Апошні шлях мінскага ваяводы Адама Хмары

Автор: Святлена Немагай
Фото: Cяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц

Апошні мінскі ваявода Адам Хмара памёр у 1805 годзе, калі храналагічна была завершана эпоха Асветніцтва і на парозе стаяў еўрапейскі Рамантызм. Але з прычыны суіснавання ў былой Рэчы Паспалітай мастацкай плыні класіцызма і сармацкай эстэтыкі, былі яшчэ досыць моцнымі традыцыі барочнага мастацтва. 

Яго прыкметы можна знайсці і ў партрэтным жанры, і ў музыцы, у касцюме і г.д. Таму цалкам заканамерным выглядае і тое, што апошні шлях мінскага ваяводы Адама Хмары адбыўся па ўсіх законах барочнага Theatrum funebris – жалобнага спектакля ў сармацкай Польшчы, які меў за першаўзор каралеўскі, а затым магнацкі пахавальны цэрыманіял. У гэтым з усёй красамоўнасцю пераконвае дакумент, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве: Opisanie aktu pogrzebowego s.p. Pana Adama Michała Stanisława Chmary (Апісанне жалобнай дзеі святой памяці Пана Адама Міхала Станіслава Хмары).

Дакумент быў выдадзены ў друкарні Юзафа Завадскага ў Вільні ў 1806 годзе, наступным пасля пахавання мінскага ваяводы.

Апісанне жалобнай дзеі па ўсёй верагоднасці было замоўлена Ёахімам Хмарам, братам нябожчыка. Помнік структурна падзяляецца на ўласна апісанне, а таксама чатыры прамовы духоўных і свецкіх асобаў, агучаныя на розных этапах пахавання Адама Хмары.

На пачатку помніка змешчаны верш, прысвечаны Адаму Хмары.

Апісанне пахавальнай дзеі было зроблена ананімным аўтарам (па ўсёй верагоднасці, духоўнай асобай). Зроблена вельмі падрабязна, з раскрыццём многіх дэталяў “жалобнага тэатру”.

1-Адам-Хмара.jpg

З апісання мы даведваемся наступнае: Памёр Адам Хмара 30 мая 1805 года а 10 гадзіне ўвечары, маючы 85 гадоў.

Пахавальная дзея мела скончыцца толькі 10 ліпеня (!), то бок трывала больш за месяц. Такі тэрмін быў абумоўлены вялікім аб’ёмам прыгатавання да жалобнай цырымоніі, якая мела мэтай падкрэсліць важкасць асобы нябожчыка, яго высокі дзяржаўны, сацыяльны і грамадскі статус.

Жалобная “дзея” мела 3 асноўныя “стацыі”:

1) Хмараў Гарадок, уключаючы двор, касцёл і уніяцкую царкву;
2) Заслаўе;
3 Касцёл у Дуброве.

31 мая: званілі ў званы касцёлы не толькі ў Мінску, але і ў розных касцёлах Мінскай і Віленскай дыяцэзій.

Сям’ёй нябожчыка за супакой яго душы было замоўлена 5000 імшаў, на што было выдадзена 10 000 польскіх злотых. Пры гэтым храністам падзей з матэматычнай дакладнасцю падкэсліваецца, што за кожную імшу давалася 2 злотых.

1 чэрвеня: цела Адама Хмары на возе, запрэжаным 6 коньмі, было вывезена з Сёмкаўскага двару ў Хмара-Гарадзецкі (Gródecki) касцёл Нараджэння Панны Марыі і Святога Станіслава (цяперашні будынак царквы Раства Прасвятой Багародзіцы), што знаходзіўся “за чвэрць мілі” ад маёнтка. У жалобнай працэсіі брала ўдзел сям’я нябожчыка, духоўныя і законнікі з Мінска, а таксама люд з усёй ваколіцы. Жалобную прамову меў плябан касцёла ў Хмарыным Гарадку, ксёндз Фартунат Казімір Чарноцкі (змешчана ў канцы кнігі “Opisanie...”).

image1.jpg Будынак былога касцёла Нараджэння Панны Марыі і Святога Станіслава ў Сёмкавым Гарадку (раней – вёска Гродэк). 1900 г.

2 Церковь в Семковом городке 2.jpg Царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Сёмкавым Гарадку
(будынак былога касцёла Нараджэння Панны Марыі і Святога Станіслава). Сучасны выгляд

Вялікі ўдзел у жалобных цырымоніях бралі ўніяцкія святары.

2 чэрвеня: А 8 раніцы ў касцёле Нараджэння Панны Марыі і Святога Станіслава ў Хмарыным Гарадку ўніяцкія святары адспявалі вігілію. А 10 раніцы – бернардзіны з мінскага канвенту. На заканчэнне імшы ксёндз Фартунат Казімір Чарноцкі меў другую прамову (змешчана ў канцы кнігі “Opisanie...”). У тым самым парадку жалобныя набажэнствы адпраўляліся цягам двух наступных дзён – 3 і 4 чэрвеня.

4 чэрвеня: Пасля набажэнстваў а 11 раніцы цела было перанесена ў блізкую ўніяцкую царкву, дзе знаходзілася ажно да 9 ліпеня (!).

Цягам таго часу брат Адама Хмары, войскі мінскага ваяводства Ёахім Хмара, даваў шчодрыя ахвяры на бедных, вязняў і імшы за супакой душы нябожчыка.

Асноўныя жалобныя цырымоніі адбыліся 9-10 ліпеня 1805 года.

Хмараў Гарадок

9 ліпеня: А 11 гадзіне ў сёмкаўскім палацы быў дадзены абед на 60 асобаў.

Сярод прысутных на пахавальных урачыстасцях былі мінскі дыяцэзіяльны біскуп Якуб Ігнацы Дадэрка, пралат Магілёўскай дыяцэзіі кс. Шантыр, пралат мінскай дыяцэзіі кс. Юзаф Камінскі, мінскія канонікі кс. Абрампольскі і Чагурскі – рэгент і прафесар місіянерскай семінарыі (Смілавічы?).

А 12 гадзіне: прыбыў арцыбіскуп, кавалер расійскіх ордэнаў Potenkin (Пацёмкін?).

3 Семково, парк и дворец.jpg Парк и руіны палаца Адама Хмары ў Сёмкаве
4 b923e438389efe623313d2880bf44016.jpg

А 13 гадзіне: жалобная працэсія рушыла з палаца ў касцёл у Хмаравым Гарадку, дзе стаяла труна, перавезеная з уніяцай царквы. У працэсіі ўдзельнічалі ўсе ордэны ў Мінску: дамінікане, францішкане, бернардзіны, уніяты. Усе – з паходнямі і харугвамі, усяго 40 пар. Працэсіяй кіраваў канонік Харэвіч – Magistr Ceremoniuarum. Прысутныя ад касцёла да віленскага гасцінца выстраіліся ў два шэрагі. Усяго – каля 2000 чалавек.

У касцёле: новы “акт” пахавальнай дзеі. Ксёндз Фартунат Казімір Чарноцкі меў другую прамову (змешчана ў канцы кнігі “Opisanie...”).

Біскуп Мінскі Якуб Дэдэрка “заінтанаваў антыфону” – “Exultabunt Domino”. Пасля ў выкананні вікарыяў і ўсяго духавенства прагучаў жалобны псальм “Miserere” (Ps 50).

Капэла ў складзе 24 музыкантаў грала на духавых інструментах.

У гэты час (на заканчэнне св. імшы) 6 дваровых людзей у чорных плашчах узялі труну і паставілі яе на 6-конны воз “неверагодных памераў”.

Запрэжаныя коні былі пакрытыя чорнымі капамі, кожнага каня суправаджаў чалавек у чорным доўгім плашчы. Відовішчнасць!

За вазом вялі жарабца, таксама пакрытага чорнай капай. Але хвост быў упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі. На галаве жарабца быў зроблены высокі чуб з расфарбаваных пер’яў.

З касцёла ў Хмаравым Гарадку рушыла жалобная працэсія, вызначаная цэрыманіймайстрам.

Парадак працэсіі:

  • Брацтвы з крыжам і харугвамі;
  • Уніяцкае духавенства;
  • Каталіцкія ордэны: бернардыны, дамінікане, францішкане з паходнямі;
  • Свецкі клер;
  • Канонікі і пралаты;
  • Пастыр (?) у суправаджэнні 12 юнакоў у сініх плашчах і 12 – у аксамітных капах з паходнямі;
  • Жалобны 6-конны воз з нябожчыкам у суправаджэнні 8 чалавек у чорных плашчах і свечкамі ў руках;
  • Упрыгожаны жарабец;
  • Чальцы сям’і са свечкамі, блізкія і знаёмыя.

Уся працэсія ішла праз “калідор” паспалітага люду, каля 2000 чалавек. За жалобнай працэсіяй ехалі карэты і вазы, якія мусілі дапамагчы дайсці да касцёла ў Дуброве – месца апошняга спачыну ваяводы.

Працэсія расцягнулася на 2/4 мілі, што роўна прыкладна 4267 м.

Прайшоўшы пехатою каля 4 кіламетраў, усе пагрузіліся ў вазы і паехалі ў Заслаўе.

Заслаўе

З Заслаўя насустрач жалобнай працэсіі ў суправаджэнні духавенства і жыхароў горада выйшла Ганна Мастоўская з Радзівілаў (1762–1853, 1 v. Аўгуст Дамінік Пшаздзецкі, 2 v. Тадэвуш Мастоўскі) – вядомая пісьменніца, аўтарка зборніка аповесцяў “Мае забавы” (1806). Заслаўчане спаткалі жалобную працэсію прыблізна за 0,5 мілі ад Заслаўля.

Пад самым Заслаўлем працэсію сустракалі мінскі канонік (?), пробашч касцёла ў Заслаўі кс. Рыгор Ёдка ў атачэнні дамініканаў, люд з Заслаўя, а таксама сяляне з Дубровы, каля 3000 асобаў.

5 Заславль, панорама.jpg Заслаўе, сучасны выгляд

Усе размесціліся на рынку перад касцёлам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (?), дзе былі пастаўленыя крэслы для духавенства. У той час па перыметры пляца раслі бярозкі.

Кс. Рыгор Ёдка прамовіў з амбоны, пасля чаго ізноў прагучаў Псальм “Miserere” і зайграла капэла.

Працэсія рушыла да Дубровы. Пасля заслаўскае брацтва вярнулася ў Заслаўль, але кс. Рыгор Ёдка суправаджаў працэсію да Дубровы.

Дубрава (Дуброва)

Каля паловы дзясятай увечары працэсія ўвайшла ў Дубраву. Усіх сустракала спецыяльна ўпрыгожаная брама. У Дубраву прыбылі канонікі з розных касцёлаў: бернардзіны з Валожына і Беніцы, трынітарыі з Маладзечна, францішкане з Івянца, дамінікане і ўніяты з Ракава.

9-2022-06-24-1-DJI_0395pb.jpg Вёска Дуброва, сучасны выгляд

Трэці раз прагучаў Псальм “Miserere” і зайграла капэла.

Касцёл у Дубраве быў як ніколі аздоблены і асветлены: “рэдка калі можна было бачыць і практыкаваць падобае аздабленне”.

6-2022-06-24-1-DJI_0377pb.jpg Вось так былы касцёл у Дуброве выглядае зараз…
7-2022-06-24-5-0089pb.jpg

Шасцёра ў чорных плашчах узялі труну і занеслі на катафалк у касцёле, пакрыты пунсовым сукном. Дадзенае збудаванне мела спецыяльную назву – CASTRUM DOLORIS (“дом жалобы”, “цвярдыня, замак болю”, “месца смутку”).

(У XVII і XVIII стагоддзях каструм далорыс набыў выключна шырокую архітэктурна-сцэнаграфічную абстаноўку з багатай сімволіка-алегарычнай праграмай. Часта гэта былі шматузроўневыя канструкцыі, абсталяваныя Темпьетто (ВКЛ. – маленькі храм) – невялікая капліца, пабудаваная на плане круга, з навесам-балдахінам, фрагментамі ўмацаванняў, пірамідамі, абеліскамі, фігурамі святых, геральдычнымі і сімвалічнымі элементамі, трунным партрэтам, сцэнамі з жыцця нябожчыка. Усё гэта асвятлялася сотнямі свечак. Ля падножжа каструма ў стылі барока праводзіўся пахавальны спектакль – theatrum funebris, падрыхтоўка да якога магла заняць ад месяца да года ці нават больш).

Упрыгожанне касцёла

У касцёле ў Дубраве над castrum doloris быў павешаны прыгожы пунсовы навес-балдахін з адамашку, расшыты залатымі галонамі-стужкамі. Над балдахінам вісеў партрэт ваяводы Адама Хмары. На чатырох вуглах катафалку (castrum doloris), месціліся знакі годнасці ваяводы і яго ордэны. Катафалк атачалі 4 калоны з аліўнымі лямпамі – каганцамі. 6 калонаў касцёла былі ўпрыгожаныя каганцамі і абвітыя лапкамі ялінак. Пры гэтых калонах былі размешчаныя знакі смерці. Вокны былі задрапіраваныя чорным сукном. Апрача таго, увесь касцёл быў упрыгожаны мноствам свечак: некалькі тысячаў лямп і свечак.

Сімвалічнае значэнне мелі і чатыры лічбы ваяводы:

1 – на франтоне катафалку;
2 і 3 – па баках касцёла;
4 – над хорам.

Упрыгожаныя каганцамі, гэтыя лічбы рабілі вялікі бляск.

Пасля таго, як труну паставілі на катафалк, канонік інфлянцкі, пробашч у Дуброве Юзаф Цымерман зачытаў прамову з амбоны.

Пасля гэтага духавенства пачала жалобны спеў “Libera me Domine”, які ўяўляў сабой рэспансорый і выкарыстоўваўся ў жалобных набажэнствах – рэквіемах.

Толькі каля 12 гадзінаў уначы Пастыр пайшоў адпачываць на плябанію і ўсе разышліся.

10 ліпеня

Святыя імшы і вігіліі пачаліся а 4 гадзіне раніцы. Спачатку – уніяцкім духавенствам, затым – рознымі ордэнамі. Спявалі па чарзе.

А 11 гадзіне мінскі біскуп Якуб Дадэрка адправіў (“спяваў”!) імшу Pontificaliter – пантыфікальную месу. Падчас яе мінскі пралат, івянецкі пробашч Юзаф Камінскі меў “выдатнае казанне” (змешчанае ў канцы кніжкі).

Адзіны пляменнік ваяводы – яго спадчыннік, бо ў ваяводы не было дзяцей, – Гіляры (у іншых крыніцах Гіпаліт) Хмара меў жалобную прамову (4-я, змешчаная ў канцы кнігі).

Пасля шасцёра ўзялі труну і вынеслі з касцёла да склепу: Адам Хмара яшчэ пры жыцці распарадзіўся зрабіць для сябе і для сваёй сям’і склеп з катакомбамі ў Дубраўскім касцёле. Да яго ўваход быў у канцы касцёла, з боку вялікага алтара.

На ганку да склепа Пастыр меў прамову.

8-2022-06-24-5-0103pb.jpg Той самы ганак и склеп зараз…

Уся жалобная цырымонія была скончаная а 14.30 10 ліпеня.

Пасля Ёахім Хмара, брат нябожчыка, запрасіў прысутных на абед на 100 асобаў – у двары ў Дуброве, іншыя – у плябаніі і іншых месцах.

11 ліпеня, пасля пахавання былі адпраўлены шматлікія месы. У Дубраўскім касцёле быў выстаўлены партрэт ваяводы.



Самые популярные Самые обсуждаемые