Як беларусы рыхтаваліся да святаў, што даўней з’яўлялася на шляхецкіх сталах, якога памеру былі зубры пяць стагоддзяў таму і якія неверагодныя гісторыі можна было пачуць падчас зімняй завірухі ў хаце шляхціца.
Мастацкія творы пра даўнія часы – гэта гісторыя, якую цікава чытаць. Мы адабралі некалькі беларускіх кніг, з якіх можна найбольш даведацца пра даўні быт беларусаў і яскрава ўявіць жыццё на беларускіх землях у розныя вякі.
Мікола Гусоўскі – паэт і асветнік эпохі Адраджэння. Ён нарадзіўся прыкладна ў 1470 годзе, хутчэй за ўсё ў Цэнтральнай Беларусі. Яго бацька быў паляўнічым. Гусоўскі прыняў сан каталіцкага святара, жыў у Рыме, Кракаве, займаўся паэтычнай дзейнасцю.
У 1521 годзе ў Рыме ён напісаў твор, з якім і сёння асацыюецца яго імя. Мікалай Радзівіл хацеў падарыць папе рымскаму Льву Х пудзіла зубра і наказаў Гусоўскаму апісаць беларускую жывёліну. У хуткім часе Леў Х памёр і так і не паспеў атрымаць падарунак. Але паэма была напісана і апублікавана ў Кракаве дзякуючы падтрымцы Боны Сфорца.
Мікола Гусоўскі вельмі зацікавіўся заданнем і творча падышоў да напісання «дадатку» да падарунка. Ён не спыніўся на тым, каб проста расказаць пра экзатычную жывёліну. А як сын прафесійнага паляўнічага даў падрабязнае апісанне знешняга выгляду, звычак зубра, метадаў палявання на яго і расказаў у паэме шматлікія гісторыі, якія здараліся з паляўнічымі падчас палявання. Больш за тое, ён апісаў прыгажосць роднай зямлі, беларускую прыроду тых часоў і ўвогуле спрабаваў паказаць унікальнасць і самабытнасць народу.
Сучаснікі-землякі Гусоўскага «Песнь пра зубра» належным чынам не ацанілі. Па-першае, яна была напісана на лацінскаймове, па-другое, звычкі зуброў і так былі добра вядомыя, па-трэцяе, ідэі нацыянальнай самабытнасці яшчэ не былі такімі папулярнымі. Але ўжо ў XIX стагоддзі, твор хацелі прыпісаць да літоўскай, польскай, украінскай літаратуры.
На беларускую мову твор упершыню быў перакладзены ў другой палове ХХ стагоддзя, сёння перакладаў ужо некалькі. Пачытаць «Песнь пра зубра» цікава па многіх прычынах. У часы Гусоўскага беларускія зубры былі такімі магутнымі, што паміж рагамі жывёліны маглі сесці два чалавекі. Ды і хутчэй за ўсё Гусоўскі рос на тэрыторыі сучаснай Налібоцкай пушчы, таму і апісваў гэтыя лясы. «Песнь пра зубра» дазваляе ўявіць, як выглядалі нашы лясы, якімі майстрамі былі беларускія паляўнічыя, і, вядома, больш даведацца пра зуброў.
Адам Міцкевіч – польска-беларускі паэт, помнікі якому стаяць у 10 краінах свету. Адзін з самых буйных і вядомых яго твораў – паэма «Пан Тадэвуш», напісаная ў 1834 годзе. Яе называюць энцыклапедыяй шляхецкага быту тых часоў.
Ідэя напісаць шляхецкую паэму з’явілася ў Міцкевіча ў 1831 годзе ў Вялікапольшчы. Пазнанская зямля, якая нагадвала навагрудскія краявіды, выклікала ў яго пачуццё настальгіі і жаданне напісаць пра край маленства. Працаваў жа над паэмай Міцкевіч у эміграцыі ў Францыі.
Дзеянне паэмы адбываецца на працягу пяці дзён у 1811 годзе і аднаго дня – у 1812-м. У цэнтры ўвагі – дзве шляхецкія сям’і, паэт яскрава апісвае іх норавы і лад жыцця. Там можна прачытаць пра запал шляхты падчас паўстання, пра спрэчкі за маёмасць, пра развіццё рамантычных адносін, можна ўявіць стравы, якія з’яўляліся на шляхецкіх сталах, і ўвогуле даведацца, як жылі ўладальнікі тых самых маёнткаў, руіны якіх можна знайсці ў любым кутку Беларусі. Польскія эмігранты ў розных краінах свету, якія таксама настальгавалі па родным краі, зачытваліся «Панам Тадэвушам» і высока ацанілі талент Міцкевіча.
Першым за пераклад «Пана Тадэвуша» на беларускую мову (твор у арыгінале быў напісаны па-польску) узяўся Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч, але царская цэнзура яго працу канфіскавала. Потым у польскай турме перакладам паэмы займаўся Браніслаў Тарашкевіч, але і яго творы былі знішчаны. У 1950-х настаўнік нямецкай мовы Пятро Бітэль, які быўсасланы ў Сібір, зноў пачаў перакладаць твор Міцкевіча. Ён пісаў «алоўкамі» з алавянага дроту і зялёнкай на мяхах ад цэменту і чытаў пераклад другім зняволеным. Але гэтая яго праца змагла дайсці да шырокага кола беларусаў і была апублікавана.
Зборнік Яна Баршчэўскага быў выдадзены ў 1844 годзе на польскаймове. Гэта 38 апавяданняў, аповесцей, навел, успамінаў. У прадмове Баршчэўскі піша, што гэтыя паданні на працягу доўгіх часоў пераходзілі ад чалавека да чалавека і сталі міфалогіяй беларускага народа.
У фантазіях і думках беларусаў заўсёды прысутнічалі злыя і добрыя духі, чараўнікі, якія часамі кіравалі ўчынкамі і ладам жыцця простых людзей. У апавяданнях Баршчэўскага вы не так шмат прачытаеце пра быт беларусаў, але даведаецеся, что тварылася ў іх галовах.
Кнігу Баршчэўскага часта параўноўваюць з вядомымі казкамі «Тысяча і адна ноч». Бо па сюжэту шляхціц Завальня ў снежныя дні выстаўляе на падаконнік свечку, і вандроўнікі, якія трапляюць у завіруху, спыняюцца ў яго і расказваюць самыя неверагодныя гісторыі, якія чулі ці сведкамі якіх былі. Тут расказы і пра цмокаў, і пра ваўкалакаў, аповесці пра кабету, якая з’яўляецца на руінах, і пра Вужынага караля з залатой каронай.
Баршчэўскі не толькі апісвае тое, что чуў ад людзей, але і разважае пра лёс народу, звяртаецца да тых, хто не ведае роднай мовы, і паказвае своеасаблівасці нацыянальнага характару беларусаў.
Калі вы хочаце ўявіць, як жылі вашыя прадзядулі і прабабулі ў беларускіх вёсках стагоддзе таму, «Новая зямля» – гэта якраз тое, што вам трэба. Якуб Колас напісаў паэму ў 1911–1923 гадах, і яе, як «Пана Тадэвуша», называюць энцыклапедыяй, але на гэты раз ужо энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства на мяжы XIX і XX стагоддзяў.
Паэма дастаткова аўтабіяграфічная, у ёй паўстаюць вобразы шматлікіх сваякоў Якуба Коласа і ўвогуле малюнкі з дзяцінства пісьменніка. У цэнтры ўвагі – сям’я селяніна Міхала, яго адносіны з зямлёй і перажыванні.
Вельмі цікавым у паэм ез’яўляецца апісанне хатняга быту беларускіхсялян. Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця і беднасць, беларусы захоўвалі свой аптымізм і ўмелі радавацца. У паэме паказана, як нецярпліва беларусы чакалі святы і рыхтавалі свае дамы, як гатавалі простыя стравы і атрымлівалі асалоду ад іх, наколькі блізкімі былі да прыроды і любілі яе, як вечарамі разам праводзілі час. Паэма напісана простай мовай, і многія яе радкі сталі крылатымі, узяць хаця б самыя першыя словы твора: «Мой родны кут, як ты мне мілы…».
Уладзімір Караткевіч збіраў матэрыял для гістарычнага рамана «Каласы пад сярпом тваім» на працягу доўгіх гадоў. Гэты твор пра падзеі на беларускай зямлі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, дакладней, у часы перад паўстаннем Кастуся Каліноўскага.
Караткевіч змяшчае ў кнізе апісанне беларускіх абрадаў, фальклорны матэрыял, расказвае пра быт і цяжкія ўмовы сялян, пра жыццё шляхціцаў. Але перш за ўсё «Каласы пад сярпом тваім» – гэта цікавы і захапляючы раман, прычым раман пра беларусаў і беларускую зямлю.
Большасць герояў твора выдуманыя, але з’яўляюцца тут і гістарычныя асобы: Кастусь Каліноўскі, Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч, Станіслаў Манюшка. Першапачаткова аўтар збіраўся напісаць дзве кнігі, але спыніўся на адной, таму твор пакідае невялікае пачуццё незавершанасці. У «Каласах пад сярпом тваім» Караткевіч разважае над шматлікімі праблемамі, у тым ліку пра нацыянальную самасвядомасць беларусаў, і вельмі ўдала паказвае атмасферу часу перад паўстаннем на Беларусі.
Упершыню раман «Каласы пад сярпом тваім» быў выдадзены ў 1965 годзе, потым не раз перакладаўся на рускую і ўкраінскую мовы.
У САЙТА «ПЛАНЕТА БЕЛАРУСЬ» ПОЯВИЛСЯ КАНАЛ НА ЯНДЕКС ДЗЕН. ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Министерство культуры объявило конкурс эскизных проектов
В Музее истории белорусского кино, где знают все о белорусском
В Минске, в историческом музее состоялась презентация книги
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....