатку я рабіла копіі расійскіх ікон. Не было таксама інтэрнэту, які рабіў магчымым кантактаваць з іншымі мастакамі. Я доўга думала, што я адна ў свеце займаюся стварэннем такіх работ.

І толькі напрыканцы дзевяностых гадоў я пачала прывозіць з Берліна альбомы з іконамі іншых школ, напрыклад, эфіопскімі або копцкімі. Прыкладна ў 2011 годзе я адкрыла для сябе мастакоў Львоўскай школы, а разам з імі майстар-класы іканапісу ў Навіцы. Упершыню я ўдзельнічала ў іх у 2013 годзе. Праграмныя прынцыпы навіцкіх майстар-класаў мне вельмі падыходзяць, асабліва стварэнне сакральнага мастацтва з дапамогай сучасных сродкаў выражэння.

З аднаго боку, я пішу іконы ў адпаведнасці з канонам, які, нягледзячы на вызначэнне пэўных рамак, дазваляе захаваць свой уласны стыль. З іншага – у мяне ёсць работы, проста натхнёныя іконамі і падобныя да іх... Гэта мае ўласныя інтэрпрэтацыі рэлігійных тэм, такіх як святыя, Маці Божая, анёлы. Я выкарыстоўваю ў сваёй творчасці вядомыя матывы.

Мяне натхняе мастацтва памежжа праваслаўнага свету – месцаў, у якіх класічныя іканаграфічныя схемы пераплятаюцца з народным мастацтвам, як у Грузіі, Эфіопіі, Заходняй Украіне, Румыніі, а таксама народнае рэлігійнае мастацтва. Акрамя гэтага, раманская скульптура, рэлігійнае каланіяльнае мастацтва Мексікі і Перу. Братнюю мастацкую душу я знайшла ў Адаме Сталёны-Дабжаньскім, які памёр у 1985 годзе, гэта праваслаўны мастак, стваральнік вітражоў і поліхрамій. Ён па-майстэрску спалучаў класічны іканаграфічны канон з сучасным уласным стылем. Мне блізкая таксама менш сур'ёзная паэтыка дзіцячай ілюстрацыі.

Работы, якія я прадстаўляю на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, паўсталі поруч з асноўнай плынню маёй творчасці – з патрэбы сэрца, як хатнія іконы, прызначаныя для прыватнага культу і непадпарадкаваныя жорсткім правілам. Некаторыя з іх – частка рыцарскага цыклу, у якім прадстаўленыя святыя на розных жывёлах. Размешчаныя на працах лацінскія надпісы адсылаюць да традыцый сярэднявечных ватыўных карцін з цудамі святых. Сёння можна сказаць, што яны чытаюцца як комікс. Адначасова гэта свайго кшталту “Biblia pauperum”, гэта значыць Біблія ў малюнках для людзей, якія не вельмі сябруюць з лацінай. Прадстаўлены рэлігійны змест пададзены простым і адназначным спосабам”.

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, вул. Карла Маркса, 12

Калi: 15 сакавiка, 17:00

Отзывы

Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.