Ru
En Bl

Ад Маера да Сiгала. Дзевяць з паловай выхадцаў з Беларусi, якiя ўзбагацiлi сусветны кiнематограф

Автор: Цiна Турава
11.11.2016

У той час калi ў Мiнску падыйшоў да завяршэння чарговы мiжнародны кiнафестываль «Лiстапад» i ўжо хутка кiнавытворцы з розных краiн пачнуць пакiдаць нашу сталiцу, мы вырашылi ўзгадаць тых, хто назаўжды выехаў з Беларусi (або iх нашчадкаў) i трапiў у гiсторыю. Гiсторыю кiно.

Луiс Маер

Адзін з заснавальнікаў і да сярэдзiны ХХ стагоддзя віцэ-прэзідэнт знакамiтай галівудскай кінастудыі Metro-Goldwyn-Mayer (MGM) нарадзіўся ў Мiнску, у небагатай яўрэйскай сям'і, што жыла недзе ў раёне Нямiгi. Сапраўдная дата народзiнаў Лазара (а потым – на амерыканскi капыл – Луiса) засталася невядомай: калі ён атрымліваў грамадзянства ЗША, то сам абраў у якасці дня з’яўлення на свет 4 ліпеня – Дзень незалежнасці Злучаных Штатаў. Прычым спачатку Маер называў годам свайго нараджэння 1884-ы, а пазней – 1885-ы.

Так цi iнакш, сям'я Мелцэраў (Маераў) эмігравала ў Канаду, калі Лазару было ўсяго каля двух гадкоў. Як пiшуць, яго бацькi Сара i Якаў кiнулi гаспадарку ў Мiнску, баючыся яўрэйскiх пагромаў, якiмi адзначыўся ў Расiйскай iмперыi пачатак царавання Аляксандра III. Да 19 гадоў Луiс збіраў металалом разам з бацькам, а потым рушыў у Бостан – у яго прыгарадзе праз некаторы час з дапамогай сяброў Маер набыў занядбаны кiнатэатр на 600 месцаў, пачаўшы такiм чынам сваё ўзыходжанне да славутай «амерыканскай мары».

Луис-Маер_710.jpg

Ужо ў 1915 годзе экс-мiнчук з'яўляўся ўладальнікам цэлай сеткі кінатэатраў у ЗША. А ў 1924-м разам з Самуэлем Голдвінам (насамрэч гэтага эмiгранта з Варшавы звалi Самуiлам Голдфiшам) i яшчэ адным кiнамагнатам Маркусам Лоў ён стварыў Metro-Goldwyn-Mayer – кампанiю, якая на працягу першых дзесяцiгоддзяў iснавання лiчылася безумоўным лiдэрам Галiвуда. Менавіта MGM увайшла ў гісторыю як пачынальніца каляровага кінематографа. Першая ў свеце поўнаметражная каляровая стужка, знятая па трохплёнкавай тэхналогіі «тэхнiкалор», – «Панесеныя ветрам» (Gone Withthe Wind) – выйшла ў пракат пад маркай MGM. Кампанiя Маера адкрыла свету Кларка Гейбла, Грэту Гарба, Элiзабэт Тэйлар ды шмат iншых кiназорак.

меир_1088.jpg

Дарэчы, галоўная штогадовая нацыянальная кінапрэмія ЗША «Оскар» была прыдумана напрыканцы 1920-х таксама Луiсам Маерам, якi ўжо тады стаў адным з самых багатых людзей Злучаных Штатаў. А ў цяперашні час выданне Time уключыла нашага земляка ў спіс 100 самых уплывовых людзей XX стагоддзя.

Браты Уорнеры

Яшчэ адзiн найбуйнейшы кінаканцэрн Галiвуда – кампанiя Warner Brothers (WB) – быў заснаваны ў 1918 годзе таксама выхадцамi з Беларусi, братамi Уорнерамi. Канешне ж, анiякiя яны былi тут не Уорнеры, а самыя звычайныя Вораны (або Воранавы, хоць Вiкiпедыя i дае нязвыклае для нашых мясцiн прозвiшча Вансколасер (Wonskolaser)). У канцы ХIХ стагоддзя бацькi чатырох братоў – Гары (Гiрша), Альберта (Аарона), Сэма (Шмуля) i Джэка (Iцхака) Воранаў– гэтак жа, як сям’я Лазара Маера, праз Англiю i Канаду эмiгравалi ў ЗША з-пад беларускага горада Шчучына.

Братья-Уорнеры_710.jpg

У 1904 годзе тры старэйшыя браты адкрылi ў Пенсiльванii кампанiю, якая займалася распаўсюджваннем кiнастужак, i цягам некалькіх гадоў пачалi кантраляваць пракатны рынак ажно ў чатырох штатах. Яшчэ да пачатку Першай сусветнай браты заняліся вытворчасцю ўласных кiнафільмаў. Хутка да iх далучыўся малодшы брат, Джэк, якi потым на доўгiя дзесяцiгоддзi стаў «рухаючай сілай» студыі Warner Bros. Разам з Сэмам яны распрацавалi тэхналогію для першага ў кінаіндустрыі гукавога фільма – «Спявак джаза» (Jazz Singer). У 1927-м гэтая стужка са спевамi i дыялогамi стала сапраўднай сенсацыяй, а першую моўную рэпліку – «Пачакайце, пачакайце, вы яшчэ нічога не чулі» – пасля назвалi гістарычнай, сімвалізуючай закат нямога сiнематографа i пачатак эры гукавога кіно.

Братья-Уорнеры_1088.jpg

Warner Bros. таксама былi першымi, хто пачаў здымаць стужкi з удзелам сабакi, потым надоўга «застаўбiлі» нiшу гангстэрскiх фiльмаў, а ў 1930-х стварылi даччыную кампанію Warner’s Cartoon, якая адной з першых занялася стварэннем мульцiкаў. Сярод яе пазнавальных герояў – трус Багз Банi (Bugs Bunny) i качка Дафi Дак (Daffy Duck). Ну, а дарослыя гледачы мусяць быць удзячнымi братам Уорнерам i iх «фабрыцы мрояў» за запаленыя зоркi Пола Ньюмана, Барбры Стрэйзанд, Клiнта Iствуда ды iнш.

Кiрк i Майкл Дугласы

Жывая легенда, адзін з апошніх прадстаўнiкоў «залатой эры» Галівуда – акцёр Кiрк Дуглас – нарадзiўся без некалькiх тыдняў 100 (!) гадоў таму, 9 снежня 1916 года. Адбылося гэта ў Амстэрдаме – але не ў галандскiм, а ў амерыканскiм (штат Нью-Ёрк), i сапраўднае iмя будучай зоркi было Ісур (Iзя) Дземскі. Але ж i гэтае прозвiшча было не сямейнае – яго Гершл i Брайна Данiловiчы ўзялi ў 1908 годзе, калi прыехалi ў ЗША з мястэчка Чавусы Магiлёўскай губернi.

Кирк-Дуглас_710.jpg

Кирк-Дуглас1_710.jpg

Шчыра кажучы, нi Кiрк Дуглас, нi тыя, пра каго гаворка пойдзе нiжэй, не жылi ў беларускiм краi, але ж лiчаць, што маюць да яго дачыненне. Так, Дуглас, якi стаў папулярным у Амерыцы ў канцы 1940-х, а ў Савецкiм Саюзе – у пачатку 1960-х (дзякуючы ролі Спартака ў аднайменнай стужцы), напiсаў у сваёй аўтабiяграфiчнай кнiзе наступнае: «У мяне над ложкам вісела літаграфія Марка Шагала на біблейскія тэмы. Я быў вельмi ўдзячны яму за тое, што ён нагадваў мне аб маiх продках. Я даведаўся, што Шагал быў родам з Вiцебску – горада непадалёк ад Магiлёва, радзiмы маiх бацькоў з Беларусi».

Майкл-Дуглас_1088.jpg

У 1984 годзе Кiрк Дуглас атрымаў зорку на галівудскай Алеі славы. У гэтым жа годзе яго сын – Майкл Дуглас – зняўся ў фільме «Раман з каменем» (Romancing the Stone), якi прынёс яму сапраўдную акцёрскую славу (раней, у 1976-м, Майкл зарабіў першы са сваiх двух «Оскараў» як прадзюсар фільма «Пралятаючы над гняздом зязюлі» (One Flew Over the Cuckoo’s Nest) – на 20 гадоў раней за бацьку, якi дачакаўся «Оскара» толькi ў 1996-м). А ў 1988 годзе, пасля выканання галоўнай ролi ў фiльме «Уол-стрыт» (Wall Street) Дуглас-малодшы зноўку ўзняўся на сцэну за нацыянальнай кінапрэмiяй, якая, як мы памятаем, была прыдумана яго (i нашым з вамi) земляком.

Харысан Форд

Шмат хто ведае гэтага акцёра – аднаго з найбольш высокааплатных у Галiвудзе ў апошняй чвэрці XX стагоддзя – як Iндыяну Джонса або Хана Сола (героя кiнасагi «Зорныя войны»), але нямногiя нават у Беларусi чулi пра яго тутэйшыя каранi.

Харрисон-Форд_1088.jpg

Дзед і бабка Форда па мацярынскай лініі, мінчукi Ганна Ліфшыц і Гары (Гiрш) Нідэльман, эмiгравалi ў Злучаныя Штаты ў 1906 i 1907 гадах. Пасля вяселля, якое зладзiлi ў Брукліне ў 1917 годзе, у маладзёнаў нарадзiлася дачка Дора, што выйшла замуж за ірландца Крыстафера Форда i дала жыццё будучаму акцёру. Дарэчы, сваё імя ён атрымаў у гонар дзеда Гары. У 2013 годзе, падчас свайго знаходжання ў Маскве на прэм’еры аднаго з фiльмаў, Харысан Форд узгадаў пра тое, што ягоная бабуля была беларускай яўрэйкай. Менавiта з гэтай падставы Форд лiчыць сябе… славянiнам!

Шон Пэн

А ў яшчэ адной галiвудскай зоркi, Шона Пэна,бацька яго таты (рэжысёра Леа Пэна) Мойша Пiнан іміграваў у ЗША з Віленскай губерні, з мястэчка Мерач (зараз Мяркiне). I хоць сёння азначаны гарадок знаходзiцца на тэрыторыi Лiтоўскай Рэспублiкi, спрадвеку гэтыя землi з’яўлялiся беларускiмi. Таму давайце залiчым аднаго з самых тытулаваных акцёраў сучаснасці, Шона Пэна, да нашыхземлякоў – хаця б напалову.

Шон-Пенн_710.jpg

Жак-Іў Кусто

У год, калi ў Калiфорнii нарадзiўся Шон Пэн, у Францыi сваё 50-годдзе адзначаў, бадай, самы знакамiты даследчык Сусветнага акіяна Жак-Іў Кусто. Гэты аўтар каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх былi два аскараносныя, тэарэтычна мог нарадзiцца i жыць у беларускiх Лынтупах (Пастаўскі раён) пад iмем Якаў Данiлавiч Куст – калi б яго бацька не пакiнуў тагачасны Паўночна-Заходні край Расiйскай iмперыi ў пошуках лепшай долi. Апынуўшыся ў Францыi, той перарабіў свае беларускія імя і прозвішча на тамтэйшы манер, стаўшы Даніэлем Кусто (i, мiж iншым, даволi паспяховым адвакатам).

Жак Ив Кусто1.jpg

Жак-Іў, як вядома, быў сувынаходнікам акваланга, воданепранiкальных вiдэакамер i асвятляльных прыбораў. Цiкава, якiх каштоўных ведаў аб падводным свеце не далiчылася б чалавецтва, калi б сям’я Кусто ў свой час засталася ў Лынтупах і не адважылася на сваю «адысею»?

Гвінет Пэлтраў i Скарлет Ёхансан

Але ж вернемся ў Галiвуд. Амерыканская актрыса Гвінет Пэлтраў, уладальніца прэмій «Оскар» і «Эмі», нарадзілася ў сям'і кінарэжысёра Бруса Пэлтраў – нашчадка равінскага роду Палтровiчаў, якiя служылi ў сiнагогах Польшчы i Беларусi (па некаторых звестках, нават у Мiнску).

Гвинет-Пелтроу_710.jpg

Пра беларускую ж сталiцу (або яе ваколiцы) як пра месца пражывання сваiх продкаў казала на адной з прэс-канферэнцый iншая сэкс-дзіва Галiвуда – Скарлет Ёхансан. Маўляў, яе мацi, Мэланi Слоўн, паходзiла з яўрэйскай сям’i з Мiнску. Аднак пазней высветлiлася, што прабабка i прадзед Ёхансан па мацярынскай лiнii – Iзiдор i Ганна Ходаш– пахаваны сярод выхадцаў з Нясвiжа на адных з нью-ёркскiх могiлак. А прадзед красунi Скарлет – Борух Ходаш – быў у Нясвiжы шаўцом.

Скарлетт-Йоханссон_1088.jpg

Стывен Сiгал

Напрыканцы жніўня гэтага года падчас свайго вiзiту ў Беларусь раптоўна «раскалоўся» i жалезны майстар усходнiх адзiнаборстваў Стывен Сiгал. «Тут мае карані», – заявiў акцёр у Мiнску. I сапраўды так: як дазналiся гiсторыкi, яго дзед па бацькавай лініі – Натан Зiгельман – нарадзiўся ў Мінску ў 1893-м, а бабуля – Дора Гольдштэйн – у наступным годзе ў Брэсце. Потым яны трапiлi ў Амерыку, дзе (тыповая гiсторыя) скарацілі і амерыканізавалi сваё прозвішча, зрабiўшыся Сiгаламi.

Стивен-Сигал_710.jpg

Чытайце таксама:

Невероятная история «Миссис Би»: эмигрантка из Беларуси стала королевой ритейла в США

«Не спрашивай цену – все по пенни». Как эмигрант из Слонима основал империю Marks&Spencer


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Беларусь, по которой я скучаю

Белорусы разлетаются по разным уголкам мира, живут в разных странах и на разных континентах. Но что именно они

Самые популярные Самые обсуждаемые