Ru
En Bl

Глыбоцкі некропаль – гісторыя мястэчка на пагорку Копцеўка

Автор: Яўген Ждановіч
07.06.2018

Могілкі – неад'емная частка нашага жыцця. Старыя ж некропалі, акрамя цікавасці гісторыкаў і краязнаўцаў, усё часцей уключаюцца ў турыстычныя маршруты. Нават тэрмін адмысловы з'явіўся – некропальны турызм. 

Парыжскія могілкі Пер-Лашэз, Альшанскія ў Празе, Лычакаўскія ў Львове прыцягваюць тысячы турыстаў. У Мінску можна пабачыць экскурсантаў на Кальварыйскіх ды Вайсковых могілках.

А Копцеўка – гэта глыбоцкія старыя могілкі, якія  таксама не мусяць застацца па-за ўвагай аматараў беларускай даўніны.

koptevka.jpg

Тым больш, знаходзяцца яны цяпер амаль у цэнтры горада, колькі хвілін пешшу ад былога кляштару кармелітаў босых – у нашыя дні там знаходзіцца Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы і ад Касцёла Найсвяцейшай Троіцы.

Назва

Наконт паходжання назвы Копцеўка глыбоцкія краязнаўцы разыходзяцца ў версіях. Так, настаўнік Юры Калбасіч прытрымліваецца версіі, што на месцы некропаля ў дахрысціянскія часы было паганскае капішча – гэта, дарэчы, самая высокая кропка гораду.  Краязнаўца Кастусь Шыталь належыць да лагеру, які лічыць, што Копцеўка паходзіць ад польскага слова kopiec (насып, узвышэнне), і такая версія зноў адсылае да вышыні месца.

gothic1.jpg

Да могілак праз могілкі

Да цвінтара ідзем праз былыя кармеліцкія ўладанні (уласна і сама Копцеўка была на іх зямлі) – у цаглянай агароджы захавалася і цэгла-пальчатка (яе выраблялі ў 17-18 стагоддзях), і прадукцыя 19 стагоддзя – яе ўжо прыціскалі дошкамі, калі выраблялі.

— У 30-х гадах тут актыўна дзейнічала краязнаўчае таварыства. Збіралі дакументы, фіксавалі помнікі архітэктуры, у 1936 годзе стварылі краязнаўчы музей у кляштары кармелітаў, экспанаты якога пасля прыходу бальшавікоў бясследна зніклі, — распавядае Юры Калбасіч. — Па ініцыятыве таварыства агароджу пакрылі дахоўкай, а кляштарную браму адрамантавалі. А ідзем мы па вуліцы на выезд у накірунку Полацка, якая за польскім часам насіла імя Генрыка Сенкевіча, пры Саветах засталася таксама «літаратурнай», але ўжо Максіма Горкага. Імя пралетарскага пісьменніка носіць і зараз. Тут ёсць сучасныя дамы, але засталося крыху і старых, пачатку 20 стагоддзя.

Гарадскі стадыён з правага боку вуліцы Горкага – гэта таксама могілкі, падчас Другой сусветнай тут хавалі загінулых нямецкіх вайскоўцаў.

kopc_stadium_necropol.jpg

— Пасля вайны могілкі разам з крыжамі зраўнялі з зямлёй, зрабілі стадыён, то бок ад канца 40-х да канца 90-х тут ганялі ў футбол на касцях салдатаў вермахта. У 1998 годзе нямецкі фонд «Прымірэнне і згода» арганізаваў эксгумацыю і перапахаванне. Стадыён доўга рамантавалі – зараз ён адзін з лепшых у Віцебская вобласці. Парэшткі перапахавалі каля вёскі Харашкі за тры кіламетры ад Глыбокага, зрабілі годны мемарыял, некаторыя магілы з імёнамі. Характэрная дэталь што да памяці – калі праводзілася эксгумацыя, то нямецкі бок прывёз план могілак, на якім кожная магілка была падпісаная, — расказаў краязнаўца.

Яшчэ адны могілкі

На ўваходзе ў Копцеўку – шэрагі аднатыпных крыжоў. Таксама памяць вайны, але польска-савецкай. Гэта пахаванні жаўнераў Войска Польскага, у якім, зразумела, ваявалі і беларусы, 1920 года.

— Могілкі падноўленыя, прыведзеныя ў парадак — ёсць праграма польскага ўраду па аднаўленні пахаванняў тых часоў. Вось ён вынік маршу Тухачэўскага, які казаў «Даеш Варшаву, даеш Берлін!» І вось гэтыя людзі сталі на яго шляху, — зазначае Юры Калбасіч. — Дзе ж пахаваныя чырвонаармейцы, загінулыя ў тых баях, ніхто не ведае – магчыма, там жа, дзе іх і забілі, можа быць, мясцовыя жыхары там і закапалі. Але заўважу, што Саветы, калі прыйшлі ўжо сюды надоўга, не кранулі мемарыял.

kopc_polska.jpg

У рэгіёне шмат такіх вайсковых пахаванняў — у Лужках, Паставах, Германавічах...

Уласна Копцеўка

Могілкі паўсталі ў канцы XVIII стагоддзя, у 1805 годзе тут асвяцілі капліцу ў гонар прарока Іллі, нябеснага апякуна кармелітаў.

kaplica.jpg

— Сам жа ордэн быў утвораны на гары, дзе прарок Ілля маліўся аб дараванні дажджу. Таму Ордэн кармелітаў яго ўшанаваў у Глыбокім таксама на высокім пагорку, пабудаваўшы капліцу ў яго гонар. З 1866-га па 1921 год гэты храм з'яўляўся праваслаўным. Тагачасныя святары пахаваныя тут жа. Сярод іх настаяцелі Сабора Раства Прасвятой Багародзіцы, два браты Іаан і Іларыён Віляноўскія. Айцец Іларыён, дарэчы, хрысціў нашага знакамітага зямляка, авіяканструктара Паўла Сухога ў 1895 годзе, — распавядае пра скрыжаванні лёсаў храмаў і людзей Юры Калбасіч.

kopc_vid_ot_ogrady.jpg

Ёсць тут магілы шляхты – на старых надмагіллях прозвішчы Аскеркаў, Зіновічаў, Зінкевічаў, Корсакаў, Касцюшкаў...

kopc_vidy_4.jpg

— Тут і мемарыял каталіцкіх святароў, гэта пробашчы глыбоцкага касцёла. Сярод іх ксёндз Антоній Зінкевіч, які ў міжваенныя гады спрабаваў прапагандаваць беларускую мову, весці імшу на ёй не дазвалялася, але казанні рабіў па-беларуску. Яго за гэта цкавалі ягоныя польскія калегі, пісалі даносы, меў адпаведныя праблемы. Памёр у 1951 годзе, і яшчэ пры жывым Сталіне праз Глыбокае неслі цела ксяндза працэсіяй з крыжом сюды на Копцеўку. Такі быў чалавек — паважалі нават камуністычныя кіраўнікі раёна. А вось апошні са спачылых настаяцеляў глыбоцкай царквы айцец Серафім Гагалушка, які спачатку служыў у Язна пад Мёрамі, потым 19 гадоў быў настаяцелем у Глыбокім. Ён патрапіў на фронт у 1939 годзе як жыхар і жаўнер Рэчы Паспалітай, а потым — у нямецкі палон. У палоне прабыў да канца вайны і вярнуўся на радзіму. Па ягонай ініцыятыве з'явілася ў нас малая царква Серафіма Сароўскага Цудатворцы. Па традыцыі, хоць у 1997 годзе гэта ўжо была зноў каталіцкая капліца, яго пахавалі тут, на Копцеўцы, за алтаром той самай капліцы. Непадалёку ляжыць апошні прыёр кляштара кармелітаў, які быў асабіста знаёмы з імператарам Францыі Напалеонам, айцец Панкрацій Крушынскі. А вось Мастовічы, бацька і маці Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, класіка польскай літаратуры, нашаму чытачу больш за ўсё вядомаму па кнізе (а можа і па фільму) «Знахар». І вось магіла Корсака, была версія, што гэта той самы Іосіф Корсак, фундатар храмаў і мястэчка, але гэта яго сваяк, нашмат маладзейшы — удзельнік паўстання 1831 года, — распавядае пра знакавыя кропкі Копцеўкі Юры Калбасіч.

korsak.jpg

Ну і той самы Мюнхгаўзен. Не ў сэнсе, што той фантазёр і авантурыст, апісаны Распэ, а той, што мусіў прывабіць дадатковых турыстаў у горад. Пахаваны разам з жонкай Вільгельмінай.

kopc-mun.jpg

Загадкавая калона

З лёгкай рукі славутага даследчыка гісторыі Глыбокага Отана Гедэмана калону, якая стаіць на Копцеўцы, лічаць пастаўленай у гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года.

kopc_vidy_1.jpg

Але, як зазначае краязнаўца Генадзь Плавінскі ў сваім артыкуле на рэсурсе westki.info, Гедэман у навуковай працы «Glebokie» (Вільна – 1935 год) на аснове вывучэння 127 архіўных дакументаў «не даў адназначнага адказу пра час пабудовы калоны і пра што яна сведчыць людзям». Па звестках гісторыка, было дзве легенды, якія датычаць калоны: «паводле адной — яна з’яўляецца памяткай пра касцёлак, які некалі тут стаяў; паводле другой – месцам, на якім адбывалася смяротная бойка двух братоў за дзяўчыну».

Новая легенда, што з'явілася ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, пра пабудову калоны ў гонар Канстытуцыі была ўдалай для ўмацавання адноўленай польскай дзяржаўнасці.

— Мяркую, што гэта была сакральная пабудова, даволі распаўсюджаная – калона з фігурай святога наверсе, — кажа краязнаўца Кастусь Шыталь. — Гедэман прывёў дакументальныя доказы таго, што ў Лявонпалі калона была дакладна пабудаваная ў гонар Канстытуцыі, але з глыбоцкай так не атрымалася. Яна – іншая.

Але менавіта дзякуючы Отану Гедэману калона на Копцеўцы дажыла да нашых дзён. Рамонт яе быў зроблены ў 1935-1939 гадах высілкамі культурніцкай установы Польскага краязнаўчага таварыства.

Зараз жа на гэтай калоне штогод пасяляюцца буслы – і яна ўжо стала адным з сімвалаў Глыбокага.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
7 городов и местечек в Беларуси, которые смогли себя подать и привлечь туристов

Они могли  затеряться среди множества других, но решили поработать над туристической привлекательностью и

Статьи
Глубокский Мюнхгаузен — пока не конкурент «коллегам»

Пять лет назад в городской администрации думали о памятнике, музее и туристах — поклонниках барона-выдумщика. Пока

Статьи
Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім – загадак яшчэ процьма

Сармацкае барока, цудадзейны абраз, месца спачыну фундатара Глыбокага, таямнічыя скляпенні і парэшткі невядомых

Статьи
Драздовіч, Ластоўскі, Бэн-Егуда: з чаго пачаць знаёмства з Глыбокім?

Як варыянт – з Алеі славутых землякоў, што з'явілася ў 2012 годзе. Да ўшанавання выбітных ураджэнцаў Глыбоччыны тут –

Самые популярные Самые обсуждаемые