Ru
En Bl

Самае цікавае ў беларускім Парыжы — ягонае прадмесце

Автор: Яўген Ждановіч
25.04.2018

Гадоў дзесяць таму – пасля вяртання вёсцы Навадруцк старой назвы – пра Парыж шмат у нас пісалі. Здавалася, што дзякуючы назве, руплівай працы ксяндза Ёзаса Булькі і неверагодным паазерскім краявідам вёска прыцягне шматлікіх турыстаў. Аднак не.

paryz.jpg

У мінулым годзе МТЗ нават правёў трактарнае ралі «Парыж – Мосар», абяцаў зрабіць такое спаборніцтва традыцыйным – але сёлета ралі не было. Закрыўся музей Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, які стварыў той самы мосарскі ксёндз Булька, закрылася ПМК – «парыжаўтваральнае» прадпрыемства, і, калі дзесяць год таму ў рэпартажах можна было пачытаць, як бавяць вольны час маладыя парыжане і парыжанкі, то зараз на вуліцах моладзі не ўбачыш – амаль усе, як сказаў адзін з пенсіянераў, на заробках – хто ў Паставах, хто ў Расіі, а хто і ў Польшчы.

Пад 30-метровую «Эйфелеву вежу» – якую паставілі па ініцыятыве ізноў жа Булькі – хоць і не часта, але пад'язджаюць машыны: зрабіць сэлфі на фоне канструкцыі з крыжом наверсе ці ля шыльдаў кшталту «Парыжскі сельскі дом культуры».

wezha1.jpg paryz2.jpg

У мясцовай школе працуе краязнаўчы музей, яго загадчыца, настаўніца гісторыі Святлана Латыш распавядае пра версію назвы аграгарадка.

– Існуе вельмі прыгожая легенда з часоў вайны французаў з рускімі 1812 года. Праз гэтыя мясціны ішлі войскі абодвух імператараў. Лічыцца, што Напалеон спыніўся на гарадзішчы ў суседняй вёсцы Асінагарадок, паглядзеў навокал сябе і сказаў: «Тут прыгожа, як у парках Парыжа! Давайце назавем гэтае мястэчка так – маленькі Парыж». Гэта такая легенда, але доказы таго, што тут былі падзеі, звязаныя з той вайной, ёсць. Ёсць помнік 1813 года ля царквы – на магіле і рускіх, і французскіх салдат. Ну, і ў нашым музеі краязнаўчым у школе сярод тысячы экспанатаў па гісторыі гэтых мясцін ёсць і прадметы тых гадоў: гузікі салдат – французскія і рускія, карцеч, французскі відэлец.

Раскопкі тут не праводзіліся – само гарадзішча ў Асінагарадку датуецца жалезным векам, але не больш за тое, бо зараз там стаіць царква. Святары лічаць неэтычным рабіць даследаванні на месцы пахаванняў.

cerkov.jpg

Зараз насельніцтва Парыжа – крыху больш за 300 чалавек. У 1923 годзе тут было 4 двары і 35 жыхароў, у 1963-м – 19 двароў і 65 жыхароў, у 2001-м – 195 двароў і 449 чалавек.

– Увогуле, мы ж на скрыжаваннях шляхоў – засталіся сляды вайны яшчэ і руска-шведскай. У 1706 годзе тут адбыўся адзін з баёў Паўночнай вайны. Непадалёк ад царквы яшчэ адно пахаванне – загінулых тады рускіх салдат, – зноў узгадвае царкву ў Асінагарадку Святлана Латыш.

Пакроўская царква прыгожа ўзвышаецца над дзвюма вёскамі – Парыж і Асінагарадок падзяляе толькі мясцовая Сена – рачулка Ласіца. Прыцягвае ўвагу званіца з двух ярусаў – каменны ніжні і драўляны верхні. І яшчэ адметнасць – званіца стаіць асобна.

zvanica.jpg

Паводле загадчыцы музея, царква згадваецца яшчэ на першай мапе ВКЛ 1613 года, створанай Тамашам Макоўскім на грошы Радзівіла Сіроткі.

– На той мапе месца Асінагарадка пазначана крыжыкам, сімвалам храма ў картаграфіі. І пра гэтую царкву ёсць легенда свая – нібыта падчас Паўночнай вайны тут спыніўся атрад на ноч, прыбілі да асіны ікону, каб ранкам адслужыць малебен, а забраць яе з сабой не змаглі – «прырасла» да дрэва. Паводле легенды, той абраз нібыта і дагэтуль дзесьці за алтаром, — гаворыць Святлана Латыш.

Легенда пра Напалеона і беларускі Парыж – прыгожая і папулярная, але дакументы пра паходжанне назвы кажуць іншае.

– Фальварак з назвай Парыж сустракаецца ў архіўных дакументах першай паловы XVIII стагоддзя. Гэта была не першапачатковая назва, проста ўладальнік фальварка палічыў наданне паселішчу назвы еўрапейскай сталіцы ўдалай ідэяй. Дакладна магу сказаць, што ў 1784 годзе фальварак Парыж быў ва ўладаннях Антонія Тызенгаўза, падскарбія Вялікага Княства Літоўскага, які спрабаваў на той час рэфармаваць гаспадарчы падмурак дзяржавы, што рушылася. Такім чынам, Парыж быў задоўга да паходу Напалеона на Расію, – кажа краязнаўца з Параф'янава Кастусь Шыталь.

Хаця, заўважае даследчык гісторыі краю, імператар ішоў праз гэтыя краі – па старой дарозе з Вільні на Глыбокае.

– Яна праходзіць не праз беларускі Парыж, недалёка – 7 кіламетраў, але не праз яго – праз вёску Ласіца. Ды і не да перайменаванняў маленькага фальварка яму было – Масква чакала, – удакладняе Кастусь Шыталь.

Увогуле, на той час гэта была распаўсюджаная практыка мясцовай эліты – надаваць гучныя імёны сваім уладанням. Дастаткова ўзгадаць Лявонпаль (сядзіба Лапацінскіх) – Чурылавічы, Бяльмонты  – Альгердаўшчына.

Усе парыжане кажуць, што «пры Бульку турысты ездзілі, не тое што зараз». Не дадае прывабнасці турыстычнаму аб'екту Парыж і адсутнасць тут хаця б нейкай кавярні, сувеніраў – адсюль майку з «Эйфелевай» вежай ці магніт на лядоўню не прывязеш.

paryz3.jpg

– Фінансаў няма для турызму, – уздыхаюць усе суразмоўцы і пераходзяць да расповедаў пра заняпад калісьці буйнога меліяратыўнага прадпрыемства – ПМК. Звычайнае жыццё постсавецкіх вёсак, узбуйненых у часы Хрушчова і Брэжнева вось такімі ПМК, што дасягнулі росквіту ў 80-х і жорсткага заняпаду ў 90-х, калі савецкая сістэма гаспадаркі рушылася паўсюль.

Пры тым адзначу, што Парыж лёгка ўключаецца ў маршрут турыста – побач цудоўныя Лучай, Мосар, Паставы, Глыбокае, Параф'янава, Сітцы, азёры і маляўнічыя вёсачкі. Аматарам гатычнай атмасферы можна праехацца па зусім малых паселішчах – то капліца глядзіць на дарогу з лесу, то праз нейкую савецкую будыніну з забітымі дошкамі вокнамі прарастае хмызняк. Такія вось Елісейскія палі з Булонскімі лясамі вакол беларускага Парыжу.


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Параф'янава, Paraphjanów, Парфенава – старадаўнія землі Віленскай дыяцэзіі

Мястэчка пад Докшыцамі было цесна звязанае з Вільняй – даходы з маёнтка забяспечвалі існаванне віленскіх архідыяканаў,

Статьи
От Белорусского Версаля до Полесского Иерусалима: как посмотреть «мировые достопримечательности», не покидая пределов Беларуси

Мы обнаружили в нашей стране большое количество удивительных мест, которые носят громкие названия, связанные со

Наследие
Костел Святой Анны в Мосаре

Костел Святой Анны в деревне Мосар построен в 1792 году на средства полоцкого каштеляна Роберта

Самые популярные Самые обсуждаемые