2-9 жніўня 2026 года ў Друі пры кляштары касцёла Святой Троіцы адбыўся чарговы, пятнаццаты, мастацкі плэнэр. З ініцыятывы ксяндза-пробашча Вячаслава Адамовіча сёлета да яго далучыліся літаратары.
Партал “Планета Беларусь” працягвае расказ пра творчыя праекты і вечарыны, здзейсненыя падчас літаратурна-мастацкага плэнэру “Друя – месца спаткання гісторыі і мастацтва”.
Маё дзяцінства жыло і бавілася над азёрнай раскошай у Ідолце і Мілашове – вёсках на беразе найпрыгажэйшага ў свеце возера.
На адным яго беразе стаіць Мілашова – у ім у пару майго маленства дзейнічала Мілашоўская васьмігадовая школа. Яна была адной са старэйшых у Беларусі, адзначыла 140-годдзе – пасля яе зачынілі, цяпер мясцовыя дзеці навучаюцца ў Павяцкай СШ.
Алена Масла з татам – Масла Сцяпанам Сцяпанавічам, былым настаўнікам і дырэктарам школы 2014 год
У Ідолце захаваны фальварак ад паноў Мілашаў – маёнтак, гаспадарчыя пабудовы, старажытны ліпняк і стары сад каля летняй панскай рэзідэнцыі, капліца на паўвостраве – сямейная пахавальня паноў Мілашаў.
Касцёл Маці Божай Шкаплернай стаіць на скрыжаванні, пры дарозе, адна з якіх вядзе ў Ідолта, адна – у Мілашова. Называюць яго Ідолтаўскім, мілашоўцы не зусім з гэтым згодныя – але галоўнае, што ён ёсць у нас.
Дык вось, нарадзілася я ў Мілашове, калі мне было шэсць месяцаў, наша сям’я пераехала ў Ідолта, а калі мне споўнілася дзесяць гадоў – зноў вярнулася ў Мілашова. То бок, я мела магчымасць жывіцца прыгажосцю і таямніцамі абодвух берагоў.
Дарэчы, Мілашова і Ідолта называлі вёскамі, але ж гэта не правільна.. Вёска – гэта выключна сялянскія хаты. Калі ў паселішчы ёсць яшчэ касцёл ці царква – гэта ўжо сяло. Калі ж яшчэ і кірмаш – то паселішча мае статус мястэчка.
Праўда, зараз Ідолта ўжо і не сяло – аграгарадок, але гэта новае сучаснае паняцце.
На мапах наша возера пазначана як возера Ідолта. Як і ў выпадку з “новым” касцёлам, людзі называюць яго па-рознаму. Ідолта раскінулася на адным беразе, і яго жыхары купаюцца ў ідолтаўскім возеры. Мілашова – на другім, тут ужо людзі заходзяць у ваду Мілашоўскага возера. Цікава нават, як знаходзяць паразуменне рыбы, снуючы на падводнай глыбіні? Ёсць там у іх нейкае памежжа і тэрытарыяльны падзел? Нам пра гэта ніколі не даведацца: рыбы – вядомыя маўчуны.
Ужыты вышэй тэрмін “новы” касцёл азначае, што недзе ёсць і стары. Чыстая праўда!
Вось ён, стаіць на паўвостраве, завецца капліцай і пабудаваны Яўгеніюшам Мілашам у 1840-1870-х гадах ХІХ стагоддзя.
Служыў сямейнай пахавальняй, за савецкім часам тут захоўваліся ўгнаенні, у дзевяностыя гады дваццатага стагоддзя вернуты да жыцця ксяндзамі-марыянамі.
Калі пачынаць расказ пра мае казкі, у якіх згадваюцца назвы родных мясцін ці дзея адбываецца тут, пачну я менавіта са “старога” касцёла.
Ён – адзін з герояў казкі “Сок з альясу” са зборніка маіх казак “Першая прыгажуня”.
“…На супрацьлеглым беразе возера, на паўвостраве, месцілася капліца. Разложыстыя клёны шчыльным колам абступалі яе, і альясу з падваконня добра відалася толькі званіца. На ёй, крытай па-даўнейшаму гонтай, адарвалася некалькі дошак. Яны матляліся на адным цвіку, жаласліва парыпвалі ад дотыкаў ветру і бясконца бавілі ваколіцы гісторыю жыцця старой капліцы – рамантычную і сумную.
Даўней, яшчэ за панамі, яе пабудаваў малады шляхціц па смерці каханай жонкі. А з часам, як паноў прагналі з гэтых месцаў, у капліцы зрабілі схованку для ўгнаенняў. І не ўважылі ні яе прыгажосці, ні самоты па страчаным каханні…
Некалі бялюткая і светлая, капліца ад недагляду ўчарнела, пачала крышыцца цэгла на сценах, а ў даху з’явіліся дзюркі… Аднак яна горда плыла па-над дрэвамі, па-над возерам і не здавалася, не губляла надзеі на тое, што яе скаргі пачуюць, а раны, пабітыя часам і недаглядам, залечаць-залатаюць…”
Так усё і ёсць – як у казцы!
Дарэчы, зборнік “Першая прыгажуня”, выдадзены ў 2010 годзе, атрымаў літаратурную прэмію “Залаты Купідон” – папярэдніка Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Няма сумневаў, што і капліца з казкі “Сок з альясу” гэтаму паспрыяла.
Пісаць казкі і друкавацца я пачала, калі вучылася ў чацвёртым класе. “Зорачка” і “Воблачка” – казкі акурат той пары, яны ўвайшлі ў зборнік “Таямніца закінутай хаты”.
“Музыка крыштальнага саду” – яшчэ адна казка з гэтага зборніка, расказаная наваколлем наўпрост у Мілашове. Праўда, пачула яе не я сама – мама з татам расказалі. Аднойчы восеньскім ранкам яны выйшлі з дому, а ваколіца звініць, нібы тысячамі крыштальных келіхаў вакол чаркаюцца.
Гэта звінеў яблыкамі вялікі “саўгасны” сад – ён ад нашай хаты непадалёк. Трошкі пазней зразумелі прыроду гэтай чароўнай музыкі. Уначы ішоў дождж, на досвітку ціскануў мароз – вось і закуў яблыкі ў ледзяны корак.
Мне ж з гэтай гісторыі прыдумалася казка пра каханне Клёніка і Вішанькі.
Вось з яе кавалачак.
“…Уздыхнуў Вецер, забурчэў сам на сябе – і, абуджаны, зашамацеў голлем сад, зазвінеў сярэбранымі званочкамі. Гэта азваліся яблынькі. Голыя, без лісця, яны ўтрымалі падчас буры на сваіх галінках крапчэйшыя яблыкі. Калі пасля дажджу раптоўна ціснуў мароз, кожны яблычак аказаўся закутым у ледзяную корку, нібы ў крышталь. Кранутыя подыхам Ветру, яны датыкаліся да заледзянелых галінак – і звінелі.
Вось гэта была музыка! Зачараваны ёй, Вецер калыхаў і калыхаў галінкі – нібы перапрашаў наваколле за свае шалы.
– Вось,– здавалася, вымаўляў ён,– накуралесіў я, пагарачыўся, але гляньце, што атрымалася! Наўмысна нізашто не дадумаўся б даць марозу яблыкі ў лёд закаваць!
Ніхто не гневаўся на Вецер за яго гарачы нораў, бо паднятая ім бура ператварылася ў чароўную музыку крыштальнага саду. І, развітваючыся пад яе срэбраны звон з цёплымі днямі бабінага лета, наваколле думала пра тое, што Вішаньцы варта было зацвісці ўвосень, калі гэтай парой яна сустрэла сваё каханне. І што, дзякуючы вяселлю, залатая восень скончылася такім прыгожым днём – будзе што ўспомніць падчас зімовага спакою...
Над зямлёй плыла крыштальная музыка”.
А яшчэ ў нашым Мілашоўска-Ідолтаўскім возеры жыве Вадзянік! Гэта чыстая праўда, пачытайце казку “Крыўда старога Вадзяніка”. Памылкі быць не можа, тапаніміка нам у сведкі!
Унучак сваіх, ласкатушак, Вадзянік дабрахоць на госці да сваякоў выправіў.
“Паплылі яны з Мілашоўскага возера па рэчцы Шнуроўцы ў возера Белае, затым – пратокай у Чорнае, пасля праз ручаі – у Дзедзіна ды да Перабродзкіх азёраў – шлях, канечне, не блізкі”... А пакуль унучкі гасцявалі, Шнуроўка перасохла, і вярнуцца дамоў, да дзядулі ў Мілашоўскае возера, ласкатушкі не могуць…
Усё праўда: і азёры гэтыя, і рэчкі – ёсць. І Шнуроўка да гэтай пары то напаўняецца вадой, то перасыхае…
Родныя мясціны, тапаніміка наваколля – у шмат якіх маіх казках.
Мастак кнігі – Марыся Лось.
Пані Чаротная – жабка, галоўная гераіня казачнай аповесці “Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала” нясе пісьмо ад сваёй мамкі цётухне ў Палангу. Пачынае яна свой рух з тутэйшых сажалак, адпачывае пад мастом на рацэ Вяце, рыбцы-памежнікі падвозяць яе да Рыгі ад друйскіх берагоў…
“Таямніцу закінутай хаты” я падгледзела і падслухала на закінутым хутары ў пакінутай людзьмі хаце побач з Дубоўкай – туды з Мілашова мы хадзілі па ягады.
Яшчэ адна казачная аповесць – “Каляды з хроснай” – шмат у чым натхнёная падзеямі, якія адбываліся ў нашым мілашоўскім доме ў калядна-навагоднюю пару…
Маразяты з Мілашова – такія памочнікі Дзеда Мароза ёсць і ў “Калядах з хроснай”.
Гэтая казачная падборка, якой я дзялілася на вечарыне “Казкі родам з Мілашова” у межах літаратурна-мастацкага плэнэру “Друя – месца спаткання гісторыі і мастацтва” – вельмі кароценькае сведчанне фіксацыі ў казачным свеце згадкі пра мае родныя мясціны.
Насамрэч яны, як паветра, са мной заўжды і паўсюль. Значыць, і ў маіх казках – праз строй думак, вобразы, словы з родных мясцін – мае Мілашова-Ідолта гавораць з маімі чытачамі.
Казачніца Алена Масла ля пуні сваіх бацькоў і на беразе возера Ідолта…
Лида
Лида по праву считается одним из древнейших городов Беларуси.
Просмотров: 12104
6 сентября. Станислав Август Понятовский
В этот день в 1764 году королем Речи Посполитой и Великим князем ВКЛ был избран Станислав Август Понятовский.
Просмотров: 8491
1 сентября. «Наша доля»
В этот день в 1906 году в Вильнюсе вышла первая легальная белорусская газета «Hаша доля».
Просмотров: 8082
Речица
Город Речица возник на месте поселения дреговичей на известном торговом пути «из варяг в греки».
Просмотров: 6751