Ru
En Bl

Таямніцы пажару старажытнай драўлянай царквы пад Баранавічамі

Автор: Сяргей Саланкевіч
Фото: автора
Ссылка: Intex-press
29.08.2018

Сёння мала хто ведае, што калісьці на могілках каля скрыжавання шашы Мінск – Баранавічы з дарогай да Навагрудка стаяла царква. Храм адносіўся да колішняй вёскі Вялікая Каўпеніца. Нічым адметным помнік народнага дойлідства канца XVIII стагоддзя не вызначаўся, а бліжэй да Алімпійскіх гульняў 1980 года ў Маскве і ўвогуле згарэў. Але той пажар 40-гадовай даўнасці і да гэтых дзён мясцовыя жыхары лічаць загадкавым і зусім не выпадковым.

«Да вайны каля царквы ладзілі фэсты, а людзі збіраліся з усіх ваколіц»

Царква, якая знаходзілася паміж дзвюма Каўпеніцамі – Малой і Вялікай, не дажыла да свайго 200-годдзя некалькі гадоў. Храм, які пабудавалі ў 1781 годзе, застаў яшчэ часы Рэчы Паспалітай, яе апошнія гады і падзелы. Нягледзячы на тое, што пік барацьбы з рэлігіяй у Савецкім Саюзе быў пройдзены, і ў Вялікай, і ў Малой Каўпеніцы дагэтуль лічаць, што мясцовыя ўлады маюць непасрэднае дачыненне да знішчэння храма…

Свята-Іаана-Прадцечанская царква ўзводзілася на сродкі Віленскага рымска-каталіцкага духавенства. Каля храма мелася і званіца. Сёння, дзякуючы намаганням зацікаўленых асобаў, вядомыя нават імёны святароў царквы за пэўныя перыяды.

Паступова каля царквы пачалі хаваць людзей, а дворык пры храме ператварыўся ў цвінтар. Трэба адзначыць, што ў культавую пабудову ў Каўпеніцы нярэдка завітвалі і жыхары Баранавіч. Аб гэтым сведчыць протадыякан Андрэй Гарбуноў у сваёй кнізе «Гісторыя праваслаўных храмаў горада Баранавічы». Ён спасылаецца на заключэнне камісіі па справе аб увядзенні Гарадавога палажэння 1892 года, якое датуецца 1903 годам. У палажэнні адзначаецца, што ў Баранавічах не было ні патрэбнага храма, ні могілак, і пазней нябожчыкаў з мястэчка хавалі ўжо таксама тут.

У 1913 годзе царкву асвяцілі ў гонар раства Іаана Прадцечы (ці Яна Хрысціцеля). У той жа год храм капітальна адрамантавалі.

Вядома, што ў 60-я гады мінулага стагоддзя ў царкве спынілі набажэнствы, а сам храм канчаткова закрылі. Мясцовыя старажылы памятаюць і могуць распавесці пра тыя гады, калі царква яшчэ функцыянавала.

Жыхарка былой Вялікай Каўпеніцы і сённяшняй Вялікакаўпеніцкай вуліцы Яўгенія Ляйко, якой зараз 93 гады, прыгадвае, як калісьці каля царквы ладзілі фэсты:

– Заўсёды на свята Яна Хрысціцеля каля царквы збіралася шмат людзей. Не памятаю дакладна, калі, але, здаецца, гэта здзяйснялася 6 ці 7 ліпеня. Было вельмі цікава, адбываўся гандаль. А на кірмаш людзі збіраліся з усіх ваколіц, з Баранавіч таксама. У царкве ішлі набажэнствы. Ды і ўвогуле прыход жа тут быў вялікі.

carkva1.jpg

У сваіх успамінах Яўгенія Альбінаўна ўзгадвае і званіцу, што знаходзілася каля царквы:

– На Яна Купалу ці Вялікдзень званілі цэлы дзень. Але гэта ўсё адбывалася яшчэ да вайны. Шмат чаго ўжо пазабывалася, хоць памятаю, як пасля вайны з нашай царквы некаторыя іконы мы адпраўлялі ў сталовіцкі храм. Гэтым займаліся я і супрацоўніца ЗАГСа.

Яўгенія Альбінаўна кажа, што дамоў, якія зараз стаяць каля могілак, раней не было: «Іх будавалі пазней там, дзе было царкоўнае поле».

kaupenica.jpg

У царкве ладзілі танцы і бадзяўся кожны, хто хацеў

У апошнія гады свайго існавання храм быў у занядбаным стане. Аб гэтым кажа і мая суразмоўца Яўгенія Ляйко. Набажэнстваў не было, царква стаяла замкнёная, пакуль нехта не зламаў дзверы:

– Моладзь у царкве пачала ладзіць вечарыны, там адбываліся танцы і розныя непрыстойнасці. Так усё і ішло, пакуль царква не згарэла. Пажар пачаўся пасля абеду, бліжэй да вечара. З-за чаго – ніхто дакладна не ведае. Спалілі, ды і ўсё. Не пускалі, не дазвалялі нават тушыць гэтую царкву. Можа, баяліся, што пойдзе далей гарэць. Міліцыя не з’ехала, пакуль усё не дагарэла і людзі не разышліся.

carkva2.jpg

Віктар Астрога, які жыве таксама на Каўпеніцкай вуліцы, добра памятае і саму царкву, і той самы дзень, калі яна згарэла. Кажа, што тады вучыўся ў школе. У яго сваё меркаванне наконт пажару:

– Здаецца, быў 78-мы ці 79-ты год. Гэта адбылося тады, калі з’явіўся загад рэстаўраваць царкву. І яна адразу згарэла, а раней нікому не была патрэбная, стаяла ды стаяла сабе. Ніякай службы не вялося. Але дзверы ж выламалі, бадзяліся ўсе, хто хацеў. Пажар быў бачны здалёк. За 15 метраў ад храма нават дрэвы згарэлі. Памятаю, што пажарныя нічога не тушылі. Мы ж усе бачылі гэта. Мусіць, таму мясцовыя і думалі, што царкву спалілі спецыяльна. Хто гэта ўчыніў? А хто яго ведае, ва ўлады трэба пытаць. Бо тады меркавалі, што гэта менавіта ўлада арганізавала падпал. Лягчэй спаліць, чым рэстаўраваць.

carkva3.jpg

Чаму ж палаючую царкву ніхто не тушыў?

Жыхары Малой Каўпеніцы таксама памятаюць той пажар. Ад могілак, дзе раней стаяла царква, да вёскі вельмі блізка – храм на горцы быў бачны з большасці падворкаў.

Ганна Ліхач, гаспадыня адной з сядзіб, ахвотна падзялілася сваімі ўспамінамі:

– Царква, канечне, была прыгожая, старая. Казалі, што адбудавалі з дрэва без адзінага цвіка. Памятаю яе з дзяцінства, як мы туды з бабуляй хадзілі. Потым, калі вучылася ў школе, таксама наведвала, але тады ўжо быў іншы час. Нас ганялі, настаўнікі дзяжурылі на ўваходзе, каб угледзець, хто з вучняў у царкву ходзіць. Мне тады было гадоў дванаццаць. Іду з мамай на ўсяночную перад Вялікаднем і баюся. Калі настаўнік зловіць, то ўсё: потым пачнуць перад усімі ў школе выгаворваць. Ганялі, ды яшчэ як!

У сваёй гісторыі Ганна Фёдараўна кранае і пытанне занядбанасці царквы:

– Сама не бачыла танцаў у царкве, але аб гэтым людзі казалі. Я працавала ў горадзе, па вечарах ішла дадому, у вёску. Шлях заўсёды вёў каля царквы, дык праходзіць каля яе было крыху страшна. Бязладдзе там, канечне, было. Памятаю, што згарэў храм прыкладна перад Алімпіядай у Маскве. Спалілі яго, так і пішыце! У дзень пажару я была на працы. Але полымя бачыла з горада, бо царква ж стаяла на пагорку. Думала, што ж там такое гарыць. Пачала шукаць месца, каб дзе-небудзь падняцца вышэй, паглядзець, а мне адзін працоўны кажа: «Не хвалюйся ты. Гэта не Каўпеніца твая гарыць, а царква». Ведаю, што агонь ніхто не тушыў. Гаварылі, быццам нікога не пускалі.

carkva4.jpg

Ганна Ліхач дадае:

– Распавядалі, што адзін з мясцовых (не памятаю прозвішча) ламаў і зварочваў у царкве штосьці насмешліва кажучы: «Няхай мяне Бог пакарае». А праз нейкі час забіўся, едучы на матацыкле. Чула такое, але не ведаю, праўда ці не.

Потым пачалі хаваць людзей на месцы царквы. А цяпер увогуле там нічога не знайсці, адны магілы, падсумоўвае Ганна Фёдараўна.

carkva5.jpg

У пошуках цікавых фактаў, інфармацыі аб апошніх гадах каўпеніцкай царквы і тым дні, калі яна згарэла, давялося пагутарыць з шэрагам мясцовых жыхароў. Амаль усе яны звярталі ўвагу на адны і тыя ж моманты.

Па-першае, занядбаны стан царквы, выламаныя дзверы, танцы і надпісы на сценах. Па-другое, кажуць пра нейкі загад аб рэстаўрацыі і раптоўны пажар ў перыяд 1978–79 гадоў.

Трэці адметны момант у тым, што царкву падчас пажару проста ачапілі і не дазвалялі тушыць полымя. Пажарныя таксама бяздзейнічалі. Называюць розныя прычыны: ад таго, што немагчыма было падступіцца, да простага загаду даць царкве згарэць. Таксама мяркуюць, што падпал быў наўмысны, але гэта ўжо немагчыма даказаць.

Дзякуючы падказкам людзей нам удалося знайсці аднаго важнага сведку той гісторыі, які паведаміў, магчыма, ключавую інфармацыю. Гэта жыхарка Малой Каўпеніцы, якая працавала дыспетчаркай пажарнай службы ў Баранавічах. Даведаўшыся, з якой мэтай распытваюць аб тым пажары, папрасіла не называць яе імя. Распавяла яна наступнае:

– Дакладна год, калі здарыўся той пажар, не скажу, але памятаю, што гэта было перад Алімпіядай. Жыла ў горадзе, у Малой Каўпеніцы жылі бацькі. Я якраз працавала ў той дзень. Быў званок, маўляў, што ў Каўпеніцы гарыць царква, і пажарныя туды паехалі. Калі нашыя хлопцы вярнуліся з пажара, то тады ўжо паведамілі: было ўказанне – не тушыць. Пажарныя выехалі, але ўсё было зроблена так, каб ніхто агню не тушыў. Самі пажарныя рабілі выгляд, што тушаць. Царкву трэба было зносіць або рэстаўраваць. Уладам гэта было ці па якой-небудзь прычыне нязручна, ці фінансава нявыгадна.

Царква згарэла – і ўсё. Так, размовы ішлі, што яе нехта падпаліў спецыяльна. Дакладна я нічога не ведаю. Мая справа была простая – адправіць разлік на месца здарэння.

Звон ва ўрочышчы «Гай»

Сёння можна разважаць колькі заўгодна аб тым, што і як адбывалася сорак гадоў таму. Але ад Свята-Іаана-Прадцечанскай царквы застаўся толькі звон, які стаў адным з элементаў мемарыяльнага комплексу «Урочышча «Гай». Гэта на старонках сваёй кнігі адзначае протадыякан Андрэй Гарбуноў, спасылаючыся на мясцовых жыхароў. Гэта ў размовах падцвярджаюць некаторыя нашы суразмоўцы. Але цікава, што комплекс адкрылі ў 1972-м, а царква згарэла толькі 78-м ці 79-м гадах. Ці звон быў зняты ў храме раней, а потым трапіў на вока пры будаўніцтве комплексу, ці падзеі пайшлі па нейкім іншым сцэнарыі, невядома. У нашай гісторыі гэтае пытанне таксама застаецца без адказу.

zvon.jpg


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Без единого гвоздя. 10 самых старых деревянных храмов Беларуси

Деревянные постройки в сравнении с каменными быстрее разрушаются и легко горят. Когда у белорусских магнатов появились

Статьи
Пять мест в окрестностях Барановичей, которые обязательно стоит посетить

Барановичи – относительно молодой город, но его окружает множество красивых и интересных мест. Памятники архитектуры,

Статьи
Где находилась легендарная резиденция Миндовга? Альтернативная версия

Есть на севере Барановичского района возле г.п. Городище один холм. Говорят, именно здесь находилась легендарная Варута

Статьи
Под Барановичами обрушились стены дворца Радзивиллов

В деревне Полонечка под Барановичами обрушились две стены правого флигеля дворца Радзивиллов. Никто не

Самые популярные Самые обсуждаемые