Трохі ўбаку ад чыгункі Маладэчна – Полацк, сярод маляўнічых узлескаў, над пакручастай плынню хуткай рачулкі Сэрвач стаіць гарадскі пасёлак Крывічы. Цяпер гэта малапрыкметны населены пункт, а раней – цэнтр гімны і сэрца навакольнага жыцця – слаўнае мястэчка Крывічы. Узгаданае ўпершыню ажно ў 1493 годзе паселішча ў 1776 годзе афіцыйна набыло статус мястэчка, разбудавалася і ператварылася ў заўважны населены пункт рэгіёна. Росквіт Крывічоў, які пачаўся ў сярэдзіне XIX ст. прыпадае на пачатак - першую траціну XX ст. У той час у ім меліся: народнае вучылішча, касцёл, царква, сінагога, бровар, адміністрацыя воласці, школа, лякарня, рамесныя майстэрні, крамы і лаўкі, праводзіўся вялікі кірмаш…
Сёння ў нашым праекце мы прапануем вам зазірнуць у гісторыю паўсядзённасці – прайціся па стронках мемуарна-краязнаўчай кнігі «Сцебуракаў лёс» Усевалада і Анатоля Сцебуракаў, каб пабачыць жыццё Крывічоў і наваколля вачыма непасрэднага сведкі падзей амаль стогадовай даўніны – карэннага тамтэйшага жыхара Анатоля Сцебуракі, які нарадзіўся ў 1928 годзе непадалёк ад Крывічоў на хутары Субачы.
Фрагмент кнігі “Сцебуракаў лёс”:
“Сэрцам наваколля было мястэчка Крывічы. Гэта быў сусвет у мініяцюры, дзе суіснавалі традыцыі, звычаі, мовы і рэлігіі ўсіх жыхароў краю. У адміністрацыйным плане нашае мястэчка з’яўлялася цэнтрам крывіцкай гміны, дзе месціліся ўсе афіцыйныя інстытуцыі: гмінная ўправа, пастарунак, школа, аптэка, пошта, шпіталь, «dom ludowy» (Дом культуры мястэчка).
З Дома культуры і пачнём. Гэта быў сапраўдны цэнтр жыцця. У ім былі сцэна і кінаўстаноўка, якая круціла польскія і замежныя стужкі, дзейнічаў аркестр (у складзе скрыпкі, цымбалаў, бубна і баяна). Ладзіліся танцы. Вядомым баяністам быў Суднік — музыка, знакаміты на ўсю ваколіцу. Дарэчы, гэты баяніст і яго брат пасля пры саветах былі галоўнымі спецыялістамі на маладэчанскай гармонікавай фабрыцы. Інструменты, да якіх яны прыклалі руку, адрозніваліся высокай якасцю і цаніліся нават па-за межамі БССР. Побач з «домам людовым» стаяў цір з малакалібернымі вінтоўкамі. Гэтае месца асабліва карысталася поспехам у мужчынскага насельніцтва гміны. Стралялі з задавальненнем усе.
Апроч таго, у Крывічах, канечне ж, меліся корчмы, крамы, майстэрні. У тым ліку майстэрня па рамонце і пракаце ровараў. А рамантаваць было што! Нельга ў размове пра тагачаснае жыццё не згадаць хоць слоўцам гэтую двухколавую машыну — любімую нашую забаўку і незаменны транспарт — ровар!
У 30-я гады гэтая машына была наколькі папулярнай, настолькі і прэстыжнай тэхнікай. Набыць яе мог дазволіць сабе далёка не кожны. А мець некалькі ровараў на сям’ю было прыкметай немалога дастатку. Кошты вагаліся ад ста васьмідзесяці да чатырохсот пяцідзесяці злотых. Спачатку ровары ў Польшчы былі імпартныя. Потым з’явіліся Львоўскі і Варшаўскі велазаводы, прадукцыя якіх карысталася добрым попытам. Напрыклад, сталічная фірма PWU (Państwowe WytwOrnie Uzbrojenia) у сярэдзіне 1930-х прапаноўвала пакупнікам такія папулярныя мадэлі, як «Łucznik» і «Łucznik Extra».
Яны вырабляліся ў вялікай колькасці мадыфікацый: турыстычны, дамскі, дамскі турыстычны, дзіцячы для дзяўчат і дзіцячы для хлапцоў і іншыя. Мадэлі былі абсталяваныя пярэднімі і заднімі тармазамі на стырне, а таксама тормазам «тарпеда» на педалях. За невялікі кошт замоўца мог выбраць колер свайму жалезнаму каню — зялёны, сіні, чырвоны, аліўкавы, вішнёвы, шэры. У часы майго маленства ў нас было тры ровары. Адзін з іх быў дамскі.
Каталог польскіх ровараў (1930-я гады)
У 1930-х ровары вырабляліся і ў Гародні на фабрыцы Старавольскіх. Ровары «Нёман» з гэтай фабрыкі можна было сустрэць у паштальёнаў, чыноўнікаў і звычайных грамадзянаў. Гэтая ж фабрыка вырабляла і матацыклы.
Вяртаючыся да крывіцкай сферы паслуг, адзначу ейную пярліну — рэстаран Старасцінскага. Месца, дзе, маючы грошы, можна было адчуць сябе сапраўдным панам, пакаштаваўшы прысмакаў, паслухаўшы музыкаў і кульнуўшы добрую чарку.
На варце маралі на супрацьлеглым ад корчмаў і рэстарацыі флангу стаялі касцёл, царква і сінагога. Цэнтрам мястэчка была вялікая гандлёвая плошча (зараз сквер).”
Важнай функцыяй мястэчка была гандлёвая. Раз на тыдзень у Крывічах праходзіў звычайны кірмаш. А два разы на год адбываліся вялікія: на Сёмуху (Троіцу) і 6 жніўня.
Фрагмент кнігі “Сцебуракаў лёс”:
“Крывіцкі кірмаш, між іншым, апроч збожжавага, меў і яшчэ адзін профіль — вялікі асартымент ганчарных вырабаў. Асаблівым попытам у нашых краях карысталася праца ракаўскіх майстроў.
Іншыя кірмашы ў нашай мясцовасці таксама мелі свае спецыялізацыі. У Даўгінаве, напрыклад, ішоў гандаль каровамі і коньмі. Каб патрапіць на Даўгінаўскі кірмаш, субацкія жыхары ехалі праз брод на Сэрвачы паміж Малышкамі і Навасёлкамі, потым па лясной дарозе да вёскі Жары і далей выязджалі на дарогу Касцяневічы — Даўгінава…
Куранецкі кірмаш найперш славіўся свіннямі. На ім можна было прыдбаць племяннога падсвінка з Еўропы (іх прывозілі найчасцей нямецкія камерсанты), а таксама збыць свайго гадаванца. Цэлыя вагоны першагатунковых парсюкоў з беларускіх вёсак проста з куранецкага перона адпраўляліся на захад у кілбасныя цэхі замежжа.
У Крэве быў вядомы конскі кірмаш. Па коней туды прыязджалі не толькі мясцовыя гаспадары, але і вайскоўцы. У Крэве рэманцёры (Вайсковыя спецыялісты, якія займаліся закупкай коней на патрэбы войска.) Войска Польскага набывалі на патрэбы кавалерыі коней-трохгодак. Патрабаванні, што выстаўляліся імі да жывёлы, былі надзвычай строгімі: каню мала было мець бездакорны фізічны стан, каня для войска нельга было перад тым выкарыстоўваць на сялянскай працы, нават запрагаць у воз ці спутваць на выпасе. Кошт на такіх коней быў вельмі вялікім. Адзін з нашых сваякоў — Завадскі, які жыў па суседстве, асноўнай крыніцай прыбытку меў якраз такую конегадоўлю. Прадаўшы трох-чатырох коней войску, ён меў гарантаваны даход, што забяспечваў грашыма на ўсе патрэбы цягам года.
Кірмашы, вядома, былі не толькі месцам гандлю, але з’яўляліся яшчэ месцамі сустрэчаў ды абмену навінамі. Менавіта на кірмашах адбываліся розныя дзіўныя і забаўныя гісторыі, што распаўзаліся байкамі па ваколіцах…”
…”З нашага засценка мы выпраўляліся не толькі на гандаль, але таксама наведвалі і рамеснікаў, якім пакідалі замовы на выраб адмысловых тавараў. Напрыклад, у Навасёлкі мы ездзілі да татараў-гарбароў. Некалькі сем’яў татараў, што там жылі, займаліся традыцыйным промыслам — апрацоўвалі скуры і шылі з іх вопратку і абутак. Ім мы завозілі авечыя і каровіны скуры. Апроч добрых кажухоў, ад татарскіх гарбароў з Навасёлак у Субачы вярталіся дыхтоўныя хромавыя боты высокай якасці і добрага фасону. На хромавыя боты ішлі цялячыя скуры. Татары былі непераўзыдзенымі адмыслоўцамі — працягваючы ў дзірачку дратву замест іголкі раздвоенай парсючынай шчацінкай, яны стваралі шво такой шчыльнасці, што скураны бот не прапускаў ваду. А ўкладаючы ў падэшву скуру апрацаванымі бакамі адзін да другога, яны рабілі па тагачаснай модзе боты з такім рыпеннем, што круглы год уладальнік такога абутку ступаў нібы па марозным снезе. Боты з рыпеннем каштавалі даражэй. У такіх ботах, канечне, штодня не хадзілі. У паўсядзённым жыцці выкарыстоўвалі больш просты юхтовы абутак (абутак, зроблены з бычынай ці каровінай скуры, вырабленай здапамогай квасцоў і дзёгцю).
Працягваючы размову пра адзенне, адзначу, што яно было ў значнай частцы самаробным — шарачковыя нагавіцы, кужэльная сарочка, саматканыя світкі. Але і крамныя тканіны ўваходзілі ва ўжытак. Адзеннем хатняга вырабу карысталіся штодня, але на святы ды паездкі мелі куплёнае. Старэйшае пакаленне апраналася больш традыцыйна. Старыя жанчыны дык наогул апраналіся амаль выключна ў нацыянальныя строі. Маладыя кабеты, наадварот, адсочвалі тагачасную моду. Усе мужчыны нашай сям’і мелі выходныя строі-тройкі з якаснай лодзінскай ці нават ангельскай тканіны, пашытыя на замову ў Крывічах, Вялейцы ці Вільні. На галаве былі кепкі, у фацэтаў — капялюш, пальчаткі і ляска.
Гэтак выглядалі нашая зямля, наваколле і мы — жыхары Субачаў…”
Калі вы, пачытаўшы наш артыкул, адчулі магію заходнебеларускага мястэчка і зацікавіліся кнігай – яе можна набыць і напоўніцу прасякнуцца гісторыяй гэтага маляўнічага кутка Бацькаўшчыны.
“Сцебуракаў лёс” – летапіс роду праз прызму ўспамінаў і гісторыі паўсядзённасці. Асноўная ўвага нададзеная падзеям другой паловы XIX – сярэдзіны XX ст.ст. Выданне прадстаўляе сабой спалучэнне мастацкай літаратуры і гістарычнага даследвання, утрымлівае цікавыя архіўныя і фотаматэрыялы. У кнізе асвятляюцца знакавыя падзеі гісторыі Беларусі гэтага перыяду, якія дадаюцца краязнаўчымі і этнаграфічнымі звесткамі.
Сцебуракі, якія памятаюць гісторыю свайго роду і краю…
Кніга прызначаецца шырокаму колу чытачоў, а таксама знаўцам і аматарам гісторыі. Замовіць яе можна па спасылцы.
Команда американских дизайнеров, инженеров и ученых математически проанализировала глобальное культурное наследие для составления рейтинга известности....
В Беларуси не так много точек притяжения, которые могли бы заинтересовать самых разных туристов.
Рядом с въездным знаком Бобруйска появилась большая 3D-карта с указанием достопримечательностей. Размер полотнища — 18 на 6 метров. Ночью оно подсвечивается....