Ru
En Bl

Амерыка, якую Тадэвуш Касцюшка прывёз з сабой

Автор: Елена Верещагина
20.03.2017

То таксама была сярэдзіна сакавіка. 223 гады таму брыгадзір польскага войска Антоні Мадалінскі зладзіў бунт. Ён не скараціў войска, як патрабавалі ўлады, і накіраваў кавалерыйскую брыгаду ў Кракаў. Менавіта з гэтых падзей і пачалося паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.

1.jpgПра тую ваенную кампанію ўжо сказана (і яшчэ будзе сказана) шмат. Зараз мы не будзем разбіраць кожную бітву, высвятляючы, чаму Сувораў перайграў Касцюшку. Але распавядзем пра іншую, ранейшую, вайну беларускага героя – за незалежнасць ЗША.

Як Тадэвуш Касцюшка патрапіў на «чужую вайну» Як стаў нацыянальным героем Злучаных Штатаў? А галоўнае, якія ідэі, ідэалы і ўменні ён прывёз адтуль на радзіму? Разумеючы гэта, мы лепей зразумеем і мясцовую ваенную кампанію Касцюшкі – паўстанне 1794 года пад лозунгам «вольнасць, цэласць, незалежнасць».

  Напярэдадні. Шлях у Паўночную Амерыку

Першы крок у бок паўночнаамерыканскіх берагоў Касцюшка зрабіў яшчэ ў дзевяцігадовым узросце – калі патрапіў у школу каталіцкага ордэна піяраў, што месцілася ў мястэчцы Любешаў (зараз гэта Україна). Па словах старшыні Таварыства беларускай мовы, кандыдата гістарычных навук Алега Трусава, на той момант лепшай адукацыяй другога ўзроўню (першы – хатняе навучанне) у Рэчы Паспалітай была менавіта каталіцкая. І хоць сям’ю Касцюшкі не назавеш заможнай, усё ж яны – гербавая шляхта. Таму якаснае навучанне з фокусам на замежныя мовы было цалкам дасяжнае для маладога Касцюшкі. І зразумела, што вучылі яго людзі с заходнім светапоглядам.  

фота2.jpg

У 1765 годзе дзевятнаццацігадовы Касцюшка трапіў у Варшаўскі кадэцкі корпус. Да матэматыкі, рыторыкі, гісторыі дадаліся новыя дысцыпліны: палітычная эканомія, фехтаванне, тактыка. Кандыдат гістарычных навук і пісьменнік Уладзімір Емельянчык у кнізе «Нарадзіўся я ліцвінам» піша, што дзякуючы выдатным здольнасцям, упартасці і спартанскаму ладу жыцця Касцюшка стаў адным з лепшых кадэтаў. Яшчэ падчас вучобы ён атрымаў пасаду падбрыгадзіра і нават зарабляў грошы.

Прайшло чатыры гады, і Тадэвуш Касцюшка з’ехаў у Францыю, каб вывучыцца на ваеннага інжынера. Уладзімір Емельянчык паведамляе, што паездку аплацілі князь Адам Чартарыйскі і нават сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Па словах Алега Трусава, такі падыход лічыўся дальнабачным. На Францыю ў канцы XVIII ст. арыентавалася амаль уся Еўропа. Але для Рэчы Паспалітай гэта краіна была не проста заканадаўцай разнастайных мод, але і саюзнікам. У 60-ыя гады Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, імкнучыся ўзмацніць дзяржаву, распачаў шэраг рэформаў. Інвестыцыі ў моладзь, якая вернецца з французскіх акадэмій з багажом ведаў, тым больш у ваеннай справе, цалкам упісваліся ў сістэмныя пераўтварэнні караля.

фота3.jpg

Але (вось парадокс!), прыехаўшы ў Варшаву праз пяць год, Касцюшка не змог уладкавацца ў войска. Для яго проста «не знайшлося» афіцэрскай пасады. То бок у сям’і Касцюшкі не знайшлося грошаў, каб гэтую пасаду здабыць. На жаль, рэформы пачаліся дужа позна – Рэч Паспалітая ўжо была наскрозь карумпаванай.

