Летуценны рамантык. Да юбілея Аляксандра Львовіча Ільіна (1956–2020)

Автор: Аддзел інфармацыі
1 711

“Матэматык па прафесіі… Краязнаўца і гісторык па прызванні… Летуценны рамантык… Умеў прачытать сімвалы матэматыкі на мове эстэтыкі, а лічбы спалучать з “музыкай нябёсаў” – адсюль незвычайна тонкае адчуванне ім гармоніі рэальнага быцця… Ён паскорана працаваў і жыў, нібыта ў рытме прыгожага вальса, які закруціў-заваражыў і ўзняў яго да самага сапраўднага духоўнага Узвышша, з якога ён мог углядацца ў твары людзей мінулага, якія ў выніку пэўных абставін былі забытыя, і ён выводзіў іх з небыцця ў сваіх гістарычных і краязнаўчых тэкстах.

1 Портрет Александра Ильина.png

Малагаварлівы, сам-насам са сваімі думкамі, ён шмат працаваў у архівах Беларусі і суседніх краін, дзе знаходзіў цікавыя гістарычныя дакументы, захапляўся загадкамі гісторыі, у яго ўвесь час нараджаліся смелыя навуковыя гіпотэзы… Жыў не для сябе, а для адраджэння палескай культуры, шмат якія гістарычныя падзеі Піншчыны назіраў і ацэньваў з гледзішча пінскіх святароў, мясцовай шляхты, адміністрацыі, паэтаў і простага люду…

Любіў вандраваць і быў сапраўдным кнігалюбам, які прывозіў з вандровак рэдкасна каштоўныя кнігі, кнігі выбітных аўтараў і ахвяраваў іх ў дзяржаўныя ўстановы. Шукаў на Палессі Сармацкае мора, адмаўляючыся ад ўсялякіх міфаў, больш давяраючы сярэднявечным картам XVI–XVII стагоддзяў”.

Гэтыя прыгожыя словы прысвяціла Аляксандру Львовічу Ільіну яго жонка Алена Аляксандраўна Ігнацюк, паэтэсса, кандыдат філалагічных навук. Далей прывядзем кароткі агляд рознабаковай краязнаўчай і літаратурнай дзейнасці гэтага дзеяча яе аўтарства.

*        *        *

Ільін Аляксандр Львовіч (1956-2020) – гісторык, краязнаўца, матэматык, выкладчык, галоўны рэдактар часопіса “Гістарычная Брама: гісторыя і культура Палесся”. Ён напісаў 12 манаграфій і больш за 240 гістарычных і краязнаўчых работ, якія атрымалі мажнароднае прызнанне.

Канкрэтныя тэмы краязнаўчых пошукаў А.Л. Ільіна адзначаны глыбокім духоўным зместам і высвечваюцца ў такіх асноўных напрамках: гісторыя і культура Заходняга Палесся, у прыватнасці, Пінска; гісторыя праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у Заходнім Палессі.

2 Рисунок2.jpg

Аляксандр Львовіч Ільін нарадзіўся 26 красавіка 1956 г. ў раённым цэнтры Верхнедняпроўск Днепрапятроўскай вобласці Украіны. У 1972 г. паступіў на механіка-матэматычны факультэт Днепрапятроўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Далей звязаў сваё жыццё з Беларуссю і Палессем. Вялікую цікавасць у палешукоў выклікаюць кнігі А.Л. Ільіна аб культурна-гістарычным жыцці Брэсцка-Пінскага Палесся ў XIХ – пачатку XХ стагоддзяў. Перш за ўсё гэта “Нарысы гісторыі культуры Піншчыны IХ–XХ ст.” (2013), “Дзятлавіцкі Спаса-Праабражэнскі манастыр” (2013), “Чаравачыцкія Катовічы – святары, дзеячы культуры і проста людзі” (2016–2017), “Няпростыя і загадкавыя лёсы братоў Русецкіх і іх нашчадкаў” (2020) і інш.

А.Л. Ільін напісаў шэраг унікальных артыкулаў, прысвечаных выбітным асобам – грамадскім дзеячам, мецэнатам, навукоўцам, пісьменнікам, лёс якіх звязаны з Палессем:

“З дарэвалюцыйнай гісторыі банкаўскіх і крэдытных устаноў Пінска“ (Развіцце банкаўскага сектара эканомікі і ўдасканаленне падрыхтоўкі банкаўскіх спецыялістаў, 2004).

“З гісторыі банкаўскай справы ў Пінску міжваеннага перыяду” (Развіцце банкаўскага сектара эканомікі і ўдасканаленне падрыхтоўкі банкаўскіх спецыялістаў, 2004).

“Як у кожнага, быў пачатак…” (“Нёман”, 2008. №10).

“Якуб Колас як сведка і ўдзельнік культурна-асветніцкага жыцця Пінска перад Першай сусветнай вайной” (“Каласавіны”, 2008).

“Пецярбургскі і пінскі архітэктар Мікалай Катовіч” (“Гістарычная Брама”, 2009. №1).

“Біскуп Зыгмунт Лазінскі – бібіліяфіл”(“Берасцейскія кнігазборы”, 2010).

“Да гісторыі Купяціцкай Свята-Мікалаеўскай царквы” (“Гістарычная Брама”, 2010. №1).

“Настаўніцкія дарогі Якуба Коласа на Піншчыне” (“Каласавіны”, 2012).

“Сігізмунд Свянціцкі – “Бацька горада” Мінска” (“Зборнік памяці Віталя Скалабана”, 2013).

“Бібліятэка пінскага протаіерэя Іаана Маркоўскага” (“Берасцейскія кнігазборы”, 2013).

“Арганізацыя і правядзенне экскурсій у навучальных установах дарэвалюцыйнага Пінска” (“Турызм і гасціннасць”, 2014).

“Палескі і чарнігаўскі гісторык-краязнаўца а. Канстанцін Карпінскі” (“Гістарычная Брама”, 2016. №1).

“Пінская беларуская бібліятэка Ключановіча–Каратышэўскай” (“Берасцейскія кнігазборы”, 2019).

“Навуковыя даследаванні ў Пінскім павятовым францысканскім вучылішчы” (“Берасцейскія кнігазборы”, 2019) і інш.

У гісторыю беларускай культуры Аляксандр Ільін ўвёў шэраг імёнаў палескіх дзеячоў (гісторыкаў, краязнаўцаў, літаратараў і інш.) – Міхаіла Загароўскага, Антонія Машынскага, Дзмітрыя Кашырына, архімандрыта Анатолія (Станкевіча), Васіля Грудніцкага, Іаана Акаронка, Фелікса Дружылоўскага, Стэфана Куклінскага, Яўстафія Тарановіча, Яўгена Касцецкага, Юзэфы Кужанецкай і інш.

Невялікі дадатак ад Таццяны Хвагінай

Можна толькі падзівіцца той апантанасці, адданасці краязнаўчай справе, працаздольнасці Аляксандра Львовіча Ільіна. Ён зрабіў гіганцкую працу, якая дазволіла запоўніць шматлікія прабелы ў нашых ведах па гісторыіі роднага краю. Дзякуючы яго знаходкам, экскурсіі па Палессі робяцца больш цікавымі, разнастайнымі і глыбокімі. У іх знайшлі месца сапраўдныя “пярлінкі”, якія распавядаюць пра беларускія карані Андрэя Макарэвіча (Пружанскі і Бярозаўскі раёны Брэсцкай вобласці), пра маладыя гады Якуба Коласа, якія прайшлі ў Пінскім павеце (Ганцавічы, Пінкавічы, Лунінец, Пінск), пра драматычныя лёсы Скірмунтаў, Радзевічаў, Жукоў, Ажэшкаў, Віславухаў…

3 Рисунок5.jpg

Вельмі ўдзячны Аляксандру Львовічу тыя, хто займаецца сваім радаводам, і ў яго публікацыях знаходзіць важныя звесткі пра сваіх продкаў. На жаль, жыццё нястомнага даследчыка і папулярызатара гістарычных ведаў абарвалася вельмі рана. Шчырыя словы ўдзячнасці ад экскурсійна-краязнаўчай суполкі выказваем Алене Аляксандраўне Ігнацюк за захаванне памяці пра Аляксандра Львовіча Ільіна і працяг яго справы.