Гісторыя Беларусі не такая простая. Многія факты да гэтага часу не асэнсаваныя, ёсць гістарычныя моманты, якія інтэрпрэтуюцца па-рознаму, на некаторых знакамітых продкаў “прэтэндуюць” адразу па некалькі дзяржаваў. Але самае страшнае – гэта забыццё тых людзей, якія тут нарадзіліся і не шкадавалі сваё жыццё дзеля лепшай будучыні нашай Радзімы.
Адной з такіх гістарычных асобаў з’яўляецца канцлер вялікі літоўскі Астафій Валовіч.
Так атрымалася, што амаль адначасова беларускі мастак-графік Зміцер Шапавалаў паказаў у фейсбуку малюнак Астафія Валовіча, а беларускі гісторык Яўген Аснарэўскі паведаміў, што завяршае працу над кнігай, дзе ідзе гаворка у тым ліку і пра былога канцлера Вялікага княства літоўскага.
Мы вырашылі аб’яднаць гэтыя матарыялы, каб прадставіць нашага славутага земляка максімальна эфектна.
Партрэт віленскага кашталяна і вялікага канцлера літоўскага Астафія Багданавіча Валовіча (1520? – †1587).
Вось вынік вельмі сур’ёзнай працы Зміцера Шапавалава. Пра яе мастацкія якасці крыху ніжэй раскажа даследчыца Наталля Станкевіч (Юшкевіч), а спачатку мы даем урывак з будучай кнігі Яўгена Аснарэўскага “Знатныя гісторыі”:
“Шляхетны род Валовiчаў iдзе сваімі каранямі ў гарадзенскую зямлю. Прынамсі, менавіта тут адзначана актыўнасць прашчураў сям'і. Таму, гэтак жа, як магутных Сапегаў прывязваюць да старых крывіцкіх рэгіёнаў Полаччыны і Смаленшчыны, дзе першыя Сапегі валодалі маёнткамі, так і Валовічы звязваюцца з Гродна.
На працягу стагоддзяў Валовічы заставаліся ў ліку гродзенскай эліты і займалі пасады гарадзенскага старасты, маршалка, ключніка ды iншыя.
Як часцяком і бывае ў рамках вывучэння генеалогіі знатных родаў ВКЛ, даследнiкi бачаць, што прашчуры дома Валовічаў не надта ярка паказаны ў крыніцах.
Першымі прадстаўнікамі роду лічацца Ходзька і яго сын Грынька Ходкавіч, якога і называлі Валовічам.
Жыў Грынька яшчэ ў XV стагоддзі. Вядомы гэты не надта буйны русінскі феадал тым, што ў 1480 годзе пажадаў, каб Каложскаму манастыру штогод дастаўлялі з уладанняў Грынькі пэўную колькасць харчовых прыпасаў.
Валовічы і пазней будуць мець дачыненне да старажытнай Каложы, як і да саборнай Прачысценскай царквы XII стагоддзя, якая для праваслаўных Валовічаў стане радавой пахавальняй.
Сыны Грынькі, а менавіта: Іван Грынькавіч і Багдан Грынькавіч, працягнулі ўмацоўваць пазіцыі рода. У сям'і апошняга нарадзіўся самы вядомы і значны прадстаўнік дому. Гаворка, вядома ж, пра Астафія Валовіча. Ён зрабіў бліскучую кар'еру, узяўшы вышыні, якія не пакараліся да гэтага прадстаўнікам яго сям'і.
Канцлер вялікі літоўскі Астафій Валовіч быў прыхільнікам верацярпімасці, а таксама незалежнасці ВКЛ, адным з галоўных аўтараў выбітнага помніка юрыдычнай думкі – II Літоўскага Статута, мецэнатам выдання кнігі прыкметнага філосафа Сымона Буднага, ваеначальнікам, які змагаўся разам з Баторыем супраць войскаў Івана Грознага, i проста добрым (паводле сучаснікаў) чалавекам.
Завяшчанне Валовіча вельмі шмат гаворыць пра гэтага выдатнага чалавека XVI стагоддзя.
У Астафія не было сыноў і адзіным законным дзіцём канцлера з'яўлялася дачка Рэгіна. Вось некаторыя фрагменты «тэстамента» Валовіча:
«Я, Астафій Валовіч, пан віленскі, канцлер Вялікага княства Літоўскага, стараста берасцейскі і кобрынскі, пішу гэтае завяшчанне апошняй волі маёй у добрым здароўі і поўнай маёй памяці.
Дачка мая, як спадчынніца, возьме пасля мяне ўсё, што ёй належыць, калі я гэта ўжо іншаму не запісаў.
Пастанаўляю наконт пахаваньня цела майго, каб пахавана яно было ў маёнтку маім Сідрэнскім, у касьцёле, у склепе каменным пад касьцёлам, без усялякіх выдаткаў. Каб коней, даспехаў і нічога іншага, не выкарыстоўваць, таму што туды не на вайну сыходжу, але замест гэтага, цела закрыць чорным сукном і адправіць у магілу. (Валовіча пахавалі ў кальвінісцкім зборы Сідры. Гэтае мястэчка знаходзіцца прыблізна за 20 кіламетраў ад Гродна, з польскага боку мяжы. – Заўвага Я.А.).
Акрамя таго, агаворваю, каб ва ўсіх маёнтках маіх нявольніка, ці спадчынным правам няволенага чалавека, не было, мужчынскага полу ці жаночага, нават калі б ён быў зняволеным і даўжніком, належыць яму служыць вольна.
А дзе школа і бальніцы пастаўлены, таго не кідаць, і выкарыстоўваць для навукі слова божага і захавання людзей убогіх.
А дзецям дзядзькі майго Міхала Валовіча і ўнукам яго, якія ад сыноў ідуць мужчынскага племені, на вучобу іх павінна дачка мая, з закладных маёнткаў, даваць па трыста залатых польскіх, а дзеўкам па сто коп грошаў на пасаг, бо небаракі збяднелі.
А што да дамоў маіх у Вільні, Гродне і Берасці, калі б каму не адпісаў, віленскія мае дамы пасля мяне дачка возьме. Таксама і берасцейскія. А гарадзенскія дамы пляменнікі мае».
Як бачна з завяшчання канцлера, Астафій, у поўнай адпаведнасці са сваімі гуманістычнымі прынцыпамі, вызваліў чэлядзь, якая належала яму, і паклапаціўся пра радню, а таксама пажадаў, каб былі працягнутыя яго высакародныя пачынанні, у прыватнасці, бальніца-прытулак для беднякоў.
У Беларусi пачатку ХХІ стагоддзя Валовіч знаходзіцца ў цені свайго калегі па канцылярыі ВКЛ, і ў пэўным сэнсе вучня, Льва Сапегі. У гонар Льва Іванавіча ўжо названы вуліцы ў Мінску і Магілёве, а ў Слоніме памяць Сапегі нават ушанавалі бронзавым помнікам. Няма сумневу, што не меншай пашаны заслугоўвае і выбітны дзяржаўны дзеяч ВКЛ Астафiй Валовіч”.
Гэта быў урывак з будучай гістарычнай кнігі Яўгена Аснарэўскага.
А вось што піша пра малюнак Зміцера Шапавалава мастацтвазнаўца Наталля Станкевіч (Юшкевіч):
“Матэрыял: аловак, папера. Памер малюнка 33х46 см.
Аўтар: беларускі мастак-графік Зьміцер Шапавалаў. Плануецца выкананне выявы ў тэхніцы афорта пры падтрымцы музейнай установы.
Перад вамі мастацкае пераасэнсаванне малюнка, які захоўваецца сёння ў зборах графікі бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта (BUW). Зыходная выява выканана пяром і атрамантам на паперы. Першаснае паходжанне: аўтар, месца, абставіны і час стварэння – невядомыя.
Здымкам малюнка, на якім базаваўся мастак З. Шапавалаў, праілюстраваныя ўсе энцыклапедычныя артыкулы, прысвечаныя А. Валовічу. Адзначым, што выява часта паказваецца ў абрэзаным знізу выглядзе, без змешчанага пад ёй подпіса («Ostafiey Wołowicz Kaszt. Wilinskj.») і вершаванага прысвячэння са зваротам у тэксце («ty Ostafieiu Wole złotorogi»), які з’яўляецца падставай для ідэнтыфікацыі прадстаўленай асобы”.
Паралельна з працай мастака-графіка Зміцера Шапавалава над партрэтам у 2020-2022 гг. Наталля Станкевіч (Юшкевіч) даследавала магчымыя іканаграфічныя сувязі зыходнага малюнка з мэтай найбольш дакладнага датавання, а таксама абгрунтавання гіпотэзы аб існаванні першаўзора дзеля вызначэння магчымых напрамкаў яго пошуку.
У даследванні важным было пытанне аб прычынах абрання даспеха, а не параднага строю для прадстаўлення саноўніка, які большую частку сваёй кар’еры правёў не ў вайсковых абозах і бітвах, а пры двары віленскага ваяводы Яна Глябовіча, вялікакняжацкім двары і ў выкананні дыпламатычных даручэнняў манархаў.
“Вынікі пошука аналагічных выяў “у зброі” (у розных тэхніках: у графічным і алейным партрэце, у нагробнай скульптуры), якія паходзілі з тэрыторыі ВКЛ і Польскага каралеўства, урэшце скіравалі да думкі аб сімвалізме выбару даспеха для прадстаўлення асобы з ліку найвышэйшай эліты шляхецкага стану. Такі выбар напрыканцы жыцця Астафея Багданавіча і ў апошняй трэці XVI ст. быў тыповым для канчатковага, падсумоўваваўшага жыцёвы шлях вобраза шляхціца ўжо ў фунеральных абставінах. Да яго часта дадаваўся подпіс узнёсла-панегірычнага кшталту (гэта мог быць тэкст казання, надрукаваны ў пахавальнай улётцы, ці інскрыпцыя ў складзе нагробка альбо эпітафійнай пліты) аб цнотах, беззаганнасці, падпарадкаванні жыцця служэнню, высокаму прызначэнню, азначанаму не толькі зямнымі уладцамі.
Для ўвасаблення ў сучасным партрэце мастаком З. Шапавалавым мы ўлічылі тое, што А.Б. Валовіч асабіста ўдзельнічаў у вайсковай выправе Стэфана Баторыя на Полацк, Вялікія Лукі і Пскоў і вызначыўся пры вызваленні Усвят. Гэта было падставай для мастака скарыстаць узоры выяў вышэйшых ураднікаў Рэчы Паспалітай (у тым ліку паходзячыя з пач. XVII ст.) для выбару больш багатага рыштунку для прадстаўлення віленскага кашталяна і вялікага літоўскага канцлера. Пры тым мы бачым, што З. Шапавалаў надаў кірасе характэрны для апошніх дзесяцігоддзяў жыцця А.Б. Валовіча выгляд з выразна апушчанай “гузкай” лініяй цантральнага рабра.
Тут хацелася б адзначыць, што мастак-графік З. Шапавалаў ішоў цалкам самастойным шляхам. Ён шукаў вобразную формулу, якая б спалучыла ў красамоўных дэталях найважнейшыя факты біяграфіі віленскага кашталяна і канцлера ВКЛ.
На малюнку ёсць дзяржаўная пячатка Вялікага княства Літоўскага, якая знаходзіцца побач з кнігамі. Астафій Валовіч вядомы нашым сучаснікам найперш укладам ва ўпарадкаванне прававой сістэмы ВКЛ праз удзел у складанні Статута 1566 года. Падкрэслім, што ў кола асабістых зацікаўленасцяў аўтара З. Шапавалава ўваходзіць захапленне рэканструкцыяй зброі і практык валодання ёй – і гэта спрыяла графічнай дакладнасці адлюстравання канструкцыі даспеха адпаведна ўзорам другой паловы XVI ст.
Графіку Зміцеру Шапавалаву, стваральніку сучаснага партрэта Астафія Валовіча, удалося ўзмацніць азначаную ў арыгінальным артэфакце псіхалагічную характарыстыку вышэйшага ўрадніка ВКЛ як асобы інтэлектуальнай, умудранай штодзённай руплівай працай над дакументамі; як паважна трымаючага сябе саноўніка, спрактыкаванага ў выкананні адказных даручэнняў; як годнага прадстаўніка шляхецкага стану, гатовага належным чынам выканаць вайсковы абавязак. Пышная дэкаратыўнасць абрамлення выявы надае твору ўрачыстасць і маляўнічасць, быццам кампенсуючы вядомае з рэальнага тэстамента героя партрэта патрабаванне сціплай пахавальнай цырымоніі…
…Мастак атрымаў кансультацыю былога загадчыка аддзела генеалогіі, геральдыкі і нумізматыкі ІГ НАН Беларусі кандыдата гістарычных навук Аляксея Іванавіча Шаланды, які цяпер выкладае ў Варшаўскім універсітэце. Менавіта А. І. Шаланда ініцыяваў вывучэнне выявы віленскага кашталяна і стварэнне сучаснай версіі партрэта Астафія Багданавіча Валовіча, а таксама накіраваў на пошук арыгінала малюнка, месцазнаходжанне якога не было вядомае. Выказваем падзяку за змястоўныя кансультацыі беларускаму гісторыку Андрэю Радаману. Удзячныя за парады і падтрымку кандыдату гістарычных навук дактарантцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анастасіі Анатольеўне Скеп’ян”.
Палац у Свяцку быў пабудаваны Валовічамі, зараз у ім праводзіцца рэканструкцыя, тут будзе размешчаны санаторый.
На наш погляд, менавіта ў Свяцку павінен знаходзіцца не толькі партрэт былога канцлера Вялікага княства Літоўскага Астафія Валовіча, але і музейная экспазіцыя, прысвечаная знакамітаму шляхецкаму роду.
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....