Лявонпаль

Автор: Вітольд Ермаленак
Фото: Cяргея Плыткевіча
19 3112

Першыя людзі пасяліліся тут не менш за 5 тысяч гадоў таму. Пра тое сведчаць археалагiчныя знаходкі: каменная сякера і крамянёвыя разцы (зараз знаходзяцца ў музеі Лявонпаля і ў народным музеі СШ №3 г. Мёры). Захавалася курганная група Х–ХІІІ стст. з пяці насыпаў за 500 м на поўнач ад Лявонпаля. Гэта невядомы навуцы археалагічны помнік. Ён адсутнічае ў выданні «Збор помнікаў гісторыі і культуры. Віцебская вобласць», Мн, 1985.


4-2022-03-13-20-DJI_0045pb_1330.jpg

Упершыню Лявонпаль згадваецца ў дакументах пад 1506 г., калі Аляксандр Ягелончык дорыць Ганне Масальскай маёнтак Друйскі, што знаходзіцца ў Полацкай зямлі, а таксама вёскі Залессе і Чурылавічы. Менавіта гэткую назву – Чурылавічы, або Лількі, – меў тады Лявонпаль. У 1564 г. Нарбут атрымлівае ад Масальскіх права на бабровыя гоны ў Чурылавічах. У 1595 г. Чурылавічамі ўладарыць Лукаш Мірскі. Ад яго ў 1611 г. мястэчка набывае славуты Леў Сапега.

Потым гаспадары працягваюць несупынна мяняцца: ў 1613 г. Рудаміна-Дусяцкія, у 1680 г. Мірскія, у 1687 г. біскуп смаленскі Мікалай Згерскі, у 1687 г. Выгоўскі, далей Агінскія і Клячкоўскія. Менавіта ад апошніх Чурылавічы набывае Мікалай Тадэвуш Лапацінскі. Ці існавалі тут да Лапацінскіх якія-небудзь панскія сядзібы? Дакументаў, якія сведчаць пра гэта, у архівах не выяўлена. Нават вядомы польскі даследчык рэзідэнцый шляхты ў ВКЛ Раман Афтаназі пакідае гэтае пытанне без адказу. Знаходкі кафлі XVI–XVIІІ стст. сведчаць пераканаўча: такія шляхецкія сядзібы ў Чурылавічах існавалі.Але маёнткі, напэўна, не ішлі ні ў якае параўнанне з палацам Лапацінскіх.

Амаль 200 гадоў Лявонпаль быў уладаннем Лапацінскіх, менавіта яны садзейнічалі росквіту гэтага мястэчка. Няроўнай вызначалася роля маёнтка ў розныя часы. Найбольшае развіццё ён атрымаў пры другім уладальніку Яну Нікадэму (1747–1810). Яму Чурылавічы абавязаны новай назвай. Перанайменне адбываецца ў 1798 г. Лявонпалем мястэчка названа ў гонар дзеда Лявона, які праславіўся ў вядомай бітве пад Венай у 1683 г., калі нешматлікае войска Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам караля Яна Сабескага ўшчэнт разграміла шматкроць пераўзыходзячыя войскі Асманскай імперыі і ўратавала не толькі сталіцу Аўстрыі, але нават Еўропу.

1-2022-03-13-20-DJI_0037pb_1330.jpg

Лапацінскія пабудавалі ў Лявонпалі палац, цагельны завод, млыны, ткацкую мануфактуру, майстэрню па вырабе дываноў і капелюшоў, суконную фабрыку, друкарню, мноства іншых аб’ектаў гаспадарчага прызначэння. Вакол палаца быў прыгожы парк. Тут знаходзілася аранжарэя, дзе расло 226 экзатычных раслін, праводзіліся розныя навуковыя даследаванні па батаніцы. Лапацінскія вялі інтэнсіўную перапіску з вядомымі вучонымі, асветнікамі не толькі Рэчы Паспалітай, але і іншых краін.

Лапацінскія мелі і вялікія зямельныя ўладанні. Да адмены прыгоннага права ім належала 9900 дзесяцін зямлі, пасля скасавання прыгону сялянам перададзена каля 3000 дзесяцін.

Для набыцця культурных каштоўнасцей і правядзення даследаванняў патрабаваліся вялікія фінансы. Адкуль бралі іх Лапацінскія? Акрамя традыцыйных спосабаў – аброку і чыншу з залежных сялян – Ян Лапацінскі арганізаваў першую ў нашым краі мануфактуру, якая дзейнічала амаль цэлае стагоддзе.

