Сяргей Новік-Пяюн (Сяргей Міхайлавіч Новік) – беларускі паэт, празаік. (14 (27) жніўня 1906, в. Лявонавічы, Слуцкі павет, Мінская губернія, цяпер Нясвіжскі раён, Мінская вобласць – 26 жніўня 1994, Мінск).
У 1918–1924 вучыўся ў Нясвіжскай беларускай гімназіі; у 1925–1926 – на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. Пасля вучобы ў Нясвіжы і Вільні вяртаецца ў родную веску, дзе у 1926 годзе арганізуе хор (з 1963 – народны), тэатральны гурток, гурток Таварыства беларускай школы, беларускую бібліятэку, а ў наваколлі – тайныя беларускія школы (тады гэта было забаронена), За падтрымку нацыянальнага духу ў народзе ўлады асудзілі яго на пяць гадоў і выслалі углыб Польшчы (гміна Свеце-над-Віслай – Памор'е ). Але пазбавіць паэта голасу было немагчыма...
У 1927–1931 гг. Сяргей Міхайлавіч Новік – супрацоўнік віленскага часопісу для дзяцей «Заранка», дзе галоўным рэдактарам была Зоська Верас. Пасля вяртання ў родныя мясціны ў 1931 быў ізноў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім.
Разам з жонкай Людмілай у 1938–1939 гг. выдаваў польскамоўную газету «Gazeta Slonіmska». Чарговы раз арыштаваны польскімі ўладамі ў сакавіку 1939-га і зняволены ў турме ў Баранавічах. Вызвалены пасля прыходу Чырвонай Арміі. У 1939–1940 гг. працаваў у сістэме народнай адукацыі, потым – дырэктарам Слонімскага раённага краязнаўчага музея. У чэрвені 1941 г. выратаваў экспанаты музея разам з І. Стаброўскім, схаваўшы іх на ўскраіне горада. Падтрымліваў сувязі з партызанамі. У 1943 арыштаваны СД і адпраўлены ў лагер смерці Калдычэва.
4 ліпеня 1944 г. падчас растрэлу групы вязняў (600 чалавек) паранены, прыкінуўся мёртвым, што яго і выратавала. Пасля вызвалення Слоніма працаваў дырэктарам Слонімскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Па даносе ў 1944 г. арыштаваны органамі НКДБ; а ў 1945 – ваенным трыбуналам асуджаны за «здраду радзіме» на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлены ў ГУЛАГ на Калыму. Вызвалены і рэабілітаваны ў перыяд з 5.11.1958 да 18.12.1958. У 1959 г. вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясвіжы; з 1960 – у Мінску.
Дэбютаваў вершам «Не бядуй» у часопісе «Студэнцкая думка» (№ 4, 1925). Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах і на эсперанта. З 1960-х выступаў у беларускім рэспубліканскім друку. Аўтар зборнікаў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), «Песні з-за кратаў» (1993). Некаторыя песні на словы С. Новік-Пяюна лічацца народнымі, найбольш вядомыя з іх – «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс»). У серыі «Беларускі музычны архіў» выйшаў музычны альбом «Дні лятуць. Песні з-за кратаў», прысвечаны 100-годдзю нараджэння С. Новіка-Пяюна.
Выкарыстоўваў розныя псеўданімы, самыя вядомыя: Алесь Бярозка; С. Каліноўскі; Малады Дзядок; Сяргей Пяюн; Stary Dzіadok.
Сям 'я Сяргея Міхайлавіча загінула у Калдычаве. Ен вельмі любіў займацца з дзецьмІ, часта ездзіў у школу ў Лявонавічы, у Слонім, знаходзіў там таленавітых дзяцей, друкаваў маленькія кніжачкі з вершамі і апавяданнямі, каб зацікавіць ствараць вершы на беларускай мове. У Мінску да яго прыходзілі класамі і паасобку, як да мастака і аўтара дзіцячых кніжак.
Ен пражыве 88 гадоў і складзе багата песень і вершаў, якія знітуюцца ў кнігі. Ен дачакаецца сваёй творчай вечарыны ў Доме літаратараў. Ён нават напіша ўспаміны пра свае пакуты, але знішчыць іх, таму што пажадае застацца для людзей у мужных і светлых радках...
С.М. Новік-Пяюн быў выбітным беларусам з цяжкім лесам... Як добра, што сёння гучаць яго «Зорачкі» і «Слонімскі вальс» («Над Шчарай») – дзякуючы гэтым песням захавалася памяць аб Сяргее Міхайлавічы. Паэт-песеннік ствараў іх пад час высылкі на Калыму...
Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн пахаваны на могілках у роднай вёсцы Лявонавічы 28 жніўня 1994 г. – гэта была яго воля.