Ru
En Bl

Каляды-1918. Беларускі побыт праз аб’ектыў фатакамэры кайзэраўскага салдата

Автор: Ігар Карней
Фото: з калекцыі Уладзімера Багданава
Ссылка: Радыё Свабода

Дакумэнтальныя сьведчаньні таго, як адзначалі Каляды ў Беларусі 100 гадоў таму, захаваліся ў тым ліку дзякуючы дакумэнтальнай хроніцы салдатаў і афіцэраў германскага войска. Свабода ўпершыню публікуе ўнікальныя фота з калекцыі дасьледчыка Першай усясьветнай вайны на Беларусі Ўладзімера Багданава.

Cпадчына Першай усясьветнай вайны мае выразны культурны кантэкст. Ніколі раней Беларусь не фатаграфавалі так актыўна, як у тыя гады — перадусім кайзэраўскія вайскоўцы: у царскай Расеі фотаапарат быў рэдкай раскошай. Па архіўных выявах можна вывучаць беларускія гарады і вёскі, архітэктурныя помнікі і знакавыя мясьціны, лад жыцьця тагачасных беларусаў. Горадня, Баранавічы, Берасьце, Браслаў, Зэльва, Карэлічы, Крэва, Ляхавічы, Нарач, Смаргонь, Паставы, Пінск паўстаюць у аўтэнтычным абліччы, якое за прамінулае стагодзьдзе практычна страчанае.

Будзённасьць вайны: ваенная стратэгія і гаспадарчыя клопаты

Тры гады падчас Першай усясьветнай вайны лінія фронту праходзіла празь беларускія землі. У гэты час варагуючыя арміі ня толькі ваявалі, але і займаліся гаспадарчымі справамі, сьвяткавалі разам зь мясцовым насельніцтвам.

kaliady1.jpg

Немцы на вясельлі рускага салдата і беларускі. Крэва, 1918

У асабістых архівах нашчадкаў мабілізаваных зь Нямеччыны, Аўстрыі захаваліся ўнікальныя кадры вайскова-цывільнага побыту ва ўсходняй Эўропе. Здымкі, паштоўкі, замалёўкі, літаграфіі, карціны, прысьвечаныя Беларусі, апошнімі гадамі на аўкцыёнах набывае дасьледчык тагачасных падзеяў, сябра фонду памяці Першай сусьветнай вайны «Крокі», аўтар шэрагу кніг і альбомаў Уладзімер Багданаў.

У ягонай калекцыі тысячы неацэнных выяваў, якія даюць уяўленьне як пра тагачасныя мэтады вядзеньня вайны, так і пра жыцьцё беларусаў пачатку ХХ стагодзьдзя. З дапамогай экспэрта Свабода азірнулася на 100 гадоў назад, паглядзела, як тутэйшыя суіснавалі з акупантамі, упершыню знаёміліся з электрычнымі лямпачкамі і кінапаказамі, сьвяткавалі Каляды і Новы год.

kaliady2.jpg

Сьвяточны стол германцаў у Міле на Мядзельшчыне

kaliady3.jpg

Каляды ў нямецкім бліндажы

Камп’енскае замірэньне, падпісанае 11 лістапада 1918 году, стала канцом Першай усясьветнай вайны. У гэты дзень у краінах, уцягнутых у канфлікт, ушаноўваецца памяць усіх ахвяраў — і вайскоўцаў, і цывільных. Сёлета цэнтрам мэмарыяльных імпрэзаў стаў Парыж.

Згодна з умовамі шматбаковага пагадненьня Нямеччына абавязвалася неадкладна вывесьці свае войскі з занятых тэрыторый. Але на практыцы ўсё вырашалася ня так шпарка. З аднаго боку, Расея выйшла зь «Вялікай вайны» на паўгода раней у выніку Берасьцейскага міру і больш была заклапочаная ўсталяваньнем бальшавіцкай дыктатуры. Зь іншага, немцы ўжо нікуды не сьпяшаліся: Менск пакінулі ў сьнежні 1918-га, а вось з заходніх рэгіёнаў сышлі толькі ўвесну наступнага году. Так што для беларусаў 100-годзьдзе заканчэньня Першай усясьветнай яшчэ наперадзе.

kaliady4.jpg

Нямецкія салдаты і дзяўчаты з Васюкоў на Смаргоншчыне

kaliady 5.jpg

Малыя беларусы і немцы на вузкакалейцы пад Смаргонямі

Такі стан рэчаў істотна адбіўся на ладзе жыцьця і заваёўнікаў, і мясцовых жыхароў. Як вынікае з тагачасных фатаздымкаў, нямецкія салдаты мірна ўжываліся з абарыгенамі, іх часта можна пабачыць на вясковых застольлях, на танцах у абдымку зь дзяўчатамі. Нават у якасьці гасьцей на вясельлях, дзе жаніхамі — учорашнія ворагі з царскай арміі.

Раство ў акопах: ялінкі і набажэнствы

Бадай, найбольш чаканым сьвятам для кайзэраўскіх салдатаў былі Каляды. З дому чакалі лістоў, у адказ дасылалі самаробныя паштоўкі з краявідамі Крэва, Нарачы ці Палесься. Адзначалі ў палявых умовах — ад салдацкіх акопаў да ставак камандаваньня. Як відаць на тагачасных здымках, на стале зьяўляліся традыцыйныя слодычы, дазвалялася віно. І, само сабой, сьвяточныя ялінкі.

kaliady6.jpg

Каляды ў смаргонскіх акопах

kaliady7.jpg

Супрацоўнікі лязарэту сьвяткуюць Раство ў касьцёле францысканскага кляштару, Пінск

Раство-1916 у 2-м узводзе 12-й роты 379-га ляндвэрнага палку, дысьлякаванага ў Крэве, падрабязна апісваецца ў лісьце унтэр-афіцэра Шлехта, арыгіналам якога іншыя калекцыянэры падзяліліся з Уладзімерам Багданавым. Вось невялікі ўрывак.

«Сёньня Раство, якое немагчыма ўявіць без каляднай ялінкі. Мы ня можам паставіць такія ж стройныя высокія елкі, што ўпрыгожваюць нямецкія дамы. Толькі сьціплыя дрэўцы, якія дазваляюць нашыя сховішчы... У другой палове дня, калі нізкае сонца прыгожа падсьвечвае сьнег, маленькая група зьвілістым акопам скіроўваецца на набажэнства. Некалькі хвілін ад лініі фронту, па засьнежанай дарозе праз густы лес — там месца сустрэчы прыхаджанаў батальёну... Пасярод лясной прагаліны ўзьведзеная катэдра. У ціхае шаптаньне галасоў умешваецца шум верхавінаў, а над мігатлівым сьвятлом зьнічоў уздымаюцца вастраносыя каскі байцоў. Для некаторых гэта ўжо трэція Каляды ў полі. Яны ўяўляюць свой дом, чуюць галасы дзяцей. Хоць мы салдаты, мужчыны, якім трэба захоўваць жорсткасьць, па шчацэ цячэ сьляза... Нават падбадзёраныя багаслужбай, мы зь цяжкасьцю вяртаемся да рэальнасьці...»

У бліндажы — працяг сьвята. Спачатку падарункі з радзімы: падцяжкі, электрычныя батарэі, запальнічкі, курыльныя трубкі, пачастункі. Камандзір роты жадае здароўя і шчасьлівага вяртаньня дадому. На сярэдзіне стала чакаюць бутэлькі віна ў атачэньні запаленых сьвечак. Настройваецца «аркестар», дзе галоўныя партыі — за губным гармонікам і «скрыпкай», зробленай з цыгарнай каробкі. Байцы пад ялінкай зацягваюць суровымі галасамі старыя калядныя песьні...

Раз-пораз у антуражы нямецкага Раства аказваюцца цывільныя беларусы — на калектыўных здымках фонам відаць калядныя ялінкі. Мяркуючы па ўсім, гэта імправізаваныя клюбы, дзе немцы круцілі кіно і не пярэчылі, каб туды наведваліся мясцовыя.

kaliady8.jpg

Танцы пад электралямпай у Норкавічах на Пастаўшчыне

kaliady9.jpg

Інтэр’ер хаты музыкі-гарманіста на Смаргоншчыне

Тэхнічны прагрэс: электрыфікацыя і кінасэансы

Уладзімер Багданаў лічыць Першую ўсясьветную вайну не зусім «стандартнай» у тым сэнсе, што мела месца досыць мірнае суіснаваньне вайскоўцаў і карэнных жыхароў — калі расейскія ўлады не пасьпелі з эвакуацыяй. Цягам амаль трох гадоў фронт стаяў практычна стабільна. Як вынік, працягвалася прыстасаванае да вайны мірнае жыцьцё: і тыя, і другія сеялі і зьбіралі ўраджай.

«На тэрыторыі Беларусі страты мірнага насельніцтва ў выніку баявых дзеяньняў былі непараўнальна меншыя, чым у Другую ўсясьветную вайну, — кажа суразмоўца. — Называецца лічба да 60 тысяч чалавек, хоць мэханізм падліку не да канца зразумелы. Першая ўсясьветная яшчэ не ў такой ступені прасякнутая ідэалёгіяй, як наступная. Гэта было змаганьне перадусім армій — ваявалі паміж сабой, не закранаючы наўпрост мясцовых жыхароў. Не праводзіліся карныя акцыі, бо не было „партызанкі“ ў звыклым для нас пазьнейшым разуменьні. Тагачасныя партызаны — гэта рэгулярныя падразьдзяленьні расейскай арміі, якія рабілі дывэрсійныя рэйды ў тыл праціўніка».

Шмат захавалася фатаздымкаў сельскагаспадарчых работ, на якіх немцы занятыя побач зь мясцовымі жыхарамі. Яны тут вялі гаспадарку, зналіся з насельніцтвам, нават заводзілі адносіны. Частыя пэрсанажы на выявах — дзеці, зь якімі гуляюць і расейцы, і немцы.

kaliady10.jpg

Рыбакі вёскі Баяры на возеры Швакшты

Беларускія вёскі, дзе стаялі германскія войскі, вельмі зьмяніліся: тут клалі ходнікі, асушвалі дарогі, праводзілі электрычнасьць, зьявіліся першыя кінатэатры. Жыхар палескай вёскі пераказваў Уладзімеру Багданаву адно зь яскравых уражаньняў сваёй бабулі: немцы ўвечары сабралі дзяцей перад нацягнутай прасьцінай, і раптам адтуль на іх паехаў... цягнік. Усе разьбегліся, дакладна як у часе знакамітай «прэзэнтацыі» братоў Люм’ер.

Выпаленая зямля: мабілізаваныя і эвакуаваныя

Што тычыцца бежанства, яно перадусім зьвязанае з тактыкай «выпаленай зямлі», якую ўжывала расейская імпэратарская армія. Тое зыходзіла зь лёгікі ваенных дзеяньняў — перадусім забесьпячэньня войска. Правізію, матэрыялы, жывую сілу немцы мусілі шукаць на акупаванай тэрыторыі. У сваю чаргу, расейцы, адступаючы, нішчылі ня толькі стратэгічныя аб’екты, але і камунікацыі — масты, чыгункі, вытворчыя будынкі, абсталяваньне на фабрыках і заводах. Каб прыбраць працоўныя рукі зь мясцовасьці, якой пагражала акупацыя, жыхароў перакідалі ў тыл.

kaliady11.jpg

Насельнікі Піншчыны

kaliady 12.jpg

Жыхаркі беларускага Палесься

Па розных ацэнках, з тэрыторыі цяперашняй Беларусі, пераважна з найбольш заселеных заходніх рэгіёнаў, было эвакуавана блізу 2 мільёнаў жыхароў. Пасьля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны назад вярнуліся менш за палову. Наступствы тых дэмаграфічных стратаў адчуваюцца дагэтуль.

Апроч таго, паводле наяўных дадзеных, зь беларускіх губэрняў было мабілізавана каля 700 тысяч чалавек. Вызначыць баявыя страты сярод тутэйшых мужчын даволі цяжка, бо пад канец вайны ўлік быў дрэнны, многія дакумэнты не захаваліся, а некаторыя з тых, хто ацалеў, так і не дабраліся дадому.

kaliady12.jpg

Хата сям’і Дубінкі пад Драгічынам

У глябальным процістаяньні падчас Першай усясьветнай вайны бралі ўдзел блізу чатырох дзясяткаў дзяржаў з агульнай колькасьцю насельніцтва 1,5 мільярда чалавек. Сумарныя страты варагуючых армій набліжаюцца да 10 мільёнаў — гэты тыя, хто быў забіты і памёр ад раненьняў. А калі палічыць і мірных жыхароў, то колькасьць ахвяр складае дзесьці 17 мільёнаў.

Беларусы таксама прайшлі праз горан «Вялікай вайны». Сотні тысяч тутэйшых мужчын ваявалі ў царскай арміі, кожны дзясяты палёг на фронце. Мільёны ўцекачоў пакінулі свае дамы, на радзіму вярнулася толькі палова. Зраўнаныя зь зямлёй гарады, зьнішчаныя помнікі. Ці можна на такое забыцца?


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Вот какой памятный знак немецкой слободе поставили в Минске

В лютеранском сквере в Минске открыли памятный знак немецкой слободе. На открытии присутствовал посол Германии Петер

Статьи
Шарль де Голль в годы Первой мировой был в лагере для военнопленных в Щучине

Французский историк и бизнесмен Морис Понтье, уже 22 года живущий в Беларуси, открыл неизвестные страницы биографии

Статьи
Чужая война?

11 ноября в Париже руководители более семидесяти государств и международных организаций отметили столетие окончания

Статьи
Монастырь на песчаном острове: как в древней обители собирают землю со святых мест планеты

Среди неманских вод и заливных лугов, в тени сосновых лесов, на песчаном острове уже 800 лет стоит один из древнейших

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые