Як зменіцца касцёл на Залатой Горцы ў Мінску | Планета Беларусь
Ru
En Bl

Як зменіцца касцёл на Залатой Горцы ў Мінску

Автор: Ілья Лапато Фота: Аляксандра Шчыглінская
Источник: Catholic.by
Ссылка: https://catholic.by/
15.05.2018

Тры дні застаецца да заканчэння кампаніі па зборы сродкаў на рэстаўрацыю касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Журналісты Catholic.by наведалі парафію і ў размове з пробашчам кс. канонікам Юрыем Санько даведаліся, што зменіцца ў інтэр’еры касцёла і як будзе выглядаць прыкасцёльная тэрыторыя пасля аднаўлення.

ksendz.jpg

«Праблема сістэмы крокваў — дах важыў пад 90 тон і «разрываў» касцёл»

Расколіны ў сценах — асноўная прычына, па якой касцёл, якому ўжо 155 гадоў, пачалі рэстаўраваць.

kostel.jpg

На праблему расколін упершыню звярнуў увагу яшчэ папярэдні пробашч парафіі біскуп Юрый Касабуцкі, які правёў першы этап рамонту — аднаўленне фасадаў, а чатыры гады таму гэтую ініцыятыву пераняў яго наступнік кс. Юрый Санько.

raskolina.jpg

Дэталёвы аналіз стану святыні архітэктарамі паказаў праблему ў сістэме крокваў: нагрузка ішла не вертыкальна на сцены, як павінна быць, а на скляпенні, якія гарызантальна «распіралі» сцены, правакуючы ўзнікненне расколін.

Пашкоджаны ў многіх месцах дах набрыньваў вадою і важыў каля 90 (!) тон.

«Падчас «савецкай» рэстаўрацыі на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя касцёл меліся накрываць бляхай, як і было ў арыгінале, але насамрэч паклалі керамічную дахоўку, якая важыць нашмат больш,  — адзначае пробашч. — Сістэма ж крокваў не была разлічана на такі цяжар і з цягам часу пачала «разрываць» касцёл знутры, пра што і сведчаць расколіны ў сценах».

raskolina1.jpg

У 2015 годзе кроквы і дах былі тэрмінова замененыя, а сцены ўзмоцненыя.

«Летась мы аднавілі прэзбітэрый — дабудавалі цэнтральны алтар, зашылі расколіны ў сценах, а самі сцены пафарбавалі. Засталося адрамантаваць наву святыні: расколіны яшчэ ёсць, але відаць, што яны больш не павялічваюцца. Разбуральны рух спыніўся», — дадае кс. Юрый Санько.

«Рамонт хочам скончыць да 16 жніўня — фэсту св. Роха»

На час рэстаўрацыі касцёл закрываць не будуць. Ранішнія і вечаровыя Імшы будуць цэлебравацца як звычайна. Рамонтныя працы будуць ісці часткамі на працягу дня.

«Каб закрыць расколіну, яе трэба расшыць, узмацніць металабетонам і затынкаваць. Таксама будзем пазбаўляцца ад шэрага колеру на сценах, які нагадвае аб няпростых гадах у гісторыі святыні. Белы колер лепш будзе пасаваць у спалучэнні з дрэвам і бронзай у інтэр'еры», — удакладняе пробашч.

Святар спадзяецца скончыць рамонт да 16 жніўня — у гэты дзень у парафіі будзе адзначацца ўрачыстасць св. Роха.

«Працы ўзгодненыя з Міністэрствам культуры»

Кансультант рэстаўрацыі — скульптар і мастак Валяр’ян Янушкевіч, адзін з першых вернікаў адроджанай на пачатку 90-х гадоў залатагорскай парафіі.

Яму належаць эскізы цэнтральнага алтара і ўсе іншыя сакральныя дэталі інтэр’ера, якому пачалі паступова вяртаць выгляд святыні пад кіраўніцтвам першага ў пасляваеннай гісторыі парафіі пробашча кс. Міхала Сапеля.

У цэнтры алтара змесцяць каляровы абраз Святой Тройцы:

«Гэта будзе выява Святой Тройцы і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, — расказвае кс. Юрый Санько. — А пад выявай Марыі змесцяцца абрысы старадаўняга Мінска з вежамі архікатэдры, Чырвонага касцёла, касцёла на Кальварыі і нашага касцёла на Залатой Горцы».

Манахромны эскіз цэнтральнага абраза ўжо цяпер можна ўбачыць у адбудаваным галоўным алтары касцёла. Пасля будаўнічага рамонту ў касцёле абновяць лаўкі і падлогу (паркет пастараюцца пакінуць). Усе працы вядуцца па ўзгадненні з Міністэрствам культуры.

lavki.jpg

lavki1.jpg

«Цяпер ідзе апошні этап збору сродкаў на рэстаўрацыю, — працягвае пробашч. — На гэта патрэбныя вялізныя сродкі, і неабходнай для рамонту сумы мы яшчэ не сабралі. Патрэбна 10 тысяч долараў, а ёсць крыху больш за трэцюю частку. Таму заахвочваем усіх неабыякавых людзей і людзей добрай волі падтрымаць нас, а са свайго боку абяцаем малітву за ахвярадаўцаў».

Збор сродкаў на рэстаўрацыю мінскага залатагорскага касцёла адбываецца праз краўдфандынгавую пляцоўку ТАЛАКА.

Малітва за ахвярадаўцаў праходзіць у парафіі падчас нядзельнай Імшы.

«Аптэчны сад», палявы алтар і плябанія: што яшчэ?

Паралельна з рэстаўрацыяй інтэр’ера будзе ўпарадкавана і прыкасцёльная тэрыторыя.

territoria.jpg

territoria1.jpg

territoria2.jpg

territoria3.jpg

У цэнтры будзе ўсталявана скульптурная выява Уваскрослага Хрыста, а па перыметры — стацыі Крыжовага шляху. Агароджа будзе выкарыстоўвацца для мастацкіх выстаў.

За касцёлам у адмысловы «аптэчны сад» высадзяць лекавыя расліны, а таксама будзе зроблены палявы алтар. Побач уладкуюць адукацыйную пляцоўку для дзяцей. У планах — стварэнне біблейскага саду з дрэвамі, якія згадваюцца ў Святым Пісанні.

veza.jpg

Вежу мабільнай сувязі, былую глушылку «варожых галасоў» — рэха «халоднай вайны», — якая размешчана злева ад касцёла, плануецца пераабсталяваць у аглядную пляцоўку з ліфтам або проста разабраць, калі такое рашэнне прымуць пасля правядзення архітэктурных даследаванняў. Адмысловыя праекты, па словах пробашча, будуць скончаныя да канца лета.

Будынак за касцёлам, у якім раней быў офіс першага ў Беларусі аператара мабільнай сувязі старога фармату, плануецца адаптаваць пад катэхетычныя класы, канферэнц-залу, сталовую і плябанію, якая размесціцца на другім паверсе.

Яшчэ адзін дом — меншы па плошчы — будзе служыць як зала для моладзевых сустрэч і клас для заняткаў мастацкай студыі.

Ёсць у планах пробашча і ўладкаванне пры касцёле дома дзённага прабывання для людзей пажылога ўзросту і Духоўна-адукацыйнага цэнтра св. Роха.

kostel1.jpg

Касцёл на Залатой Горцы, пабудаваны ў 1864 годзе, быў асвечаны пад трыма тытуламі: Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Роха.

У савецкія часы тут размяшчалася кнігасховішча, а пасля праведзенай у 1986 годзе рэстаўрацыі — канцэртная зала філармоніі. З 1991 года тут рэгулярна цэлебруюцца святыя Імшы, хоць цалкам святыню вярнулі вернікам толькі ў 2006 годзе.

Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
След Ягайло и спаситель «родом» с Немиги. Малоизвестные факты о костеле на Золотой Горке

16 августа в Минске проходит необычный фестиваль – он посвящен Святому Роху, получившему в старину реноме защитника

Статьи
В каких костелах Беларуси можно послушать новые и старинные органы?

В Беларуси насчитывается около ста органов. Есть современные — самый большой можно услышать в Белгосфилармонии.

Статьи
Настоятель Красного костела заложил свою квартиру, чтобы заказать колокола

Ксендз Владислав Завальнюк рассказал об этом прихожанам после мессы в минувшее воскресенье. Часть нужной суммы уже

Статьи
«Коль хочешь в жизни счастья – молись своей святой». Шпаргалка для студентов, абитуриентов и взрослых профессионалов

К какому небесному покровителю той или иной специальности следует обращать свои мольбы в случае грозящего провала на

Самые популярные Самые обсуждаемые