Перад кожнымі выхаднымі мы думаем, куды паехаць. Выбар залежыць ад праектаў, над якімі працуем, ад запрашэнняў сяброў, але часцей за ўсё – ад надвор’я. Я выбіраю той кавалачак Беларусі, дзе павінна быць сонца.
На гэты раз прагноз надвор’я абяцаў некалькі сонечных гадзін у Віцебскім Паазер’і, і была неабходнасць правесці перамовы ў Ушачах. Таму мы накіраваліся ў Браслаў, дакладней, у вёску Слабодку, дзе знаходзіцца дом нашых сяброў Багданавых.
Першы незапланаваны прыродны падарунак: каля Плешчаніц выглянула сонейка. Я здымаў ужо гэтае перакрыжаванне дарог, але спыніўся і зараз.
У пачатку Браслаўскага раёна каля дарогі заўважыў статак аленяў. Пакуль праехаў наперад, дастаў доўгафокусны аб’ектыў, вярнуўся – большасць аленяў схавалася за горкай. Але некалькі зафіксаваць паспеў. Для мяне тут мела значэнне не мастацкая якасць фотаздымкаў, а пацвярджэнне таму факту, што жывёлы, завезеныя ў Шаркаўшчынскі раён, пачалі асвойваць і Браслаўскі.
Субота, шэрая раніца, азёры не замерзлі, на астравах ляжыць снег, але здымаць прыгожа гэта немагчыма. Таму еду шукаць ласёў. З ласямі на гэты раз таксама не надта шанцуе, але з адной сямейкай, якая снедала на ўскрайку поля, папрацаваць удалося.
Спрабаваў падыйсці да іх бліжэй, але гэтаму перашкодзіла казуля.
Паказала мне свой белы зад і папярэдзіла аб небяспецы ласёў.
Зазірнуў на былы вадзяны млын на рэчцы з вельмі нетрадыцыйнай для Беларусі назвай Рака. Бачыце, як людзі раней упрыгожвалі падмуркі гаспадарчых пабудоў?
Ад млына, на жаль, амаль нічога не засталося, а вось заснежаныя камяні ў рэчцы нават у такое надвор’е выглядалі прывабна.
Заўважыў і такі прыклад уздзеяння чалавека на прыроду: як тут апынулася трактарная гума, сказаць цяжка. Але ляжыць яна на самай сярэдзіне рачулкі.
А крыху вышэй горна-камяністую прыгажосць знішчылі бабры: пабудавалі плаціну і паднялі ў рэчцы узровень вады…
Бераг возера Дрывяты. Лодка сярод льда глядзіцца рамантычна.
Заснежаны Браслаў таксама выглядае прывабна, але пачынаецца снег. Здымаць панарамы робіцца немагчыма…
Раніца ў нядзелю змрочная і шэрая. Я думаю, што мая надзея на сонечныя кадры не апраўдаецца – і еду шукаць ласёў. Але пасля Браслава становішча змяняецца, над Опсай неба святлейшае, я кіруюся туды.
І вось яны – сонечныя браслаўскія палеткі. Але такіх здымкаў у мяне мноства, трэба вяртацца да азёраў з астравамі.
Але не магу па дарозе абмінуць закінуты хутар і былы сад, знішчаны бабрамі.
Сімвалічны здымак атрымаўся, праўда? Яго можна назваць “Канец эпохі”. Жылі тут калісьці людзі, апрацоўвалі зямлю, радаваліся сялянскім поспехам, а зараз гэты куточак Беларусі нікому непатрэбны…
Зато каля Браслава знаходжу аптымістычны сюжэт. Калісьці я на гэтым месцы зрабіў фотарэпартаж пад назвай “Бабрынае гора”. Тады вялікія хвалі знішчылі бабровую хатку, можна было здымаць дарослых баброў і маленькіх бабранят, а зараз яны яе адбудавалі!
Адміністратыўны цэнтр Браслава.
Старажытнае гарадзішча.
Успенская царква і касцёл Нараджэння Дзевы Марыі ў Браславе.
Рака Друйка і возера Неспіш.
Яшчэ больш прыгожа выглядаюць невялічкія выспы і паўвыспа паміж азёрамі Войса і Неспіш.
Як звычайна, я спыняюся каля возера Божае вока, але падзялюся здымкам паўвыспы Маскавічы, дзе знаходзіцца аднайменная вёска. Гэта апошні сонечны здымак, зроблены ў нядзелю. Далей надвор’е пагаршаецца і сэнс рабіць панарамныя здымкі губляецца.
Я яшчэ паспяваю сфатаграфаваць востраў Чайчын на возеры Струста і еду на рэчку Акмяніца.
Вось там прыродныя фатографы могуць атрымаць сапраўдную асалоду!
Рачулка завалена дрэвамі, на камянях снежныя шапкі, паміж імі цурчыць вада з такім прыемным гукам, што ты забываеш пра ўсе сучасныя праблемы. Адзінае, чаго не хапае – гэта сонца. З сонечнымі прамянямі Акмяніца выглядала б намнога прывабней, але што зробіш – у лістападзе ў Беларусі такія прыгожыя дні бываюць даволі рэдка.
Здымаю, як на паваленых дрэвах над вадой растуць маленькія елачкі.
Раблю відэасюжэт пра крыніцу, якая вырываецца з вялікага пагорка. І на гэтым мая праца ў нядзелю завяршаецца, бо да цемры яшчэ трэба прайсці па лесе і вярнуца да машыны.
У панядзелак мы абмяркоўваем пытанні папулярызацыі турыстычных магчымасцяў Ушачскага раёна, застаецца некалькі гадзін на фотаздымкі.
Возера Атолава.
Возера Крывое. Зрэзаныя берагі нагадваюць двух драконаў, паміж якімі спрабуе праплыць караблік-востраў.
Безумоўна, здымаю я і свой любімы востраў-сэрца на возеры Усая. Надвор’е творчасці не спрыяе, але можа ў каго ўзнікне жаданне замовіць сімвалічны каляндар менавіта з гэтым востравам, у мяне павінны быць усе поры года.
І любіць Беларусь трэба любую.
У незалежнасці ад надвор’я…
Анастасия Слуцкая
Историки считают, что знаменитая княгиня родилась в 1473 году. Точнее дату ее рождения определить не удалось.
Просмотров: 10202
Старинный город Смолевичи
Свое название Смолевичи получили от слова «смола»: с древности ее добывали и обрабатывали местные жители.
Просмотров: 8664
8 августа. Ставка в Могилеве
В этот день в 1915 году Ставка Верховного главнокомандующего вооруженными силами Российской империи переведена из Барановичей в Могилев.
Просмотров: 6485
6 августа. Первая Библия
В этот день в 1517 году Франциск Скорина издал в Праге первую белорусскую Библию.
Просмотров: 4483