Ільдэфонс Бобіч — тэолаг, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, у літаратуры вядомы як пісьменнік Пётра Просты.
Нарадзіўся 22 студзеня 1890 года ў вёсцы Дзедзіна Дзісенскага павету (зараз Мёрскі раён). Вучыўся ў Ковенскай гімназіі, якую скончыў у 1909 годзе. Падчас вучобы пачаў пісаць апавяданні. Дэбютаваў Пётра Просты ў студзені 1907 года ў газеце «Наша ніва» з апавяданнем «Слёзы». Яго творы («У калядны ціхі вечар», «Воля», «Скарб», «Абразкі» і інш.) атрымалі высокую ацэнку сучаснікаў. Максім Багдановіч, у прыватнасці, пісаў: «У… Пётры Простага ёсць праўдзівая здольнасць. Галоўная вартасць яго — у стройным развіцці дзеяння ды ў сціснутасці і гучнасці мовы, надзвычайна пекнай па свайму складу».
Святарскае прызначэнне ксёндз Ільдэфонс Бобіч атрымаў у 1915 годзе, пачаўшы служэнне ў Ідолтаўскім касцёле. Працуючы там, паслугоўваўся беларускай мовай. Тады і праз усё жыццё спрыяў пашырэнню ўжытка беларускай мовы ў касцёле.
З 1920 года кс. Бобіч служыў вікарыем катэдральнага касцёла ў Вільні. У гэты час у Вільні праходзіў з’езд беларускага каталіцкага духавенства. Сярод яго арганізатараў і актыўных удзельнікаў быў і кс. Ільдэфонс Бобіч, які выступаў з рэфератам пра беларускае рэлігійнае выдавецтва.
У 1923 годзе ксяндза-доктара Бобіча прызначылі пробашчам у Германавічы, што на Дзісеншчыне (цяпер Шаркаўшчынскі раён).
У 1930 годзе кс. Бобіча перавялі ў Іўе. Падчас служэння ў Іўі ён напісаў два тамы казанняў: «Родная мова ў Касцёле» і «Навучайце ўсе народы». Памёр кс. Ільдэфонс Бобіч 28 красавіка 1944 года. Пахаваны ў Іўі.
Падрыхтавала Алена Масла