Ru
En Bl

Вяртаньне «Каменнай кветкі»: як аднаўляюць 200-гадовую вежу Гальшанскага замка

Автор: Ігар Карней
Ссылка: Радыё Свабода
11.09.2018

Да выгляду 200-гадовай даўнасьці аднаўляецца адна зь вежаў Гальшанскага замка — таго самага, які часам лічаць правобразам «Чорнага замка Альшанскага» Ўладзімера Караткевіча.

31 траўня набыло сілу распараджэньне рады прэзыдэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва аб пачатку работ кансэрвацыі з рэстаўрацыяй паўночнай вежы Гальшанскага замка на Ашмяншчыне. На гэтыя мэты сёлета выдаткавана 250 тысяч рублёў.

Выгляд паводле гравюры 1812 году

Праектам прадугледжана рэстаўрацыя муроўкі сьценаў, накрываньне дахам, унутранае адстройваньне вежы, мантаж сталярных вырабаў і дэманстрацыйных лесьвіц на яе другі паверх. У пэрспэктыве тут павінна зьявіцца музэйная экспазыцыя пра славутыя дынастыі Гальшанскіх і Сапегаў.

kamianica1.jpg

kamianica2.jpg

Вежа стаіць у рыштаваньнях, яна ўжо атынкаваная і пафарбаваная. Дах часткова накрыты дахоўкай, выведзеная вэнтыляцыя і пастаўлены флюгер.

Праектная арганізацыя, адказная за прыстасаваньне замкавых руінаў да сёньняшніх рэаліяў, — Беларускі камітэт ICOMOS. Згодна з будаўнічым пашпартам аб’екта, тэрмін заканчэньня работ пазначаны кастрычнікам 2018 году. Гэта ня тычыцца інтэр’ераў, удакладняе ў размове са Свабодай кіраўнік праектнага бюро Беларускага аддзяленьня ICOMOS Ігар Раханскі. Наступны этап пакуль на стадыі ўзгадненьня зацікаўленымі бакамі.

 «У рамках канцэпцыі, распрацаванай і ўзгодненай у 2008 годзе, прадугледжана некалькі этапаў кансэрвацыі з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй, — тлумачыць экспэрт. — На першым этапе, які пачаўся ў 2013-м, праведзены падрыхтоўчыя работы і расчыстка завалаў. Другі (цяперашні) — цэласная рэстаўрацыя Паўночнай вежы (за аснову ўзяты яе выгляд у 1812 годзе паводле гравюры Альбрэхта Адама) з экспазыцыйнымі канструкцыямі. Тыя канструкцыі пакуль не праглядаюцца, толькі абмяркоўваем мэханізмы з заказчыкам, падрадчыкам. У прыватнасьці, як падняцца на вежу, бо цяпер вакол яе можна толькі хадзіць і любавацца. А ў яе трэба ўдыхнуць жыцьцё».

kamianica3.jpg

kamianica4.jpg

Паводле летапісаў, да 1525 году замак знаходзіўся ва ўладаньні князёў Гальшанскіх, а пасьля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да прадстаўнікоў гэтага роду. Цягам сваёй гісторыі палацавы комплекс шмат разоў разбураўся і перабудоўваўся, што паўплывала на яго выгляд у розных прамежках часу.

Барбары савецкага пэрыяду

kamianica5.jpg

Як адзначаюць дасьледчыкі, замак атрымаў ад сучасьнікаў красамоўную назву «Каменная кветка», але пры гэтым выконваў збольшага транзытныя функцыі — тут прадстаўнікі сям’і спыняліся на шляху да эўрапейскіх сталіц.

Тым ня менш ягоная «другаснасьць» не адбілася на багацьці вонкавага і ўнутранага аздабленьня. Тут была ляпніна на столі і камінах, падлога з тэракотавых плітак, кафляныя печы, якія мелі ў тым ліку дэкаратыўнае значэньне.

Жывапісную калекцыю, унікальную бібліятэку і выставу зброі дапаўняла апошняе слова тагачасных тэхналёгіяў — сыстэма ацяпленьня, водаправод і каналізацыя (ня ўсе гальшанцы могуць пахваліцца іх наяўнасьцю і ў ХХІ стагодзьдзі). Не пашкадавалі сродкаў і на штучныя азёры, дно якіх было выкладзенае дарагой пліткай.

Пасьля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай Сапегі ў Гальшаны больш не наведваліся. «Каменная кветка» пераходзіла з рук у рукі, пакуль канчаткова ня «зьвяла». Пачатак маштабнаму руйнаваньню замка ў канцы ХІХ стагодзьдзя паклаў расейскі памешчык Гарбанёў: падрываў вежы, сьцены ды зарабляў на продажы цэглы мясцоваму люду.

kamianica6.jpg

kamianica7.jpg

Тым ня менш яшчэ да прыходу ў 1939 годзе на заходнія землі Беларусі бальшавікоў у рэштках замка жылі зь дзясятак сем’яў. За саветамі ўсялякі напамін пра буржуазныя замашкі быў вынішчаны, а цэгла-пальчатка сярэднявечных майстроў пайшла на калгасныя патрэбы. Культурны пласт канчаткова зьнік, калі побач збудавалі кароўнік і выкапалі сіласныя ямы.

