З 1604 года маёнтак Міхалішкі – пазнейшае мястэчка з ваколіцамі – стаў уласнасцю шляхецкага роду Бжастоўскіх герба “Стрэмя”. У гэты час яго набыў рэферэндар каронны Ян-Цыпрыян Бжастоўскі. У 1622 годзе новы ўладар фундаваў тут кляштар аўгусцінцаў (канонікаў рэгулярных ад пакуты). А яшчэ амаль праз 30 гадоў, пачаўшы ў 1653-м і скончыўшы ў 1662-м, яго сын Цыпрыян-Павел узвёў пры кляштары мураваны касцёл у гонар св. Міхала Архангела. Праўда, у дакладнасці дат узвядзення храма можна і сумнявацца – па краі як раз кацілася спусташальная руска-польская вайна, і наўрад ці будаўніцтва, тым больш даволі маштабнае, можна было весці ў гэты час. Хутчэй за ўсё, яно пачалося ўжо пасля заключэння міру.
Касцёл узводзілі па праекце архітэктара-іншаземца – Крыстафера Пенса, бельгійца па паходжанні, які шмат гадоў працаваў у Вялікім Княстве Літоўскім. Храму ён надаў простыя, каб не сказаць суровыя формы, якія хутчэй падыходзяць да абарончага замка. На такую думку наводзіць вельмі нетрадыцыйны для храмаў гэтай і больш позняй пары барбакан перад галоўным уваходам – круглае ў плане знешняе збудаванне, адкуль можна было весці абарону. Вонкавых упрыгожанняў на масіўным целе касцёла практычна няма. Магчыма касцёл таму і атрымаў рысы абарончага збудавання, бо ўзводзіць яго пачалі адразу пасля заканчэння руска-польскай вайны ў разуменні, што ў будучым не пазбегнуць новых войнаў? І ўсё ж даследчыкі адносяць храм не да абарончай архітэктуры, а да так званага стылю “сармацкага барока”.
Фундатар храма Цыпрыян-Павел Бжастоўскі (1612–1689) быў адным з відных дыпламатаў ВКЛ і курыраваў дачыненні з Маскоўскай дзяржавай. Падчас той самай руска-польскай вайны – вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654–1667 гадах – яму не аднойчы даводзілася ўдзельнічаць у перамовах з маскоўскімі пасламі, а таксама падпісваць у Андрусаве акт замірэння паміж дзяржавамі. Напамін аб сваёй грамадскай дзейнасці яму важна было засведчыць для нашчадкаў і ва ўласным уладанні. На адной з вежаў Міхалішкаўскага касцёла ён загадаў павесіць вялікі звон з адлітай выявай Маці Божай з дзіцём на руках, радавым гербам, вакол якога былі пазначаны ў скарочаным выглядзе імя, прозвішча і тытул фундатара, а таксама надпісам, што пачынаўся словамі: “In memoriam spoliorum Vilna a Mosco” (“У памяць аб трафеях Вільні з Масквы”). Выявы, змешчаныя на гэтым звоне, старанна замаляваў у 1857 годзе вядомы археолаг і краязнавец граф Канстанцін Тышкевіч, які падарожнічаў па берагах Віліі і на пачатку нават не спадзяваўся знайсці што-небудзь цікавае ў Міхалішках.
Выявы на звоне XVII стагоддзя, які ахвяраваў касцёлу ў Міхалішках Цыпрыян-Павел Бжастоўскі. Малюнак К. Тышкевіча. 1857 г.
Для касцёла быў адліты яшчэ адзін звон, як піша граф Тышкевіч, непараўнальна большых памераў, але ён патануў пры перавозе праз раку Вілію. А самому Тышкевічу мясцовы лекар, вялікі аматар даўніны, нават паказваў месца, дзе гэта адбылося.
У Цыпрыяна-Паўла Бжастоўскага было пяць сыноў: Канстанцін-Казімір (1644–1722), біскуп смаленскі і віленскі; Ян-Уладзіслаў (1646–1710), пісар вялікі і рэферэндар ВКЛ; Эмануэль (?–1689); Казімір і Антоній (1666–1718), які ўступіў у ордэн езуітаў і з часам стаў рэктарам Мінскага езуіцкага калегіума.
Канстанцін-Казімір Бжастоўскі
Бадай што самым знакамітым з іх усіх быў біскуп Канстанцін-Казімір Бжастоўскі. Ужо ў маладосці ён стаў канонікам віленскім, а калі яму споўнілася 20 гадоў, ад’ехаў у Рым вывучаць тэалогію. У 1669 годзе ён вярнуўся у край ужо са званнем доктара тэалогіі. А таксама, відаць, з калекцыяй інкунабул – кніг, якія выйшлі ў Еўропе да пачатку кнігадрукавання (1501 г.). Са збору Канстанціна Бжастоўскага паходзіць італьянскі манускрыпт, выраблены каля 1470–1500 гадоў, які пазней трапіў да князя Караля-Станіслава Радзівіла (1669–1719), а зараз захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.
Як падаюць некаторыя крыніцы, у 1700 годзе менавіта Канстанцін-Казімір Бжастоўскі, на той час ужо біскуп смаленскі і віленскі, асвяціў у спадчынных Міхалішках касцёл Св. Міхала Архангела. Справа ў тым, што храм хоць і быў пабудаваны раней, менавіта ў канцы XVII стагоддзя перацярпеў радыкальнае змяненне інтэр’ераў.
Узор суровага сармацкага барока атрымаў пышнае барочнае начынне. Увесь дэкор храма – галоўны і чатыры бакавыя алтары, фігуры 12 апосталаў, а таксама буйныя і дробныя кампазіцыі на сценах – пакідае ўражанне гармоніі і выключнага адзінства скульптуры і архітэктуры.
Зроблена ўсё ўбранства было з самага папулярнага ў тыя часы матэрыялу – штука, які вырабляўся з тонка прасеянага гіпсу ў сумесі з мармуровай пудрай, квасцамі і клеем.
Апостал Варфаламей
Гарэльефныя фігуры апосталаў былі зроблены амаль у два разы большымі за натуральную велічыню. Усе яны пададзены ў руху і звернуты да галоўнага алтара. Створаны такім чынам апостальскі рад быццам бы стаіць перад распяццем верхняга яруса галоўнага алтара. Асаблівую каштоўнасць дэкору надаюць розныя дробныя элементы, якія запаўняюць вольныя прамежкі сцен. Гэта арнаменты з пышных завіткоў аканту, у якія ўкампанаваны пуці, галоўкі анёлаў, кветкі, садавіна, зробленыя з вялікай фантазіяй маскароны, галовы фантастычных істот, выявы прасталюдзінаў.
Маскарон з дэкору кампазіцыі “Марыя Магдаліна”
Аўтарамі гэтага багатага інтэр’ера былі італьянскія скульптары П’етра Перэці і Джаванні-Марыя Галі. Па традыцыі лічыцца, што першы з іх рабіў фігуры, а другі – дэкор з расліннымі матывамі. Перад тым, як шаноўныя італьянцы прыбылі ў Міхалішкі, яны разам працавалі над убранствам касцёла Св. Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільні. У 1677 годзе скульптары прыехалі з Рыма ў Вільню, ад фундатара храма гетмана вялікага літоўскага Міхала-Казіміра Паца атрымалі замову на працу і да 1684 года выконвалі лепку ў касцёле Св. Пятра і Паўла. Храм, дарэчы, належаў кляштару канонікаў латэранскіх (аўгусцінцаў) і быў асвечаны біскупам Канстанцінам-Казімірам Бжастоўскім у 1701 годзе.
У віленскім храме Перэці і Галі, можна сказаць, пераўзышлі сябе – стварылі больш за дзве тысячы фігурных кампазіцый, гарэльефаў і статуй з выявамі гістарычных, міфалагічных і алегарычных персанажаў, фантастычных істот, раслін і жывёл. Аднак не горш яны разам са сваёй арцеллю папрацавалі і ў Міхалішках.
Падчас пераробкі інтэр’ераў у Міхалішкаўскім касцёле з’явіўся ў новы амбон. Рэдкі выпадак – амбон з пазалочанага разнога дрэва, упрыгожаны багатым дэкорам і балдахінам, захаваўся да нашага часу. Ля яго падножжа знаходзіцца вялікая фігура арла, які рыхтуецца ўзляцець. Драўляным арлу і амбону двойчы выпала выключнае шчасце ўратавацца ад агню, калі падчас Першай і Другой сусветных войнаў у касцёл трапілі бомбы, ад якіх пачаліся пажары.
Сёння касцёл у Міхалішках знаходзіцца ў выключна дагледжаным стане. Увогуле храму пашчасціла. У савецкія часы ўлады яго не зачынялі, ён ніколі не быў складам збожжа, тут не захоўвалі ўгнаенні. Выдатны стан шматлікай узорыстай ляпніны наводзіць на думкі аб тым, што пабудову, над узвядзеннем якой людзі працавалі шчыра і сумленна, і час не кранае. Аднак меркаванне гэта ўяўнае. Час ад часу пачынаюць сыпацца цагліны, гніе дрэва, аднойчы пачынае працякаць дах.
Храм пачаў прыходзіць у заняпад асабліва пасля 1839 года, калі ў Расійскай імперыі быў скасаваны ордэн аўгусцінцаў. Кляштар у Міхалішках зачынілі, а касцёл ператварылі ў парафіяльны. Нарэшце, надыйшоў час, калі трэба было ачысціць і аднавіць тынкоўку на фасадах, перакрыць дах і вежы. Гэтым з поспехам заняўся новы пробашч касцёла. А вось асвяжэнне інтэр’ераў, якія за стагоддзі забрудзіліся і часткова папсаваліся вільгаццю з-за таго, што працякаў дах, ён даверыў свайму арганісту. Таму ў парыве руплівасці прыйшла ў галаву шчаслівая, як яму самому здавалася, думка – пафарбаваць у розныя колеры выпукласці штукавых выяў. Як піша граф Тышкевіч, сцены арганіст пацягнуў брудным блакітам, арабескі на іх пакрыў зялёным колерам, садавіну – жоўтым, птушак – рознымі стракатымі фарбамі, анёлаў – цялесным колерам, валасы, бровы і зрэнкі – чорным, бялкі вачэй пабяліў. “Такім чынам, – піша Тышкевіч, – на сценах прыгожага да таго касцёла стварылася нейкая мешаніна колераў, якая кожнага наведвальніка ўражвала надзвычайна, не дазваляла яму адразу зразумець, што магло быць прычынай гэтай сумесі цудоўнейшага твору мастацтва італьянскага скульптара і выключнай пэцканіны міхалішкаўскага арганіста”.
Ад наведзенай арганістам у касцёле “прыгажосці” хутка пачалі пазбаўляцца. Але не так проста гэта было зрабіць. Рэстаўрацыйныя працы з поспехам былі завершаны толькі ў 1938 годзе, калі Леанард Янушкевіч, Эдвар Сямкевіч і Адам Анімуцкі прывялі да ладу ўсе штукавыя кампазіцыі і выявы.
Рэстаўрацыя інтэр’ераў касцёла ў Міхалішках. У левым верхнім куце – разьбяны амбон. Фота Яна Анімуцкага. 1938 г.
Бжастоўскія валодалі Міхалішкамі да пачатку ХІХ стагоддзя. На адлегласці прыблізна дзвюх вёрст ад мястэчка яны пабудавалі свой палац, які быў адной з рэзідэнцый роду і рэшткі якога яшчэ паспеў замаляваць граф Канстанцін Тышкевіч.
Рэшткі палаца Бжастоўскіх у Міхалішках. Малюнак К. Тышкевіча. 1857 г.
Палац гэты ўзвёў, відаць, Цыпрыян-Павел Бжастоўскі або яго сыны. З упэўненасцю можна казаць, што рэзідэнцыя існавала ўжо ў 1705 годзе, калі 17 ліпеня ў ёй давялося заначаваць расійскаму імператару Пятру І. У яго жыццяпісе знаходзім паведамленне аб тым, што спыніўся цар у Міхалішках у мураваным доме, які “сделан архитектурою и в полатах зело убрано <…>, также и огород хороший, в котором пруды камнем выкладенные”.
У Міхалішкаўскім касцёле знаходзілася крыпта з пахаваннямі Бжастоўскіх. “Злева ад уваходу, пад хорамі, – піша Тышкевіч, – знаходзіцца капліца Св. Юзафа, пабудаваная Юзафам, сынам Яна-Ўладзіслава Бжастоўскага, а пад ёю – невялікі склеп з катакомбамі для трунаў сям’і Бжастоўскіх”.
Крыпта была разрабавана нейкімі мясцовымі злодзеямі ў час, калі ў касцёле адбывалася славутая “рэстаўрацыя” інтэр’ераў арганістам. З яе павыдзіралі помнікі Бжастоўскім, якія былі выразаны, як піша Тышкевіч, “на табліцах з англійскага волава”. Застаўся толькі адзін нагробак, які знаходзіўся ў самім касцёле злева ад ўваходу і належаў Міхалу Бжастоўскаму (1722–1784), падскарбію ВКЛ, сыну Канстанціна-Бенядзікта і ўнуку Яна-Ўладзіслава. Граф Тышкевіч замаляваў помнік, які да нашага часу не захаваўся.
Нагробак Міхала Бжастоўскага, падскарбія ВКЛ. Малюнак К. Тышкевіча. 1857 г.
Гэтым нарысам, канечне, не вычэрпваецца ні ўся гісторыя касцёла ў Міхалішках, ні гісторыя роду Бжастоўскіх на Беларусі. Ім мы можам толькі, хутчэй, пазначыць “Дарогу на Міхалішкі”, як гэта некалі зрабіў наш славуты фатограф Ян Булгак.
Летам 2007 года адбылася беларуска-літоўская водная экспедыцыя пад назвай “Шляхам графа Канстанціна Тышкевіча праз 150 год”.
Пад час экспедыцыі мясцовым краязнаўцам Алесем Юркойцем ў Міхалішках была арганізавана мастацкая выстава.
Сярод іншых архітэктурных помнікаў Астраветчыны на ёй быў прадстаўлены і касцёл Святога Міхаіла Архангела.
Моманты з жыцця сучасных жыхароў Міхалішак.
Будзем спадзявацца, што будучыня і ў касцёла, і ў вернікаў будзе светлай. А пра славуты род Бжастоўскіх мы яшчэ раскажам…
В 1662 году владелец местечка Михалишки Циприан Бжестовский
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....