Ru
En Bl

Ратуйся хто можа! Чаму Беларусь стала еўрапейскімі Бермудамi

Автор: Ціна Турава
10.08.2017

Пра слынны Бермудскi трохкутнiк – раён у Атлантычным акiяне, дзе час ад часу нiбы знiкаюць марскiя i паветраныя судны, чуў пэўна кожны. А на процiлеглым баку зямнога шара, у цэнтры Старога Свету, ёсць iншая, пакуль не вельмi вывучаная анамальная зона, у якой гiнулi не тое што транспартныя сродкi – цэлыя дзяржавы i нават звышдзяржавы-iмперыi.

На працягу амаль усёй нацыянальнай гiсторыi беларускiя землi – гэты ласы кавалак Еўропы – спрабавалi загрэбці i ўсходнiя, i заходнiя суседзi. А iншы раз захопнiкi прыходзiлi аж з-за дзясятай гары, марачы заняволіць наш край. Тыя ж татара-манголы, няйнакш, здалёк iшлi, каб перасекчы мяжу Вялiкага княства Лiтоўскага i… першымi наступiць на беларускiя «граблi». Дасюль беспакараныя, няпрошаныя госцi хутка надакучылi сваiмi раптоўнымi набегамi нашаму вялiкаму князю Альгерду, якi падпільнаваў татар ля рэчкi Сiнiя Воды i ўсыпаў iм перцу. Перамога каля Сiнiх Водаў стала першым трыўмфам над ардынцамi ва Усходняй Еўропе.

bitvanasinihvodah.JPG

Другая «непераможная» армiя – тэўтонскiх (нямецкiх) рыцараў, што на працягу двух стагоддзяў спусташала ўсходнеславянскiя землi, таксама не на жарт стамiла нашых продкаў i ў вынiку была дашчэнту разбiта беларуска-польскiм войскам у бiтве пад Грунвальдам. Тэўтонскi ордэн, якi яшчэ ранiцай 15 лiпеня 1410 года дэ-факта быў адной з магутнейшых iмперый, увечары стаў амаль што нiчым, яшчэ больш – над iм навiсла пагроза поўнага знiкнення з палiтычнай карты. Параза ордэна на Грунвальдскiм полi не толькi зрабiла лiцвiнаў-беларусаў нацыяй, з якой трэба лічыцца, але без перабольшання вызначыла лёс усёй Еўропы на шмат стагоддзяў наперад.

grunvald.jpg

Напалеон, безумоўна, быў ваенны генiй, але i ён трапiў у беларускую «пастку». 16 лiпеня 1812 года Банапарт трыўмфальна ўехаў у Вiцебск, дзе вырашыў спынiцца на зiму. Згодна паданню, увайшоўшы ў падрыхтаваны для яго палац, Напалеон адшпiлiў шаблю, кiнуў яе на стол i абвясцiў: «Першая кампанiя ў Расii закончаная!» Аднак праз некалькi тыдняў iмператар засумаваў, а можа, тутэйшы клiмат, згубны для рознага капылу iмперый, паспрыяў таму, але ўжо на пачатку жнiўня французы iзноў рушылi на ўсход… Чым скончыўся гэты паход, ведае кожны шкаляр. Кажуць, пакiдаючы Маскву, Напалеон у роспачы ўсклiкнуў: «Ах, д’ябал, трэба было мне застацца ў Вiцебску!»

napoleon2.jpg

Але Банапарт быў далёка не адзiным, хто пашкадаваў аб тым, што адбылося, – з iм былi салiдарныя тысячы патрыётаў Рэчы Паспалiтай, якiя звязвалi з Напалеонам надзеi на вызваленне сваёй некалi магутнай краiны з-пад расійскага прыгнёту. Дваццаццю гадамi раней дзяржава (дарэчы, на той час другая па плошчы ў Еўропе) была падзелена памiж Аўстрыяй, Прусiяй i Расiяй. Фактычна лёс Рэчы Паспалiтай быў прадвызначаны ў Магiлёве ў траўнi 1780 года, падчас сустрэчы ўладара Аўстрыйскай iмперыi Iосiфа II i рускай iмператрыцы Кацярыны II. Менавiта тады манархi заключылi дамову аб падзеле сфер уплыву на польскiх i беларускiх землях, якая і была педантычна выканана пазней. Праз 15 год у гродзенскiм Новым замку апошнi кароль Рэчы Паспалiтай Станiслаў Аўгуст Панятоўскi выракся сваёй кароны.

раздел речи посполитой.jpg

Стагоддзе з нечым – i зноў Магiлёў стаў адным з цэнтраў тых падзей, што спадарожнічалі крушэнню іншай імперыi, гэтым разам ужо Расiйскай. Пакінуўшы Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандавання, што размяшчалася ў беларускiм горадзе, 2 сакавiка 1917 года цар Мiкалай II быў вымушаны падпiсаць адрачэнне ад трона наўпрост у чыгуначным вагоне і… яшчэ раз вярнуцца ў Магiлёў, каб развітацца з генераламі Стаўкі.

николай второй.jpg

А праз паўгода ў Магiлёве пачаўся так званы Карнiлаўскi мяцеж, мэтай якога быў арышт Часовага ўраду, але неўзабаве сам генерал Карнiлаў з паплечнiкамi апынуўся ў Быхаўскай турме.

Цікава, што «бацькi» камунiстычных iдэй, якiя згубiлi Расiйскую iмперыю, маюць, як высветлiлася, і беларускiя каранi. Так, продкi Уладзiмiра Ленiна па матчынай лiнii былi родам з нашага Брэста. Таксама на Брэстчыне ў начатку ХVII стагоддзя служыў равiнам адзiн з прапрадзедаў Карла Маркса, а звалi яго Мэер Кацанэленбоген. I, напэўна, не выпадкова не ў сiбiрскай глушы або фiнскiх балотах, а ў непрыкметным драўляным дамку на ўскраiне Мiнска ў 1898 годзе пад выглядам святкавання дня народзiнаў адбыўся першы з’езд Расiйскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыi – РСДРП – прамацi кампартыi, якой было наканавана адыграць маштабнейшую ролю ў ХХ стагоддзi.

рсдрп.jpg

У Беларусi, дзе быў зачаты камунiстычны калос, гiсторыя непарушнай савецкай iмперыi i скончылася. У 1991 годзе кiраўнiкi Беларусi, Расii i Украiны сабралiся на паляванне ў Белавежскай пушчы. Гэтым разам iх «здабычай» стаў Савецкi Саюз, cкон якога быў дакументальна зафiксаваны ў Вiскулях – урадавай рэзiдэнцыi на самым высокiм узгорку пушчы...

вискули.jpg

Наогул Беларусь, дзе не аднойчы ставiлася кропка ў гiсторыi iмперый, дзе нараджалiся ўпартыя змагары – ад Касцюшкi да Дзяржынскага, можна параўнаць з эпiцэнтрам урагану, у якiм не дзьмуць вятры i пануе абсалютны спакой, тады як наўкол iмклiва рухаюцца магутныя плынi паветра. Вучоныя называюць гэтую з’яву «вокам тайфуна», а мы скажам проста – Беларускi трохкутнiк.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!» 10 самых цікавых выяў герба «Пагоня»

У 2017 годзе споўнілася 10 гадоў з таго часу, як Урад Беларусі надаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай

Статьи
Чем стала битва на Березине для белорусов?

26 ноября 2017 года на Брилевском поле под Борисовом воссоздали события, которые происходили здесь ровно 205 лет

Статьи
Брамы неўміручасці. 10 самых интересных ворот стародавней Беларуси

Легендарные и никем из ныне живущих не виденные, выдуманные и реальные, ставшие свидетелями триумфов и поражений, чудом

Статьи
Военная история разных эпох: что нужно знать о дотах и фортах Беларуси?

Военная история Беларуси не ограничивается музейными экспозициями. Ее следы повсюду в виде памятников, братских могил,

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые