Ru
En Bl

Як Баранавічы захлынула хваля бежанцаў

Автор: Руслан Равяка
Ссылка: intex-press.by
26.02.2018

Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны 1920 года на тую частку тэрыторыі Беларусі, якая патрапіла ў склад Польшчы, сталі вяртацца ўцекачы, якіх пры адступленні рускіх войскаў у 1915 годзе прымусілі з’ехаць углыб Расійскай імперыі. У 1921–22 гадах праз Баранавічы прайшло больш за паўмільёна чалавек. Тысячы з іх памерлі ў лагеры рээвакуацыі.

Уцякаючы ад савецкай улады, людзі часта пакідалі ўсю сваю маёмасць, каб толькі вярнуцца на родную зямельку. Аднак першы прыём на Бацькаўшчыне цёплым назваць нельга.

Для рэгістрацыі ўцекачоў польскія ўлады стварылі ў Баранавічах адзін з галоўных цэнтраў па рээвакуацыі бежанцаў.

Бежанцы жылі ў бараках вайсковага гарадка – насупраць Палескага вакзала. Пасля месца хапаць не стала і людзей перасялілі ў вагоны, што стаялі побач.

bez3.jpg

Пасля мытнай праверкі можна было пагрэцца каля дабрачыннай печкі, якая моцна дыміць. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Толькі за першыя 9 месяцаў, з сакавіка 1921-га па студзень 1922 года, праз Баранавіцкі этапны пункт прайшлі 350–400 тысяч чалавек, паведамляла газета «Беларусі звон» ад 13.01.1922 года. Штодня ў лагеры знаходзілася ад 4 да 15 тысяч чалавек. Былі часы, калі набівалася і 30 тысяч. Пры тым што ў Баранавічах у той час жыло не больш за 10 тысяч насельніцтва.

Згодна са статыстыкай, 80% бежанцаў, што патрапілі ў Баранавічы, складалі праваслаўныя беларусы з Гарадзеншчыны. Па сацыяльным складзе гэта былі сяляне-хлебаробы. Інтэлігенцыі было вельмі мала, бо яна пакінула Савецкую Расію яшчэ ў пачатку Кастрычніцкага перавароту.

Бежанцаў прывозілі на савецкіх цягніках да Стаўбцоў, дзе ў літаральным сэнсе выкідвалі за дэмаркацыйную лінію разам з трупамі. Там людзей збіралі польскія ўлады, садзілі на цягнік і везлі ў Баранавічы. Кожны, хто трапляў у лагер рээвакуацыі, павінен быў праседзець у карантыне тыдзень.

bez4.jpg

Здаровых чакае мытная праверка рэчаў, што вязуць з бальшавіцкай Расіі. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

«Санітарны стан усіх бежанцаў не падаецца да апісання. Хваробы заразныя: тыфы ўсіх трох разрадаў, цынга, малярыя, крываўка – знаходзяць сабе якраз падхадзячы грунт і пашыраюцца. Нярэдкія выпадкі смерці і ад агульнага схудзення, – пісаў «Беларускі звон». – З усяго ліку бежанцаў, прапушчаных праз Баранавічы, памерла каля 3–4 тысяч чалавек. Падчас маразоў штодня памірала 200–300 чалавек. Былі выпадкі, калі замярзалі цэлыя вагоны за адну ноч. З 26 на 27 снежня ў шпіталі памерла каля 40 чалавек». Больш за ўсё цярпелі дзеці да 15 год і старыя людзі».

Санітарнай справай у лагеры кіравала арганізацыя NNK, якая адгарадзіла дротам абшар, дзе жылі бежанцы. Пад шпіталь на 300 асобаў аддалі стайні.

Адзначалася, што большасць смерцяў адбывалася з-за хваробаў прывезеных з Расіі. Людзі ўтойвалі заразных у сям’і, баючыся, каб хворых не забралі. Чалавек паміраў падчас паездкі ў вагоне, ляжаў там 3–4 дні і заражаў усіх прысутных. Напрыклад, з 1300 бежанцаў у эшалоне з Саратава ў Баранавічы даехалі жывымі толькі 512 чалавек.

bez.jpg

Толькі шчасліўчыкі патрапяць у намёты, дзе могуць пражыць некалькі тыдняў. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

Першых памерлых хавалі на баранавіцкіх могілках (цяпер плошча Леніна) у трунах. Пазней за 30 крокаў ад шпіталя паставілі доўгія палаткі з брэзенту, куды нябожчыкаў складалі ў груды. Пасля памерлых адвозілі на могілкі і закопвалі ў агульнай яме. Як сцвярджаў баранавіцкі святар айцец Павел, які адпяваў нябожчыкаў, былі дні, калі трупярня (150 на 60 метраў) цалкам запаўнялася целамі памерлых. Пахаваннем і пераносам нябожчыкаў займаліся самі бежанцы.

bez1.jpg

Часта можна бачыць, як выносяць замерзлых у намётах дзяцей. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

На ўсіх памерлых заводзілі асобныя дакументы – «карты згону». Карэспандэнт «Беларускага звону» бачыў цэлыя стосы такіх карт.

Адразу пасля прыезду ў лагер бежанцы рэгістраваліся. Усе прыехаўшыя мыліся ў лазні, ім рабіліся прышчэпкі ад розных хваробаў, праводзілася дэзінфекцыя адзежы. Але бежанцаў было так многа і жылі яны ў такіх сціснутых умовах, што былі выпадкі, калі заражаліся і паміралі людзі, што прыехалі ў Баранавічы здаровымі. Ад вошай не было спасу. Як пісаў «Беларускі звон», за бежанцамі назіраў толькі адзін наглядчык з пугаю ў руках.

Над бежанцамі апекаваліся розныя грамадскія аб’яднанні. «Амерыканскі камітэт дапамогі дзецям» праводзіў інтэнсіўную працу. Нейкі час працаваў амерыканскі Чырвоны крыж. Амерыканская арганізацыя YMCA спрабавала ладзіць культурныя праграмы – ставіла спектаклі.

Кожны бежанец атрымліваў у дзень паўкілаграма хлеба і гарачы суп. На ўсіх была адна кухня. Людзям даводзілася стаяць па 8–12 гадзін, мерзнучы ў чарзе.

bez2.jpg

Хлеб даводзіцца чакаць, доўга мерзнучы ў чарзе. Фота: Tygodnik Illustrowany, 1922, №6

У сярэднім людзей трымалі тыдзень у Баранавічах, пасля чаго яны з новымі дакументамі раз’язджаліся па дамах. Паліцэйскія праводзілі свае праверкі прыбыўшых. "Непажаданыя элементы" высылаліся назад у СССР. І вось гэтага больш за ўсё баяліся бежанцы.

Адзінай згадкай пра тыя падзеі ў Баранавічах цяпер застаецца абеліск, які адкрылі 30 кастрычніка 1923 года.

Гэта мерапрыемства праводзілася ўрачыста. Апроч людскога тлуму ўдзельнічалі і выбітныя саноўнікі і прадстаўнікі ўладаў: прэм’ер Польшчы Вінцэнт Вітас, міністр аховы грамадскага здароўя Ежы Буяльскі, прадстаўнік Лігі Народаў палкоўнік Ватсан, навагрудскі ваявода Уладзіслаў Рачкевіч, палкоўнік Александровіч, капэлан кс. Эйсманд, камісар Рэпатрыяцыйнага Этапа Пракутоўскі і шмат іншых.

Пасля 1945 года шыльда на помніку была знішчана.

У 1995 годзе польская грамадскасць Баранавіч змясціла на абеліску новую металічную шыльду з надпісам па-польску:

Polsko, Matko nasha

W sluzbie twej wierni

Zycie swe oddalismy

Pamieci 182 pracownikow etapu repatriacyjnego

W Baranowiczach,

Zmarlych w latach odrodzenia Ojczyny 1920-22

(Польшча, Маці нашая, верныя тваёй службе, мы аддалі сваё жыццё. Памяці 182 працаўнікоў рэпатрыяцыйнага этапу ў Баранавічах, якія памерлі ў гады адраджэння Бацькаўшчыны 1920-22).

Але дзесьці на пачатку ХХІ стагоддзя замест яе з’явілася новая, ужо па-расейску, з нейтральным, не зусім зразумелым зместам «Памяти жертв эпидемии 1920-1922».

pamiatnik1.jpg

Аднак вядома, што спачатку гэты абеліск быў прысвечаны не ахвярам эпідэміі халеры і тыфу, а менавіта тым 182 супрацоўнікам, якія прымалі і аблугоўвалі бежанцаў, заражаліся ад іх і паміралі «як салдат на пасту».

Дакладнай лічбы памерлых бежанцаў на сёння няма.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Пять мест в окрестностях Барановичей, которые обязательно стоит посетить

Барановичи – относительно молодой город, но его окружает множество красивых и интересных мест. Памятники архитектуры,

Статьи
Куда повезти на экскурсию по Беларуси друзей из Польши, России, Германии, Израиля и США

В Беларуси есть что посмотреть туристам из самых разных стран мира – со многими нас связывает такая насыщенная и

Статьи
Идем пешкарём. В каких белорусских городах есть пешеходные улицы?

Рецепт создания популярного туристического места таков: освободите одну из улиц, желательно в историческом центре, от

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые