Ru
En Bl

Новы Амстэрдам. Як Мiнск быў сэксуальнай сталiцай iмперыi

17.07.2016

У жнiўнi 1914 года Расiйская імперыя ўступіла ў Першую сусветную вайну. Праз Мiнск – буйны транспартны вузел – рушылі ў бок фронту, які праходзіў тады яшчэ далёка на захадзе, за Варшавай, тысячы вайскоўцаў. У імгненне вока Мiнск стаў горадам «у мундзіры», i таму, зразумела, хутка на бляск эпалетаў зляцелiся зграйкі «начных матылькоў» – не толькi тутэйшых, але нават з Украіны i Польшчы. Яшчэ нядаўна цiхi i прыстойны губернскi цэнтр раптам ператварыўся ў сталiцу распусты…

dom-terpimosti.jpg

Паводле тагачасных ацэнак, «найстаражытным рамяством» у Мiнску ўвосень 1914-га займаліся каля дзвюх тысяч жанчын (а гэта два адсотка насельніцтва горада!). Многiя з iх былi зарэгiстраванымi, бо з 1891 года, калi гарадская дума прыняла пастанову «Аб санітарным наглядзе за прастытуцыяй», тут вёўся строгі ўрачэбна-паліцэйскі кантроль сэксуальнай сферы паслуг.

Самыя буйныя мiнскiя «маліны» расцвілі ў раёне Татарскага i Ракаўскага прадмесцяў, а найвялікшая колькасць дамоў цярпімасці знаходзiлася на Нова-Чырвонай вулiцы (зараз Максiма Танка).

novo-krasnaya.JPG

Сама гэтая назва наўпрост звязвалася з новымі жыхаркамі драўляных хат пад чырвонымі ліхтарамі – увечары iх абавязкова запальвалі над уваходам, каб было «як ў еўропах». Аднак у адрозненне ад Амстэрдама ды iшных заходнiх цэнтраў распусты, вокны мiнскiх публічных дамоў не асвятляліся як вітрыны, а наадварот, былi завешаны шчыльнымі фіранкамі i нанач зачыняліся стаўнямі.

vokny.jpg

Па словах вядомага знаўцы гiсторыi Мiнска Захара Шыбекi, другiм (i больш старажытным) эпiцэнтрам прастытуцыi ў горадзе была Ляхаўка – раён сучасных вулiц Кастрычнiцкай i Ульянаўскай. Дарэчы, апошняя мела недвухсэнсоўную назву Вясёлая, i на ёй з той пары захавалася пяць рознакаляровых двухпавярховiкаў, у якiх гетэры чакалi маладых aфiцэраў раскватараваных побач, на Кашарскай (Чырвонаармейскай), палкоў. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны гэтыя будынкi хацелi надбудаваць яшчэ на 2-3 паверхi, але не дазволiў мiнiстр дзяржбяспекi БССР Лаўрэнцiй Цанава, якi паклаў вока на суседнi пагорак, дзе збіраўся ўзвесці для сябе рэзідэнцыю з даляглядамi ва ўсе бакi.

veselaya.JPG

Аднак вернемся ў часы Першай сусветнай. Калi напачатку мiнскай сэксуальнай рэвалюцыi правiлы ўзаемаадносiн жрыц кахання з грамадскасцю былi больш-менш акрэсленымi (кожная з дзяўчын мусiла мець спецыяльны пашпарт – чырвоную кнiжыцу, у якой адзначалiся рэзультаты штотыднёвых медаглядаў пры санiтарным камiтэце, што месцiўся ў Татарскiм завулку, на задворках сучаснага кiнатэатра «Масква»), то з цягам часу ўзровень сэрвiсу ў тутэйшых прытонах рэзка ўпаў.

У першай палове 1916 года ўрачэбны інспектар Уварцоў дакладаў у вайскова-санітарную камісію, што мiнскiя дамы цярпімасці ператварыліся ў прытулкi цёмных асобаў з продажам гарэлкі і абіраннем наведвальнікаў, што горад лiтаральна кішыць прастытуткамі, i наўрад ці ёсць месца ў Расійскай імперыi, якое ў гэтых адносінах магло б канкураваць з Мінскам. «Прагрэсуюць венерычныя захворванні, кабінеты лекараў перапоўненыя», – канстатаваў інспектар.

0_f370b_7fdcbf34.jpg

Яшчэ праз два гады праблема толькi пагоршылася. У лютым 1918-га газета «Звязда» пiсала наконт сiтуацыi на Нова-Чырвонай вулiцы: «Становішча прастытутак настолькі кепскае, што многія з іх не маюць нават ніжняй бялізны. Бруд неверагодны». Тым не менш самыя заходнiя кварталы тагачаснага Мiнска, пасля якiх былi толькi шлях на вайну, акопы i, магчыма, смерць, прываблiвалi жаўнераў – часцяком усе свае зберажэнні яны пакiдалi ў мiнскiх шынках i бардэлях, што працавалi без перапынкаў i выхадных (хоць яшчэ ў цнатлiвым пачатку ХХ стагоддзя закрывалiся ў нядзелю, на Каляды і ў дні паста).

Тым часам мiнскiя багацеі i чыноўніцтва бавіліся больш па лазнях i рэстарацыях, якiя мелi асобныя пакойчыкi для сустрэч з мамзэлямi.

13689882_1104065596321752_n.jpg

Бадай што самым вядомым з тых месцаў быў клуб-рэстаран «Акварыум», якi знаходзiўся прыкладна на тым лапiку зямлi на Кастрычнiцкай плошчы, дзе яшчэ нядаўна стаяў музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны. Акрамя традыцыйных уцех, тут прапаноўвалi зусім новую па тых часах забаву – прагляд жывых рухомых фатаграфій амерыканскага электрабiяскопа, прасцей кажучы, порнасеанс. Залiшне казаць, што i ў «Акварыуме», i ў iншых прэстыжных харчэўнях падавалi модныя тады ў Еўропе какаiнавае вiно i настойку опіуму – так бы мовiць, у медыцынскіх мэтах. Але самым хадавым таварам быў мясцовы спiрт «Раковщикъ», якi, паводле рэкламы таго часу, дзейнічаў мацней за морфій.

akvarium.jpg

На мапе сучаснага Мiнска месцаў, дзе сто гадоў таму вiравалi «начныя матылькi», амаль не захавалася – хiба што лiчыць такiмi адноўленыя гатэлi «Еўропа» i «Гарнi». Апошнi насамрэч – гэта былая гасцiнiца Беркi Суцiна, старая ж «Гарнi» стаяла на месцы помнiка Дзяржынскаму перад гмахам КДБ, i з яе пачыналася дарэвалюцыйная «стомятроўка» – ад Багадзельнай (зараз Камсамольскай) вулiцы да Губернатарскай (Ленiна).

zakharevskaya.jpg

Тут ззялi агнямi гасцiнiцы «Адэса» з шыкоўным рэстаранам «Мядзведзь», «Стара-Берлiн» i «Нова-Маскоўская», «Вена» i «Раяль». Газета «Северо-Западный край» абуралася, што па Захар'еўскай вуліцы (сучасны праспект Незалежнасцi) «публічныя жанчыны цэлымі натоўпамі шпацыруюць штодня да трох гадзін ночы, дазваляючы сабе пры гэтым звяртацца да мінакоў з нахабнымі словамі і прапановамі». Многiя з тутэйшых куртызанак былi прапісаны гэтуль жа, пры гатэлях, бо проста не мелi iншага месца жыхарства.

I ўсё ж адзiн з верагодных дарэвалюцыйных прытонаў збярогся на вулiцы Мяснiкова, 38.

ex-bordel.jpg

Паводле легенды, калi ў жнiўнi 1920 года прастытуцыю ў Мiнску «канчаткова і незваротна» забаранiлi намаганнямi чырвонага камiсара, чыiм імем цяпер якраз названа вуліца, у трохпавярховым будынку з чырвонай цэглы чырвоныя лiхтары памянялi на чырвоныя ж сцягi – сюды заехалі чэкісты. Крыху пазней іх змянілі прадстаўнікі другой найстаражытнай прафесіі: тут адкрыўся факультэт журналiстыкi БДУ.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.
Самые популярные Самые обсуждаемые