Ru
En Bl

Ці была ў Мінску цытадэль?

Автор: Антон Астаповіч
10.04.2017

Канец XV – другая палова XVI ст. сталі часам з’яўлення навукі аб фартыфікацыі, мастацтве ўзвядзення ўмацаванняў. Са з’яўленнем артылерыі, здольнай прабіваць тоўшчу існуючых крапасных сцен, паўстала неабходнасць унесці змены і ў сістэму фартыфікацыйных збудаванняў. Пры гэтым улічвалася, што крапасныя сцены павінны быць абаронены ад артылерыйскага агню і што абаронцы маглі б таксама ўжываць артылерыю ў абароне.

Крапасныя сцены сталі абкладваць зямлёй, у выніку чаго ў полі зроку атакуючых заставалася толькі верхняя частка сцяны з узвышэннямі, неабходнымі для схованкі вядучых агонь абаронцаў. Такім чынам, 2/3 сцены апускалася ў зямлю, пры гэтым роў выкопвалі на такую глыбіню, што вышыня сцяны фактычна не змянялася. Астатняя траціна сцяны была абаронена ад нападаючых насыпам (гласісам), збудаваным па вонкавы бок рову.

Прынцып бастыённай фартыфікацыі.jpg

Атакуючыя не маглі весці агонь па сцяне, не захапіўшы спачатку гласіса і не ўсталяваўшы на ім сваіх аблогавых гармат. Эфектыўнае прымяненне артылерыі ў абароне дасягалася асаблівым уладкаваннем верхняй часткі крапасных сцен, што рабіла магчымым канцэнтраваць агонь з боку абаронцаў. З прапанаваных у розны час планаў абарончых збудаванняў лепшай стала бастыённая сістэма, на змену якой прыйшла палігональная сістэма, якая ў сваю чаргу саступіла месца сістэме асобных фартоў. Усе яны ўзнікалі ў адказ на павелічэнне эфектыўнасці і дальнабойнасці артылерыйскіх сістэм.

Ужо ў пачатку XVI стагоддзя ў сістэме фартыфікацыі з’явіліся пяцікутныя выступы, названыя бастыёнамі. Два цэнтральныя схілы бастыёна (фасы) рабіліся самымі трывалымі і абстрэльвалі падыходы да ўмацаванняў. А два бакавыя схілы (фланкі) прызначаліся для абстрэлу прасторы ўздоўж курцін і стварэння зон перакроснага агню. Да канца XVI – пач. XVII стст. бастыённая сістэма фартыфікацыі становіцца дамінуючай не толькі ў Еўропе, але і на Блізкім Усходзе, дзе панавала Аттаманская Порта, і практычна па ўсіх еўрапейскіх калоніях.

Не будзем зараз разглядаць асаблівасці бастыённай сістэмы, яе структуру, віды і эвалюцыю. Для нас цікава наступнае. Дадзеная сістэма фартыфікацыі нараджаецца ў эпоху рэнесансу, а развіваецца паралельна са з’яўленнем новай эпохі ў архітэктуры і мастацтве, эпохі, якая ахапіла практычна два стагоддзі, – гэта эпоха барока.

Фартыфікацыя Нёф-Брызаха.jpg

Эпоха рэнесансу – гэта не толькі эпоха з’яўлення новай сістэмы фартыфікацыі, гэта развіццё канцэпцыі ідэальнага горада, якая была закладзена яшчэ ў антычныя часы Платонам. Такі горад – гэта ідэальна арганізаванае як у сацыяльным, так і ў архітэктурным плане паселішча, якое гарманічна спалучаецца з навакольным асяроддзем. Канцэпцыя ідэальнага горада не была рэалізавана, але эпоха барока характарызуецца шматлікамі спробамі стварэння падобных гарадоў. І канцэпцыя ідэальнага горада ўвасобілася ў першую чаргу ў горадабудаўнічых падыходах, у другую – у сістэме фартыфікацыі.

Горадабудаўнічыя падыходы адлюстраваны ў імкненні да ідэальнай планіровачнай структуры, прыкладам якой з’яўляюцца ў Заходняй Еўропе гарады Пальманова на тэрыторыі былой Венецыянскай рэспублікі і Нёф-Брызах у французскім Эльзасе. Гарады гэтыя ўтвараюць у плане дакладныя геаметрычныя роўнабаковыя фігуры-шматкутнікі: Пальманова – у выглядзе правільнага дзевяцікутніка, Нёф-Брызах – у выглядзе правільнага васьмікутніка, з размяшчэннем гарадскіх плошчаў роўна па цэнтры.

Абарончыя збудаванні Пальмановы.jpg

У Пальмановы плошча шасцікутная ў плане. Квартальная сетка фарміруецца вуліцамі, якія радыяльна разыходзяцца да межаў горада, а папярочныя вуліцы ў тры паясы дакладна паўтараюць геаметрыю агульнага плану горада. Нёф-Брызах адрозніваецца планіроўкай плошчы – яна квадратная, і вулічны каркас утварае кварталы ў выглядзе простакутнікаў.

Але нас найбольш цікавяць фартыфікацыйныя збудаванні. Пальманова мае гарадскія валы, якія дакладна паўтараюць агульны план горада (правільны дзевяцікутнік), умацаваныя пяцікутнымі бастыёнамі па кутах, пры чым фланкі бастыёнаў звужаюцца да горжы, надаючы бастыёнам стрэлападобную форму ў плане. Валы і бастыёны прыкрываліся ровам і гласісам. Нёф-Брызах меў правільную васьмікутную ў плане сістэму валоў з васьм’ю бастыёнамі ў выглядзе люнэтаў, якія прыкрываліся з фронту дадатковымі люнэтамі, з флангаў – равелінамі, адпаведна прысутнічала па ўсім перыметры сістэма равоў, якія звонку прыкрываліся гласісам. Дадаткова з захаду існаваў яшчэ і кранверк для прыкрыцця суднаходнага каналу.

Абарончая сістэма Торуня.jpg

Падобная сістэма фартыфікацыі становіцца дамінуючай у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Мы можам у гэтым упэўніцца на прыкладзе шматлікіх планаў гарадоў XVII – XVIII стст. Дадаткова вельмі часта сустракаецца яшчэ і такі элемент абарончых збудаванняў, як цытадэль – апошны рубеж абароны, асноўны фартыфікацыйны фарпост. Цытадэлі ў некаторых выпадках размяшчаліся ў цэнтры планіровачнай структуры горада, ствараючы шматпаясную абарону. Прыкладам могуць служыць Торунь, Рыга, Шчэцін, Вроцлаў і іншыя гарады. Паказальным у гэтым кантэксце, як прыклад спалучэння старой мураванай і бастыённай фартыфікацыі, з’яўляецца Мальбарк, дзе тэўтонскі мураваны замак, пасля таго як яго дадаткова ўзмацнілі землянымі ўмацаваннямі, стаў выконваць функцыю цытадэлі.

Сістэма фартыфікацыі Турына.jpg

Склалася і іншая традыцыя ўзвядзення цытадэляў. Гэта калі яны размяшчаліся не ў цэнтры планіровачнай структуры ўмацаванага горада, а непасрэдна ў сістэме вонкавых земляных абарончых умацаванняў, як, напрыклад, у Турыне, Антвэрпэне і іншых еўрапейскіх гарадах. Варта адзначыць прыклад Гданьску, калі чатырохбастыённая крэпасць Віславусце служыла з аднаго боку і гарадской цытадэллю, а з другога – прыкрывала горад, як перадавы фарпост з боку мора. Падобная сітуацыя назіралася і ў Пілаву.

Не абышлі ўсе пералічаныя вышэй тэндэнцыі і Вялікае княства Літоўскае, у тым ліку тую яго частку, на якой размяшчаецца сучасная Рэспубліка Беларусь. Варта адзначыць Нясвіж як спробу стварэння ідэальнага горада, што праглядаецца ў яго планіроўцы, у першую чаргу ў чатырохкутнай квартальнай сетцы; Быхаў, які таксама меў чатырохкутныя кварталы і дакладную васявую сіметрыю; Слуцк, блізкі ў плане да кола. Ну і самае галоўнае – гэта бастыённая сістэма фартыфікацыі.

Абарончыя збудаванні Магілёва.jpg

І, як у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, для сістэмы фартыфікацыі беларускіх гарадоў характэрна два тыпы размяшчэння цытадэлі. Цэнтральнае размяшчэнне вельмі яскрава можна прасачыць у Магілёве, дзе замак з XVII ст. выконвае функцыю апошняга рубяжа абароны, які прыкрыты двума паясамі валоў – Бліжнім і Палявым. У Быхаве функцыю цытадэлі выконвае замак – рэзідэнцыя Хадкевічаў, потым Сапегаў, былі і іншыя прыклады.

Слуцк. Размяшчэнне цытадэлі ў сістэме гарадскіх умацаванняў.jpg

Слуцк жа з’яўляўся прыкладам уключэння цытадэлі ў агульную гарадскую сістэму фартыфікацыі. Гэтую функцыю выконваў чатырохбастыённы Новы замак. Калі разглядаць Нясвіж, то ў якасці асобных невялікіх форпастоў выступалі мураваныя кляштары, размешчаныя непасрэдна побач з гарадскімі валамі, а замак, узведзены за некалькі соцень метраў ад горада, спалучаў у сабе магчымасці як асобнага, так і апошняга рубяжа абароны, што правамерна дазваляе яго лічыць цытадэллю, зусім як у выпадку з фартыфікацыяй Гданьска.

Спалучэнне земляной і мураванай фартыфікацыі ў Смаленску.jpg

Асобна варта разгледзець Смаленск, які атрымаў мураваныя ўмацаванні на пачатку XVI ст. У 1611 годзе, калі Смаленск вызваляла войска Рэчы Паспалітай, падчас правядзення аблогі і штурмаў, у сцяне, у паўднёва-ўсходняй частцы горада, утварыўся велічэзны праём. Пасля вызвалення горада кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза загадаў пралом запоўніць, але сцяну ўжо не адбудоўвалі, а на месцы пралома ўзвялі пяцібастыённую фартэцыю, якая служыла цытадэллю, а сам Смаленск стаў унікальным умацаваным горадам, дзе мураваная фартыфікацыя эпохі рэнесансу спалучалася з бастыённай земляной. Пяцібастыённая смаленская цытадэль захавалася да нашага часу, пад назвай «Каралеўскі бастыён» яна размяшчаецца ў межах Лапацінскага саду.

Што тычыцца фартыфікацыі Мінска, то гэтае пытанне даволі складанае, бо час заняпаду замка як асноўнага вузла абароны вызначыць можна толькі на падставе ўскосных дакументальных звестак і дадзеных археалогіі. Таксама ўскосна можна вызначыць час з’яўлення земляных абарончых збудаванняў вакол горада. Адно, што можна сцвярджаць адназначна, што ў XVII ст. гарадскія валы існавалі, а замак не адыгрываў аніякай стратэгічнай ролі, выконваў толькі адміністратыўныя функцыі, пра што сведчыць узвядзенне на мяжы XVI і XVII стст. на яго тэрыторыі будынку гродскага суда, дзе перыядычна адбываліся сесіі Літоўскага трыбуналу.

План Мінска 1793 г..jpg

Не кранаючы праблемы замкавай фартыфікацыі, яе трансфармацыі, ролі ў гарадскім жыцці, а разглядаючы толькі гарадскія вонкавыя ўмацаванні, іх структуру можна пабачыць на некалькіх планах Мінска. Але гэта тычыцца толькі канца XVIII ст. Самыя ранневядомыя планы горада з нанесенымі ўмацаваннямі датуюцца 1793 г., іх выканана два варыянты, якія адрозніваюцца паміж сабой толькі дэталямі выканання. Ёсць яшчэ два плана, якія датуюцца 1797 г., але гэта ўжо розныя дакументы. На адным з гэтых планаў, акрамя гарадской сітуацыі, нанесена перспектыўная перапланіроўка гарадскіх кварталаў.

Менавіта гэтыя планы і маюць нанесеную на іх сістэму фартыфікацыі, якая вызначаецца землянымі валамі, бастыёнамі, што размешчаны вакол гарадскіх кварталаў па правым беразе ракі Свіслачы. На плане Мінска 1797 г. там, дзе ўжо нанесена перспектыўная перапланіроўка, валы і бастыёны зафіксаваны і на левым беразе Свіслачы, вакол Старажоўскага прадмесця. Лагічна там павінны былі быць гарадскія ўмацаванні, бо без фартыфікацыі не маглі нармальна функцыянаваць старажавыя заставы, ад якіх прадмесце атрымала назву, ды і элементарная бяспека, і логіка павінны былі падштурхнуць да прыкрыцця паўноча-ўсходняга накірунку, які з канца XV ст. становіцца асноўным небяспечным накірункам для дзяржавы. Застаецца пытанне, чаму гэты фрагмент умацаванняў не зафіксаваны на іншых планах.

План Мінска 1797 г.jpg

Калі аналізаваць гарадскую фартыфікацыю Мінска ў адпаведнасці з дадзеным гістарычным горадабудаўнічым матэрыялам, то яна практычна не мела рыс, згодна з існуючай ваеннай тэорыяй, нармальна абсталяваных умацаванняў, характэрных не толькі для еўрапейскіх, але і для шэрагу гарадоў Беларусі. Першае, што можна сказаць, – бастыёны зусім невялікага памеру, характэрныя для палявой, а не гарадской фартыфікацыі, адсутнасць брамаў (проста праезды ў валах), адсутнасць рову, гласісаў, не гаворачы ўжо пра адсутнасць равелінаў і іншых дадатковых элементаў бастыённых умацаванняў.

Але на ўсіх планах з выяўленымі фартыфікацыйнымі гарадскімі збудаваннямі яскрава заўважны адзін элемент – практычна невызначанай формы высокая пляцоўка на ўсходнім заканчэнні гарадскога валу, практычна на падыходзе яго да поймы Свіслачы. Зараз гэта тэрыторыя знаходзіцца ў раёне злучэння вуліц Карла Маркса і Чырвонаармейскай. Дакладна неакрэсленага плану пляцоўка ўсё ж мае ледзь вызначаныя пяць выступаў, якія аддалена нагадваюць бастыёны.

Мінск на гравюры 18 ст..jpgПры разглядзе гравюры Мінска сярэдзіны XVIII ст., на якой панарама горада выяўлена з кропкі, размешчанай у раёне сучаснага парку Максіма Горкага, выдатна праглядаецца тэрыторыя прымыкання ўсходняга ўчастка гарадскога валу да Свіслачы, менавіта тая тэрыторыя, якая на планах 1793 і 1797 гг. выяўлена як павышаная пляцоўка без дакладнай канфігурацыі. На вышэйазначанай гравюры выразна вымаляваны бастыённыя ўмацаванні, што дазваляе ўпэўнена меркаваць, што дадзеная пляцоўка – пяцібастыённая цытадэль, якая да складання вядомых нам планаў горада прыйшла ў заняпад.

На карысць цытадэлі сведчыць не толькі канфігурацыя, выява бастыёнаў гэтага землянога збудавання, але і яе размяшчэнне на ўсходнім накірунку, як былі размешчаны на левым беразе Свіслачы гарадскія старажавыя заставы – на самым небяспечным у ваенным плане накірунку для горада пачынаючы з канца XV і па канец XVIII ст.

Разглядаючы фартыфікацыю Мінска эпохі барока, трэба зрабіць выснову пра яе слабасць, недасканаласць, але, нягледзячы на ўсе яе хібы, можна ўпэўнена сцвярджаць, што мінскія гарадскія ўмацаванні маюць усе выразныя рысы фартыфікацыі еўрапейскіх гарадоў – земляныя валы і бастыёны, і наяўнасць у агульнай фартыфікацыйнай сістэме цытадэлі.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Что кроме церквей и замков посмотреть на Гродненщине

О замках и дворцовых ансамблях, церквях и костелах, парковых комплексах и природных достопримечательностях

Статьи
Взорванная Атлантида. Как и почему исчезали самые красивые белорусские города и замки

Василь Быков говорил, что город без древнего центра, каким бы современным и благоустроенным он ни был, лишен души. В

Статьи
Традиционный дом белоруса. Исчезающий стиль?

В Беларуси все меньше и меньше деревенских домов – урбанизация. Те постройки, что сохранились до наших дней, –

Статьи
Падняпроўскія цэрквы – прыгажосць магілёўскага барока

Высокі ўзровень эканамічнага патэнцыялу, шырокія гандлёвыя і культурныя сувязі, развіццё рамесніцтва, якім так

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые