pl | de | by | en

Апошняя воля Брэгмана: як яўрэйскі багацей праз 120 гадоў дабудаваў гродзенскі палац Радзівілаў

Автор: Мечыслаў Супрон
Фото: Hrodna.life
Ссылка: Hrodna.life

Сёння ад другога па велічыні сакральнага будынка яўрэяў у Гродне не засталося і следу. Адзіны напамін аб існаванні гэтай малітоўнай школы – нешматлікія фота першай паловы 20 ст. Не засталося нічога і ад палаца Радзівілаў. А гэтыя два аб’екты аб’ядноўвае імя Лейзера Брэгмана – аднаго з найбагацейшых гродзенцаў другой паловы 19 ст.

Галоўны прадпрымальнік

Лейзер Брэгман (1826-1896гг.) займаўся гандлем, утрыманнем і здачаю ў арэнду гандлёвых кропак. Купец неаднаразова выйграваў тэндар на ўтрыманне гасцінага двара (былой ратушы) і гандлёвых радоў, што мясціліся побач. Гэта давала яму права браць аплату з гандляроў за арэнду крам. За тое ён абавязваўся дбаць аб знешнім выглядзе будынкаў, адказваць за іх рамонт і і штогод плаціць пэўную суму ў гарадскі бюджэт за права іх утрымання.

Дом Брэгмана

У пачатку 1870-х гадоў Брэгман выкупіў палац князёў Друцкіх-Любецкіх, што мясціўся ў паўднёвай частцы цэнтральнай плошчы. Да гэтага будынкам валодалі Радзівілы. Разам з палацам Брэгману дастаўся вялізны кавалак зямлі ў самым цэнтры горада. З набыццём нерухомасці бізнес Брэгмана пачаў развівацца яшчэ лепш: усе памяшканні на другім паверсе былой велічнай магнацкай рэзідэнцыі здаваліся ў арэнду пад гарадскія і грамадскія ўстановы, а таксама жыллё, а першы паверх быў амаль цалкам аддадзены пад крамы.

dom.jpg

Біржавая плошча, фота к. 19 - пач. 20 стст. На пярэднім плане стаяць гандлёвыя рады, узведзеныя ў 1870 г. На заднім плане — дом Брэгмана, былы палац Радзівілаў.

Акрамя таго, уздоўж вуліцы Мяшчанскай знаходзіліся яшчэ адныя гандлёвыя рады, пабудаваныя пры былых гаспадарах палаца ў 1830-х гадах, а ў двары – гаспадарчыя пабудовы, якія таксама давалі магчымасць зарабіць на іх арэндзе.

Самы стары доўгабуд

Прыблізна ў 1874-1875 гг. Лейзер Брэгман дабудаваў правае крыло палаца, надаўшы будынку завершаны выгляд. Да гэтага, пачынаючы з сярэдзіны 18 ст., тут знаходзілася закінутая будоўля, якую распачаў сам Мікалай Радзівіл Рыбанька. Пасля моцнага пажару, які адбыўся ў горадзе ў 1753 г., магнат на няпэўны час закансерваваў будоўлю, але зрэалізаваць задуманае было наканавана іншаму гаспадару праз… 120 год!

dabudavanae.jpg

Дабудаванае ў 1874-1875 гг. правае крыло дома Брэгмана. Фота 1926 г.

Новы ўладальнік палаца Радзівілаў аднёсся вельмі адказна да спадчыны, якая дасталася яму, і не рызыкнуў прыдумляць новых аб’ёмаў у новамодным тады стылі эклектыкі. Правая частка будынка была ўзведзена сіметрычна левай і цалкам паўтарала арыгінальны дэкор.

mastavaya.jpg

Вул. Маставая. На заднім плане ў канцы вуліцы віднеецца дом Брэгмана, з правага боку перад ім - прыватныя гандлёвыя рады Брэгмана

Апроч усяго, уздоўж вуліцы Маставой былі пабудаваны дадатковыя гандлёвыя павільёны, якія замкнулі ўчастак, якім валодаў купец. Такім чынам, дом Брэгмана стаў самым вялікім прыватным будынкам у горадзе, а яго крамы – самым вялікім прыватным гандлёвым комплексам. Можна сказаць, гэта быў тагачасны Old City, толькі ён, у адрозненні ад сучаснага гандлёвага цэнтра, сапраўды знаходзіўся ў самым сэрцы старога горада.

Апошняя воля

Лейзер Брэгман памёр у 1896 г. у Багеміі, не здзейсніўшы сваёй даўняй мары – будаўніцтва на тэрыторыі свайго квартала малітоўні ў цэнтры Гродна. Апошняе жаданне купца наканавана было выканаць старэйшаму сыну Лейзера  – Шэпселю.

malitounya.jpg

Малітоўня Брэгмана. Праектны рысунак 1897 г.

Восенню 1898 г. на вул. Мяшчанскай была пабудавана самая вялікая ў горадзе яўрэйская малітоўная школа, якая па сваім памерам пераўзыходзіла нават занёманскую сінагогу. На першым паверсе гэтага будынка размясціліся гандлёвыя крамы, а на другім – сама малітоўня. Будынак на працягу амаль паўстагоддзя з’яўляўся адной з архітэктурных дамінант вуліцы. На вялікі жаль, ён, як і ўвесь комплекс будынкаў палаца Радзівілаў-Брэгманаў, не перажыў Другой сусветнай вайны.

kompleks.jpg

Комплекс будынкаў Брэгмана. Злева бачна малітоўня. Фота 1930-х

malitounya1.jpg

Лета 1941 г. Вул. Мяшчанская. Злева бачна малітоўня

У будучым, пры адбудове палаца Радзівілаў, важна было б уключыць у комплекс і будынак малітоўнай школы як напамін пра яе ўладальніка – Лейзера Брэгмана.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
«Дублёр Траецкай», альбо Стары Гродна зноў пад пагрозай

Здавалася б, гістарычны цэнтр Гродна перажыў найцяжэйшыя ўдары

Статьи
Почему Гродно нельзя считать маленьким городом: 6 фактов

Часто говорят, что Гродно — маленький город. Так считает и 56%

Статьи
Смотрите, как выглядят старые подвалы дома купца Муравьева в Гродно

Большая часть исторического центра Гродно имеет подземные

Самые популярные Самые обсуждаемые