Гонарам Лапацінскіх служыла пабудаваная імі фабрыка па вырабе сукна, адна з першых на Беларусі. Інвентар 1803 г. пералічвае вялікую колькасць прылад фабрычнай вытворчасці – катлоў, калаўротаў, матавілаў, шпулек, чаўнакоў (усяго 282 адзінкі). На фабрыцы выраблялі 12 гатункаў сукна. Прадукцыя ішла на экспарт.

Мануфактурныя вырабы з ільну таксама атрымалі шырокую вядомасць. Пад назвай «друйскі лён» яны карысталіся попытам у Германіі, Англіі, Галандыі. У інвентары згадваюцца абрусы мануфактуры, якія здзіўляюць сваёй велічынёй. Так, за адным з іх маглі размясціцца адразу 100 асоб, за другім – 72. Гэткіх абрусаў у маёнтку налічвалася адпаведна 8 і 12 штук.

Сапраўды фантастычныя ў маёнтку Лапацінскіх былi батанічны сад і аранжарэі. Там толькі пад адкрытым небам расло 226 ананасаў, 16 гатункаў дакцілій, 37 пладаносных фігавых дрэў. Сярод аранжарэйных насаджэнняў 122 апельсінавыя і лімонныя дрэвы, а таксама абрыкосы, персікі, самшыт, гранаты, тутавыя саджанцы, лаўры і шмат іншага.

Акрамя Лявонпаля, Лапацінскія арганізавалі ўзорныя гаспадаркі ў Сар’і, Дрысвятах, Шаркаўшчыне і іншых месцах. У некаторых даследаваннях памылкова сцвярджаецца, быццам бы большасць прадпрыемстваў Лапацінскіх разарылася, не вытрымаўшы канкурэнцыі з перадавымі формамі гаспадарання, але гэта не так. Дакументы сведчаць аб секвестраванні маёнтка расійскімі ўладамі, што і прывяло да заняпаду вытворчасці ў Лявонпалі.

2-2022-03-13-20-DJI_0040pb_1330.jpg

Дзякуючы Лапацінскім мы маем сёння адзіныя ў раёне два помнікі архітэктуры рэспубліканскага значэння – палац у стылі барока і Траецкую царкву. Толькі яны на Мёршчыне вытрымалі ўсе выпрабаванні часу і зараз могуць захапляць сваім выглядам наведвальнікаў. Нягледзячы на розныя выпрабаванні асноўныя архітэктурныя помнікі Лапацінскіх вытрывалі, каб і зараз захапляць сваёй прыгажосцю і таямнічасцю.

3-2022-03-13-20-DJI_0044pb_1330.jpg

Яскравыя памеры і змест збораў Лапацінскіх даюць магчымасць уявіць інвентар 1803 г., які захоўваецца ў Цэнтральным гістарычным архіве Літвы (ён утрымлівае пералік не толькі лявонпальскіх скарбаў, але і збораў маёнткаў Шаркаўшчына і Дрысвяты). Пачатак мясцовым зборам паклаў Мікалай Лапацінскі, сыны памножылі іх. Сярод назапашаных каштоўнасцяў мноства вырабаў з золата, срэбра, перлаў, брыльянтаў, камей, гадзіннікаў, мэблі, зброі, гардэробаў, жупанаў, кунтушоў, абрусаў, паясоў, але найбольшы гонар гаспадароў прадстаўлялі мастацкая калекцыя, бібліятэка, фізічны кабінет і хімічная лабараторыя, якім маглі пазайздросціць нават вядучыя ўніверсітэты Еўропы.

Паводле інвентару бібліятэка Лапацінскіх складалася з раздзелаў, прысвечаных праву, геральдыцы, філасофіі, мовам, фізіцы, педагогіцы, гандлю, медыцыне, прыродазнаўству, ветэрынарыі, геаграфіі, архітэктуры, тэорыі мастацтва, гісторыі польскай, расійскай, англійскай, шведскай і інш. на польскай, лацінскай, нямецкай, англійскай, французскай, рускай і іншых мовах. Тут захоўваліся таксама старажытныя дыярыўшы, хронікі, біяграфіі славутых людзей, творы класікаў, кнігі перадавых вучоных і асветнікаў таго часу – Русо, Рабле, Фрэдры, Сташыца, Ляшчынскага і інш.

Мастацкая калекцыя на сценах палаца прадстаўлена нацюрмортамі мастакоў фламандскай школы, работамі англійскіх марыністаў, польскага мастака і медальера Яна Рыгульскага, француза Лампі і інш. Гедэман, таксама як і іншыя даследчыкі, называе чатыры карціны Паўля Рубенса, але, прагледзеўшы ўважліва запісы 1803 г., трэба адзначыць, што там указваецца толькі меркаванне пра аўтарства гэтага мастака. Захаванне Рубенса ў фамільных зборах адмаўляе і найбольш дасведчаны ў сямейнай гісторыі прадстаўнік роду Эўзэбіюш Лапацінскі. Лапацінскія сабралі буйную калекцыю графічных работ (тры тысячы адзінак) і невялікую, але вельмі каштоўную калекцыю мініяцюр. У архівах захоўвалася вялікая перапіска лявонпальскіх гаспадароў, асабліва інтэнсіўная з другой паловы XVIІІ ст.

Які лёс усіх гэтых матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў? Вялікую шкоду зборам нанеслі войны і пажары палаца 1831, 1863 гг. Так, пасля вайны 1812 г. страты склалі 415 000 рублёў срэбрам. Але найбольш стратнымі сталі Першая сусветная вайна і рэвалюцыя. Праўда, незадоўга да рэвалюцыі частка калекцыі вывезена ў Вільню і Варшаву. Гэта яе і ўратавала. Віленскаму таварыству аматараў навук перададзена бібліятэка, 6 000 тамоў кніг і 14 тамоў перапіскі XVIII–XIX стст. У віленскія зборы трапілі таксама партрэты Станіслава Шумскага, Марыі з Мірскіх пэндзля вядомага мастака Яна Рустэма.

У гістарычным архіве ў Літве захоўваецца 399 адзінак дакументаў, датуемых 1571–1912 гг. Сярод іх радаводныя і гаспадарчыя справы, карэспандэнцыя, філасофскія і рэлігійныя нататкі, калекцыя літаратурных і тэатральных твораў. Частка спраў з архіва Лапацінскіх знаходзіцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта. Пашчасціла пазнаёміцца з запісамі апошняга з лявонпальскіх Лапацінскіх.

А што ж тады засталося ў нашым краі? На жаль, амаль усё вывезена або знішчана. Апошняе разбурэнне адбылося ў 1939 г., калі, па ўспамінах старажыхароў, чырвонаармейцы спалілі 10 000 кніг. Праўда, падчас пошукавых разведак яшчэ ўдалося знайсці некалькі выданняў ХІХ і нават XVIІІ стст. Між іх базельскае Ж.Ж. Русо 1795 г., польска-лацінская Біблія XVIII ст., 5-ы том сачыненняў Бюфона пачатку ХІХ ст. і г.д.

Акрамя таго, знойдзены рэчы з маёнтка: сярэбраная каробка для парфумы XVIII ст., лыжкі ХІХ ст. з манаграмамі Лапацінскіх і г.д. У працэсе археалагічных вышукаў трапіліся фрагменты посуду XVIII–ХІХ стст. з Заходняй Еўропы і Расіі. Унікальнай стала знаходка бронзавай пячаткі Лапацінскіх. Спадзяёмся, што новыя разведкі дазволяць адшукаць хоць і невялічкія, але вельмі каштоўныя для нас рэшткі багатай калісьці калекцыі Лапацінскіх.

Нягледзячы на тое, што ўладанні Лапацінскіх знаходзіліся далёка ад вялікіх гарадоў, Лявонпаль можна назваць адным з тых месцаў на Беларусі, дзе найбольш выразна праявілася эпоха Асветы. Вялікая перапіска, якую вялі ў XVIII ст. Ян і Мікалай Лапацінскія з вядомымі асветнікамі, палітычнымі дзеячамі, пісьменнікамі, паэтамі, сведчыць пра глыбокую адукаванасць лявонпальскіх карэспандэнтаў. Менавіта іх розум, навуковыя даследаванні прыцягвалі ў маёнтак мясцовую шляхту, садзейнічалі развіццю грамадскай думкі.

Але не толькі пра стасункі са шляхтай думалі Лапацінскія. У Лявонпалі заўсёды дзейнічала школа для бедных, незаможных. Ва ўмовах нацыянальнага прыгнёту там вучылі не толькі пісьменнасці, але і асновам патрыятызму. Не аднойчы царскія ўлады жорстка каралі за гэта. Так, у 1862 г. за адкрыццё школкі Дынабургскі вайсковы суд прысудзіў Ігната Лапацінскага да высылкі ва ўсходнія губерні Расіі. Праўда, Мураўёў-“вешальнік” замяніў пакаранне штрафам у 10 000 рублёў, што значна пагоршыла фінансавае становішча Лапацінскіх. Але ўжо ў канцы ХІХ ст. у Лявонпалі ізноў дзейнічае школа. Заняткі праводзіла Тэкля Лапацінская ў Шаркаўшчыне, а ў Лявонпалі сам Эўзэбіюш Лапацінскі. У школе таксама рыхтаваліся тэатральныя пастаноўкі.

Апошні з лявонпальскіх Лапацінскіх – Эўзэбіюш – быў ва ўсім варты сваіх продкаў. Ен стаў вядомым у Польшчы даследчыкам па пытаннях мастацтва ВКЛ, напісаў шэраг навуковых прац, напрыклад, «Матэрыялы па гісторыі артыстычнага рамяства ў Вялікім княстве Літоўскім у XVI–ХІХ стст.». Вялікую падзяку заслужыў Эўзэбіюш ад краязнаўцы-даследчыка А. Гедэмана: «Сардэчную ўдзячнасць хачу выказаць пану Эўзэбіюшу Лапацінскаму за магчымасць атрымаць доступ да багатага сямейнага архіва Лапацінскіх, аднак яшчэ большую – за правядзенне доўгага шэрагу гадзін з аўтарам у архіўных пошуках. Цэлыя стосы складзеных ім нататак з’яўляюцца нямымі сведкамі таго, як шмат абавязана гісторыя павета яго шляхетным намерам, шчасліва злучаным з веданнем прадмета».

Такім чынам, падсумоўваючы напісанае, можам сцвярджаць: Лапацінскія, безумоўна, гонар нашага краю, а іх ахвярнае служэнне Айчыне павінна стаць для кожнага з нас у сённяшні нялёгкі час прыкладам сапраўднага патрыятызму.

Само мястэчка у ХІХ ст. стала цэнтрам воласці. Тут iснавалi карчма, цагельны завод, царкоўна-прыходская школа. У гэты час у мястэчку жыло шмат яўрэяў, таму дзейнічала сінагога. У 1904 г. налiчвалася 97 жыхароў.

Асабліва хутка развіваўся Лявонпаль у міжваенны перыяд. У 1931 г. быў цэнтрам гміны, дзе 84 хаты, 484 жыхары. Тут знаходзіўся прыёмны пакой, дзе працаваў фельчар Л. Кураш, аптэкар Т. Клейзік. Існавала шмат крам. Продажам галантэрэі займаліся Р. Брыц, Ф. Брыц, М. Гольдман, І. Школьнік. Харчовыя тавары прадавалі Х. Глейзер, Я. Сіцэвіч, Ф. Барэйка, Х. Крывіцкі. У крамах розных тавараў працавалі Л. Папкін, Ш. Школьнік. Тытунь прадавалі А. Якубовік, Б. Старкевіч, збожжам гандляваў Ш. Папнік. У Лявонпалі ў гэты час было шмат майстроў: кравец М. Бляхман, каваль А. Белавус, пячнік-мурнік І. Анашка, цесляры І. Аўласевіч, М. Бучыньскі. Сукно вырабляў А. Судніцкі. Замест старой згарэлай школы новая пабудавана ў 1937-1938 гг.

5-2022-03-13-13-AJ3I8276pb_1330.jpg

Зараз Лявонпаль – маленькая вёска з 78 жыхарамі, з іх працуюць толькі два, астатнія пенсіянеры. Пасля апошняй вайны тут быў цэнтр калгаса, цагельны завод, сельскагаспадарчае вучылішча, сярэдняя школа (220 вучняў). Але жорсткая палітыка старшыні калгаса Чувікава ў 60-я гг. ХХ ст., яго здзекі з людзей прывялі да масавага выезду жыхароў з гэтага маляўнічага кутка Мёршчыны.

6-2022-03-13-13-AJ3I8243pb_1330.jpg

Такі зараз стан гаспадарчых пабудоў каля былога палаца Лапацінскіх.

7-2022-03-13-13-AJ3I8247pb_1330.jpg

На заканчэнне некалькі цікавых сюжэтаў, якія ўбачыў у Лявонпалі Сяргей Плыткевіч.

8-2022-03-13-13-AJ3I8261pb_1330.jpg

Дрэвы, якія выжываюць у вельмі неспрыяльных умовах.

9-2022-03-13-13-AJ3I8294pb_1330.jpg

І камень, які дыманструе нашыя адносіны на працягу апошняга стагоддзя да гістарычнай памяці.

Калі яго паставіць, то сімвалізму будзе яшчэ больш. Але ці ўсім гэта спадабаецца?

З кнiгi Вiтаўта Ермалёнка «Чароўных вандровак пярсценкi»



Смотрите также

Эвзебиуш Лопатинский – любитель старины из Сарьи Статьи
Эвзебиуш Лопатинский – любитель старины из Сарьи

Знакомтесь: Эвзебиуш Лопатинский – человек, который мог сохранить историю всего Витебского Поозерья…

"Задумаў я ўвекавечыць тут справу Канстытуцыі 3 мая" Статьи
"Задумаў я ўвекавечыць тут справу Канстытуцыі 3 мая"

У гонар гэтай падзеі ў рэзідэнцыі Лапацінскіх у Лявонпалі была пастаўлена калона, якая захавалася да гэтага часу.