by | pl | de | en

Даў інфармацыйнае паветра, аднаўляў арганы. Вялікія і добрыя справы Юрыя Зісера

Автор: Кастусь Лашкевіч, Ганна Соўсь, Радыё Свабода
Фото: dev.by, TUT.by

21.05.2020

17 траўня на 60-м годзе жыцьця ня стала заснавальніка партала Tut.by Юрыя Зісера. «Галоўны інтэрнэтчык Беларусі» быў мэнтарам для маладых айцішнікаў і падпрымальнікаў, а таксама шчодрым мэцэнатам, які шмат грошай аддаваў на падтрымку культурніцкіх і сацыяльных праектаў. Добрыя справы Юры Зісер звычайна рабіў прыватна, не афішуючы. Пералічыць іх усе цяпер немагчыма. 

zisser_1.jpg

Свабода прыгадала асноўныя праекты і некаторыя добрыя справы Юрыя Зісера, якія характарызуюць ягоную асобу.

Tut.by — самы папулярны сайт Беларусі

Галоўны праект жыцьця Юрыя Зісера — партал Tut.by.

Ён пачынаўся ў 2000 годзе як пляцоўка, якая аб’яднала ў сабе мноства онлайн-сэрвісаў — навіны, пошту, надвор’е, курсы валют, пошук у інтэрнэце. Зісер арыентаваліся на амэрыканскі партал Yahoo, які на той час быў лідэрам інфармацыйнай інтэрнэт-прасторы. Менавіта як «беларускі Yahoo» задумваўся Tut.by, успамінаў сам Юры Зісер.

—Пачыналася ўсё з таго, што я быў на стажы ў Штатах і пабачыў, як там усё завязана на інтэрнэце. Пытаю мясцовых, як прайсьці ў найбліжэйшы банк, а яны мне — “зазірні ў інтэрнэт“. Я падумаў: чаму ў Беларусі такога няма, чаму б такога не зрабіць?», — успамінаў Зісер у інтэрвію Свабодзе. — Паспрабавалі зрабіць гэта як малабюджэтны праект, пачалі ў сакавіку 2000 году, запусьціліся 5 кастрычніка. Спачатку яго рабілі два студэнты (сёньня ў кампаніі працуе больш за 300 чалавек. — РС), бо гэта была поўная навінка і ніхто з «дарослых» прафэсіяналаў ня ведаў, што рабіць.
Tut.by пачынаўся найперш як паштовы сэрвіс.

—У той час быў Yahoo, Mail. ru, Open. by. І калі зьявіўся Tut.by, для многіх было вельмі важна, каб паштовая скрыня была на нацыянальным дамэне. Тады, вядома, пошта была самым папулярным сэрвісам, — расказвала Свабодзе нязьменная галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава. — Аднак з часам атрымалася, што навіны сталі найбольш папулярным сэрвісам. І людзі заходзілі на Tut.by ужо ня дзеля пошты, а дзеля навінаў.

Ужо шмат год Tut.by застаецца самым наведвальным інтэрнэт-сайтам Беларусі. Штодня яго чытаюць 2,5 мільёна ўнікальных карыстальнікаў, якія праглядаюць больш за 14 млн старонак. З агрэгатара чужых навін Tut.by паступова вырас у самадастатковы СМІ з камандай, дзе звыш 70 журналістаў і незалежная рэдакцыйная палітыка; у лідэраў мэдыйнай прасторы Беларусі ня толькі ў статыстычных паказчыках, але і ў якасьці журналісцкага прадукту.

—Юры Зісер вырасьціў праект з рассады ў самае магутнае ў краіне дрэва сярод онлайн-мэдыя. Прычым ён ня быў у занадта выгадных умовах, ня быў першым на рынку, — тлумачыць галоўны рэдактар сайта «Салідарнасць» і намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Старыкевіч — Tut.by паступова і, што істотна, на свае грошы вырас у тое, без чаго многія беларусы не ўяўляюць свайго дня на ўзроўні паветра. Гэта як каштоўнасьць, якая павінна быць.

Стрыкевіч называе «нечым абсалютна фантастычным» стварэньне грамадзка-палітычнага рэсурсу зь мільённай аўдыторыяй у Беларусі, дзе ўлады заўжды вельмі жорстка ставіліся да незалежных мэдыя.

—У журналістыцы Tut.by няма ляманту пра крывавы рэжым, але партал стаўся крыніцай незаменнай збалянсаванай, аб’ектыўнай і разам з тым крытычнай інфармацыі пра ўсё, што адбываецца ў краіне, — кажа экспэрт. — Зьяўленьне і праца такога журналісцкага калектыву — вынік плёну Юрыя. Тое, як яму ўдавалася цягам столькіх гадоў так годна балянсаваць і сьмела рабіць сваю справу, выклікае захапленьне і суцэльную павагу.

hoster.by — найбуйнейшы хостынг-правайдэр Беларусі

Кампанія, хостынгавымі паслугамі якой сёньня карыстаюцца ⅔ усіх беларускіх сайтаў, вырасла з «Цэнтру электроннага бізнэсу Tut.by». Як прыгадвае генэральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў, ад пачатку Tut.by прапаноўваў паслугі разьмяшчэньня іншых сайтаў на адным сэрвэры са сваім парталам. Ад 2007 году праект стаў на ўласныя рэйкі пад сваім брэндам. З таго часу штат кампаніі вырас да 100 чалавек.

Дзякуючы hoster.by Беларусь займела:

кірылічную дамэнную зону .бел (дазваляе рэгістраваць дамэны (адрасы сайтаў) і на беларускай мове);

форум кіраваньня інтэрнэтам Belarus IGF (бізнэс, улады, інжынэры і грамадзянская супольнасьць дыскутуюць пра разьвіцьцё байнэту),

за 8 гадоў звыш 600 тысяч даляраў, выручаных на дабрачынных аўкцыёнах дамэнных імёнаў, пайшлі на падтрымку дзіцячых дамоў па ўсёй Беларусі.

— Беларусь атрымала уплыў на міжнародных пляцоўках у пытаньнях разьвіцьця інтэрнэту. На постсавецкай прасторы дамэнную зону .by прыводзяць у прыклад. Усё гэта вынік нашай працы, які быў бы немагчымым бязь Юрыя Зісера, — падсумоўвае Сяргей Павалішаў.

Мэнтар для айцішнікаў і прадпрымальнікаў

Цягам многіх гадоў Юры Зісер актыўна ўдзельнічаў у разьвіцьці стартап-сцэны ў Беларусі. Дапамагаў мэнтарствам і інвэстыцыямі тэхналягічным праектам, падтрымліваў сацыяльнае прадпрымальніцтва (напрыклад, штогадовы конкурс Social Weekend і дабрачынную пляцоўку «МаеСэнс») і прагрэсіўныя адукацыйныя ініцыятывы.
ІТ-прадпрымальнік і інвэстар, былы генэральны дырэктар Tut.by Аляксандар Чэкан сказаў Свабодзе, што Зісер і яго партал ад самага пачатку дапамагалі пэрспэктыўнай моладзі, даючы хостынг, рэкляму, офіс.

— Падтрымлівалі «Беларускі інтэрнэт-форум», запусьцілі канфэрэнцыю «Деловой интернет», дзясяткі імпрэзаў пра інтэрнэт-бізнэс ва ўсіх буйных гарадах краіны. Юры верыў, што праз адукацыю можна разьвіваць інтэрнэт-галіну, а пасьля і прадпрымальніцтва ў цэлым», — кажа Чэкан. — Работа са стартапамі выйшла на новы ўзровень, калі Юры запусьціў праграму Social Weekend і фонд «Добра». Дзякуючы гэтаму тысячы людзей атрымалі адукацыю, падтрымку і фінансаваньне сваіх праектаў у сфэры сацыяльнага прадпрымальніцтва. Юры асабістым прыкладам Tut.by хацеў падзяліцца досьведам таго, як грамадзка карысны праект можа разьвівацца самастойна і быць ўстойлівым.

— Укладваючыся ў стартап, як мне здаецца, Юры Анатолевіч больш арыентаваўся на тое, каб дапамагчы канкрэтным заснавальнікам, чым на вялікі «экзіт» (даход пасьля продажу. — РС). У гэтым пляне ён быў сапраўдным бізнэс-анёлам, — напісаў ІТ-прадпрымальнік Дзьмітры Гурскі.

«Галерэя Tut.by» як альтэрнатыўная гарадзкая пляцоўка

Ужо амаль дзесяціцгодзьдзе пры офісе Tut.by месьціцца «Галерэя Tut.by» — альтэрнатыўная гарадзкая пляцоўка для абмену ведамі, прызэнтацый аўтарскіх праектаў і выставачных экспазыцый. За час існаваньня галерэя ня толькі дапамагла многім маладым мастакам рэалізаваць аўтарскія праекты, але і прытуліла культурныя і грамадзкія імпрэзы, якім з ідэалягічных меркаваньняў адмовілі іншыя пляцоўкі.

—Юрыю Зісеру я патэлефанаваў ад безвыходнасьці, прыгадвае журналіст і папулярызатар беларускай музыкі Сяргей Будкін. — Сытуацыя была непрыемная: прадаўшы амаль усе квіткі на канцэрт Вайцюшкевіча, я ня мог правесьці яго: ідэолягі так запужалі дырэкцыю клюбу, што тая была гатовая на ўсё, абы яго не праводзіць. Варыянт з запасной пляцоўкай, куды меркавалася перанесьці выступ, таксама ў апошні момант сарваўся. І тут прыйшла ідэя — зрабіць у «тутбаеўскай» галерэі імпрэзу — кшталту як для вяртаньня квіткоў і з суцяшальнай аўтограф-сэсіяй артыста. Юры пагадзіўся, перадаў мяне ў рукі Тацяны Бембель, і мы правялі канцэрт Вайцюшкевіча на фоне вечаровага гораду. Пасьля імпрэзы ён напісаў паведамленьне: «Рады, што ўсё атрымалася!»
Уратаваў ён і другую нашу імпрэзу — выступ Лявона Вольскага ў падтрымку фіналістаў конкурсу «Засьпявай». Канцэрт меўся адбыцца на тэрасе плошчы Свабоды, але ў той дзень на кіраўніцтва клюбу націснулі і вымусілі зачыніцца на час імпрэзы. Літаральна за дзьве гадзіны пры спрыяньні Юрыя нам удалося перанесьці канцэрт у «Галерею Tut.by».

Аднаўляў арганы Беларусі

Кіруючыся сваім захапленьнем, Юры Зісер скончыў музычную кансэрваторыю па клясе аргана, калі яму было ўжо за 50. Аднаўленьне і вяртаньне арганаў стала адной зь яскравых спраў яго жыцьця.

Зісер ахвяраваў грошы на рэстаўрацыю аднаго з самых старажытных і другога велічынёю беларускага аргана — у Пінскім каталіцкім катэдральным саборы. Ён падарыў пяць арганаў навучальным установам, прафінансаваў экспэдыцыю і электронны каталёг «Арганы Беларусі».

Сёлета ў сакавіку ў канцэртнай залі «Верхні горад» загучаў унікальны валожынскі арган, які маўчаў 80 гадоў. Яго знаходка і аднаўленьне — справа апошніх шасьці гадоў жыцьця Юрыя Зісера.
Дзякуючы яго дапамозе ў Пінску прайшоў міжнародны арганны фэстываль імя кардынала Казіміра Сьвёнтка, фэстываль у менскім касьцёле Сымона і Алены.

Юры Зісер шчодра падтрымліваў і іншыя музычныя праекты. Так, ён перавёў 1500 рублёў на выпуск альбому палескіх народных песень, які запісаў гурт Vuraj.

— За гуртом Vuraj я сачу даўно. Яны езьдзяць па Палесьсі, запісваюць у старых людзей песьні, апрацоўваюць іх і выконваюць так, што гэта мае не казённы выгляд, а жывы. Яны запальваюць! Гэта важна для захаваньня нацыянальнай спадчыны, — казаў Юры Зісер.

Падтрымліваў прэміі імя Васіля Быкава і Гедройця

Пасьля таго, як у арганізатараў прэміі «За свабоду думкі» ўзьніклі праблемы зь фінансаваньнем, у 2018 годзе стартавала кампанія на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака». Юры Зісер перавёў на рахунак 2000 рублёў зь неабходных 5000, і паводле арганізатараў, фактычна «выратаваў» прэмію імя Васіля Быкава.

У той жа год Юры Зісер ахвяраваў 1000 эўра на падтрымку прэміі ў беларускай літаратуры імя Ежы Гедройця.

Ахвяраваў на крыжы ў Курапатах...

У 2018 годзе Зісер ахвяраваў на рэканструкцыю курапацкага мэмарыялу 1000 рублёў.

— Помнік трэба прывесьці ў парадак, — казаў ён тады. — Для мяне гэта не дабрачынная дзейнасьць, а сацыяльная». Юры Зісер разам з жонкай, пісьменьніцай Юліяй Чарняўскай, двойчы бралі ўдзел у «Ночы расстраляных паэтаў» у Курапатах, прыходзілі падтрымаць валянтэраў, якія пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим».

... і на помнікі Адамовічу і Ліпаю

Юры Зісер ахвяраваў палову сумы, патрэбнай для вырабу і ўстаноўкі першага ў Беларусі помніка беларускаму пісьменьніку Алесю Адамовічу на яго радзіме ў вёсцы Глушы Бабруйскага раёну. Сродкі зьбіралі на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака». 4 500 рублёў ахвяраваў Юры Зісер.

Заснавальнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай, які, як і Юры Зісер, быў фігурантам «справы БелТА» і таксама меў анкалягічную хваробу, памёр 23 жніўня 2018-га. Да гадавіны яго сьмерці праводзіўся збор грошай на стварэньне помніка, і адным з самых шчодрых ахвярадаўцаў быў Юры Зісер, які перавёў на гэта 1000 рублёў.

Падтрымліваў праекты пра беларускае габрэйства

Юры Зісер актыўна падтрымліваў культурніцкія і адукацыйныя праекты, зьвязаныя зь беларускім яўрэйствам. Быў адным з спонсараў парталу Shalom. by і габрэйскай канфэрэнцыіі «Лімуд Беларусь». Нягледзячы на хваробу, у лістападзе 2019-га стаўся адным з арганізатараў фэсту музыкі габрэйскіх мястэчак Litvak Klezmer Fest.

У 2018 годзе Юры Зісер падтрымаў выданьне беларускага перакладу рамана Мойшэ Кульбака «Панядзелак», які выйшаў у праскім выдавецтве «Вясна».

— Мы шукалі нейкай падтрымкі для выданьня. Звычайна для ганарараў перакладчыкам у кожнай краіне, чыю літаратуру перакладаюць, ёсьць свае інстытуцыі з адпаведнымі фондамі, і там паводле конкурсу вырашаюць, каго падтрымаць. Ідыш — мова, якая ня мае сваёй краіны, — расказвае перакладчык кнігі Сяргей Шупа. — Мы зьвярнуліся да Юры. Ён сказаў: я ня веру ў нейкі social impact гэтай канкрэтна культурнай акцыі — нашы габрэі па-беларуску чытаць ня будуць. Мы яму: гэта кніга найперш для беларусаў, падтрымка беларускай культуры. Ну, кажа, калі вы лічыце, што гэта вартая справа, я вам проста давяраю. І — абсалютна не прагматычна, насуперак сваім сумневам — падтрымаў.

Дапамагаў людзям ў нядолі

Як апавядаюць сябры і калегі Юрыя Зісера, ён вельмі шмат дапамагаў самым розным людзям, ніколі не афішуючы гэта. Пасьля сьмерці Юрыя Зісера стала вядома, што ён падтрымаў хворую на рак прафэсарку музыкі Вольгу Дадзіёмаву.

— Даведаўшыся, што я скончыла чарговую манаграфію, Юры Анатолевіч узяўся чытаць яе і рэдагаваць, а пасьля прапанаваў фінансаваць кнігу, якая ўжо вытрымала тры выданьні, — згадвае прафэсарка. — Паралельна ён выратаваў мяне — у літаральным сэнсе, калі насьціг мяне нечаканы параліч, які запатрабаваў неадкладнай дапамогі высокакваліфікаваных мэдсясьцёр круглыя суткі, дома. Мне мне дапамог чалавек, які сам быў на грані і за граньню. Некалькі месяцаў таму, быўшы ў цяжкім стане, прывёз мне лекарку — сам быў за стырном. Уважліва выслухаў яе рэкамэндацыі і правяраў іх выкананьне.

Юры Зісер шмат гадоў падтрымліваў пажылых прыхаджанаў менскай габрэйскай грамады.

Яго апошняе ахвяраваньне — на барацьбу з каранавірусам

Апошні запіс Юрыя Зісера ў ягонай старонцы ў Facebook 9 красавіка: «Ахвяраваў 45 000 руб у дзяржаўны фонд дапамогі барацьбы з каранавірусам».

Пасьля сьмерці Юрыя ягоная жонка паведаміла, што ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй разьвітаньне пройдзе ў вузкім коле і сям’я Юрыя Анатольевіча просіць ушанаваць яго памяць дома, а замест кветак зрабіць ахвяраваньне на барацьбу з COVID-19».



Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Правила жизни Юрия Зиссера

17 мая умер Юрий Зиссер, основатель портала TUT.BY, хостинг-провайдера hoster.by, предприниматель, общественный

Статьи
Как менялись города Беларуси: столица Полесья Пинск

Пинск издавна является неофициальной столицей Полесья. По размерам, а также степени сохранности исторического центра он

Статьи
В каких костелах Беларуси можно послушать новые и старинные органы?

В Беларуси насчитывается около ста органов. Есть современные — самый большой можно услышать в Белгосфилармонии.

Самые популярные Самые обсуждаемые