Ru
En Bl

Генрых Дмахоўскі

1810–1863


Генрых Дмахоўскі, скульптар, удзельнік паўстанняў 1830 і 1863 гг., нарадзіўся ў маёнтку Забалоцце Дзісенскага павету (зараз Мёрскі раён) 26 кастрычніка 1810 года.

У 1825-1828 гадах вывучаў права ў Віленскім універсітэце. Браў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-31 гг. У 1834 годзе быў арыштаваны і закратаваны ў аўстрыйскай крэпасці Куфтайн. Падчас зняволення, якое доўжылася да 1841 г., налаўчыўся ляпіць фігуркі з хлебнага мякішу – гэта былі выявы зняволенных і цэлыя сцэнкі-кампазіцыі з турэмнага жыцця. Яны былі таемна перапраўлены ў Англію і дэманстраваліся на выставе ў Лондане.

Пасля вызвалення паступіў у Парыжскую Школу мастацтваў. Вучыўся у Давіда д’Анжэ і Франсуа Рюда. Разам з апошнім у 1846-1847 гадах працаваў, ствараючы саркафаг Напалеона І.

У 1852 з’ехаў у ЗША, узяўшы сабе за псеўданім Генры Сандэрс. Адкрыў школу скульптуры, уласную майстэрню, дзе ствараў партрэтныя медальёны і бюсты Джорджа Вашынгтона, Бенджаміна Франкліна, Томаса Джэферсана, якія па сёння аздабляюць Капітолій (у Вашынгтоне). Бюсты Тадэвуша Касцюшкі і Казіміра Пулаўскага (1745, Варшава - 1779, Джорджыя, генерал кантынентальнай арміі падчас вайны за незалежнасць ЗША) лічацца найбольш удалымі працамі і выкупленыя Кангрэсам ЗША.

У Філадэльфіі творца знаёміцца з Аленай Шаф, вядомай піяністкай, немкай з паходжання. У 1853 годзе яны бяруць шлюб. Але асабістае жыццё Генры Сандэрса складаецца трагічна. У часе першых родаў памірае першынец Генрыха і Алены, а падчас другіх родаў паміраюць і немаўля, і маці.

Вельмі цяжка перажываючы страту сям’і, каханай жонкі, Генрых Дмахоўскі рупіцца пакінуць па іх памяць і на могілках у Філадэльфіі ставіць помнік і вяртаецца на радзіму.

У маі 1861 года Генрых Дмахоўскі адкрывае скульптурнае атэлье ў Вільні. Ён стварае мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл, фігуру святога Уладзіслава, помнік Уладзіславу Сыракомлі. Абраны грамадствам правадзейным членам Віленскай археалагічнай камісіі.

Падчас паўстання 1863—1864 гг. Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісненскага павета.

Існуюць супярэчлівыя звесткі пра тое, як загінуў Генрых Дмахоўскі. Паводле адной версіі, гэта адбылося 14 (26).05.1863 года ў адным з першых баёў з расійскімі войскамі каля фальварка Парэчча. Паводле іншай версіі, паўстанцаў выдалі свае людзі.

Пахаваны Генрых Дмахоўскі на курганным могільніку каля вёскі Бірулі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. У мастака Віктара Маркаўца, ураджэнца Докшыцаў, ёсць твор з выявай магілы Генрыха Дмахоўскага, паўстанца і скульптара з Забалоцця.

Да 200-годдзя з дня нараджэння Генрыха Дмахоўскага ўсталяваная памятная шыльда на будынку клуба ў вёсцы Забалоцце. Ён стаіць на падмурку сядзібы Дмахоўскіх, збудаванай у 1742 годзе. Пад клубам яшчэ захаваліся скляпенні XVIII стагоддзя, вакол растуць старасвецкія дубы, стары парк.

Наведванне радзімы Генрыха Дмахоўскага запланавана ў маршруце «Сярэбраны пярсцёнак Мёршчыны». Таксама сядзібу можна наведаць самастойна. У клубе, дзе месціцца і сельская бібліятэка, адчынены краязнаўчы куток.