Некаторы час Касцюшка настаўнічаў – вучыў маляванню дачок гетмана ВКЛ. Нават закахаўся ў адну з іх, але ажаніцца не змог – заможны бацька не аддаў дачку за беднага шляхціча. І Касцюшка зноў з’язджае ў Францыю.

Яшчэ студэнтам ён патрапіў у вір тамтэйшай прагрэсіўнай думкі. Уладзімір Емельянчык лічыць, што будучы кіраўнік паўстання дакладна ведаў пра французскіх энцыклапедыстаў і, відавочна, не мог прайсці міма работ Мантэск'ё і Русо.

Але гэтым разам да агульнага «свята асветніцтва” дадалася яшчэ адна яскравая падзея, якая авалодала думкамі многіх і многіх маладых французаў. У Паўночнай Амерыцы пачалася вайна за незалежнасць. 13 брытанскіх калоній узбунтаваліся супраць метраполіі, што ў наэлектрызаванай Францыі ўспрымалася як буржуазная рэвалюцыя.

Французскія ўлады таксама пільна ўглядаліся ў амерыканскі бераг. Класічны прынцып – супраць каго сябраваць будзем – ніколі не забываўся. Каб прыдушыць ненавісную Англію, Францыя вырашыла падтрымаць амерыканскіх бунтаўшчыкоў. Праз акіян у далёкую старонку пацягнуліся французскія добраахвотнікі. Дарэчы, гэты быў выдатны спосаб пазбавіцца ад вальнадумацаў. 

Можа, тады, як кажуць, усё і супала. Заходні светапогляд, уплыў французскага прагрэсіўнага асяроддзя, вера ў ідэалы дэмакратыі, нешчаслівае каханне, вопыт жыцця ў сваёй бязладнай краіне (дзе ўжо адбыўся першы падзел) і нарэшце жаданне прымяніць свае здольнасці і зрабіць вайсковую кар’еру – сума ўсяго пералічанага і магла стаць каталізатарам. Так ці інакш, а Тадэвуш Касцюшка з’ехаў у Паўночную Амерыку.

Герой амерыканскай вайны

У 1760-ыя англійскія калоніі ў Паўночнай Амерыцы адчулі на сабе дужа жорсткую падатковую палітыку метраполіі. Да таго ж дадалася неабходнасць забяспечваць каралеўскіх салдат жыллём ды ежай. Сярод каланістаў пачала спець незадаволенасць, якая аднойчы выбухнула паўстаннем.

фота4.jpg

Аднак мясцовае насельніцтва раздзялілася: буйныя гандляры, звязаныя з Англіяй выгаднымі здзелкамі, засталіся на баку кароны. Фермеры, дробныя камерсанты ды плантатары патрабавалі волі.

Менавіта таму замежная дапамога была неабходная паўстанцам, як паветра – зразумела, што ваяры з фермераў так сабе.

Асабліва шанаваліся спецыялісты ў тактыцы, фартыфікацыі, падрыўной справе. Калі Тадэвуш Касцюшка з яго бліскучай ваеннай адукацыяй далучыўся да паўстанцаў, яго адразу залічылі ў войска ў званні палкоўніка.

Тагачасныя амерыканцы ўспрымалі Касцюшку так, як бы мы зараз успрымалі кваліфікаванага амерыканскага спецыяліста – вось дык гістарычная іронія!

Першым сур’ёзным выпрабаваннем для Касцюшкі стала ўмацаванне ракі Дэлавэр для аховы Філадэльфіі. Палкоўнік выканаў заданне выдатна.

Потым Касцюшка, ужо галоўны інжынер Паўночнай арміі, дапамог разграміць англічан пад Саратогай. І пра яго даведаўся сам Джордж Вашынгтон.

фота5.jpg

Далей былі будаўніцтва вялікай цытадэлі ў Вест-Пойнце і інжынерныя работы ў Паўднёвай арміі. Канец вайны Касцюшка сустрэў у званні брыгаднага генерала. Яго ўзнагародзілі самым высокім баявым ордэнам ЗША – Цынцыната. Ён атрымаў амерыканскае грамадзянства, зямлю і пажыццёвую пенсію. Касцюшка ведаў галоўнакамандуючага Кантынентальнай арміі Вашынгтона і сябраваў з Джэфэрсанам, аўтарам Дэкларацыі незалежнасці. 

фота6.jpgА праз паўвека ў Вашынгтоне яму ўсталявалі помнік.

Але ёсць адзін тонкі момант, пра які мы мусім памятаць. Пры ўсёй самаадданасці каланістаў гэта была не сацыяльная рэвалюцыя. Паўсталі ж не толькі дробныя фермеры, але і заможныя плантатары. Таму лозунг «За свабоду!» гучаў крыху двухсэнсоўна. Многія з тых, хто імкнуўся да волі, самі былі прыгнятальнікамі, бо валодалі рабамі.

Увогуле гэтая амерыканская вайна асвятляецца падчас занадта прымітыўна і ўзнесла. Па словах Алега Трусава, калі ў Амерыцы паўсталі каланісты, туды накіраваліся вельмі розныя людзі – і рамантыкі, каб дапамагчы змагарам за незалежнасць, і прагматыкі, каб зарабіць, і нават тыя, хто проста любіў забіваць без дай прычыны. Для такіх любая вайна – родная маці.

Але наш хлопец, відаць, з першай катэгорыі. Гэта бачна па дакументах, якія час ад часу фіксавалі яго думкі ды ўчынкі. Возьмем, напрыклад, тастамент Касцюшкі. Яго кавалак змешчаны ў кнізе «Нарадзіўся я ліцвінам»: «Я, Тадэвуш Касцюшка (...) гэтым сведчу і пастанаўляю: у выпадку, калі потым я не распараджуся ў маім тастаменце інакш сваёй уласнасцю, што знаходзіцца ў Злучаных Штатах, то даручаю майму сябру Томасу Джэфэрсану цалкам выкарыстаць гэтую маёмасць на выкуп мурынаў, якія належаць яму самому або іншым, на дараванне ім волі ад майго імя, на навучанне іх рамёствам або іншым навукам, на выхаванне ў іх маральных якасцяў, якія дапамогуць ім стаць добрымі суседзямі, добрымі бацькамі і маткамі, мужамі і жонкамі, на выхаванне ў іх сумленнага стаўлення да грамадзянскіх абавязкаў і перадусім да абароны сваёй свабоды, сваёй краіны і добрага грамадскага парадку».

Мурыны – гэта негры. Сваім тастаментам Касцюшка паказаў,  што ён – гуманіст і дэмакрат – апярэджваў свой час. Не толькі на радзіме, якую тады рвалі на часткі суседнія краіны – але і тут, на незалежнай зямлі. Бо вайна,  якая вызваліць чарнаскурых жыхароў, у ЗША была яшчэ наперадзе.

Пасля. На радзіме

Можа, менавіта таму Касцюшка і вырашыў вярнуцца. Свабоды – у самым высокім сэнсе гэтага слова – пакуль што не было нідзе. А настальгія цягнула дамоў.

Мы нават не мяркуем, а добра ведаем і пра вострае пачуццё радзімы, і пра абсалютна ясную самаідэнтыфікацыю Касцюшкі. У кнізе Емельянчыка, якая ўжо згадвалася, працытаваны ліст Касцюшкі да генерала Несялоўскага. Ён быў напісаны пасля таго, як Касцюшку прынялі ў польскае войска. У лісце камандзір брыгады Касцюшка не просіць, а патрабуе, каб яго перавялі ў Вялікае Княства Літоўскае: «Хіба Вы адмаўляецеся ад мяне і лічыце няздольным служыць Вам? Кім жа я з'яўляюся? Хіба ж я не ліцвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? (…)  Калі гэта Вас не кране для ўнясення прапановы пра мяне на Сойме, каб вярнуўся, то я сам буду вымушаны, бачыць Бог, што-небудзь кепскае сабе ўчыніць! Таму што злосць мяне бярэ: каб з Літвы ў Кароне служыў, калі вы не маеце і трох генералаў. Калі вас вешаць на вяроўцы будуць гвалтаўнікі, тады толькі адумаецеся і пра сябе пачняце клапаціцца. (…) Край прыгожы, і ён павінны быць прызначаны для пачцівых і гаспадарлівых ліцвінаў, а не для іх, гультаёў і нядбальцаў».

Але Касцюшка, вярнуўшыся ў Рэч Паспалітую, паказвае сябе не толькі эмацыйным, але і мудрым. Ён прымае Канстытуцыю 3 мая, хаця яна сціскае ліцвінаў. Касцюшка ведае: трэба захаваць краіну, для спрэчак зараз не час.

Другі набытак – ваенны вопыт. Спачатку Касцюшку заўважаюць улады і прымаюць у войска, потым – патрыёты краіны, якія просяць узначаліць паўстанне.

Трэці і галоўны набытак. Зараз Касцюшка разумее, што рокаш – гэта супраціў мінулага. Цяпер прыйшоў час усенароднай барацьбы. У Амерыцы ён пабачыў, што раз’юшаны народ, які змагаецца за сваю зямлю, – гэта вялікая моц, колькі б чалавек не было ў войску.

Касцюшка плануе ўсесаслоўнае паўстанне. Яго фраза «толькі за шляхту змагацца не буду» уваходзіць у гісторыю. Ён вырашае ўзброіць сялян і зменшыць ім паншчыну. Але не можа зараз жа скасаваць прыгон, бо тады ад яго адвернецца шляхта. Ён лавіруе, спрабуе быць палітыкам.

Амерыка, як мы бачым, – добрая настаўніца. Але, па словах Алега Трусава, у вайне за незалежнасць Касцюшка не мог навучыцца двум рэчам. Па-першае, быць палкаводцам. На жаль, ён толькі брыгадны генерал. Па-другое, знаходзіць саюзнікаў. Перад пачаткам паўстання Касцюшка едзе ў Францыю і нават нібыта дамаўляецца аб дапамозе. Але Францыя і сама – пасярод рэвалюцыі. Ёй не да нас.

Але ён не адступае. Вядзецца канспіратыўная праца, збіраецца зброя і правіянт.

фота7.jpg

…24 сакавіка 1794 года Тадэвуш Касцюшка прысягае на вернасць паўстанню за аднаўленне Рэчы Паспалітай…


Читайте также: 

Витольд Бялыницкий-Бируля: я в долгу перед Беларусью

Винцент Дунин-Марцинкевич: ни дат, ни имени, ни прав

От Пешки до наших дней. Сравниваем пейзажи 200-летней давности с современными фото

Купала i Колас. Жыццё (і тое, што пасля яго) поплеч з геніем

Иосиф Лангбард: я сделал для Беларуси все



Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
«Таких красивых памятников вы еще не видели»

Первый памятник Тадеушу Костюшко в Беларуси уже установили в Меречевщине возле музея национального героя Польши и США.

Статьи
Когда откроют памятник Тадеушу Костюшко в Коссово

Ивацевичский райисполком сообщил, что открытие памятника состоится 12 мая в 12 часов на

Статьи
«Касцюшка наш!» Калі ў Марачоўшчыне адкрыюць помнік нацыянальнаму герою Беларусі

Першы ў Беларусі помнік вядомаму ва ўсім свеце змагару за свабоду афіцыйна дастаўлены з Украіны ў Беларусь у дзень

Статьи
Где угодно, но пока не на Родине. Рассматриваем памятники Костюшко – грандиозные и не только

Тадеуша Костюшко часто называют самым известным в мире уроженцем Беларуси, его имя носят острова на Аляске и самая

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые