Ru
En Bl

«Кузня беларускага духу» – новы аўтарскі маршрут да стагоддзя БНР

Автор: Яўген Ждановіч
Фото: Сяргей Плыткевіч
22.02.2018

«Планета Беларусь» наведала першую вандроўку з цыклу да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі, аздобленую цытатамі з «Тутэйшых», успамінамі нямецкага обера пра разняволены Мінск і сур'ёзным расповедам пра нараджэнне дзяржаўнасці.

100 гадоў таму была прынятая Першая Устаўная грамата. 21 лютага 1918 года Выканкам Усебеларускага з'езда звярнуўся да народа Беларусі з дакументам, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Да адкрыцця Усебеларускага ўстаноўчага сходу функцыі новай улады былі ўскладзеныя на сфармаваны Выканкамам Народны Сакратарыят, кіраўніком якога стаў Язэп Варонка. Грамата заклікала «народы Беларусі ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі» і ажыццявіць «поўнае самавызначэнне». 

Да гэтага дня «Арт Сядзіба» і супрацоўнік Музея Янкі Купалы Павел Каралёў распрацавалі адмысловы маршрут «Кузня беларускага духу».

Увечары 21 лютага каля чатырох дзясяткаў чалавек сабралося ля помніка Янку Купалу.

bnr_start.JPG
Фота: Яўген Ждановіч

Паэт хоць і не ўваходзіў ва Ўрад БНР (Купала вярнуўся ў Мінск са Смаленску толькі ў студзені 1919 года), але быў адной з тых асоб, чыя праца на беларускай ніве і паспрыяла паўстанню БНР. 

Беларускія хаткі 

Купалаўскі сквер – гэта месца-унікум, беларуская Атлантыда, якая захоўвае нашу памяць, — пачынае экскурсію Павел Каралёў. — Тады тут было ўсё шчыльна забудавана, дамкі з садамі, некалькі вуліц: Садовая (зараз тэрыторыя парку), Садова-Набярэжная (таксама), Паліцэйская (зараз вуліца Янкі Купалы). Ды і Музей Купалы пабудаваны не на пустым месцы – тут ад 1926 года да 41-га ён і жыў. На мой погляд, гэтае месца – першы асяродак беларускага духу.

А зусім па-суседству быў дом братоў Луцкевічаў, тых, хто адукоўваў, рыхтаваў свядомасць беларусаў да думкі пра неабходнасць незалежнасці.

Усе ведаюць пра Беларускую хатку на вуліцы Рабкораўскай. Але, заўважае Павел Каралёў, яна была зусім не адна.

— Іх было тры! Другая месцілася на Конным пляцы – там зараз трамвайнае дэпо ў межах праспекта Машэрава і вуліц Краснай і Кісялёва. У той хатцы былі выдатнейшыя тэатральныя пастановы, там часта бывала актрыса Паўліна Мядзёлка, а Купала загадваў бібліятэкай. Хутка інвестары забудуюць гэтае дэпо, так што раю туды схадзіць, пакуль можна яшчэ адчуць атмасферу і прастору Коннага пляцу. Паўліна Мядзёлка ўзгадвае, што дэкарацыі неслі на сваіх спінах у Ляхаўку, каб там таксама ладзіць імпрэзы – у гэтым раёне была трэцяя Беларуская хатка, — распавядае гід. 

Суседам Луцкевічаў быў Васіль Захарка, адзін з прэзідэнтаў БНР, ён жыў па вуліцы Паліцэйскай, 2.

Тут жа побач месца, дзе выступаў герой «Тутэйшых» Мікіта Зносак у якасці аратара – на велатрэку, што знаходзіўся ў Губернатарскім садзе – зараз парк імя Горкага. Па сутнасці, гэта быў такі сабе мясцовы Гайд-парк. 

Юбілейны дом

У Юбілейным доме праходзіла праца Рады БНР ад ліпеня да жніўня 1918 года, да прыходу бальшавікоў засядаў Народны сакратарыят. 

dom.jpg

Дом пабудаваны паводле праекту архітэктара Струева ў 1912 годзе да 300-годдзя дома Раманавых. Выява будынку, які захаваўся амаль нязменным да нашага часу, была размешчана на паштовых марках БНР. 

dom1.jpg

Малавядомыя факты з вуліцы Кашарскай

Вуліца Кашарская цяпер называецца Чырвонаармейскай, ваенны складнік застаўся, бо кашары – гэта казармы па-польску. Там месціцца гістарычны факультэт БДУ, але гэта важнае месца для беларушчыны не толькі з адукацыйнага пункту гледжання – тут была рэдакцыя газеты «Рунь».

— Рэдактарам газеты быў Алесь Гарун, але важна тое, што беларускі рух на той момант, у 1919-м, фактычна Гарун і прадстаўляў, а Купала быў яго намеснікам. Можна казаць, што паэт выконваў ролю віцэ-прэм'ера БНР, — адзначае Павел Каралёў.

Беларуская незалежнасць выйшла з тэатру

У будынку гарадскога тэатру, дзе будуць потым ставіць тых жа «Тутэйшых», з 18-га па 31 снежня 1917 года адбыўся Першы Усебеларускі з'езд. А першы купалаўскі твор быў пастаўлены тут 1 мая 1917 года – тады артысты «Першага беларускага таварыства драмы і камедыі», створанага акцёрам і рэжысёрам Фларыянам Ждановічам, паказалі «Паўлінку». 

169b0bddad93ffa1fabca456f4827b06.jpg

Далей маршрут праходзіць праз Губернатарскую (зараз Леніна), дзе любілі гуляць Усходні і Заходні вучоныя – менавіта на гэтай багатай вуліцы іх сустрэў Зносак. Тут месцілася мноства друкарняў і менавіта тут друкаваліся Устаўныя граматы. 

Прыфрантавы шык

На месцы цяперашніх «Васількоў» (дом з гадзіннікам насупраць будынку КДБ) была гасцініца «Гарні». Нямецкі обер-лейтэнант Гофман, які ў 1918-м правёў пэўны час у Мінску, узгадвае, што на Захар'еўскай і Губернатарскай гараджане бавяць час, глядзяць кіно і пастаноўкі нізкага гатунку, у Гранд-кафэ ласуюцца крэм-бруле, салатам з амараў і мноствам відаў марозіва. 

— Вось што піша Гофман: «Чаго толькі няма! Хаця кошты – вышэй, чым у Берліне!» Нічога, як бачыце, не змянілася, — заўважае Павел Каралёў. 

Праз колькі год шмат тых, хто будаваў БНР, апынуліся ў будынку насупраць. НКУС быў там, дзе зараз левае крыло Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Паўліна Мядзёлка ўзгадвала, што калі патрапіла туды, то пабачыла там за нейкую гадзіну ва ўнутраным дворыку на прагулках усю нацыянальную эліту. 

komitet.jpg

Дом Першай Устаўнай граматы

cheburechnaja.jpg

— Замовілі Юбілейны дом пад працу, але не склалася. І прыйшлося наймаць вось гэты будынак. Увесь трэці паверх – каля 20 пакояў – быў арандаваны, - распавядае Павел Каралёў.

Дамовіцца было велізарна цяжка, бо розныя ж рухі і партыі, мноства зусім розных поглядаў, кожны хацеў па-свойму.

— Браты Луцкевічы прыязджаюць у Мінск. «Беларусы! Сёння ў нас Пасха! Сёння зноў яднаюцца духоўна Вільня і Менск — душа і цела. Сёння ўваскрос беларус, уваскрашаецца нашая бацькаўшчына!», — казаў Язэп Варонка.

Спрэчкі пры тым цягнуліся гадзіны. Але галоўны дакумент пасля страшна даўгіх дэбатаў быў падпісаны. І потым тут кіпела жыццё. Вось, напрыклад, якія тады тут былі лекцыі: «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага» Язэпа Лёсіка, цыкл Варонкі «Беларусь і яе суседзі», па гісторыі мовы.

— Зараз тут «Чэбурэчная» - персанал, дарэчы, ужо добра ведае пра гісторыю будынку, думаю, калі-небудзь месца тут прыйдзецца замаўляць загадзя, — гаворыць Павел Карлёў. 

Насупраць «Чэбурэчнай» таксама славуты дом. Па цяперашнім адрасе Валадарскага, 12 у 1918-м працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва. 

Пішчалаўскі замак

Хто тут толькі ні сядзеў у Пішчалаўскім замку. Калі казаць пра той час, то можна ўзгадаць рамантычныя спатканні Паўліны Мядзёлкі і яе мужа Тамаша Грыба у каталіцкім касцёле і праваслаўнай царкве пры турме падчас адсідкі пры паляках. 

zamok.jpg

Гарадскі вал

На Гарадскім валу захавалася Пажарнае дэпо – месца ўратавання ў ліхія часы, бо можна было ўладкавацца на працу. 

depo.jpg

Побач – больш прыбытковае месца. 

Койданаўская біржа 

На Койданаўская (зараз Рэвалюцыйная) быў Інбелкульт. Абывацелі ж больш цікавіліся валютна-абменнымі аперацыямі – валютчыкі стаялі проста ўздоўж вуліцы. Шмат крыміналу, маргінальных асобаў. Гараджане нават стыхійна арганізоўваліся ў атрады самаабароны. Былі аблавы. Падчас адной з іх, калі польскія ўлады ачапілі ўвесь квартал, быў праведены асабісты дагляд-вобшук у васьмі тысяч гараджан. Размах уражвае! На койданаўскай біржы хадзілі «думкі» (рублі Дзяржаўнай думы), ост-маркі (акупацыйныя грошы, выпушчаныя немцамі), царскія і савецкія рублі. 

Далей экскурсія мінае былы Губернатарскі палац.  

palac.JPG

Затым — адноўлены гатэль «Еўропу». І падыходзіць да былой публічнай бібліятэкі імя Пушкіна, дзе бывалі ўсе тыя, хто спрычыніўся да стварэння БНР. 

biblio.jpg

Зараз тут клуб «Грай», у якім маршрут заканчваецца перформансам – падпісаннем копіі Першай Устаўной Граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.

gramata.jpg
Фото: Радыё Свабода 

— Лічу, што калі кожны з нас надасць увагу гэтай даце, павіншуе сяброў, калег, сходзіць на выставы, імпрэзы – гэта будзе найлепшая даніна павагі, — сказаў у гутарцы з карэспандэнтам «Планеты Беларусь» Павел Каралёў. - Я, у сваю чаргу, падрыхтаваў вось такую экскурсію, каб паказаць самыя важныя асяродкі беларушчыны, дзе яна гуртавалася, узгадаць, што цікавага было ў нашай сталіцы 100 год таму, як яна жыла. Вельмі прыемна, што не ў самае лепшае надвор'е некалькі дзясяткаў чалавек захацелі прайсціся па гэтых месцах. Прычым абсалютна рознага ўзросту і ведаў пра БНР, як бачыце. Гэта аўтарскі маршрут, эксперыментальная распрацоўка – лічу, што яна атрымалася і экскурсія будзе мець попыт. 

Наступныя вандроўкі пройдуць 9 і 25 сакавіка.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Жанчыны БНР: экстрым, каханне і супраца са спецслужбамі

На большасці фота ўрадоўцаў БНР вы не ўбачыце жанчынаў. Ніводнай. Здаецца, гэта была выключна пацанская тусоўка. Ці

Статьи
Здымак жаўнера БНР прадаецца на інтэрнэт-аўкцыёне за 2000 даляраў

Фота вайскоўца з бел-чырвона-белай стужкай на мундзіры некалькі дзён таму з'явілася ў

Статьи
Якія беларускія сляды будуць шукаць на Фэсце экскурсаводаў у Празе, Варшаве, Вільні і Львове

Якія беларускія сляды будуць шукаць на Фэсце экскурсаводаў у Празе, Варшаве, Вільні і

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые