Ru
En Bl

Падняпроўскія цэрквы – прыгажосць магілёўскага барока

Автор: Антон Астаповіч
15.03.2017

Высокі ўзровень эканамічнага патэнцыялу, шырокія гандлёвыя і культурныя сувязі, развіццё рамесніцтва, якім так славіліся магілёўскія майстры, садзейнічалі фарміраванню ў Магілёве высокаразвітай мастацкай культуры са своеасаблівымі традыцыямі, мясцовымі прыёмамі і формамі.

6a.jpgМясцовыя асаблівасці праявіліся ў мастацтве гравюры на медзі, разьбе па дрэве, манументальным жывапісе і архітэктуры, што дае падставы гаварыць аб існаванні ў Магілёве і Магілёўскім Падняпроўі ў XVII–XVIII стст. мясцовай школы мастацтва і дойлідства.

Можна прасачыць адзіную лінію развіцця ад старэйшых культавых пабудоў Полацка, Віцебска і Гродна да Богаяўленскага і Мікалаеўскага храмаў у Магілёве. У дэкаратыўнай аздобе магілёўскіх помнікаў шырока выкарыстаны і тыя мясцовыя асаблівасці, якія прасочваюцца ў жыллёвай і грамадзянскай архітэктуры горада. Разам з тым у іх былі творча пераасэнсаваны некаторыя прыёмы, характэрныя для архітэктуры рэнесансных і барочных касцёлаў.

Спалучаючы традыцыйныя і мастацкія формы, яны стварылі рэгіянальную групу помнікаў, дзе яскрава праявіліся нацыянальныя асаблівасці беларускага барока. Эстэтычным уяўленням і нормам архітэктурнай мовы таго часу найбольш адпавядае завяршэнне храмаў кшталту Свята-Мікольскай царквы, якая захавалася ў Магілёве, вырашанае ў выглядзе крыжова-купальнай планіровачнай канструкцыі будынка, фігурных франтонаў (шчыпцоў) па фасадах, стромкіх двухсхільных дахаў між імі і барабанамі, якія былі накрыты шматграннымі цыбулепадобнымі купаламі.

Падобны тып храмавага завяршэння ў XVIІ–XVIIІ стст. Быў пашыраны ў Магілёве і на землях Магілёўскага Падняпроўя. Гэта, акрамя Свята-Мікольскай, Свята-Пакроўская, Богаяўленская, Свята-Успенская цэрквы ў самім Магілёве, Куцеінская Успенская царква ў Оршы, Васкрасенская царква ў тагачасным Шклове, сучасныя Рыжкавічы. Прататып гэтага стылю – падоўжана-восевыя базілікі з фігурнымі франтонамі над галоўным фасадам і паміж нефам і апсідай – увогуле характэрны для Вялікага княства Літоўскага і ў роўнай ступені выкарыстоўваўся ўсімі хрысціянскімі канфесіямі.

Такім чынам завяршалася большасць вядомых сёння познегатычных мураваных праваслаўных цэркваў (Прачысценскі сабор, Пятніцкая, Мікольская, Спасаўская і Траецкая цэрквы ў Вільні, Барыса-Глебаўская ў Навагрудку, Свята-Духаўская ў Кодне, Мікольская ў Брэсце, царква ў Сынкавічах. 

5a.jpg

Не перарвалася традыцыя з прыходам рэнесансу, а пазней і барока. Дэкаратыўнае аздабленне фасадаў і франтонаў нішамі ў традыцыі магілёўскай рэгіянальнай школы культавага дойлідства з’яўлялася не толькі працягам сфарміраванай архітэктурнай традыцыі на вялікіх абшарах тагачаснай Рэчы Паспалітай. 

7a.jpgВа ўсходнехрысціянскай архітэктуры Вялікага княства Літоўскага ярусныя, дэкараваныя нішамі фасады і франтоны пачалі выконваць функцыі вынасных вулічных іканастасаў, што характэрна для Свята-Духаўскай царквы ў Мінску, Богаяўленскай, Свята-Мікалаеўскай цэркваў у Магілёве, Васкрасенскай царквы ў Шклове і іншых культавых аб’ектаў.

У пачатку XVIIІ ст., пасля спалення Магілёва рускім войскам па загадзе Пятра І, новае будаўніцтва праваслаўных храмаў у горадзе характарызуецца прыходам віленскага барока. 

Так, часткова ў гэтым стылі быў перабудаваны франтон Богаяўленскай царквы, але на фасадзе быў захаваны ніжні ярус нішаў вынаснога іканастасу, які пакінуў памяць пра сакральнае прызначэнне дэкаратыўных ніш. 

