Да 80-годдзя Валянціны Локун (1946-2016)

Автор: Таццяна Хвагіна
2 542

“Праз мастацтва і літаратуру адбываецца ў чалавека далучанасць да магутнай энергіі продкаў…”

В. Локун

1 локун 5.jpg

Валянціна Іванаўна Локун – літаратуразнаўца, літаратурны крытык, кандыдат філалагічных навук, выкладчык, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаурэат прэміі прэзідэнтаў Акадэмій навук Беларусі, Украіны і Малдовы.

Яна нарадзілася у сялянскай сям’і ў маленькай вёсачцы Цепянец на Піншчыне 6 жніўня 1946 г. Гэта быў цяжкі пасляваенны час…

2 A29V1165.jpg

Бацькоўскі дом захаваўся, яго адразу пазнаешь па разгалістаму клёну, які, нібы вартавы, сцеражэ апусцелую вясковую сядзібу, але на двары – трава ў пояс…

3 A29V1016.jpg

Будынак мясцовай пачатковай школы, дзе вучылася Валянціна, на жаль, не захаваўся. Вучылася з ахвотай і на выдатна, настаўнікі называлі “разумніцай”, а вясковыя сяброўкі прыбягалі да яе за дапамогай. Усё было добра, ды цяжкая хвароба ўжо стаяла за вокнамі хаты. Ногі пераставалі слухацца… У 5-ы клас трэба было хадзіць у Малоткавічы, аж за 7 кіламетраў. Дзед Алесь запрагаў каня і вёз сваіх унукаў Валю і Васю, а таксама вясковых дзяцей у школу.

А пасля 6-га класа школу прышлося пакінуць, доўгія месяцы ляжаць на бальнічным ложку, а выздараўленне не наступала. Міома – вельмі рэдкая і цяжкая хвароба. Дактары, медыцынскія сёстры, родныя і сябры – усе падтрымлівалі дзяўчынку, як маглі – нічога не дапамагала. Прышлося вучыцца завочна, настаўнікі прыязжалі з Пінска ў Цепянец прымать экзамены. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Валянціна ў 1966 годзе атрымала атэстат з залатым медалём.

4 локун 3.jpg

Далей была завочная вучоба на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута ім. А.С. Пушкіна. У 1972 г. пачала працаваць загадчыцай Цепянецкай бібліятэкі, якая размясцілася ў яе роднай хаце. Сюды прыходзілі вучні і дарослыя чытачы. Валянціна адчувала сябе патрэбнай людзям, што вельмі важна. Тым часам яна –выпускніца філфака з чырвоным дыпломам – атрымала рэкамендацыю ў аспірантуру. Нарэшце сям’я Локунаў пераехала ў Пінск на вуліцу Першамайскую, дзе медыцынская і іншая дапамога была пад бокам.

У 1984 годзе Валянціна Іванаўна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Праблема стылю беларускай ваеннай прозы” (на матэрыяле творчасці В. Быкава, Б. Сачанкі і І. Чыгрынава). Яна неаднойчы ўспамінала пра той дзень. Хвароба ўсё больш навальвалася на яе сваім цяжарам. Кандыдатка ледзь выстаяла за трыбунай, робячы даклад і адказваючы на пытанні сваіх апанентаў. А калі справа дайшла да традыцыйнага банкета, яна не змагла самастойна ўзняцца на другі паверх. Яе вясковы сусед, чалавек спартыўны, падхапіў Валянціну на рукі і панес па прыступках. Маладая, прыгожая дзяўчына, у блакітнай сукенцы выглядала як нявеста-прыгажуня. Так вырашылі людзі, які шлі па лесвіцы насустрач і казалі: “О, нявесту нясуць!”.

Негледзячы на цяжкую хваробу, Валянціна Іванаўна доўгі час працавала старшым выкладчыкам Брэсцкага педінстытута і адначасова навуковым супрацоўнікам Інстытута літарататуры АН Беларусі. Аднойчы ў Брэсце, калі ей наладзілі сустрэчу са студэнтамі, Валянціна амаль выпадкова пазнаёмілася з касманаўтам Пятром Клімуком. На памяць аб гэтай сустрэчы ў яе захоўваўся яго фотапартрэт з подпісам “Валянціне Локун, з павагай да вашай мужнасці. Летчык-касманаўт СССР Пётр Клімук”.

З зямлячкай, пісьменніцай і паэтэсай Валянцінай Коўтун яна пазнаёмілася і пасябравала на ўсё жыцце, калі тая працавала загадчыцай аддзела літаратурнай крытыкі часопіса “Полымя”.

Яна пачынала друкавацца ў “Палескай праўдзе” як вясковы карэспандэнт і была адзначана за свае першыя літаратурныя спробы. Творчая навуковая спадчына Валянціы Локун – гэта больш за 150 публікацый па праблемах развіцця беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай літаратуры. Сярод яе вядомых твораў – зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў “Да новых вышынь” (1991), “Кругі жыцця – кругі літаратуры” (2002), манаграфія “Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваенай і гістарычнай прозы 1950-60 гг.”. Яна аўтар чатырох раздзелаў выдання “Нарысы беларуска-украінскіх літаратурных сувязей” (2002). Яе манаграфія “Васіль Быкаў. Вядомы і невядомы” прадстаўлена ў бібліятэцы Францыска Скарыны ў Лондане.

Галоўнай тэмай творчасці В.І. Локун была тэма вайны. Яна разглядала падзеі і вобразы ў шырокім гістарычным кантэксце ў параўнанні з літаратурнымі з’явамі і плынямі еўрапейскай і сусветнай літаратуры. Валянціна Локун адна з першых здолела на навуковым узроўні прасачыць гісторыю літаратуры Піншчыны і даследаваць сучасных мясцовых паэтаў і пісьменнікаў.

Сціплая кватэра на вуліцы Першамайскай, дзе жыла Валянціна разам са старэнькай маці Евай Аляксандраўнай і братам Васілём, была сваеасаблівай літаратурнай гасцёўняй. Сюды прыходілі і прыязжалі паэты і пісьменнікі, навукоўцы – за парадай, абменам думкамі і ідэямі.

Мне пашчасціла таксама ўваходзіць ў яе сяброўскае кола. Валянціна Іванаўна была першым чытачом маіх турыстычных даведнікаў і кніг аб Пінску і Палессі, яна называла іх “гісторыя з геаграфіяй”.

Валянціна Локун пайшла з жыцця ў 2016 годзе, наперадзе быў яе 70-гадовы юбілей, да якога заставалася ўсяго 50 дзён.

5 A29V1021.jpg

У 2021 годзе на Малоткавіцкай сярэдняй школе была ўсталявана мемарыяльная дошка, надпіс на якой гаворыць: “З Малоткавіцкай школы пачаўся творчы шлях вядомых беларускіх літаратараў Валянціны Коўтун (1946-2011) і Валянціны Локун (1946-2016)”.

Прыемна адзначыць, што ў літаратурны вянок Піншчыны разам з мясцінамі Якуба Коласа і Аляксандра Блока ўвайшлі і родныя мясцінкі мужнай таленавітай жанчыны Валянціны Локун.

Сяброўка, экскурсавод, краязнаўца Таццяна Хвагіна