Ru
En Bl

Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім – загадак яшчэ процьма

Автор: Яўген Ждановіч
16.03.2018

Сармацкае барока, цудадзейны абраз, месца спачыну фундатара Глыбокага, таямнічыя скляпенні і парэшткі невядомых ахвяр, слоікі з павідлам побач з крыптамі… Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы пабачыў не адзін паварот гісторыі і выжыў.

hl.jpg

Першы на Алеі славутых землякоў у Глыбокім  – Іосіф Корсак, ваявода мсціслаўскі і стараста дзісненскі, уладальнік мястэчка і фундатар трох храмаў у ім. І стаіць помнік Корсаку паміж двума месцамі часовага спачыну ягонага праху – касцёлам Святой Тройцы і кафедральным саборам Раства Прасвятой Багародзіцы (былым касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кляштара кармелітаў «босых»).

kalb_9.jpg

Дзе былі пахаваныя парэшткі фундатара вышэйзгаданых храмаў у трэці раз – дагэтуль дакладна невядома.

Аўстэрыя на людным месцы

На падыходзе да храма, амаль у цэнтры цяперашняй плошчы 17 Верасня, у XVIII стагоддзі стаяў будынак аўстэрыі (карчмы), што належала кляштару кармелітаў.

hl_old_new_austeria.jpg

Месца добрае для бізнесу – шляхі на Полацк, Вільню, Рыгу вялі праз Глыбокае, таму падарожным было зручна тут спыніцца, паесці, пераначаваць, каней перакаваць… Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя парэшткі будынка заставаліся, парэшткі – бо ён быў часткова разбураны ў гады вайны. Потым улады вырашылі, што аднаўляць будынак тут не варта, зараз тут – фантан.

Захаваўся тут – па адным баку трохкутнай плошчы – і красамоўны фрагмент местачковай забудовы.

– Нешта можна зразумець, як жылі глыбачане даўней, – заўважае Юры Калбасіч, краязнаўца, настаўнік мясцовай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча. – Гэтых вузкіх палосак зямлі хапала толькі, каб паставіць дом. Каб падчас пажару агонь не перакідваўся на суседзяў, адна са сцен рабілася мураванай. А вось гэтыя два дамкі злева, напрыклад, памятаюць час Мікалая ІІ.

hl_old_new2.jpg

Храм над горадам

Падыходзім з краязнаўцай да брамы сабора. Здаецца, надта ўгару не падымаліся, але бачым горад як на далоні —166 метраў над узроўнем Балтыйскага мора адзнака гэтага храма.

hl_old_new4.jpg

Якім быў кляштарны комплекс? У цэнтры стаяў сам храм, які пачалі будаваць у 1642 годзе, а да яго далучаліся тры кляштарныя карпусы, замкнутыя квадратам. Адзін з іх дайшоў да нашых дзён, што праўда ў занядбаным стане. Тэрыторыя кляштара была абнесеная трохметровым мураваным плотам з брамай, на якой вісеў звон святой Барбары – у яго білі, калі паміраў манах. Першыя манахі, якія прыехалі ў Глыбокае на запрашэнне Корсака ў 1639 годзе, і пачалі будаваць сам храм і келлі.

– Відавочна, што спачатку ён быў драўляны, з цэглы перабудоўваўся пазней і паступова. Хавалі манахаў тут жа, на тэрыторыі кляштара. У наш час, калі капалі саджалку, то знайшлі два чэрапы. Тут жа пачалі байкі розныя прыдумляць, што гэта італьянцаў немцы расстрэльвалі (ва ўрочышчы Барок пад Глыбокімбыло расстраляна колькі тысяч італьянцаў. – ПБ). Але ўся прыхрамавая пляцоўка – гэта манаскія магілы. Пакуль храм яшчэ быў не гатовы, хавалі тут, а потым ужо пад касцёл, – расказвае Юры Калбасіч.

Найстарэйшая выява комплексу 1878 года паказвае храм ужо перададзеным праваслаўным, але на ёй бачна, што не паспелі яшчэ замяніць каталіцкія купалы, не прыбраныя скульптуры на вуглах, карпусы кляштара яшчэ на месцы.

hl_old_3.jpg

Манаскія карпусы былі разабраныя толькі ў 1908 годзе. Прычыны празаічныя – «аграменная і пустая махіна, якую трэба рамантаваць, ацяпляць». Адзін корпус часткова здаваўся ў арэнду, там была прыватная аптэка, быў нават пастарунак паліцыі ў царскія часы, потым будынак разабралі і прадалі на цэглу. Другі корпус у 1920-я гады стаў адміністрацыяй Дзісненскага староства. Пасля Другой сусветнай вайны тут пачалі рабіць сыры, так што гісторыя Глыбоцкага малочна-кансервавага камбінату пачыналася ў кармеліцкім кляштары.

У канцы 70-х запрацаваў цяперашні МКК, а «корпус проста кінулі ў такім стане, там валяецца стары шыфер, ванны, у якіх мачылі сыры, захаваліся шахты для пад'ёму сыравіны». Закінуты корпус знаходзіцца на балансе Глыбоцкага райвыканкама, які шукае інвестара для яго адбудовы.

kalb_4.jpg

Падарунак з зямлі

У 2012 годзе, калі Глыбокае рыхтавалі да Дня пісьменства, хрысціянскія вернікі атрымалі «падарунак, што хаваўся ў зямлі».

hl_kryzh_zhdan.jpg

– У цэнтры пашыралі дарогу і на невялікай глыбіні выкапалі крыж. Вышэй за тое месца, дзе быў знойдзены крыж, на ўзгорку, знаходзілася царква Святой Тройцы, якая была ўніяцкай да 1839 года. На думку спецыялістаў з Полацка, гэта крыж XV ці XVI стагоддзя. На ім высечаны яшчэ адзін крыж і ёсць надпіс на кірыліцы, які яшчэ не расчытаны. Цяпер на месцы той старадаўняй царквы і могілак пры ёй стаіць рэстаран «Вернісаж», – распавядае Юры Калбасіч.

Першы тутэйшы ўзор віленскага барока

Кляштарны комплекс будаваўся з 1639-га па 1654 год. Першапачаткова храм паўстаў у стылі сармацкага барока – адмыслоўцы называюць яго «прадуктам масавай шляхецкай культуры эпохі Контррэфармацыі». Крайні кансерватызм ідэалогіі сарматызму адбіўся на знешнім дэкоры будынкаў, храмы гэтага перыяду нагадваюць крэпасці, да прыкладу Фарны касцёл у Навагрудку.

У 1735 годзе касцёл быў перабудаваны. Некаторыя крыніцы падаюць, што па плане архітэктара Іагана Крыштофа Глаўбіца, але гэта дакументальна не пацверджана.

akvarel.jpg

Часам аўтарам праекта 1735 года пазначаюць гродзенскага архітэктара з італьянскімі каранямі Юзэфа Фантану. Польскі гісторык Б.Ванат мяркуе, што працамі кіраваў італьянскі архітэктар Франчэска Плачыдзі. А вось ксёндз Аляксандр Івашчонак, які даследаваў гэтае пытанне, лічыць, што архітэктарам мог быць нават хтосьці з манахаў, бо сярод іх хапала дастаткова адукаваных людзей.

Храм з'яўляецца самым раннім узорам віленскага барока на тэрыторыі Беларусі. Яго архітэктурны прататып — касцёл Санта-Марыя-дэлла-Скала ў Рыме.

rim.jpg

Падчас рэканструкцыі фасада была дабудаваная яшчэ адна адметнасць – дзве франтавыя вежы.

Дагэтуль у храме ў адным з уваходаў захаваліся арыгінальныя дзверы, на якіх можна пабачыць васіліскаў, упрыгожаных раслінным арнаментам, характэрным для эпохі барока.