Яскравым прыкладам уплыву школы віленскага барока з’яўляецца будынак Спаскай царквы. У другой палове XVIIІ ст. пры захаванні традыцыйнай крыжова-купальнай планіроўкі ў Магілёве ўзводзяцца цэрквы з выразнымі класічнымі рысамі – Петра-Паўлаўская і Траецкая.

9a.jpg Але традыцыя магілёўскай рэгіянальнай школы не знікае. Незапатрабаваныя ў горадзе і ваколіцах майстры – носьбіты яскравых мясцовых традыцый дойлідства – шырока запрашаюцца для працы за межамі не тое што Магілёўшчыны, але і за межамі сучаснай Беларусі. 

Найбольш вызначальным з’яўляецца так званы перыяд мазепінскага росквіту культавай архітэктуры ў Кіеве і Левабярэжнай Украіне, звязаны з тым, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбываліся маштабныя падзеі Паўночнай вайны, якая перамясцілася ва Украіну толькі ў канцы 1708 г. 

У гэты час назіраецца росквіт барочнага будаўніцтва ў вышэйназваных мясцовасцях – і, вядома ж, не без удзелу магілёўскіх майстроў.

13.jpg

З Магілёва ва Украіну прыходзяць не толькі дэкараваныя нішамі ярусныя франтоны і фасады, але і традыцыя вынасных вулічных іканастасаў – традыцыя паліхромнага роспісу нішаў. Гэты прыём быў выкарыстаны нават пры будаўніцтве Успенскага сабора ў Смаленску Барталамэа Растрэлі. Унікальная з’ява, якая распаўсюдзілася з Магілёва па Дняпры, як у яго вярхоўі на Смаленшчыне, так і на тэрыторыю Украіны, дзе цэрквы з франтонамі-іканастасамі, якія спалучаюць у сабе рысы барока і рэнесансу – нярэдкая з’ява і да нашага часу.

У самім Магілёве застаўся толькі адзін храм, які захаваў рысы рэгіянальнай магілёўскай школы дойлідства, – Свята-Мікольская царква другой паловы XVII стагоддзя. Богаяўленская царква была зруйнавана ў 50‑х гадах XX стагоддзя, Успенская і Пакроўская цэрквы ў XIX стагоддзі карэнным чынам перабудоўваюцца, захаваўшы толькі фрагменты дэкору (нішаў) на змененых пад класічны стыль, трохкутных ужо па форме, франтонах. Магілёўская школа дойлідства і яе ўплыў на архітэктурныя традыцыі Смаленшчыны і Украіны практычна не даследаваны, за выключэннем публікацый Т.І. Чарняўскай і шэрагу артыкулаў, якія з большага маюць не даследча-аналітычны, а краязнаўчы характар.

Але на працягу апошніх гадоў зроблены глыбокі аналіз распаўсюджвання і ролі гэтай культурнай рэгіянальнай з’явы даследчыкам гісторыі беларускай архітэктуры, архітэктарам-рэстаўратарам В. Гліннікам, ім апублікаваны матэрыялы як у беларускай, так і ў польскай навуковай літаратуры. Зроблены спробы пераасэнсавання сваёй архітэктурнай спадчыны ўкраінскімі даследчыкамі,такімі як М. Цапенка і С. Юрчанка.

12.jpg

Ёсць і практычнае адраджэнне традыцыі, унікальнай рэгіянальнай мастацкай і архітэктурнай з’явы, якая спалучыла ў сабе ўплывы розных культурных плыняў, на падставе якіх былі выпрацаваны ўласныя рысы, уласныя традыцыі. Гэта аднаўленне Свята-Пакроўскай царквы, якая да сваёй перабудовы мела асноўныя рысы магілёўскай школы дойлідства – крыжова-купальную планіроўку, народныя ўплывы (галерэя-гульбішча), дэкор фасадаў, а галоўнае – франтонаў, якія дзякуючы свайму аздабленню нішамі, часта ў два і болей ярусаў, сфарміравалі ўнікальную з’яву ў культавым дойлідстве – вонкавыя вынасныя іканастасы.



Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
«Архитектурная статуэтка». Храм, который построил белорусский Гауди

Что общего между храмом Успения Богородицы ХIX века в болгарском селе Делень, Воскресенским собором в Костроме

Статьи
«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!» 10 самых цікавых выяў герба «Пагоня»

19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет зацвердзіў дзяржаўным гербам Беларусі «Пагоню», а дзяржаўным сцягам —

Статьи
Взорванная Атлантида. Как и почему исчезали самые красивые белорусские города и замки

Василь Быков говорил, что город без древнего центра, каким бы современным и благоустроенным он ни был, лишен души. В

Статьи
Пуп Земли. Главный костел огромной империи находился в Могилеве

Если не знать Могилева или, как минимум, не запастись заранее картой местности, то, оказавшись в центре города на

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые