Ru
En Bl

«Дыба, крэсла допыту, слуп ганьбы». Навошта беларус аднаўляе сярэднявечныя прылады катаваньня

Ссылка: Радыё Свабода
20.09.2018

Магілёўскі бізнэсовец Аляксандар Харламаў па гравюрах, музэйных экспанатах ды архіўных дакумэнтах аднаўляе сярэднявечныя прылады катаваньня. Катавальны рыштунак, кажа ён, дазваляе зразумець, як мысьлілі ды ўспрымалі пакараньне, напрыклад, у часы інквізыцыі. Людзей катавалі заўжды.

Пакутніцкае мінулае

У сярэднявеччы для выкараненьня «сатанінскага зла» задзейнічалі самыя розныя інструмэнты. Некаторыя з катавальных прылад інквізыцыі і рыштунку для публічнай ганьбы Аляксандар Харламаў прадставіў на сваёй выставе «Паляваньне на вядзьмарак». Экспазыцыя прысьвечаная барацьбе царквы з герэтыкамі ў Эўропе ХІІІ—XІХ стагодзьдзяў.

Выстава — плён двухгадовай працы майстра гістарычнай рэканструкцыі. Сярод трох дзясяткаў экспанатаў — дыба, крэсла допыту, крэсла вядзьмаркі, ганебныя слупы, а таксама пояс вернасьці, маскі ганьбы.

dyba.jpg

«Яшчэ колькі вякоў таму на рынкавым пляцы кожнага эўрапейскага гораду стаяў эшафот, а ля гарадзкіх брамаў красаваліся шыбеніцы. Дыба ў падвале ратушы часьцяком выкарыстоўвалася для допыту, а праца ката лічылася прызнаным рамяством», — піша ў прэзэнтацыі выставы Аляксандар Харламаў.

Ён пяць гадоў займаецца рыцарскай рэканструкцыяй. Яго інтарэс — гісторыя эўрапейскага рыцарства. Выштукоўваньне рыцарскіх дасьпехаў і падказала яму, чым заняцца далей: аднаўляць прылады катаваньня.

Сярэднявечча рэканструктар гісторыі называе пакутлівым мінулым. Пад суды інквізыцыі траплялі людзі розных сацыяльных груп.

«Калі чалавека падазравалі ў сувязях з д’яблам, — кажа Аляксандар, — то ён аўтаматычна трапляў пад увагу царкоўнага суду, і яго катавалі ня дзеля таго, каб высьветліць, ці вінаваты ён, бо сумневу ў вінаватасьці не было. Вырвацца з лап інквізыцыі было немагчыма».

Жахлівая аўра

Экспазыцыя «Паляваньне на вядзьмарак» выстаўленая ў Магілёўскім краязнаўчым музэі. З вакна музэйнай залі відаць ратуша і колішні гандлёвы пляц. У магдэбурскія часы на ім, як ува ўсіх эўрапейскіх гарадах, быў укапаны слуп ганьбы. Колькі гараджан прастаяла ля яго, невядома. Сярод экспанатаў і гэты атрыбут сярэднявечча. Трапіць у калодкі ганьбы чалавек мог за:

махлярства;

неналежныя паводзіны ў царкве ды блюзьнерства;

дробны крадзеж;

адміністрацыйныя парушэньні, напрыклад — зводніцтва;

антыўрадавыя выступленьні;

гвалт у сям’і.

dyba1.jpg

«Слупы ганьбы ў сярэднявеччы былі паўсюль, — кажа Аляксандар. — Да такога пакараньня ставіліся як да будзённасьці. Часта ля такіх слупоў выстаўляліся салдаты, якія назіралі, ці выяўляюць мінакі пагарду да пакаранага. Грамадзкім абавязкам было плюнуць ці сказаць яму што абразьлівае. Калі хто не рабіў гэтак, сам мог апынуцца ля слупа».

Нямала ля яго стаяла і вядомых асобаў, дадае суразмоўца. У калодках пабываў ангельскі пісьменьнік і публіцыст Даніэль Дэфо. Яго пакаралі слупам ганьбы за палітычныя памфлеты.

Наведнікі выставы падоўгу затрымліваюцца каля кожнага з экспанатаў, углядаюцца ў гравюры і ўчытваюцца ў камэнтары.

«Тут жахлівая аўра, але экспанаты зробленыя зь веданьнем справы», — кажа супрацоўніца краязнаўчага музэю, выходзячы з выставачнай залі.

Наведнікі могуць прымераць маскі ганьбы, прысесьці на крэсла допыту з шыпамі ды пакруціць калаўрот на дыбе.

dyba2.jpg

Адзін зь іх прызнаецца: пасьля прагляду катавальных прыладаў сярэднявечча больш не ўяўляецца яму рамантычным. Трапіць туды яму перахацелася. На яго думку, катаваньні ў той час праводзілі, як цяпер тэлешоў. Наведніка ўразіла дыба.

«Даводзілася яе бачыць у фільмах, але ў рэальнасьці яна палохае», — кажа ён.

Тады дужа жорстка абыходзіліся зь людзьмі, — дзеліцца ўражаньнямі наступная суразмоўніца. На яе думку, катавальны рыштунак павінен быў засьцерагчы чалавека ад парушэньня закону.

«Безумоўна, толькі яго выгляду хапала, каб чалавек станавіўся законапаслухмяным. Каму давялося прайсьці такое выпрабаваньне, наўрад ці быў гатовы перажыць яго зноў», — кажа наведніца.

Катавальныя прылады з простым мэханізмам

На выставе кідаецца ў вочы «крэсла допыту», утыканае шыпамі.

«У сярэднявеччы яно сваім выглядам павінна было напалохаць чалавека, калі яго прыводзілі ў камэру і паказвалі, што яго чакае», — тлумачыць Аляксандар.

dyba3.jpg

Крэсла допыту — катавальная прылада з простым мэханізмам, напісана ў камэнтары да экспанату. Сядзеньне мае вострыя і даўгія шыпы. На целе чалавека яны пакідалі ня толькі колатыя, але і рваныя раны. Рух на крэсьле выклікаў неверагодны боль.

Аляксандар зьвяртае ўвагу на маскі ганьбы. У іх чалавека выстаўлялі ў публічнае месца, і ўсе павінны былі зь яго кпіць. Для выпівох прыдумалі маску сьвіньні. Плеткарам і хлусам надзявалі маскі зь языком.

У сярэднявеччы, працягвае ён, катаваньні падаваліся як відовішча. Яны насілі выхаваўчы характар. На пляцы варылі фальшываманэтчыка ня проста так, кажа Аляксандар. Яго маглі забіць, але катавалі прылюдна, каб іншыя ня важыліся на падобныя злачынствы.

«У той час была іншая філязофія, іншае ўспрыманьне таго, як трэба караць за парушэньне закону. У тагачасных людзей фантазія кардынальна адрозьнівалася ад нашай», — кажа Аляксандар.

dyba4.jpg

Выстава пра пакручасты шлях станаўленьня сучаснага грамадзтва

Аляксандар Харламаў кажа, што імкнецца падаць гісторыю сярэднявечча максымальна рэалістычна. Жаданьня напалохаць гледача ў яго няма.

«Адна з задач выставы, — кажа ён, — каб глядач больш даведаўся пра сярэднявечча, зразумеў, як людзі тады мысьлілі і які ў іх быў мэнталітэт».

Ён адзначае: калі спрабуе паводле гравюры аднавіць катавальны мэханізм, то стараецца ўявіць, чаго хацеў дасягнуць сярэднявечны майстар. Трэба дадумваць, як працуе прылада, бо мастак не засяроджваўся на тэхнічных падрабязнасьцях. Для яго галоўнае было паказаць катаваньне ў цэлым, а не дэталі мэханікі.

Тое, што захаваліся дакумэнтальныя зьвесткі пра катаваньні, адзначае суразмоўца, — заслуга нямецкай пэдантычнасьці. У Нямеччыне захаваліся дакумэнты з царкоўных судоў, паказаньні сьведак.

«Усё гэта ў адкрытым доступе і вывучаецца, — кажа Аляксандар. — Магчыма, паляваньне на вядзьмарак было пашырана і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але зьвестак пра тое няшмат, каб казаць пра тутэйшую інквізыцыю як зьяву».

Выстава ня мае палітычнага або антыцаркоўнага падтэксту, кажа Аляксандар. Сам рэканструктар — пратэстант.

«Яна пра чалавечыя аблуды ды жорсткасьць. Ёю дэманструецца пакручасты шлях станаўленьня сучаснага грамадзтва, яго пераход ад рэлігійнага да сьвецкага, — кажа ён. — Інквізыцыя зьявілася ў 13 стагодзьдзі, а скасавалі яе канчаткова толькі ў 19-м. Ад яе адмовіліся ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, калі людзі сталі болей здабываць ведаў».

У 2000 годзе ад імя царквы Ян Павал ІІ прынёс пакаяньне за грахі нецярпімасьці і злачынствы інквізыцыі.

У сучаснай гісторыі Аляксандар бачаць увасабленьне катавальнай практыкі ў тым, што дзеялася ў Гулагу. У адрозьненьне ад сярэднявечча, кажа ён, відовішчнасьці там не было. Людзей забівалі ўпотай.

Аляксандру Харламаву 45 гадоў. Нарадзіўся ў Магілёве. Мае сярэднюю тэхнічную адукацыю. Любіць вандраваць і наведваць эўрапейскія музэі. Хоча дапамагчы Музэю гісторыі Магілёва стварыць вязьніцу магдэбурскага часу. Сваю выставу зьбіраецца паказаць у Польшчы і Бэльгіі. Цікавіцца часамі антычнасьці.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Отец Ефима Шифрина едва не погиб в Оршанской тюрьме НКВД

Бухгалтер Залман Шифрин, отец известного сатирика, провел в ней четыре месяца в 1938

Статьи
Загнать «зверя». Минские следы известных террористов

Сегодня, в очередную годовщину терактов в США, случившихся 11 сентября 2001 года, весь мир будет вновь говорить о

Статьи
Пришествие викингов в Сулу как способ развития внутреннего туризма

В Парке истории Сула прошел первый международный фестиваль раннего Средневековья «Путь викингов». Со слов

Статьи
Шабаш ведьм, заговоренное золото и другие тайны Лысой горы

Почти в каждом районе Беларуси есть своя Лысая гора. Встречаются и созвучные названия: Лысуха, Лыска, Лыскагор. В

Самые популярные Самые обсуждаемые