Чырвонае на белым. Як апраналіся беларускі да XX стагоддзя?

Автор: Елена Верещагина

Густы чырвоны колер, арнаментальны дэкор і далікатныя карункі, каралі, завушніцы і пярсцёнкі – нашы жанчыны ўмелі быць прыгожымі. Форма і кампазіцыйныя рашэнні беларускіх касцюмаў склаліся яшчэ ў XI-XII стагоддзі і захаваліся да канца XIX, а ў некаторых раёнах краіны – ажно да пачатку XX стагоддзя.

a1.jpgМатэрыялы і колеры таксама дужа не мяняліся. Зразумела, гаворка ідзе пра сялянскі асяродак. Бо ў асноўным нашы продкі жылі на вёсцы, і менавіта адтуль пачалася своеасаблівая беларуская мода. Але пра гараджанак мы таксама пагаворым – у наступным артыкуле.

Якія тканіны выкарыстоўваліся для шыцця? Якія былі фасоны? Ці выпадковыя колеры? Чаму і чым кабеты пакрывалі галаву? Адказы мы шукалі са старшым навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аўтарам кнігі “Традыцыйны беларускі касцюм” Марыяй Віннікавай.

Свой лён бліжэй да цела

Лён, каноплі ды воўна – вось сыравіна, з якой беларускі рабілі ніткі. Гэта і зразумела – усе тры варыянты можна было знайсці ў межах сваёй вёскі. Але лён, канешне, першы па папулярнасці. “Яго называлі божай свячой, – кажа Марыя Віннікава, – адбеленае палатно атаясамлівалася з божым святлом, якое бароніць. Не толькі ад холаду ці спёкі, але і ад нячысцікаў”. Па словах эксперта, у тых раёнах, дзе спрыяў клімат: на Заходнім Палессі, на поўдні краіны – вырошчвалі вельмі якасны лён, з якога атрымлівалася да празрыстасці тонкае палатно.

Таксама шылі з бавоўны, але радзей, бо яна ж была толькі прывазная. Баваўняныя ніткі фабрычнага вырабу для ткацтва і вышыўкі набывалі ў  караўнікаў – “дробных прадпрымальнікаў” старадаўніх часоў. Іх абменьвалі на грошы, прадукты ці той самы лён. З баваўняных нітак плялі карункі, якія прышываліся да фартухоў. Але гэта больш позні варыянт. Раней замест карунак альбо проста пакідалі на тканіне махры з нітак асновы, альбо запляталі іх у вузельчыкі накшталт макрамэ.

фото 2.jpg

Дванаццаць сарочак

Асноўны кампанент адзення – доўгая ільняная сарочка, якая павінна была закрываць шыю, локці і калені. І справа тут не толькі ў цнатлівасці. Пералічаныя месцы найчасцей траўміруюцца падчас працы. Да таго ж не дрэмле нячысты. Калі дзесьці пабачыце традыцыйныя беларускія касцюмы, звярніце ўвагу на тое, дзе месціцца арнамент. Яго можа быць менш ці больш, але на каўняры, рукавах, абшэўках і падоле абавязкова будзе аблямоўка, хай сабе танюткая. У другую чаргу гэта ўпрыгожванне, а ў першую – магія. Таму арнаментам аздаблялі не толькі святочнае, а ўсё адзенне.

Між іншым, сарочку насілі на голае цела. Гэта было вельмі спрыяльна для жаночага здароўя, бо натуральнае валакно і ніякіх зацісканняў. Сарочак шылі шмат: для працы і для святаў. Па словах Марыі Віннікавай, у сярэдняй, нават не самай багатай, сям’і павінна было быць не менш за дванаццаць святочных сарочак – па колькасці царкоўных святаў.

Сарочка, спадніца, фартух – трайная абарона

Спачатку па-над сарочкай апраналі два фартухі – адзін спераду, другі ззаду. Лагічнае пытанне: а навошта ззаду? Па-першае, каб было цяплей, калі на двары не лета. А па-другое, як мы ўжо высветлілі, бялізны не было, сарочка – і ўсё. У такім выпадку від ззаду атрымліваўся вельмі прыгожы, для тых патрыярхальных часоў, нават занадта.

Другі варыянт архаічнага адзення – панёва. Гэта доўгія кавалкі ваўнянай клятчастай тканіны, якія сшывалі да сярэдзіны і перагортвалі ўпоперак, каб задрапіраваць фігуру. З-пад панёвы абавязкова выглядвала сарочка. Потым сялянкі перайшлі на сшытае паясное адзенне – ільняныя спадніцы летам і ваўняныя андаракі зімой.

Яшчэ адна абавязковая дэталь касцюма – фартух. Ён не даваў запэцкаць спадніцу, але не толькі. Для нашых продкаў кожны элемент адзення стаяў на сваёй абарончай пазіцыі ў агульнай магічнай бойцы са звышнатуральнымі злымі сіламі. Фартух – гэта дадатковы абярэг жаночага лона. Ён павінен быў бараніць кабету і дзетак, якіх яна нараджае.

a3-4.jpg

Чым бліжэй да сучасных межаў краіны, тым больш відавочны ўплыў іншых культур. Напрыклад, у рэгіёнах, блізкіх да Польшчы, нашы жанчыны з XVI стагоддзя зацікавіліся гарсэтам. У некаторых раёнах, якія мяжуюць з Расіяй, шылі адзенне накшталт сарафанаў.

А што насілі на нагах? Асноўны абутак тых часоў – лапці. “І гэта не толькі ад беднасці, – кажа Марыя Віннікава. Лапці былі зручнымі для нашых балоцістых мясцін”. Але на доўга іх не хапала – кожны тыдзень трэба было плесці новую пару. І гэта ў выпадку, калі ў вёсцы не было гулянкі, на танцах лапці стоптвалі за вечар.

Выкарыстоўваўся і скураны абутак. Але будзь які селянін яго зрабіць не мог – патрэбен быў майстар, які ўмеў якасна апрацаваць скуру. У XX стагоддзі на чаравіках ручной працы з’явіўся і абцас.

Зімнюю адзежу – світкі – шылі з валенага сукна. Яго ткалі з ільняных і ваўняных нітак, потым апускалі ў ёмістасць з кіпнем і мялі, каб яно звалялася і стала шчыльным.

Спадніца ў хлебе

Адзежа, якую шылі сялянкі, былі вельмі якаснай. Можна ўявіць, колькіх намаганняў гэта каштавала, бо ўсе мы памятаем, як выглядае ткацкі станок. “Ткаць, прасці і вышываць вучылі з маленства кожную дзяўчыну, – кажа Марыя Віннікава, – але не ва ўсіх былі аднолькавыя здольнасці, таму кабеты часам клікалі самую таленавітую суседку, каб тая заправіла ім станок. Калі зрабіць гэта няправільна, патрэбны ўзор не атрымаецца”.

фото 5.jpg

На фотаздымках мы бачым, што спадніцы часта ўпрыгожваліся складкамі – падобна на сучаснае плісэ, згодныя? Па словах Марыі Віннікавай, запрасаваць ільняную тканіну было няцяжка, іншая справа – воўна. Складкі на ёй фіксавалі гарачым хлебам, які раскладвалі паверх акуратна складзенага і пакрытага ільняной тканінай андарака, а часам увогуле абмотвалі тканінай, абмазвалі цестам і ставілі ў печ.

Валасы-антэны

a6.jpgНезамужнія дзяўчаты хадзілі з непакрытай галавой ці ў кароткіх галаўных павязках скіндачках. А вось пасля вяселля валасы трэба было закрыць. Часцей за ўсё на галаву завівалі наметку – доўгі кавалак вельмі якаснага палатна з арнаментам на канцах. Існавала шмат спосабаў нашэння гэтага галаўнога ўбоу, што стварала непаўторныя мясцовыя вобразы. Наметку насілі па ўсёй краіне.

Але чаму кабета пакрывала галаву? Хрысціянства патрабавала гэтага толькі ў царкве, не на вуліцы. Па словах Марыі Віннікавай, хутчэй за ўсё традыцыя захавалася яшчэ з паганскіх часоў. “Справа ў тым, што валасы замужняй жанчыны лічыліся чымсьці кшталту антэн, якія прыцягвалі самую розную энергетыку, у тым ліку непажаданую, – кажа эксперт. – Цераз валасы кабета нібыта магла пашкодзіць здароўе, і не толькі сваё, а ўсіх сямейнікаў”.

І таму існаваў вясельны абрад – ачэпін, калі пад адмысловыя спевы ўпершыню распляталі дзявочую касу, бралі па пасмачцы валасоў маладой і маладога, скручвалі ў агульны кнот і падпальвалі свечкай. Гэта, так бы мовіць, ачышчэнне агнём, каб людзі ўступілі ў шлюб без граху, чыстымі. Потым нявесце рабілі прычоску, традыцыйную для дадзенай мясцовасці. На большай частцы Беларусі для гэтага выкарыстоўвалі ільняны абруч, абшыты палатном, які называўся тканкай. На яго накручвалі валасы, а зверху надзявалі чапец, які мацаваў прычоску. Паверх чапца завівалі наметку.

Колеры краіны

У канцы XІX стагоддзя на беларускім адзенні з’явіўся раслінны арнамент. Раней малюнак быў строга геаметрычным. Па словах Марыі Віннікавай, нам цяжка зараз дакладна расшыфраваць кожны знак. Але асноўныя сэнсы – абарона ад усяго неспрыяльнага, прага да здароўя душы і цела. Найчасцей арнамент утвараўся ўзорыстым ткацтвам або вышыўкай чырвонага колеру.

Калі ўявіць нацыянальны строй у гістарычнай перспектыве, можна з упэўненасцю сказаць, што традыцыйныя колеры адзення нашай краіны: белы, чырвоны і шэры. Радзей, але таксама сустракаецца чорны. У часы, калі фабрычных нітак на Беларусі яшчэ не было, чырвонага колеру дамагаліся з дапамогай раслін. Тканіну фарбавалі карой алешыны і дуба. Таксама кажуць пра чарвяца (гэта казурка) – нібыта ніткі неяк фарбавалі і ім. Але дакладны рэцэпт не захаваўся.

фото 7.jpg

“Звярніце ўвагу на чырвоны колер, – кажа Марыя Віннікава,  – ён не пунсовы ці ружовы. Гэта густы, насычаны чырвоны. Нібыта кроў”.  Спалучэнне белага (ці шэрага) і чырвонага – прыгожае, але стрыманае, не пышнае. Бачна, што заходнія і паўднёвыя раёны больш каляровыя, але гэта тэндэнцыя канца XIX – пачатку XX стагоддзя, калі з’явілася магчымасць набываць фарбаваныя фабрычныя ніткі. І нават ў тыя часы базавыя колеры ўсіх касцюмаў усё роўна – белы і чырвоны.

Пры агульным падабенстве строі розных раёнаў адрозніваліся дэталямі. І нават у межах адной вёскі адрозніваліся. Быў пэўны стыль грамады – трэба, каб было, “як у людзей” – але дзвюх аднолькавых рэчаў не пабачыш. Таксама існавалі пэўныя перавагі з улікам узросту. На касцюмах юначак і маладзіц дамінаваў чырвоны колер, на адзенні сталых жанчын пераважаў белы.

Упрыгожанні хэнд-мэйд

І канешне, які ўбор без упрыгожанняў? З самых даўніх часоў беларускі любілі завушніцы, бранзалеты, пярсцёнкі і пацеркі. Прычым, апошняя – з маленства. Дзяўчынкі рабілі іх самі – з рабіны і саломы. Дарослыя насілі шкляныя, металічныя, бурштынавыя пацеркі, а ў старадаўнія часы – касцяныя. Часта на адну нітку нанізвалі шарыкі з розных матэрыялаў. Хэнд-мэйд. Зараз на гэтым можна зрабіць добры бізнес.

І, як гэта іншы раз бывае, функцыянал ішоў наперадзе, а эстэтыка за ім. Напрыклад, бранзалет першапачаткова сціскаў рукавы, каб яны не перашкаджалі працы. А ўжо потым ператварыўся ювелірную каштоўнасць.

Былі упрыгожванні са стужак (іх чаплялі да пацерак) і нават з гусінага пуха. Калі на вёску прыйшло хрысціянства, у некаторых раёнах разам з пацеркамі сталі насіць, не хаваючы, крыжык.

a8-9.jpg

Сёння

Накаторыя элементы беларускіх касцюмаў, напрыклад, арнамент і традыцыйныя колеры, пакрысе вяртаюцца ў наша адзенне. У некаторых выпадках гэта ўдалыя спробы, у некаторых – даволі тапорныя. Але сама наяўнасць такога працэсу вельмі радуе. Бо гэта толькі першы этап, а будуць і наступныя, не абавязкова звязаныя з прамалінейным капіраваннем.

Бо праца з традыцыяй – гэта, мабыць, выраб самага якаснага ў свеце ільну, які мы самі надзенем з задавальненнем і якім будзем паспяхова гандляваць. Гэта шыццё ўвогуле зручнага і натуральнага адзення. Гэта арыгінальныя ўпрыгожанні ручной працы, насіць якія – гонар. Гэта арнамент, які неназойліва раптам прамільгне ў дзявочым шаліку. Гэта жаданне быць асаблівымі. І быць сабой. 



Смотрите также

Статьи
Виленский музей древностей. По следам утерянной коллекции

11 мая мог бы отметить свой день рождения один из старейших

Статьи
10 творческих женщин в белорусской истории

В истории Беларуси гораздо больше мужских имен, чем женских.

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые