Ru
En Bl

Чаму занядбаныя крэўскія млыны па-ранейшаму вабяць турыстаў

Автор: Александр Каминский
Ссылка: Рэгіянальная газета
13.09.2018

Ва ўсе часы млынарства было запатрабаванай і прыбытковай справай. Таму народны погалас часта прыпісваў тым, хто гэтым займаўся, вялікія багацці.

Mlyn.jpg

А часам у працы млынара бачылі сувязь з нячыстай сілай, якая дапамагала ахоўваць багацці  і памнажаць іх недзе ў засакрэчаных месцах, далей ад чалавечага вока. Чарадзейства і сувязь з нячысцікамі прыпісваліся яшчэ і таму, што млыны і гаспадаркі тых, хто іх абслугоўваў, звычайна знаходзіліся адасоблена ад паселішча і нават падаваліся ў разнастайных статыстычных даведніках асобным радком.

Легенды і праўда крэўскіх млыноў

Крэўская зямля захоўвае гісторыі, выдуманыя і рэальныя, звязаныя з млынамі і млынарамі. Некалі рускі пісьменнік Міхаіл Зошчанка ў сваім апавяданні «Вікторыя Казіміраўна»  апісаў паляванне салдата Назара Сінябрухава за скарбам крэўскага млынара.

Падчас Першай сусветнай Міхаіл Зошчанка апынуўся ў Крэве. Цяжка сказаць, на праўдзе ці на выдумцы заснаваны змест твора. Магчыма, гэта перапляценне і таго, і іншага. Бо пісьменнік мог дадаваць у прыдуманыя расповеды мясцовых жыхароў карцінкі з рэальнага жыцця.

У апавяданні гутарка ідзе пра скарб, схаваны мясцовым млынаром. У яго падчарку закахаўся рускі салдат Назар Сінябрухаў. Юнак хоча знайсці скарб і прысабечыць. Назар сочыць за млынаром, які ідзе да сваёй схованкі. Але па дарозе да патаемнага месца нямецкая куля забівае старога, і тайнік застаецца нераскрытым.

Вядома, што ў пачатку 20 стагоддзя з’явіўся вадзяны млын у маёнтку Чаркасы пад Крэвам. Млын належаў крэўскаму доктару Мікалаю Крачкоўскаму, які за працай у мясцовай бальніцы знаходзіў час на гаспадарку. Крачкоўскі гадаваў коней, меў шмат ворнай зямлі і сенакосаў. Памёр доктар у 1927 годзе ад грудной жабы.

Пра два крэўскія млыны

У нашай мясцовасці здаўна былі распаўсюджаныя вадзяныя млыны, механізмы якіх рухаліся дзякуючы сіле вады. Такі тып збудаванняў для абмалоту збожжа быў на беларускіх землях у 12-13 стагоддзях. Ветракі ж з’явіліся значна пазней, а ў нашай мясцовасці звестак пра іх існаванне ўвогуле не атрымалася знайсці.

Вадзяныя млыны ставілі па берагах рэк. Каб павысіць іх прадукцыйнасць, перад млынамі ў Крэве стваралі штучныя ставы.

З інвентару Крэўскага староства за 1780 год даведваемся, што за замкам над зарослым ставам стаяў млын на адно кола, пабудаваны з часанага дрэва і пакрыты дранкай. Такі ж млын быў над ставам пры мілэнкаўскай дарозе.

Звесткі пра першы, што быў размешчаны бліжэй да замка, знаходзім таксама ў дакуменце за 1827 год, які мае назву «Справа аб складанні планаў і фасадаў старажытных будынкаў па Віленскай губерні і па Вільні». Гэты млын са ставам адлюстраваны на малюнку і ў плане, што прыкладаўся да дакумента. У наш час на месцы, дзе стаяў млын, студэнты-валанцёры з Мінска ўсталявалі інфармацыйны стэнд.

З двух крэўскіх млыноў да нас дайшоў толькі адзін, калі не лічыць таго, што быў пабудаваны ў недалёкіх ад Крэва Чаркасах. Належаў ён Барунскаму аддзяленню Віленскага Свята-Духава манастыра і знаходзіўся ў паўднёвай частцы Крэва, ва ўрочышчы, якое мела назву Лукі.

Засталіся толькі ставы і падмуркі

У Першую сусветную, калі Крэўская воласць была раздзёртая лініяй фронту, многія млыны былі пашкоджаныя, а некаторыя – ушчэнт разбураныя. З дакумента, які захоўваецца ў Маладзечанскім занальным дзяржаўным архіве і мае назву «Спіс водных млыноў, якія былі знішчаныя ў час сусветнай вайны ў Ашмянскім павеце», даведваемся, што ў Крэўскай гміне былі разбураныя тры млыны: у Крэве, Чаркасах і Багданаўцы. Ад першага застаўся толькі стаў, ад двух іншых – падмуркі.

У пасляваенны час млын у Чаркасах быў адбудаваны гаспадаром наноў. Крэва ж набыло зусім іншае збудаванне для абмалоту збожжа, нашмат большае па памерах, з больш сучасным абсталяваннем і ў новым месцы – ля падножжа Юравай гары. Прынцып яго працы быў ужо зусім не такі, як раней.

Млын, на якім пілавалі дошкі

Паравы млын пабудавалі ў Крэве пасля Першай сусветнай вайны ля Юравай гары. Гаспадаром яго быў яўрэй Гурвіч. На млыне стаяў швейцарскі паравы рухавік. За год тут выпускалі больш за шэсць тысяч цэнтнераў мукі.

mlyn3.jpg

mlyn 2.jpg

Магутнасць рухавіка дазваляла не толькі малоць муку і вырабляць крупы, але і пілаваць дошкі, валіць воўну, выпрацоўваць электраэнергію. Такі млын быў вельмі запатрабаваны сярод жыхароў Крэва і ваколіц.

Крэўскі млын працаваў яшчэ некалькі гадоў пасля Другой сусветнай. Потым яго зачынілі. Апусцелы будынак прастаяў да 1970-х гадоў, пакуль яго не разабралі.

Зачынілі і разбурылі млыны ў Чаркасах і Мілэйкаве. Рэшткі першага і сёння захапляюць сваім маляўнічым выглядам.

Ад крэўскага млына да нашых дзён захавалася толькі задняя мураваная частка, ужо таксама даволі занядбаная. Але і яна прыцягвае ўвагу турыстаў , якія прыходзяць да Юравай гары.

mlyn4.jpg

А магло ж быць, каб ішлі менавіта да млына. Але ён, як і многія іншыя крэўскія помнікі, застаўся ў мінулым.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Топ-6 мест в Беларуси, куда редко доезжают туристы. А зря!

Экскурсии по Беларуси для многих ограничиваются стандартным маршрутом «Мир-Несвиж-Брестская крепость». Это важные и

Статьи
Крутится-вертится. Какими были белорусские мельницы?

В старину мельницы встречались практически в любом белорусском местечке. Сюда всегда стекались потоки людей, чтобы

Статьи
Живописные руины. 10 разрушенных белорусских замков, которые стоит посетить

Неприступные крепости, укрепленные замки, оборонные храмы – частые войны на территории нашей страны некогда определили

Самые популярные Самые обсуждаемые