Ru
En Bl

Што было ў Крэўскім замку

Автор: Аляксандр Камінскі
Ссылка: Рэгіянальная газета
23.04.2018

На трэцім паверсе – пакоі, на першым – турма: што высветлілася падчас даследавання Крэўскага замка ў 1970-1980-х гадах 

Ва ўмовах савецкай рэчаіснасці Крэўскі замак, як і многія іншыя помнікі даўніны, доўгі час заставаўся амаль нікому не патрэбным аб’ектам, які нагадваў «часы панавання эксплуататарскіх класаў».

Адносіны да гэтага гістарычнага помніка з боку тагачаснага чынавенства добра характарызуе адпіска старшыні выканкама Гродзенскага абласнога Савета на зварот мясцовага рупліўцы за захаванне гістарычнай спадчыны Пятра Грынкевіча. Грынкевіч заклікаў звярнуць увагу на помнік і прыняць захады па яго ахове і ратаванню.

У сваім адказе, дадзеным 9 красавіка 1963 года, абласны чыноўнік заяўляе, што замак «не ўяўляе сабой архітэктурнай і гістарычнай каштоўнасці, каб затрачваць сродкі на яго аднаўленне».

І ўсё ж многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі разумелі значнасць помніка для айчыннай гісторыі і культуры. У 1970 годзе Інстытут гісторыі АН БССР накіраваў у Крэва навуковую экспедыцыю на чале з Міхасём Ткачовым – археолагам, доктарам гістарычных навук, прафесарам. Мэтай экспедыцыі быў пачатак усебаковага вывучэння старажытнага замка.

Не адтуліна для вады, а запасны выхад

Ужо тады даследчык знайшоў рэшткі брукаванага машчэння ад уязной брамы ў паўночнай сцяне да малой вежы, а таксама фрагменты архітэктурна-дэкаратыўнай і будаўнічай керамікі. Гэтыя знаходкі дазволілі зрабіць пэўныя высновы пра асаблівасці вонкавага і ўнутранага аблічча збудавання.

krevo1.jpg

Фота: Ігар Чарняўскі

Дзякуючы сваёй працы даследчыкі змаглі пацвердзіць гіпотэзы папярэднікаў пра функцыі замка ў мінулым, а таксама прагучалі некаторыя новыя меркаванні. Напрыклад Міхась Ткачоў выказаў думку пра тое, што невялікая адтуліна ў ніжняй частцы заходняй сцяны была праробленая не для спуску ці выпуску вады, як лічылі многія, а служыла запасным выхадам.

Даследчык таксама звярнуў увагу на тое, што ў некаторых апублікаваных працах і спробах рэканструкцыі замка бункер, пабудаваны немцамі падчас Першай сусветнай вайны пры паўднёвай сцяне, памылкова выдаюць за яшчэ адну старажытную вежу. Выкарыстаныя пры ўзвядзенні гэтай канструкцыі жалезабетон і цэментавы раствор замест вапнавага абвяргаюць меркаванні аб старажытнасці пабудовы.

Вежы пабудавалі пасля ўзвядзення замкавых муроў

Свае даследаванні Міхась Ткачоў працягнуў у 1985 годзе. Тады ў ходзе раскопак у паўночна-заходняй частцы дзядзінца знайшлі рэшткі драўляных жылых гаспадарчых пабудоў, фрагменты кафлі, бытавой керамікі і металічных вырабаў розных часоў. Праведзеныя працы дазволілі пацвердзіць меркаванне Стасіса Абрамаўкаса і іншых літоўскіх даследчыкаў пра тое, што замак узвялі ў XIII стагоддзі.

Крыху пазней у 1988 і 1989 гадах раскопкі ў Крэўскім замку працягнуліся. Кіраваў імі навуковец Ігар Чарняўскі. Важным для магчымай рэканструкцыі замка стала выяўленне на дзядзінцы на адлегласці 15 метраў у паўднёва-заходнім накірунку ад уваходу рэшткаў мураванага будынка. Яго будаўнічыя асаблівасці і знойдзеныя фрагменты керамікі XIV стагоддзя дазволілі меркаваць, што будынак узводзілі блізка па часе з самімі сценамі і вежамі.

krevo2.jpg

Фота: Ігар Чарняўскі

Вучоныя ўстанавілі, што абедзве замкавыя вежы пабудавалі ўжо пасля ўзвядзення замкавых муроў. Першапачаткова замак задумваўся толькі з мэтай абароны. Калі з’явіліся вежы, ён не толькі павялічыў свае абарончыя магчымасці. Пасля таго як у Княжацкай вежы з’явіліся жылыя памяшканні, замак набыў функцыі крэпасці, якая прызначалася для абароны і жылля. Пра наяўнасць жылых памяшканняў на трэцім і чацвертым паверхах сведчаць не толькі заўважаныя раней прыкметы ў выглядзе ўпрыгажэнняў і шырэйшых вокнаў, але і рэшткі знойдзеных там печаў і камінаў.

Пацвердзілі ранейшую гіпотэзу пра тое, што ў вежу можна было трапіць праз дзвярны праём, які знаходзіўся на ўзроўні трэцяга паверха з боку баявой галерэі заходняй сцяны замка. У турму на першым паверсе вежы вёў пераход, размешчаны ў тоўшчы паўночнай і ўсходняй сцен.

Збудаванне неаднойчы аднаўлялі. У ходзе аднаго з узнаўленняў на мяжы 20-30-х гадоў XV стагоддзя па цэнтры вежы ўзвялі крыжападобны слуп, на які абапіраліся скляпенні, што раздзялялі памяшканні другога і вышэйшых паверхаў. Першапачатковыя перакрыцці паверхаў рабілі з дошак па брусах, ад якіх у сценах захаваліся прамавугольныя адтуліны. Некалькі разоў паднаўляліся роспісы сцен.

krevo3.jpg

Фота: Ігар Чарняўскі

Вызначылі два асноўныя этапы разбурэння замка. Яны прыпадаюць на другую палову XVII стагоддзя, пасля чаго замак ужо не аднаўляўся, і на перыяд Першай сусветнай вайны.

Даследаванні ў 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя абудзілі цікавасць суайчыннікаў да Крэўскага замка. Менавіта ў гэты час з’яўляецца шмат публікацый пра Крэва і яго помнікі, а таксама навуковыя і мастацкія творы.

krevo4.jpg



Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
10 разрушенных белорусских замков, которые стоит посетить этой осенью

Неприступные крепости, укрепленные замки, оборонные храмы – частые войны на территории нашей страны некогда

Статьи
Успеем ли мы собрать камни или Кревский замок исчезнет навсегда?

Трудно поверить в то, что когда-то Беларусь называли страной замков. В старину путешественники могли запросто

Самые популярные Самые обсуждаемые