Падчас панаваньня савецкай улады ў замку разьмяшчалася пчалярская вучэльня. На загад тагачаснага дырэктара кожны вучань павінен быў здабыць 80 цаглін для будоўлі Дома культуры ў Гальшанах. За выкананую справу давалі дадатковы водпуск дадому. Так навучэнцы сваімі рукамі разбуралі шматгадовую гісторыю мястэчка.

kamianica8.jpg

kamianca9.jpg

Удыхнуць жыцьцё ў помнік

Як кажа Ігар Раханскі, за сваю багатую гісторыю замак аброс шматлікімі легендамі і паданьнямі, растыражаванымі ў тым ліку беларускім клясыкам Уладзімерам Караткевічам. Адпаведна, адна з задач рэстаўратараў — адаптаваць помнік пад сучасныя патрэбы, увесьці ў культурны абарот.

Архітэктурна-будаўнічы праект узгоднены і зацьверджаны, чакаем грошай, каб прыступіць да рэалізацыі

«Каб удыхнуць у замак жыцьцё, трэба ўводзіць дадатковыя канструкцыі — пераходы, масткі ды іншыя экспазыцыйныя элемэнты, — працягвае ён. — Архітэктурна-будаўнічы праект узгоднены і зацьверджаны, чакаем грошай, каб прыступіць да рэалізацыі. Аднаўленьне фасаду вежы — тэхнічная частка комплексу работ. Куды больш хвалююць наступныя этапы, зьвязаныя з прыстасаваньнем пад музэйную экспазыцыю. Ня толькі ўстаноўка канструкцый, па якіх будуць хадзіць турысты, але і аднаўленьне фрагмэнтаў інтэр’еру: ляпніна, жывапіс. Праца цікавая і больш адказная. Але пра тое пакуль вядуцца толькі размовы».

Паводле Ігара Раханскага, далей за вежу пляны рэстаўратараў пакуль не сягаюць. Гэта значыць, унікальным скляпеньням, якія ўдалося ўзьняць з-пад зямлі падчас раскопаў на першым этапе, ацалелым мурам ды іншым палацавым фрагмэнтам давядзецца пачакаць больш спрыяльных часоў.

kamianica10.jpg

«Пакуль увага выключна на вежу, хоць спадзяюся, што будуць і наступныя этапы, — падсумоўвае адмысловец. — Зь Міністэрствам культуры, заказчыкам, мясцовымі ўладамі вызначаем чарговасьць. Ня буду таіць, ідуць спрэчкі, барацьба, што мусіць аднаўляцца ў першую чаргу, што можна адкласьці на пазьней і г.д. Як на маю думку, наступным крокам будзе якраз корпус, дзе захаваліся аркі — княскія палаты. Тым ня меней, канчатковых дамоўленасьцяў пакуль няма».

На перакананьне кіраўніка праектнага бюро Беларускага аддзяленьня ICOMOS, для ўсіх гістарычных аб’ектаў павінна быць дакладна вызначана задача: рэстаўрацыя з прыстасаваньнем пад сучаснае прызначэньне. У Гальшанскага замка такой мэты няма. Кансэрвацыя з фрагмэнтарнай рэстаўрацыяй — гэта толькі першы пункт у складаным працэсе сацыяльна-культурнага, навуковага і будаўнічага праектаваньня, удакладняе Ігар Раханскі. Як вынік, нават калі задача-мінімум выкананая, прыходзяць вандалы, раскрадаюць, паляць, ламаюць.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
10 разрушенных белорусских замков, которые стоит посетить этой осенью

Неприступные крепости, укрепленные замки, оборонные храмы – частые войны на территории нашей страны некогда

Статьи
Это круче, чем Pokеmon GO! Публике показали оборонительные сооружения ВКЛ – и на смартфоне в 3D, и отлитые в пластике

В минувшие выходные в шляхетском фольварке Родевичи неподалеку от Гольшанского замка на презентацию проекта собрались

Статьи
Топ-10 белорусских замков и дворцов, где живут привидения

Где живет призрак Боны Сфорца и кого не любит Черная Дама Коссовского дворца, о чем хлопочет призрак Яна Кишки и

Наследие
Руины замка Сапег в Гольшанах

По великолепию внешнего и внутреннего убранства, по цельности архитектурного замысла в ХVII

Самые популярные Самые обсуждаемые