Алег Сівагракаў: Трэба станавіцца на абарону «местачковасці»!

Автор: Алесь Кіркевіч
Фото: Зарына Кандрацьева

Ці магчыма змяніць жыццё ў правінцыі да лепшага? Шукайце адказы ў кнізе «100 крокаў да ўстойлівага развіцця нашага мястэчка» Алега Сівагракава.

Кніга, выдадзеная ў межах «Школы мэраў», якая адбывался па рэгіянальнай праграме «Разам да справы» – гэта зборнік карысных парадаў для лакальных актывістаў па-за межамі Мінска ды іншых буйных гарадоў, плён шматгадовай працы аўтара.

sivograkov1.jpg

– Чаму вы абралі «мястэчка» як універсальную лакацыю для кнігі? Не баіцеся клішэ «местачковасці» у негатыўным сэнсе?

– Не, не баюся. У нас на Беларусі цяпер такі цяжар цэнтралізму, манаполія кіравання «зверху»… «Местачковасць» настолькі прыгнечаная, што трэба станавіцца на яе абарону. І таму для мяне негатыўны сэнс тут знікае. Тым больш што кніжка напісаная праз прызму «думаем глабальна, дзейнічаем лакальна» (арыенцір, узяты на ўзроўні ААН).

— Ці ёсць тут і цяпер у Беларусі ідэальнае мястэчка-эталон, дзе працуюць апісаныя вамі ў кніжцы падыходы?

– Мне падабаецца мястэчка Жалудок – там мы разам з мясцовым актывам здзейснілі некалькі праектаў, вынікі якіх выкладзеныя ў кніжцы. У час «Мотальскіх прысмакаў» – Моталь. У час «Ганненскага кірмашу» – Зэльва. Драўляныя вулачкі Смілавічаў, ліштвы Лепеля… Каб і праўда неяк аб’яднаць разам! Вось тады б атрымаўся эталон. Але ў агульным плане я не за «эталоны», а за шматцвецце розных месцаў, розных падыходаў.

«Чацвёра сыноў дапамагалі па гаспадарцы, а пасля раз’ехаліся». Пра сельскі актывізм, які выратуе вёску

– Вельмі красамоўны прыклад з ксяндзом Булькам, які прадаў магнітафон і набыў гравію, каб засыпаць яміны на дарозе. Ці мусяць пераўтварэнні адбывацца за асабісты кошт, за кошт ахвяры аднаго чалавека? Гэта правільна?

– Асабісты ўнёсак – вельмі важны чыннік. Амаль заўсёды ён самы эфектыўны, без залішніх бюракратычных момантаў, без утрымання штату кантралёраў. У такім разе і сродкі ідуць менавіта туды, куды трэба. Калі б у нас было сапраўднае мясцовае самакіраванне, то шлях паміж выдаткаваннем і выкарыстаннем сродкаў значна скараціўся б.

Адначасова трэба кантраляваць сродкі і разам з дзяржавай удзельнічаць у прыняцці рашэнняў па іх выкарыстанні. Мы павінныя добра ведаць, куды ідуць нашы падаткі. Чаму не ў наша мястэчка? Хто прыняў такое рашэнне? Чаму не прынялі да ўвагі нашу прапанову? Ці парупіўся наш кандыдат аб нашай тэрыторыі, супольнасці? Дык, можа, трэба замяніць нядбайнага неактыўнага дэпутата? Я б хацеў, каб мая кніжачка спрыяла ўзнікненню такіх думак.

– Вы пішаце пра безліч добрых справаў – ад стварэння альпійскай горкі да аднаўлення ратушы ці фрагментаў фартэцыі. Хто гэтым мае займацца непасрэдна? Прыезджыя валанцёры ці мясцовыя жыхары? Як матываваць першых і другіх?

– Як кітайцы кажуць, «няважна, якога колеру кот, галоўнае, каб ён лавіў мышэй». Тое ж і з развіццём тэрыторый. Чым больш розных гульцоў спрычыніцца да гэтай справы, тым лепш. І матывацыі ў розных людзей і арганізацыяў розныя. Узмацніць такую матывацыю можна праз стварэнне неабходных умоваў, магчымасцяў (пачынаючы з месца, дзе могуць сустракацца ініцыятыўныя людзі). Перадумова для заахвочвання – дыялог. Трэба разабрацца, хто якія мэты ставіць, як уяўляе вынік.

– Ці магчымыя ўсе гэтыя пераўтварэнні ў сітуацыі не выбарнай мясцовай улады (мэры і губернатары)? Ідэі пра «пасядзелкі з мэрам на лаўцы», «пікнік з паліцыянтамі» гучаць выдатна, але ці рэальна гэта ў нас?

– Трэба пачынаць (ці вяртаць страчанае), і чым хутчэй, тым лепей. А ці спрабавалі вы гэта зрабіць? Чаму лічыце, што вам адмовяць? Нават калі вынікам ёсць адмова, а можа, і не адна, пра гэта можна напісаць у сеціве, у фэйсбуку, абмеркаваць, вынесці праблему на «белы свет», каб улады таксама ўбачылі.

Бо як нічога не рабіць і не спрабаваць, табе ў кожны момант могуць цалкам справядліва зрабіць закід: «Дык вы ж нічога не прапаноўвалі і не пыталіся. Чаго тады хочаце?..» І цяпер ужо, напрыклад, «пасядзелкі з мэрам» (хоць, як вы слушна кажаце, у нас пакуль мэры не зусім сапраўдныя – не выбарныя), на маю думку, дзе-нідзе магчымыя. Заўсёды ёсць больш адукаваныя, разумныя, больш сучасныя, цывілізаваныя чыноўнікі, якія час ад часу таксама думаюць не толькі пра кар’еру, але і пра місію.

– Чыноўнікі і мясцовыя дэпутаты – перашкода ў такой дзейнасці ці карысны сацыяльны капітал, які можа дапамагчы?

– Я ўжо часткова адказаў на гэтае пытанне. Я схільны спрабаваць супрацоўнічаць. Тым больш што сёння мы маем сітуацыю, калі на мясцовым узроўні, у вёсках і мястэчках на ўладных пасадах, дэпутатамі працуюць людзі, якія нават пры сур’ёзных зменах у сацыяльна-палітычнай сістэме “зверху” застануцца аднымі з самых адукаваных, актыўных і паважаных людзей, якія зацікаўленыя ў развіцці сваіх мясцовасцяў. І яны будуць рабіць сваю справу далей, прычым, мяркую, эфектыўней, чым цяпер.

– Калі вы пішаце пра стратэгію ўстойлівага развіцця, то ставіце «развіццё малога бізнесу» на першае месца. Чаму?

– Па-першае, калі атрымаўся такі акцэнт (дзякуй, што заўважылі!), то, напэўна, у наступных выданнях кніжкі трэба будзе неяк збалансаваць змест на карысць комплекснага падыходу. А па-другое, малы бізнес – гэта тое, чаго нам сапраўды не хапае для развіцця мястэчак. На гэтую праблему неаднойчы звярталі ўвагу ўдзельнікі шматлікіх сустрэчаў, якія мы ладзім у розных раёнах краіны.

Малы бізнес вельмі патрэбны. Але як яго падштурхнуць, што можна зрабіць менавіта на мясцовым узроўні – вось тут пачынаюцца праблемы. І таму я паспрабаваў даць некалькі варыянтаў магчымай працы на гэтым шляху. І я працягваю працаваць над гэтым пытаннем. Ёсць і сумны гістарычны момант, звязаны з вынішчэннем у беларусаў прадпрымальніцкіх здольнасцяў праз раскулачванне, сацыялістычную барацьбу са спекулянтамі, абмежаванні для прыватных гаспадарак, знішчэнне муніцыпальнай уласнасці і да сёння – слабую прасунутасць прадпрымальніцкіх ідэй ў сістэме адукацыі… Таму звяртаю на гэта ўвагу.

– «Рабі добрыя справы і кажы пра гэта» – ці мусяць актывісты пераўтварэнняў быць сціплымі? Альбо варта казаць пра зробленае на ўвесь свет?

– Ёсць такі жартаўлівы выраз: «Сціпласць – шлях да невядомасці». А для сённяшніх пераўтварэнняў у Беларусі вельмі важна, каб пра перамены, карысныя справы, цікавыя падзеі, крэатыўныя ўчынкі ведала як мага больш людзей. Актывістам-пачаткоўцам вельмі важна адчуваць сябе часткай вялікай супольнасці аднадумцаў, паплечнікаў. Таму давайце казаць пра зробленае на ўвесь свет! Пішыце і мне, таму што я маю намер працягваць пачатую працу, і вашы ідэі і справы могуць быць уключаныя ў пашыранае выданне «200 крокаў», і «500…» І так мы абавязкова дойдзем!



Смотрите также

Статьи
5 мест в Гродненской области, куда не доезжают туристы (а зря!)

Гродненская область довольно популярна среди туристов, и

Статьи
«Паедзем да Матыля!», или Ради чего нужно побывать в интересном белорусском местечке

Королева, принцесса, колбаса, караваи, Хаим Вейцман, картошка… и

Самые популярные Самые обсуждаемые