«Краязнаўчая газета» адзначыла 20-годдзе!

Автор: Аддзел iнфармацыi
Фото: Сяргея Плыткевіча
5 1783

14 красавіка 2003 года быў падпісаны ў друк першы нумар гэтага выдання, заснаванага Беларускім фондам культуры і Уладзімірам Александравічам Гілепам. 

З той пары штотыдзень газета цешыць чытачоў публікацыямі, артыкуламі, прысвечанымі помнікам і знакамітым людзям нашай краіны, гістарычным падзеям, фальклору, абрадам.

Сярод аўтараў газеты мясцовыя краязнаўцы і навукоўцы, якія дзеляцца сваімі ведамі і даследаваннямі. Публікацыі «Краязнаўчай газеты» шмат у чым спрыяюць захаванню і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры.

Адной з важных тэм, якія падымае газета, – стан і развіццё агратурызму ў Беларусі.

На старонках можна знайсці каляндар падзей, аповеды аб жыцці рэгіянальных і школьныхмузеяў, літаратурныя творы, адпаведна з тэматыкай выдання. Сярод найбольш папулярных рубрык: «Малая краязнаўчая энцыклапедыя», «Асоба ў краязнаўстве», «Наша гісторыя: ідэі, падзеі, асобы», «З бібліятэкі „КГ“», «На паліцу краязнаўцы», «Царкоўнае краязнаўства», «Даследуюць вучні», «Рэгіён», «Землякі», «Спадчына ў небяспецы».

За мінулыя два дзесяцігоддзі «Краязнаўчая газета» атрымала заслужанае прызнанне і аўтарытэт сярод тых жыхароў краіны, каму неабыякавая яе матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына, гісторыя і будучыня.

1-A29V9674pb.jpg

Напярэдадні юбілея ў мінскім Доме дружбы адбылася ўрачыстая вечарына, прысвечаная двадцацігоддзю “Краязнаўчай газеты” і васьмідзесяціпягоддзю Уладзіміра Аляксандравіча Гілепа.

2-A29V9687pb.jpg

Уладзімір Аляксандравіч нагадаў сябрам і паплечнікам, як нарадзілася ідэя праекта, якімі былі першыя крокі рэдакцыі газеты, як ствараўся творчы калектыў.

3-A29V9714pb.jpg

У адрас рэдакцыі газеты і аднаго з яе заснавальнікаў прагучала многа добрых слоў. Анатоль Іванавіч Бутэвіч і многія іншыя сябры і паплечнікі адзначалі вялікую працавітасць Уладзіміра Аляксандравіча, яго самаадданасць у справе захавання гістарычнай спадчыны роднай краіны.

4-A29V9755pb.jpg

Многія дзякавалі Уладзіміру Аляксандравічу за яго падтрымку самых розных праектаў. Сярод іх быў і заснавальнік фонда «Любчанскі замак», які знагародзіў Уладзіміра Аляксандравіча значком валанцёра.

5-A29V9785pb.jpg

Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі ад імя Фонда культуры ўручыў Уладзіміру Аляксандравічу сімвалічны падарунак – карціну, на якой намалявана родная хата юбіляра.

6-A29V9465pb.jpg

Дапамагаў ствараць святочны настрой заслужаны аматарскі калектыў – фальклёрны ансамбль “Дударыкі”.

7-A29V9852pb.jpg

Віншуем калектыў газеты і Уладзіміра Александравіча Гілепа з юбілеем і жадаем творчых поспехаў, аптымізму і павялічэння колькасці неабыякавых чытачоў!