Ru
En Bl

Крэпасць, сінагога і мясцовы Арбат: жыхары Бабруйска намалявалі свой горад

Автор: Яна Шыдлоўская
Ссылка: budzma.by
08.02.2018

Праект бабруйскай мастачкі Людмілы Кіслёнак па фармаце чымсьці нагадвае папулярны блукаючы скетчбук. «Адкрый Бабруйск» — гэта серыя гарадскіх малюнкаў, шэсць з якіх неўзабаве стануць паштоўкамі.

12.jpg

«Мне заўсёды хацелася больш маляванага»

Людміла Кіслёнак малюе сама і заахвочвае да малявання іншых. На яе заняткі ў студыі Art Line, што адбываюцца на прасторы вядомага ў Бабруйску тайм-клуба «1387», прыходзяць тыя, хто праз мастацтва хоча перагледзець свой унутраны свет.

Арт-тэрапія, упэўненая мастачка, здольная пазбавіць стрэсу, змяніць стаўленне да сябе і, не ў апошнюю чаргу, да свайго горада. Нездарма ў прапанаваным на Кірмашы ідэй праекце Людміла заклікала ўдзельнікаў маляваць горад — яго вуліцы, адметныя старонкі гісторыі, цікавыя будынкі ці малавядомыя месцы, на якія варта звярнуць увагу.

«Неаднойчы мне даводзілася бачыць фотапаштоўкі з выявамі буйных беларускіх гарадоў, — кажа Людміла. — Але як мастачцы заўсёды хацелася больш маляванага. У мяне з’явілася ідэя далучыць гараджан да творчага працэсу. Я хацела, каб яны паказалі горад такім, якім яго бачаць. Сама б я намалявала Бабруйск у адным стылі, шмат людзей зрабілі яго разнастайным».

gorad1.jpg

«Мы выходзілі на вуліцу і пачыналі маляваць разам»

Праект стартаваў улетку, калі надвор’е дазваляла праводзіць адкрытыя майстар-класы на вольным паветры. Дарэчы, першы занятак адбыўся на Бабруйскай крэпасці — на прыкладзе тамтэйшых краявідаў і палігонаў Людміла рабіла паказальныя замалёўкі. Менавіта гэтым тлумачыцца вялікая колькасць малюнкаў з мясцовай цытадэллю.

krepost.jpg

«Мы выходзілі на вуліцу і пачыналі маляваць разам, — працягвае Людміла. — Заканчвалі працу дома. Хто фарбамі, хто графічна, алоўкамі. І нават адзін і той жа аб’ект, намаляваны ў розных тэхніках і з розных ракурсаў, выглядаў па-іншаму!»

Падчас наступных арт-шпацыраў мастачка звяртала ўвагу ўдзельнікаў на іншыя месцы горада. Так намаляванымі сталіся былая воданапорная вежа, а цяпер рэстаран «Чырвоная вежа», гатэль «Бабруйск», пажарнае дэпо на вуліцы Кастрычніцкай, Свята-Ільінская царква на Лукавай гары, Бабруйскі форт, сінагога на вуліцы Чангарскай, Порт-Артур, вядомы як купецкі гатэль, вуліца Сацыялістычная, альбо Сацыялка, якую гараджане выкарыстоўваюць як модны подыум і месца для праменаду, дом купчыхі Кацнэльсон.

dom.jpg

Згадалі гарадскі Дом культуры, домік на Камуністычнай, белую капліцу і падзеі войнаў 1812 і 1941-45-га.

«На малюнках дамінавалі помнікі архітэктуры. Хоць я спадзявалася, што ў бабруйчан з горадам будзе больш абстрактных асацыяцый, з зефірам, напрыклад, — прызнаецца Людміла. — У гарадской свядомасці ўжо закладзены шэраг аб’ектаў, з якімі атаясамліваецца Бабруйск. З іншага боку, ёсць над чым працаваць. Асабіста мяне цікавяць утульныя бабруйскія дворыкі, старыя дамы. Пэўны час я збірала ліштвы, фатаграфуючы іх на дамах. Гэта цэлы пласт культуры. На жаль, іх цяпер часта здымаюць, а дамы абшываюць сайдынгам».

gorod2.jpg

Выстава і галасаванне

Першы публічны паказ створаных гараджанамі малюнкаў адбыўся ў другой палове студзеня. Для выставы ў тайм-клубе адабралі 31 працу — не арыгіналы, але адсканаваныя ў фармаце А3 версіі малюнкаў.

«Удзельнікі малявалі на аркушах рознага памеру, — тлумачыць Людміла. — Такім чынам мы ўпарадкавалі экспазіцыю. Выставу аформілі асаблівым чынам — усе малюнкі з паспарту размясцілі пад пластыкавым шклом».

Згодна з праектам, з некалькіх дзясяткаў малюнкаў трэба было выбраць шэсць, якія неўзабаве набудуць фармат паштовак. Аддаць свой голас найбольш цікавым сюжэтам можна было адразу на выставе, дзе кожнаму наведніку выдавалася адпаведная колькасць стыкераў. А таксама ў рэжыме анлайн на часовай старонцы праекта, створанай спецыяльна для галасавання. Колькасць галасоў штодзень падлічвалася, але канчатковае рашэнне прымала журы.

«У мяне былі сумненні наконт яго складу, — прызнаецца Людміла. — Бо ў праекце ўдзельнічалі не прафесійныя мастакі, а, хутчэй, аматары мастацтва — бабруйчане ва ўзросце ад 8 да 80 гадоў. І ацэньваць іх працу трэба было з розных бакоў, не толькі з гледжання тэхнікі і кампазіцыі малюнка. Далучыцца да журы я запрасіла людзей, неабыякавых да мастацтва, гісторыі і культуры Бабруйска».

Дапамагалі выбіраць малюнкі адна са стваральніц гарадскога Жаночага клуба, бізнес-лэдзі  Юлія Саковіч, дызайнер і мастачка Настасся Дудаль, старшыня габрэйскай абшчыны Алег Красны. Дарэчы, на будынак бабруйскай сінагогі на вуліцы Чангарскай, на рэстаўрацыю якой габрэі Бабруйска збіраюць грошы, удзельнікі таксама звярнулі ўвагу.

Найстарэйшы будынак Бабруйска і дом купчыхі Кацнэльсон

Большасць галасоў атрымаў малюнак Змітра Мурашкі з выявай старога езуіцкага касцёла, што стаіць на тэрыторыі крэпасці. Гэта найстарэйшы будынак у горадзе. Калі на крэпасці знаходзілася вайсковая частка, касцёл служыў гаўптвахтай. На жаль, цяпер святыня не дзейнічае. Аднак статус помніка архітэктуры і ўвага з боку гараджан, магчыма, зменяць сітуацыю.

Гледачы і журы адзначылі працу Ірыны Трэбінай з Чырвонай вежай і замалёўкі любімага горада Настассі Барцэвіч. Паштоўкамі стануць намаляваны Людмілай Кіслёнак дом купчыхі Кацнэльсон, рэдзюіт пятага палігона Бабруйскай крэпасці Руслана Гайдукова і мясцовы Арбат — вуліца Сацыялістычная Людмілы Дабравольскай.

«У праекце няма пераможцаў, — акцэнтуе Людміла. — Сюжэты адбіралі такім чынам, каб калекцыя паштовак атрымалася разнастайнай і ўтрымлівала галоўныя архітэктурныя адметнасці Бабруйска. Астатнія малюнкі, не менш важныя і цікавыя, мы скарыстаем у іншых ініцыятывах — яны могуць быць паўнавартаснымі ілюстрацыямі календара ці даведніка па Бабруйску».

«Малюнкі-паштоўкі паляцяць родным і сябрам»

Шэсць абраных гледачамі і журы малюнкаў зменшацца да фармату паштовак, што будуць надрукаваныя накладам 2400 асобнікаў.

«Гэта не камерцыйны праект, — кажа Людміла. — Таму паштоўкі будуць распаўсюджвацца бясплатна.  Выніковую прэзентацыю праекта я планую правесці падчас акцыі «Бабруйск — мая любоў», у межах якой паштоўкі можна будзе падпісаць і адправіць родным і сябрам. А ўвогуле паштоўкі будуць прыемным падарункам для наведнікаў бабруйскіх кавярань, гандлёвых цэнтраў, бібліятэкі, дзе я рабіла прэзентацыю будучага праекта».

Не выключана, што паштоўкі стануць часткай іншых, больш буйных, у тым ліку і краўдфандынгавых кампаній. Напрыклад, у якасці падарунка.

Мастацкі праект «Адкрый Бабруйск», без сумневу, выклікаў цікавасць сярод бабруйчан, якія ахвотна ўзяліся за пэндзлі і алоўкі. Магчыма, ён стане пачаткам шэрагу наступных мастацкіх праектаў аб Бабруйску.

«Горад варта маляваць, каб паглядзець на звычныя аб’екты па-новаму, з іншага ракурсу», — упэўненая Людміла.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Мой рок-н-ролл, «Золотой теленок», дом из Прибалтики и еще 7 причин побывать в Бобруйске

Бобруйск – не самый большой и уж точно не самый популярный среди белорусских туристов город. Но местные жители уверены

Статьи
Идем пешкарём. В каких белорусских городах есть пешеходные улицы?

Рецепт создания популярного туристического места таков: освободите одну из улиц, желательно в историческом центре, от

Статьи
Бобруйчанин снял душевный таймлапс о родном городе

Два месяца съемки, три месяца монтажа. Итог: двухминутный таймлапс-ролик о Бобруйске, снятом с тридцати разных точек. К

Наследие
Бывший иезуитский костел в Бобруйске

Каменный иезуитский костел, освященный во имя Святого Станислава Костки, был возведен в стиле барокко

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые