Ru
En Bl

Параф'янава, Paraphjanów, Парфенава – старадаўнія землі Віленскай дыяцэзіі

Автор: Яўген Ждановіч
01.03.2018

Мястэчка пад Докшыцамі было цесна звязанае з Вільняй – даходы з маёнтка забяспечвалі існаванне віленскіх архідыяканаў, з параф’янаўскага дрэва рабілі алтары для Катэдральнага касцёла.

Старыя людзі ў суседніх вёсках дагэтуль называюць гэтае паселішча Парфенава. Першы раз вёска ўзгадваецца ў дакументах 1460 года пад назвай Парфеневічы.

– Назвы, што сканчаліся на «-чы», «-ічы», паводле меркавання гісторыкаў, былі ўтвораныя ў час пераходу ад рода-племяннога ладу да суседскай абшчыны, яны паходзяць ад імя пачынальніка, так бы мовіць патрыярха роду, – тлумачыць «Планеце Беларусь» паходжанне назвы мясцовы краязнаўца, каталіцкі актывіст Кастусь Шыталь. – Быў, верагодна, тут калісьці нейкі Парфён, магчыма, ён жыў тут раней за Рагвалода і Рагнеду, магчыма, у іх часы.

par.jpg

У ХХ стагоддзі назва Параф'янава ўвайшла ўжо ў паўсядзённы зварот. Трэба адзначыць мясцовыя асаблівасці: мястэчка Параф'янава – гэта пасёлак пры чыгуначнай станцыі, які ўзнік у пачатку ХХ стагоддзя, а вёска Параф'янава – гэта якраз тое гістарычнае паселішча, якое згадваецца ў дакументах з XV стагоддзя.

Касцёл

Пярліна Параф'янава – касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

par-kost.jpg

– Не проста ў гонар Дзевы Марыі, а менавіта ў гонар яе імя. Ад першай паловы XV да канца XVІІІ стагоддзя Параф'янава належала віленскаму архідыякану, другому чалавеку пасля біскупа ў дыяцэзіі. У другой палове XVІІ стагоддзя архідыяканам у Вільні быў Мікалай Слупскі, які вельмі шанаваў імя Дзевы Марыі, стварыў у Вільні брацтва пад гэтым тытулам, а ў 1675 годзе асвяціў у Параф'янаве касцёл.

Гэта быў ужо другі храм у мястэчку. Першы касцёл быў збудаваны ў 1624 годзе, але падчас вайны Рэчы Паспалітай і Масковіі быў спалены непрыяцелем з Усходу.  «Невядомая вайна» – так яе зараз называюць даследчыкі з лёгкай рукі гісторыка Генадзя Сагановіча. Ваенныя дзеянні адбываліся з 1654-га па 1677-ы. Паводле Сагановіча, Беларусь – у сённяшніх сваіх межах – страціла тады больш за палову насельніцтва.

Драўляны касцёл прастаяў амаль да пачатку ХХ стагоддзя.

– Новы касцёл у стылі неабарока пачалі будаваць у 1899-м. Ён быў асвечаны 20 лістапада 1904 года, – распавядае Кастусь Шыталь. – У гэты перыяд у Беларусі назіраўся бум будаўніцтва касцёлаў, што звязана з адменай на забарону ўзвядзення каталіцкіх храмаў, якая з'явілася пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе. Тады расійскія ўлады амаль не давалі дазволаў ані на рэканструкцыю старых, ані на будоўлю новых касцёлаў. У 1897 годзе забарона была скасаваная.

А што ж са старым 300-гадовым драўляным храмам? Яго не сталі руйнаваць, а адсунулі ўбок. Падчас будоўлі новага ў старым храме працягвалі служыць набажэнствы. А вось у 20-х гадах мінулага стагоддзя разабралі на дровы.

— На жаль, здымкаў старога храма не захавалася, ці мы пра іх пакуль не ведаем. Праектаваў новы касцёл архітэктар Тадэвуш Раствароўскі, адзін з найвыбітнейшых творцаў тагачаснай Вільні, — распавядае Кастусь Шыталь. — Цікава, што ў параф'янаўскага касцёла ёсць двайнік – касцёл у Лынтупах, асвечаны ў 1911 годзе. Архітэктар, што праўда, выкарыстаў іншы дэкор, аздабленне храмаў не супадае.

Пасля Першай сусветнай Тадэвуш Раствароўскі працаваў у Віленскай дырэкцыі чыгунак, праектаваў вакзалы, напрыклад, у Брэсце, у Бяла-Падлясцы, стылізаваў старыя вакзалы Расійскай імперыі пры перабудове пад так званыя польскія неабарочныя двары.

Саветы зачынілі касцёл у 1962 годзе. Храм вернуты каталіцкай грамадзе ў 1988-м, першая імша адбылася на Грамніцы 2 лютага 1989 года. У храме – досыць цікавы і прыгожы інтэр'ер.

par2.jpg

У 2014 годзе быў адноўлены абраз Багародзіцы паводле першаўзору, што знаходзіўся тут да Другой сусветнай вайны.

Асобы

З касцёлам у Параф'янаве звязана некалькі знакавых асобаў. Так, ксёндз Францішак Будзька, які паходзіў з гэтай парафіі, стаў фактычна пачынальнікам беларускага руху ў каталіцкім Касцёле.

– Ён першы, хто на пачатку ХХ стагоддзя стаў перакладаць і выдаваць каталіцкую літаратуру на беларускай мове, апекаваўся студэнтамі духоўных навучальных установаў. Ён жа быў выдаўцам першай каталіцкай газеты «Biełarus», супрацоўнічаў з Магдаленай Радзівіл па беларускіх праектах. Марыў пра адраджэнне Уніі, быў адным з арганізатараў Першага з'езду беларускага каталіцкага духавенства ў маі 1917 года, які паклаў пачатак беларусізацыі Касцёла. Памёр у 36-гадовым у 1920 годзе, – распавядае Кастусь Шыталь.

Яшчэ адзін ксёндз паходжаннем з гэтых мясцін – Мечыслаў Багаткевіч, блажэнны Рымска-Каталіцкай Царквы, святар, пакутнік. Уваходзіць у лік 108 благаслаўлёных пакутнікаў, беатыфікаваных Рымскім Папам Янам Паўлам II падчас яго наведвання Варшавы 13 чэрвеня 1999 года. У лістападзе 1941 года Багаткевіч адправіўся ў Дрысу (цяпер Верхнядзвінск), якая ад 1920 года была ў савецкай Беларусі – туды, дзе вернікі ўжо шмат гадоў былі пазбаўленыя святара. Праца святара не спадабалася нямецкай адміністрацыі, немцы папярэдзілі яго аб пакаранні, калі не перастане тут служыць, але святар кінуць парафію адмовіўся. 16 студзеня 1942 года яго арыштавалі і зняволілі ў браслаўскай турме. 4 сакавіка 1942 года Багаткевіча і яшчэ двух ксяндзоў расстралялі ва ўрочышчы Барок ля Беразвечча, што цяпер у межах горада Глыбокае.

Вакол Параф'янава таксама ёсць што наведаць. Найперш, зазначае краязнаўца, гэта Сітцы са славутым сядзібна-паркавым комплексам Бжастоўскіх, гэта мясціны роду Дамейкаў. Акрамя гістарычных помнікаў, тут ёсць і геалагічныя, і ландшафтныя. Пра гэтыя мясціны «Планета Беларусь» яшчэ раскажа сваім чытачам.

Калі нехта захоча больш даведацца і на свае вочы пабачыць усе гэтыя цікавосткі, скласці адмысловы маршрут (гаворка не толькі пра Параф'янава, але і блізкія, і далёкія ваколіцы), то раім звяртацца да краязнаўцы Кастуся Шыталя. Вось ягоныя кантакты ў сацыяльных сетках: FacebookVKOK


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Вільня — крывіцкая Мекка?

У Літаратурным музеі Янкі Купалы ідзе выстава, якая даказвае гэта.

Статьи
Самае цікавае ў беларускім Парыжы — ягонае прадмесце

Гадоў дзесяць таму – пасля вяртання вёсцы Навадруцк старой назвы – пра Парыж шмат у нас пісалі. Здавалася, што дзякуючы

Статьи
От Белорусского Версаля до Полесского Иерусалима: как посмотреть «мировые достопримечательности», не покидая пределов Беларуси

Мы обнаружили в нашей стране большое количество удивительных мест, которые носят громкие названия, связанные со

Наследие
Костел Святого апостола Андрея в Лынтупах

Поселок Лынтупы расположен в приграничной зоне Беларуси. Первый храм был построен здесь примерно в середине XV

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые