Ларыса Заверач – мадэль 60+, кіраўнік першай у краіне студыі ўзроставых мадэляў і тэатра моды «Рэальны ўзрост», член Беларускага саюза дызайнераў, уладальніца кароны Grand-Prix Super Model Universe 2022 і прэстыжнага медаля П'ера Кардэна – грамадскай узнагароды ў галіне моды, прыгажосці і мастацтва – пра важнасць сямейных каштоўнасцяў, традыцый, любові і кахання.
– Ларыса, Вашай студыі ўжо сем гадоў. Вы не проста навучаеце мадэлінгу, але задаеце трэнд на актыўнае і прыгожае жыццё ў сталым узросце, матывуеце пажылых не здавацца гадам, а маладых – не баяцца сталасці. «Мадэлінг як аздараўленне» – так гучыць крэда студыі. Вы таксама часта кажаце аб тым, што ствараеце планету Шчасця, на якой пануюць каханне, узаемадапамога і павага – і сама выпраменьваеце каханне і шчасце.
Вось мне і карціць распытаць пра тое, чаго я пакуль не знайшла ні ў адным інтэрв'ю з Вамі. Якім было дзяцінства Каралевы прыгажосці – бо ўсе мы родам з дзяцінства. Хто гадаваў і выхоўваў чалавека, які будуе планету Шчасця?
– Я расла ў сям'і, як пунсовая кветачка, сярод кахання і ўзаемаразумення. Бацькі пражылі ў шлюбе пяцьдзесят шэсць гадоў, адсвяткавалі залатое вяселле. Усё жыццё яны вельмі клапаціліся адно пра аднаго. Калі тата прыйшоў з працы першым: «Давайце будзем гатаваць, бо мама хутка вернецца». Калі мама прыходзіла з працы першай, то «давайце гатаваць, бо хутка тата прыйдзе». І так ва ўсім – яны не дзялілі абавязкаў.
Бацькі пры нас ніколі не высвятлялі адносін. Пазней, у сваім шлюбе, я зразумела, што могуць быць розныя погляды на жыццё. Магчыма, і ў іх паміж сабой рознае здаралася. Але нам, дзецям, ніколі не дэманстраваліся рознагалоссі. Мы бачылі толькі клопат, каханне, павагу і падтрымку.
Мабыць, падзяліцца, адарыць людзей – было самым галоўным у дзеяннях нашых бацькоў.
У нас была вялікая сям'я – толькі з татавага боку сямёра братоў і сясцёр. Мы ўсе радніліся, былі вельмі дружныя паміж сабой, дапамагалі адзін анднаму. Але шчодрасць і гатоўнасць дапамагчы распаўсюджваліся не толькі на сямейнікаў.
Мы жылі ў вёсцы, але тату нашага ведалі і любілі людзі далёка па-за яе межамі. Ён быў майстар на ўсе рукі. Што б ні зламалася – паправіць. Вельмі стараўся для людзей. Мог зашчэпку дома ў сябе зняць і паставіць суседцы. Калі мама папракала, што так не робіцца, казаў: «Навошта нам гэтая зашчэпка, я ж ёсць у хаце! А ў яе (суседкі) сын не вярнуўся з вайны, а ў той – муж не вярнуўся з вайны…»
Калі тата памёр, праводзіць яго прыйшло вельмі шмат людзей, і кожная адзінокая жанчына ўставала і казала: «Ён быў мне як брат».
Тата па-майстэрску клаў печы і каміны. Пакуль быў у сіле – майстраваў іх для людзей. Потым знайшоў сабе пераемніка – вывучыў на печніка, перадаў сакрэты майстэрства.
Калі тата стаў дрэнна пачувацца, я спрабавала захінуць яго ад залішніх клопатаў. Аднойчы ён сказаў: «Зразумей, я магу жыць, таму што патрэбен людзям. Ад таго, што ты мяне пасадзіш у залатую клетку і будзеш абходжваць, я не стану здаравейшым. Таму дай мне волю жыць, як я хачу, а маё жаданне – гэта дапамагаць людзям».
Мне падабалася, як далікатна тата вучыў мяне зарабляць грошы. Кладзе печы, у гліне выпэцкаецца – я яго камбінезон мыю. Праверу кішэні – і знайду грошы. Нясу іх тату аддаваць. «Вось, тата, тры рублі ў камбінезоне ляжалі». «Ну дык ты ж яго мыла, гэта твае тры рублі».
У дзяцінстве я вельмі любіла дэкламаваць вершы. Стану на зэдлік і чытаю гасцям усё, што ведаю. Не адпускала, пакуль увесь мой рэпертуар не праслухаюць. За выступы сваякі адорвалі мяне шакаладкамі. Вельмі мне падабалася быць артысткай!
Я не хадзіла ў дзіцячы садок, мне там было сумна. Дома таксама сядзець не хацела. Каб мяне нечым заняць, бацькі купілі вельмі дарагую ляльку. Мама для яе пашыла сукенкі. Дык што? Павошкалася я з лялькай тры дні. Таксама сумна! Я ёй расказваю, расказваю, яна хоць бы слова ў адказ.
Куды цікавей мне было хадзіць разам з татам, назіраць, як ён працуе, стасуецца з людзьмі. Часта бачыла, як у нейкіх надзвычайных абставінах мой тата дзейнічаў проста як Шварцэнэгер. Здаралася, і я дапамагала яму. Памятаю такі выпадак. Аднойчы прыбегла да нас цяжарная суседка з дзецьмі – хавацца ад п'янага мужа. Мама пачала завіхацца ля іх, а тата пайшоў суседа ўціхамірваць. Я за ім. Зіма, холад, а ў суседзяў вокны расчынены, падушкі ў двор ляцяць. Тата спакойна зайшоў у хату, неяк суседа суняў, вокны, дзверы пазачыняў – а я ў двары стаяла і падушкі паспела назад у хату пазакідваць…
Вось яшчэ яркі ўспамін. Пажар у вёсцы. Людзі бегаюць, мітусяцца, тушаць агонь. Тата прыняў каманду ўсімі на сабе. Ім давялося нават адну хату разабраць, каб агонь не пайшоў на ўсю вёску, бо будынкі стаялі блізка.
Спынілі пажар, а ўвечары ўсе ішлі да нас: абмяркоўвалі здарэнне, татавы каманды, якія аказаліся правільнымі, і неслі лекі, тлушч – таму што тата абгарэў. Усёй вёскай лячылі яго.
Шчаслівая, што Гасподзь падарыў мне магчымасць развітацца з татам.
Ён хварэў, і я сабрала сваіх дзяцей. Сказала пры ўнуках: «Дзякуй, што ты быў маім бацькам! Ты быў самым лепшым».
Мы з татам абняліся. Ён ужо нічога не мог сказаць, але тыя моцныя рукі, якія мяне некалі сціскалі ў дзяцінстве, зноў ляжалі на маіх плячах. Мы доўга сядзелі, абняўшыся.
У тую ноч таты не стала.
Мая мама пражыла жыццё "за мужам" – за мужчынам, які яе кахаў, захапляўся ёй, добра зарабляў. У мамы было шмат розных клопатаў і абавязкаў – але было галоўнае, што робіць прыгожай любую жанчыну: яна жыла ў каханні.
Памятаю, мы ішлі да кагосьці на вяселле. Я была яшчэ зусім юная, бацькі маладыя. Тата высокі, мама высокая, мы ішлі, і людзі азіраліся і казалі – вось узорная сям'я! Ён добры сем'янін, яна – добрая гаспадыня!
Гэта праўда. Заўсёды ў нас у доме было ўтульна: прыбрана і пахла хлебам – мама яго сама пякла.
Мама – Ільвіца, народжаная ў год Змеі. Яна была яркай, станістай, любіла прыбірацца і ў маладосці, і ў сталым узросце.
Жылі ў вёсцы, трымалі гаспадарку, вялікі агарод. Мама ўвесь час завіхалася па гаспадарцы. Але якую б працу ні даводзілася рабіць, яна заўсёды цудоўна выглядала.
Хадзіла заўсёды ў сукенцы, накінуўшы паверх яе цёмны працоўны халат. Як убачыць, што чалавек да нашай хаты накіроўваецца, адразу расшпільвае халат або зусім здымае яго – і вось ужо, прыбраная, гамоніць з чалавекам. Былі ў мамы сукенкі на выхад, сукенкі на працу, на розныя іншыя выпадкі жыцця – і ні адна не сумавала ў шафе, яна іх усё насіла.
Мама пражыла восемьдзесят восем гадоў і заўсёды заставалася жаноцкай, глядзела сябе. Вельмі радавалася, калі я з паездак прывозіла ёй то прыгожыя тканіны, то сукенкі.
Трэба сказаць, што ўсе жанчыны з нашай сям’і добра выглядалі, былі дагледжанымі, з фрызурамі, насілі сукенкі.
Я таксама люблю прыбірацца – бацькі мяне прывучалі да гэтага. У школе я была выдатніцай, актывісткай, узначальвала камсамольскую арганізацыю. Пра тое, што буду мадэллю, ніхто не думаў і не гадаў. У той час мадэлі ўвогуле рэдкасцю былі. Але прыбіралі мяне бацькі як мадэль. Яны добра зараблялі, і ў мяне ўжо ў дзесятым класе было паліто з вялізным пясцовым каўняром, шапка пясцовая, кітайскі парасон "Тры сланы", аўстрыйскія боты... Людзі майго пакалення разумеюць, што ў эпоху дэфіцыту гэта былі сапраўдныя скарбы.
Пазней прыгожыя рэчы мне прывозіў брат – ён служыў за мяжой. Пасля муж у моры хадзіў, песціў уборамі.
Вельмі люблю жаноцкі, элегантны стыль. Рэдка нашу нагавіцы, джынсы. Пагадзіцеся, калі жанчына дагледжаная, у прыгожай сукенцы – ёй усе дзверы адчыненыя і на перамовах немагчыма адмовіць. Ва ўсякім разе, у мяне гэтая "зброя" заўжды працуе.
Нас у сям'і прывучалі да таго, што кожную раніцу павінна быць зарадка, размінка, пазітыўны настрой.
Памятаю, неяк дзіцем я панадзілася скардзіцца маме: той мяне пакрыўдзіў, той дрэнны, гэты не тое сказаў. Мама слухала-слухала і кажа аднойчы: «Ну, значыцца, ты дрэнная, бо не могуць усе людзі быць дрэннымі. Гэта тваё ўспрыманне свету».
Так я зразумела, што за пазітыўны настрой кожны чалавек адказвае сам. Сама мама ніколі не скардзілася на здароўе, стомленасць, была, як сонейка – спакойная і ўсмешлівая. Напрацуецца, прыляжа на пятнаццаць хвілін – і зноў за працу. Усё ў яе ў руках спорылася. Мама ўмела распараджацца грашыма. Тата зарабляў, але рахунка ім, па-мойму, не ведаў. Усё нёс і аддаваў маме. Яна планавала, на што іх патраціць, колькі адкласці.
Нашы бацькі – дый у цэлым іх пакаленне – былі стрыманымі ў праяве пачуццяў. Яны не кідаліся словамі, не тое, што сёння: “я цябе кахаю” па сто разоў на дзень, а потым раз – і развяліся. Яны вучылі, што каханне – гэта не словы, а ўчынкі. Праз іх ты паказваеш сваё каханне.
У сям'і я старалася жыць паводле гэтага правіла. Калі мой муж вяртаўся з плавання, прыбірала хату як да Вялікадня, варыла традыцыйны суп – такі, які яму яго мама гатавала, пякла пірагі – свята было ў хаце! Дзяцей маме адвозіла, і сама ехала Сашу сустракаць. Калі ён заходзіў у дом, заўсёды прамаўляў: "Як у нас добра!" Я разумела, што ён вярнуўся на сваю планету шчасця.
Удзячная бацькам за ўрокі такога кахання.
Калі паступіла ў медінстытут і выпраўлялася на вучобу, мама абняла мяне і сказала: «Чалавек прыходзіць у гэтае жыццё адзін і сыходзіць адзін. Дапамогуць табе – скажы дзякуй, не дапамогуць – не крыўдуй. Усё жыццё разлічвай на сябе, і тады ў цябе ні на кога не будзе крыўды».
Я запомніла маміны наказ і заўсёды старалася цвёрда стаяць на сваіх нагах. Майму сямейнаму стажу сорак гадоў. Я замужам, "за мужам" у поўным сэнсе гэтага слова – і ў стаўленні мужа да мяне, і ў плане грошай. Але я ўмею жыць, разлічваючы на сябе. Працавала медыкам, потым выкладала. Ваджу машыну, гадавала дзяцей, ніколі не пакідала працу.
Сёння я ў мадэлінгу. У мяне вельмі актыўнае жыццё. Муж часам кажа: «Што ты робіш? Уключыла хуткасць жыцця як у сорак, а табе неўзабаве шэсцьдзесят пяць!”
Вось тады я і адказваю, што ствараю сваю планету Шчасця! Ствараю свядома, разумеючы, якой яна павінна быць. Любоў, узаемаразуменне і падтрымка – вось законы, якія кіруюць жыццём на ёй. Дзякуючы бацькам, я жыла на такой планеце, стварала яе для сваёй сям'і – а зараз хачу пашыраць яе межы, дзяліцца з людзьмі.
На нашай планеце ў пашане прыгажосць адносін паміж Мужчынам і Жанчынай, традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Так управіў Гасподзь, так задумана ў прыродзе, што ёсць мужчына і жанчына, і жыццё пачынаецца з іх і працягваецца імі. Мы гэтыя каштоўнасці падзяляем і транслюем свеце.
Я вельмі хачу, каб у нашай супольнасці людзі пачуваліся камфортна, каб яны заставаліся сабой ці вучыліся быць сабой. Мы пазбягаем стандартаў. Мама некалі казала: "Бог лесу не зраўняў, не тое што людзей". Вось і мы сабраліся, каб адно аднаго дапоўніць. Калі мы выходзім на подыум, вучымся не выпінаць сябе, а падсвечваць адзін аднаго. Мы розныя, але можам аднолькава гарманічна глядзецца ў прапанаванай дызайнерскай выяве.
Я вельмі добра ўсведамляю: няма старасці і ўзросту – ёсць абмежаванні ў нашых галовах. Усё адносна! Юным саракагадовыя здаюцца старымі. Але вось да нас у студыю прыйшла Паліна Кацуба, якой на той момант было 93 гады, і я падумала: "Мне толькі 63, у мяне наперадзе яшчэ 30 гадоў актыўнага жыцця!"
Вядома, нельга недаацэньваць узрост. Арганізм зношваецца, хваробы старасці наганяюць нас – ад гэтага не сысці. Але калі мы рухаемся, развіваемся, даведаемся новае – у нас ёсць магчымасць актыўна пражыць свае сталыя гады.
Студыя “Рэальны ўзрост” у пастаянным руху. У нас і навучанне, і ўдзел у паказах, і паездкі на конкурсы, і дэманстрацыя мод у Італіі... Францыя і Амерыка пакуль у марах. Але калі ты марыш і будуеш планы – Гасподзь дае час і магчымасць іх ажыццявіць.
Часта чытаеш у сацсетках, што чалавеку і ў сорак пяць гадоў жыць ужо няма дзеля чаго. Мне шэсцьдзесят чатыры, а жыць цікава!
У мяне шмат сацыяльных роляў, і ўсе для мяне каштоўныя. Сёння я мадэль. А яшчэ я жонка, мама, бабуля, дачніца... З кожнай роляй трэба ўмець спраўляцца, адпавядаць ёй. Калі пытаюцца, як на ўсё хапае часу і сіл, ахвотна дзялюся сакрэтам. Калі любіш – усё як быццам само сабой робіцца.
Я люблю гаспадарыць: праць, прыбіраць, пячы пірагі. Люблю, каб у маім доме былі парадак і ўтульнасць. Люблю корпацца ў агародзе на дачы. Усё сёння можна купіць на рынку, у крамах. Але ў нас і клубніцы свае, і бульбачка. Праца на зямлі – гэта не толькі пра ўраджай. Я адчуваю, як абнаўляюся, як сыходзіць негатыў і з'яўляюцца новыя сілы. Размаўляю з зямлёй, з раслінамі – і шчаслівая ад гэтага.
Сям'я таксама патрабуе шмат часу. Але аддае ў разы больш! Я перакананая: самы дзейсны рэцэпт прыгажосці – разуменне, што ты патрэбны, што цябе кахаюць. Для жанчыны вельмі важна адчуваць сябе абароненай. Мой муж хадзіў у мора, часам нас падзялялі тысячы кіламетраў – але я заўсёды адчувала, што ён побач, што ён ёсць, што я "за мужам".
Мяне часта пытаюцца, як суджэнец ставіцца да майго занятку мадэлінгам. Калі б ён быў супраць, я б і не была мадэллю. Але ён ганарыцца мной, без рэўнасці ставіцца да ўвагі з боку іншых. Кажа: «Я рады, што мая жонка падабаецца не толькі мне. Хто б ёй не аказваў знакі ўвагі, яна ж усё роўна са мной!”
Сям'я для мяне – гэта шчасце падтрымкі, прыняцця, разумення. Калі я ў нечым сумняваюся, раюся з мужам, дзецьмі, нявесткай, унучкай – яны дапамагаюць прыняць правільнае рашэнне. Гэта неацэнна!
Калісьці, пасталеўшы, мы прыязджалі ў бацькоўскую хату, каб пагаварыць, падзяліцца радасцю і сумневамі з бацькамі, якія нас любілі, аберагалі, чакалі. Цяпер такія ж даверлівыя, цёплыя адносіны ў маёй сям'і. Я вельмі гэтым даражу. Хачу, каб і на маёй планеце Шчасця было хораша, утульна і цёпла. Бо ўсе, хто прыходзіць у студыю "Рэальны ўзрост", судакранаюцца душамі. Значыць, становяцца адной вялікай сям'ёй.
13 сентября. Глеб Всеславович
В этот день в 1119 году умер Глеб Всеславович, минский князь.
Просмотров: 9255
12 сентября. Паулина Мядзелка
В этот день в 1893 году родилась Паулина Мядзелка – первая исполнительница роли Павлинки в одноименной пьесе Янки Купалы.
Просмотров: 4445
7 сентября. Отель «Европа» в Минске
В этот день в 2007 году после реконструкции открылся минский отель «Европа».
Просмотров: 3573
10 сентября. Композитор Евгений Глебов
В этот день в 1929 году родился белорусский композитор Евгений Глебов.
Просмотров: 3213