Міжнародны фэст «Дударскі рэй» ізноў сабраў музыкаў Беларусі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Латвіі і нават Партугаліі ў старадаўнім беларускім мястэчку.
«Дударскі рэй» праводзіцца ў Глыбокім і ваколіцах другі раз – і ўжо становіцца сапраўдным канкурэнтам «Вішнёваму фэсту», ва ўсялякім разе зараз Глыбокае можна лічыць не толькі вішнёвай сталіцай краіны, але і дударскай. Імпэт Віталя Воранава, заснавальніка і арганізатара дударскага свята рэгіёнаў, пераконвае, што фэст старажытнай музыкі павінен быць уключаны ў майскія турыстычныя маршруты. Тым больш, акрамя экзатычнай (дзеля сучаснага слыху) музычнай праграмы, паглядзець можна і на шматлікія цікавосткі Глыбокага, Удзела, Мосара – імпрэзы фэста ладзяцца і па-за межамі горада.
У першы дзень, 4 мая, пасля адкрыцця свята ля Алеі славутых землякоў у Глыбокім, фэст перамясціўся ў Празарокі – як абыйсці радзіму Ігната Буйніцкага, у трупе якога іграў дудар Адам Шульга. У суботу ў горадзе ладзіліся выстава і майстар-клас па выцінанцы, выстава славацкай дуды, галоўная дзея – шэсце дудароў і гала-канцэрт на Цэнтральнай плошчы. Другі міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў завяршыўся ўрачыстай службай з удзелам музыкаў у Касцёле Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, што ў вёсцы Удзела.
Шэсце і гала-канцэрт, безумоўна, сабралі найбольшую колькасць гледачоў і слухачоў, у параўнанні з першым фэстам 2017 года было заўважна больш аўто з нумарамі іншых рэгіёнаў. Наведвальнікаў унікальнай для Беларусі падзеі магло б быць, канечне, больш, але для мясцовых жыхароў першыя сапраўды цёплыя дні сталі сігналам да клопатаў з бульбай.
— Так, сезон агародаў цяжка перамагчы, — іранічна заўважае Віталь Воранаў у размове з карэспандэнтам «Планеты Беларусь». — Хаця, па-мойму, публікі ў нас больш чым дастаткова як на першыя гады існавання фэсту дуды. Канечне, наведвальнасць будзе расці з гадамі, я ўпэўнены.
Магдалена Кубасяк, скрыпачка і вакалістка з калектыву «Kapela Mała Ziemia Suska», кажа, што фэст у Глыбокім аніяк не саступае падобным у Еўропе.
— Мы шмат дзе выступалі, у Беларусі ж першы раз, было шмат думак наконт таго, што за краіна, як прымуць, але адчуваем сябе тут, на дзіва, як дома: і мову больш-менш разумеем, і людзі файныя, па-свойску мы тут пачуваемся, — кажа Магдалена Кубасяк.
Віталь Воранаў, літаратар, перакладчык і выдавец, распавядае пра свой шлях да дуды.
— Я думаю, гэта нейкая генетычная памяць, якая ў кожнага ёсць. Кожны раз, калі я чуў гук дуды, мяне нешта прыварожвала, прыцягвала. І ніколі не было нагоды пачаць, таму што, калі мне было 12 гадоў, мая сям'я з'ехала ў Польшчу. І вось выпадкова так атрымалася, што была замова на тое, каб прывезці польскіх музыкаў на дударскі фэст у Дудутках у 2016 годзе. І прывезлі — гэта нашыя знаёмыя, суседзі, сябры. А там ужо перазнаёміліся з усімі беларускімі дударамі: з Алесем Ласём, з Тодарам Кашкурэвічам, з Дзянісам Сухім, Юрасём Панкевічам. І з гэтага пачалося сяброўства, ну і першы інструмент зрабіў, заказаў і пачаў іграць, пачаў рэалізоўваць гэтую сваю памяць генетычную. Два гады вельмі інтэнсіўна займаўся, граў, вучыўся праз скайп у Юрася Панкевіча, ён мне зрабіў другую дуду. Адразу мяне запрасілі на фэст у Польшчы, прэзентаваць Глыбоччыну. І пакацілася, і два гады вось так, фэст за фэстам.
Як выхадца з Глыбоччыны, мясцовая дударская тэма, гісторыя глыбоцкай дуды цікавіла Віталя Воранава таксама.
— Было вельмі шмат розных слядоў, у тым ліку і згадкі пра канкрэтных дудароў, якія тут былі: гэта Адам Шульга з трупы Ігната Буйніцкага, Пётр Бурэц, які граў на Глыбоччыне, гэта шматлікія літаратурныя згадкі, крыніцы — Вацлаў Ластоўскі, які перакладаў апавяданне «Дудар», Ян Пачопка з Летнікаў на Залесчыне, першы верш якога так і называўся «Дудар», гэта таксама народныя легенды, якія бытавалі тут на Глыбоччыне, і ў тым ліку сучасныя творы нашых майстроў з Дома рамёстваў, прысвечаныя менавіта гэтаму інструменту, напрыклад, па матывах дываноў Язэпа Драздовіча, і гэтак далей.
Пасля «паглыблення ў тэму» Віталь Воранаў запачаткаваў ідэю музычнага свята дуды, «мясцовая адміністрацыя яе падтрымала, вось сёлета ўжо адбыўся другі фэст з вялікім імпэтам, тры дні мы прысвячаем яго дудзе, дуда вядзе рэй у Глыбокім і на Глыбоччыне».
— Я думаю, што дуда прыжылася як рэгіянальны інструмент Глыбоччыны, што гэта будзе другі напрамак, другі асноўны фэст Глыбокага пасля кулінарнага «Вішнёвага фэсту». «Дударскі рэй» будзе рэкламаваць нашу малую радзіму ва ўсёй Беларусі і ў свеце, — падкрэслівае Віталь Воранаў.
Што цікава, дуда не патрабуе адмысловай, акадэмічнай адукацыі.
— Я амаль што скончыў музычную школу ў Глыбокім, не хапіла паўтара года, бо мы з'ехалі ў Польшчу, але, у прынцыпе, гранне на дудзе не звязанае з фармальнай адукацыяй, можна навучыцца проста без ніякіх музычных падставаў, таму што гэта зусім іншая музыка, гэта зусім іншае адчуванне музыкі, мелодыкі, так што гэта неабавязкова. Заўважу, што тут сярод дзясяткаў выступоўцаў на фэсце ёсць толькі адзін прафесійны музыкант, які спалучае фальклорную музыку і класічную, вучыцца ў музычнай акадэміі на кларнеце.
Адбор па-сяброўску
— Выканаўцы — гэта ўсе мае сябры. Я, як пачаў выступаць на фэстах, езджу на ўсе дударскія імпрэзы ў Славакію, Чэхію, Польшчу, Харватыю і Партугалію, там знаёмлюся з дударамі, пачынаем размову, я кажу, што ёсць такі фэст у Глыбокім, ці можаце вы прыехаць, ці можаце вы паспрабаваць знайсці нейкія сродкі, таму што такая спецыфіка фэсту – не можам пацягнуць аплату дарогі. Гэта ўнікальна – людзі знаходзяць фінансавую магчымасць падтрымкі прыехаць, часта плацяць проста свае грошы, 300 еўра, каб прыехаць, прыляцець да нас са сваёй краіны і вярнуцца назад, каб пабываць у Глыбокім, каб пабачыць Беларусь, каб адчуць гэту атмасферу, каб паўдзельнічаць у нашым фэсце, — зазначыў арганізатар дударскага свята.
— Я думаю, што такі патэнцыял вельмі вялікі. Ад Мінска да Глыбокага дзве гадзіны дарогі, на першым фэсце мы толькі падалі рэкламу, людзі зацікавіліся, але з Мінска мала хто ехаў. А сёлета я вельмі шмат бачыў людзей менавіта з этнаграфічных суполак, з розных танцавальных груп, якія прыехалі. Я думаю, што з кожным годам гэта будзе павялічвацца, ну і асноўная аўдыторыя — гэта, канечне, жыхары горада Глыбокае. Можа, гэта здаецца і замала, але на такое мястэчка сабраць плошчу — гэта вялікі поспех, бо дударская музыка — нялёгкая. Мы жывем у час такой татальнай папсы, татальнай фанаграмы, што людзей трэба прывучваць да таго, каб слухаць дуду – гэта цяжкая праца, — лічыць Віталь Воранаў.
— Я гадаваўся ў дзеда з бабай у першыя гады жыцця ў вёсцы Удзела, бо бацькі яшчэ давучваліся ў Мінску. Мой дзед быў кавалём, бабуля, шчырая верніца і выхавацелька дзетак — перада мной выгадавала восем дзяцей, сваіх ды ўнукаў, таму я атрымаў вельмі такое грунтоўнае выхаванне, і менавіта беларускае. Дзед з бабуляй ведалі розныя мовы, і польскую, і рускую, але ніколі не чуў ад іх, каб яны гаварылі на нейкай іншай мове, чым беларуская. Таму гэта ўсё карані, гэта ўсё выхаванне. І калі мы з'ехалі, я адразу разумеў, што я не паляк, што я належу да гэтай краіны, да гэтага краю, да гэтай малой радзімы. Мяне заўсёды цягнула сюды. Дзеда з бабай не стала, засталася іх хата, і я стараюся заўсёды вяртацца на ўсё лета сюды і праводзіць як мага больш вольнага часу тут, на Глыбоччыне. Ёсць шмат праектаў і справаў, звязаных менавіта з маёй малой радзімай. І калі толькі з'яўляецца такая магчымасць, то я вяртаюся сюды, — распавёў Віталь Воранаў.
Магчыма ў будучыні, калі фэст, як кажуць, набярэ абароты, «Дударскі рэй» стане двухгадовым – складана і арганізатару рабіць яго штогод, і гораду прымаць такую колькасць людзей. Але адміністрацыя гораду пакуль не наракае — «Дударскі рэй» ужо стаў адметнасцю Глыбоччыны – не меншай за «Вішнёвы фэст», што праводзіць гарвыканкам у ліпені.
Як варыянт – з Алеі славутых землякоў, што з'явілася ў 2012 годзе.
Они могли затеряться среди множества других, но решили
Под музыку — веселее. Так считали белорусы и в те времена,
Десятый фестиваль «Наш Грюнвальд 2018» соберет более 10 тысяч
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....