Глыбоцкі сабор Раства Прасвятой Багародзіцы да нядаўняга часу быў самым умяшчальным праваслаўным храмам Беларусі – пакуль у 80-х гадах мінулага стагоддзя вернікам не вярнулі Петра-Паўлаўскі сабор у Гомелі і не збудавалі сабор Усіх Святых у Мінску. Агульная плошча глыбоцкага храма разам з алтаром — каля тысячы квадратных метраў.

hl_old_new_int.jpg

Інтэр'ер

Прытвор – на заходні манер – аздоблены вітражамі, сям-там засталіся нават тагачасныя шкельцы. Пліты на падлозе — знакаміты шведскі мармур. Што цікава, у гэтай падлозе ёсць акамянеласці, малюскі, шчупальцы васьміногаў, якім некалькі мільёнаў гадоў.

Храм уяўляе сабой базіліку, унутры ён таксама часткова паўтарае інтэр'еры свайго рымскага ўзору.

kalb_8.jpg

– Канечне, у італьянскім храме багатае ўбранне, роспісы пад оптыку, мармуровыя калоны. Нашы кармеліты, можа, не паспелі, можа, не было такой мэты, а хацелася, як у Рыме, то яны гэты мармур хаця б намалявалі на калонах, – расказвае Юры Калбасіч. – Па еўрапейскай традыцыі на самым значным месцы, над алтаром, то бок паміж алтаром і небам, – герб фундатараў.

Пасля паўстання 1863 года расійскія ўлады пачалі закрываць каталіцкія кляштары і касцёлы. У 1867 годзе глыбоцкі храм перадалі праваслаўнай царкве. Асвечаны ў 1878 годзе як царква Раства Прасвятой Багародзіцы, у 1988 годзе храм набыў статус сабора, аднаго з кафедральных у Полацкай і Глыбоцкай епархіі. Па вялікіх святах тут служыць епіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Зазначым, што за ўвесь час сваёй гісторыі храм ні разу не зачыняўся.

Аргана, зразумела, зараз тут няма, як і скульптур (аддадзеныя каталіцкім вернікам). У каталіцкі час бажніца мела 15 алтароў – значны размах для Рэчы Паспалітай!

– Першы здабытак гэтага храма – канечне, іканастас, дададзены пасля пераўтварэння ў праваслаўную царкву. Трэба зазначыць, што аўтар гэтага іканастаса вельмі гарманічна яго ўпісаў у барочную структуру. Ён выразаны з дрэва, але па прапорцыях, па аздабленні – гэта таксама барока! – распавядае Юры Калбасіч.

Аўтарам абразоў іканастаса з'яўляецца акадэмік Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Іван Трутнеў — настаўнік Язэпа Драздовіча ў Віленскай мастацкай школе, якой Трутнеў кіраваў пасля доўгай стажыроўкі ў Італіі.

– Як чалавек вялікай веры, ён распісваў у тым ліку і храмы. Трутнеў размаляваў іканастас Прачысцінскага сабора ў Вільні (каля касцёла Святой Ганны). І, глядзіце, вобраз Хрыста і Багародзіцы ён проста паўтарыў тут у Глыбокім, – дадае цікавых звестак краязнаўца.

Паводле яго словаў, храмавая ікона ў гонар асвячэння, абраз Нараджэння Багародзіцы, магчыма, таксама належыць Трутневу, але бачна, што ніжняя частка папраўлялася – наслаенне фарбаў, больш грубае пісьмо.

– Ёсць і ўніяцкія абразы, вось на адным можна прачытаць: «Образ Пресвятой Девы Марии Богородицы Ченстоховской, сооруженный для украшения Глубокской церкви. Иждивение глубокского обывателя Феодора Грицкевича в 1757 году». Гэты абраз з той самай уніяцкай царквы, на месцы якой быў знойдзены крыж. Гэтая ікона «возобновлена в 1898 году при иерее Владимире Концевиче», то бок абраз цалкам адноўлены віленскім мастаком Падольскім, – распавядае краязнаўца.

Крыжы сабора

Як падзяліўся Юры Калбасіч, часта сярод турыстаў узнікаюць спрэчкі, дзе крыжы праваслаўныя, дзе каталіцкія.

– Для Заходняй Беларусі гэтае правіла не дзейнічае, тут шмат канфесійных наслаенняў. Канечне, тое начынне, якое рабілася ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, з крыжамі з касавінай. Але ёсць і іншыя варыянты – васьміканцовыя з промнямі, уніяцкага ўзору. Верагодна, перавезеныя з зачыненай беразвецкай царквы, якая да 1839 года належала ўніяцкаму базыльянскаму кляштару.

Абразы

У 1889 годзе ў летапісе глыбоцкай царквы згадваецца прыбыццё дзевяці вялікіх абразоў з Вільні. Яны засталісяда нашых дзён: ікона Святой Тройцы, ікона Успення Багародзіцы, ікона Георгія Пераможцы і Мікалая Цудатворца ды іншыя.

На адным з абразоў глыбоцкага сабора з адваротнага боку ёсць надпіс: «Рисовала Евфросиния Перепечко. Березвеч, 1910 год». Ён нагадвае той час, калі пры Беразвецкім жаночым манастыры існавала іканапісная майстэрня, а ўзровень яе твораў быў высока ацэнены ў сталіцы імперыі. Там, дзе маліліся манахіні, прыносілі свой талент Богу, цяпер адбываюць пакаранне за цяжкія крымінальныя злачынствы.

– Вядома, што было дзве сястры-мастачкі, якія, як і Язэп Драздовіч, зараблялі дыванамі. Але як верніцы яшчэ і малявалі абразы для храма. Язэп Дроздовіч, дарэчы, у сваім дзённіку піша: «Па дарозе з Глыбокага ў Беразвечча я завітаў да дзвюх мастачак-самавучак, якія навучылі рабіць мяне хатняе віно з рысу». Ён не ўзгадвае прозвішча, але вось па гэтых прыкметах, гаворка пра іх, — заўважае Юры Калбасіч.

Яшчэ адзін рарытэт — Казанская ікона Багародзіцы з Афона, падараваная грэчаскімі манахамі ў 1911 годзе і перанесеная ў 1962 годзе з вясковай царквы, якую знішчылі за часамі Хрушчова.

Віленская Астрабрамская ікона Маці Божай у Беларусі ў такім выглядзе, у пазалочаных шатах, сустракаецца толькі ў двух храмах — у Глыбокім і ў Жыровічах.

– Чаму менавіта ў Глыбокім? Па-першае, храм — вялікі, значны. Па-другое, Вільня — гэта духоўны цэнтр для хрысціян нашага краю. Гэта пры савецкай уладзе Паазер'е стала часткай Віцебскай вобласці, але вядома, што гэта Віленскі край. Тыя ж сёстры-мастачкі Перапечкі рабілі пілігрымкі з Глыбокага ў Вільню — 170 км. Тыя, хто не мог патрапіць у Вільню, маглі прыйсці ў Глыбокае, бо спіс з іконы нічым не адрозніваецца ад арыгіналу і па знешнім выглядзе і па духоўнай сутнасці. Аўтар гэтага спісу таксама віленскі мастак Падольскі, – распавядае гід.

Ёсць і цудатворная ікона – абраз Маці Божай «Годна ёсць» (Літасцівая). Гэтая ікона носіцца, адзін раз на год яна вымаецца з ківота і на руках пераносіцца ў Беразвечча, дзе зараз адраджаецца невялікі жаночы манастыр.

– 25—26 чэрвеня адзначаецца гадавіна з дня прынясення гэтай іконы з Афона ў Глыбокае, – кажа Юры Калбасіч. – У гонар гэтай падзеі абраз пераносіцца на адлегласць 2 кіламетры, у манастыр. 26 чэрвеня яна вяртаецца зноў у Глыбокае (нясуць на руках ушасцёх), тут служыцца святочная літургія. Гэтая традыцыя, канечне, у савецкі час была немагчымая, яе адрадзілі ў 2007 годзе, як і сам жаночы манастыр. Тое, што гэты абраз асаблівы, стала вядома ўжо ў першы год прынясення – былі зафіксаваныя выпадкі ацалення, дапамогі. У 2004 годзе апошні раз на паверхні іконы з'яўляліся кропелькі вадкасці.

Нехарактэрны для Беларусі абраз святога Ануфрыя.

– Такі ёсць толькі у Мазыры і ў нас. Вядома, што ў канцы XVIII стагоддзя пры беразвецкім кляштары было ўтворанае Свята-Ануфрыеўскае брацтва. Традыцыя шанавання святога Ануфрыя прыйшла яшчэ з уніяцкіх часоў – гэты абраз быў перанесены з Беразвечча, – кажа краязнаўца.

Скляпенні

Дзверы ў падзямелле – адразу на ўваходзе ў царкву.

– Храм рамантаваўся, а падвал не чапалі, фактычна там ёсць галерэі з XVII стагоддзя. Багатая мясцовая шляхта, якая ахвяравала грошы на кляштар, атрымлівала права быць пахаванай тут. Лесвіца, што вядзе ў сутарэнні проста з храма, магла быць прызначаная для ўваходу іх сваякоў у пахавальню, урачыстых працэсій, — расказаў Юры Калбасіч.

За савецкім жа часам у скляпеннях, прызначаных для месца апошняга спачыну кармелітаў і шляхты, хадзіла ваганетка, захоўвалася гародніна. Зараз тут намаганнямі прыхаджанаў, моладзі з Мінска і іншых прыхільнікаў вывучэння свайго краю прыбрана, знойдзеныя рэчы самых розных часоў складзеныя ў імправізаваную экспазіцыю: падсвечнікі, гільзы Першай сусветнай вайны, Другой сусветнай, нейкія медальёны, манеткі, расколатае ядро часоў Паўночнай вайны, гаршчочак XVI стагоддзя, старая кафля, дзіцячая свістулька… Музейнай экспазіцыі няма, таму наведвальнікам дазваляюць усё гэта патрымаць у руках.

– Да 1975 года яблычнае павідла, салянкі, сокі, іншыя закаткі захоўвалі тут. Пад імі, уздоўж сцен у драўляных трунах пакоіліся манахі… Пахаванняў тут павінна быць шмат, бо кляштар па размаху быў найбагацейшы, найбольшы ў Рэчы Паспалітай — па колькасці насельнікаў, зямлі, маёмасці. Калі б мы сюды патрапілі ў 30-я гады, яшчэ можна было прачытаць надпіс: «Тут знаходзяцца косткі высокавяльможнага фундатара, душа яго на небе». Фундатара пахавалі пад Траецкім касцёлам, але пасля пажару не пакідаць жа яго на папялішчы — косткі перанеслі сюды да кармелітаў. Пахавалі не абы-дзе — пад алтаром, — кажа Юры Калбасіч.

Паводле Ота Гедэмана, прах фундатара ў малінавым жупане быў выняты і выкінуты пры перабудове касцёла ў царкву, праз два дні падабраны і перапахаваны мясцовым жыхаром. Як бы там ні было, зараз дакладна невядома месца апошняга спачыну Іосіфа Корсака. Магчыма, на Копцеўцы – старадаўніх глыбоцкіх могілках на самым высокім месцы горада.

– Былі тут і шукальнікі скарбаў. Муроўка прабітая ламамі. У 1867 годзе манахі адсюль паехалі ва Украіну. Храм стаяў доўгі час без нагляду, проста ў статусе казённай маёмасці Расійскай Імперыі. У той час маглі залезці ўжо першыя рабаўнікі, — дадае краязнаўца.

Падземныя лабірынты

Усе, хто вырас у Глыбокім і наваколлі, ведаюць легенды пра падземныя хады ад царквы да касцёла і ажно нават праз возера да Беразвечча. Ніхто пакуль не спраўдзіў існаванне такога ходу, але Юры Калбасіч паказвае дакладнае месца ўваходу:

– Праўда, ён завалены, закладзены цэглай на вапнавым растворы. Яго маглі замураваць яшчэ манахі-кармеліты. Нават калі там галерэя ёсць – там не будзе кіслароду. Мне расказаў адзін выпадак старажыл, які быў знаёмы з настаўнікам мясцовай польскай гімназіі. Ягоныя вучні ў 1932 годзе пайшлі недзе па падземным ходзе і шлі да таго моманту, пакуль не пачалі гаснуць свечкі. Яны вярнуліся назад, але, паводле іх успамінаў, галерэя ішла далей, глыбей, нібыта пад возера, у бок Беразвечча. Але неяк нябачна тут логікі — хадзіць манахам-кармелітам у госці да манахаў-базыльян.

Загадкавыя парэшткі

У 2009 годзе пад смеццем, якое засталося ад кансервавага завода, знайшлі косткі.

– У выніку абласная пракуратура забрала адсюль 54 шкілеты, у тым ліку 12 дзіцячых. У афіцыйным заключэнні напісана, што слядоў гвалтоўнай смерці няма. Вернутыя косткі перапахавалі, але яны так і засталіся загадкай. Была версія наконт расстрэлаў 1939 года, але той савецкі пачак цыгарэт, які быў падставай для такой думкі, быў выпушчаны да 1923 года. Але гэта дае нагоду казаць, што ў 1918 годзе тут была савецкая ўлада, праз Глыбокае праязджалі чырвоныя латышскія стралкі, у Глыбокім былі яўрэйскія пагромы і шмат чаго яшчэ ў тыя ліхія гады. Косткам не менш як 80–100 гадоў – якраз трапляем на рэвалюцыйныя часы. Ну нават калі гэта была эпідэмія, чаму ж іх не пахавалі на могілках? І што тут рабілі дзеці? Вопратка міжваенная, добра захавалася. Тканіна ў рубчык, баваўняная, і шапачкі аксамітавыя, нятанныя. Бачыў сукенку з вышыўкай. Але, што праўда, была яшчэ вопратка, прастрэленая кулямі, з бурымі плямамі, – распавёў Юры Калбасіч.

Завяршаем агляд храма сімвалічным узыходжаннем ад праху да неба – падымаемся на званіцу. Глыбокае – як на далоні.

hl_view_zhdan_1.jpg

Калі артыкул заахвоціў аматараў беларускай даўніны пабачыць сабор і наваколлі на свае вочы і даведацца нашмат больш за напісанае, то раім звяртацца да афіцыйнага экскурсавода храма Юрвы Калбасіча. Тэлефон + 375 29 713 71 45.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Глыбоцкі некропаль – гісторыя мястэчка на пагорку Копцеўка

Могілкі – неад'емная частка нашага жыцця. Старыя ж некропалі, акрамя цікавасці гісторыкаў і краязнаўцаў, усё часцей

Статьи
Глубокский Мюнхгаузен — пока не конкурент «коллегам»

Пять лет назад в городской администрации думали о памятнике, музее и туристах — поклонниках барона-выдумщика. Пока

Статьи
Драздовіч, Ластоўскі, Бэн-Егуда: з чаго пачаць знаёмства з Глыбокім?

Як варыянт – з Алеі славутых землякоў, што з'явілася ў 2012 годзе. Да ўшанавання выбітных ураджэнцаў Глыбоччыны тут –

Статьи
История и современность на улицах Глубокого. Чем город озер и вишен удивляет гостей?

В Глубоком стоит побывать всем белорусам. Здесь интересная архитектура и живописная природа. Что нужно знать об истории

Самые популярные Самые обсуждаемые