Ru
En Bl

Ад «распуснiцы» да святой. Шэсць аблiччаў Барбары Радзiвiл

Автор: Цiна Турава
06.12.2017

6 снежня 1520 года ў сям'і вялікага гетмана (як зараз сказалi б, міністра абароны) ВКЛ Юрыя Радзівіла, які праславіўся перамогамі ў трыццаці бітвах, за што атрымаў мянушку Лiтоўскi Геркулес, нарадзілася дзяўчынка. Яе назвалі Барбарай.

Ніхто тады не мог нават уявiць, які лёс прызначаны ёй – будучай першай прыгажуні Вялікага княства, што стане ўлюбёнай мішэнню плеткароў, і каралеве польскай, якой трон прынес толькі пакуты. Гісторыя жыцця Джульеты беларускага Сярэднявечча, рамантычная і трагічная, прымушае хвалявацца нават праз паўтысячы гадоў...

«Вялікая распусніца» 

Барбару выдалі замуж як толькі ёй споўнілася сямнаццаць. Яе мужам (але, трэба падкрэслiць, не выбраннікам – бо, згодна з традыцыяй дынастычных шлюбаў, лёс жаніха і нявесты вырашалі без іх) стаў сын віленскага ваяводы граф Станіслаў Гаштольд. Іх шлюб доўжыўся пяць гадоў і прынёс Барбары мала радасцяў. Станіслаў аказаўся валацугай, які не ацаніў ні розуму, ні прыгажосці маладой жонкі, да таго ж у віленскім бамондзе вельмі хутка распаўсюдзіліся чуткі аб ягоных шматлікіх здрадах.

1.jpg

Аднак больш балюча языкі зласліўцаў ранілі Барбару. У большасці выпадкаў сам Гаштольд выдумляў небыліцы, потым падхопленыя пляткарамi: нібыта Барбара здраджвала мужу з... далей цягнуўся шлейф з разнастайных імёнаў і тытулаў, прычым юную княгіню абвінавачвалі ў сувязях не толькі з шляхцічамі, але і з манахамі, сялянамі і нават з конюхам. Калі ў 1542 годзе Станіслаў нечакана памёр, за Барбарай Радзівіл дзякуючы паклёпнiцкiм захадам мужа ўжо замацавалася мянушка «вялікай распусніцы». 

Каханая 

Пасля смерці Гаштольда маладая ўдава яшчэ доўгі час, прытрымліваючыся звычаю, насіла жалобу і пазбягала свецкага кола. А калі пасля доўгага перапынку Барбара зноў патрапіла на баль у каралеўскі замак, увесь бамонд літаральна патануў у промнях яе прывабнасцi. Не стаў выключэннем і спадкаемец літоўскага і польскага трону Жыгімонт II Аўгуст, якому тады было 24 гады. Вось толькі класічная гісторыя Папялушкі, што прыйшла на баль, не магла паўтарыцца – Жыгімонт быў жанаты на Лізавеце Габсбург. Зрэшты, каб не выпусціць чароўную ўдаву з-пад увагі, прынц адразу ж прапанаваў ёй стаць фрэйлінай Лізаветы. І Барбара пагадзілася. 

У 1545-м Лізавета Габсбург, якая пакутавала на эпілепсію, памерла. На яе пахаванне Жыгімонт Аўгуст з'явіўся разам з Барбарай, што прывяло ў шок віленскае свецкае кола. 

2.jpg

Аднак неўзабаве былая фрэйліна, да якой спадкаемец трона адкрыта меў ласку, спрабуючы пазбегнуць двухсэнсоўнасці свайго становішча, пераехала далей ад Вільні, у замак у Геранёнах, што застаўся ёй пасля смерці мужа. Але Жыгімонт ўжо не мог уявіць свайго жыцця без Барбары – тым больш што тая адказвала яму ўзаемнасцю… У 1547 годзе адбыўся таемны шлюб вялікага князя з яго каханай. Зрэшты, для сваёй сям'і і для дзяржавы Жыгімонт Аўгуст па-ранейшаму заставаўся ўдаўцом.

3.jpg

Каралева

Толькі ў красавіку 1548 года, пасля смерці караля-бацькі, малады манарх склікаў у Вільні сейм. На ім Жыгімонт афіцыйна абвясціў аб сваім шлюбе з Барбарай і прасіў прызнаць яе вялікай княгіняй. Сейм задаволіў просьбу вялікага князя, але вестка аб выбары сына стала громам сярод яснага неба для каралевы-маці – Боны Сфорца. Гэтая прадстаўніца старажытнага міланскага роду, што ўвайшоў у гісторыю дзякуючы інтрыгам і пераваротам, ніяк не магла змірыцца са з'яўленнем у Жыгімонта жонкi, якая валодала рашучым характарам і гэтым вельмі адрознівалася ад лёгка кіруемай Габсбург. Да таго ж, зрабіўшы прапанову Барбары, дагэтуль ва ўсім залежны ад маці Жыгімонт упершыню не параіўся з Бонай – а гэтага яна дараваць не магла.

Да пачуццяў імгненна прымяшалася палітыка. Польская знаць баялася праз каранаванне Барбары ўзмацнення ўлады Радзівілаў у літоўска-польскай дзяржаве. Калі вялікакняжацкая пара сабралася пераехаць з Вільні ў Кракаў, польскія магнаты выступілі за прызнанне шлюбу незаконным. Жыгімонт звярнуўся па дапамогу да святароў, і тыя запэўнілі яго, што шлюбны абрад, хоць і быў таемным, але здзейснены па ўсіх канонах, а значыць, само патрабаванне разводу з'яўляецца грахоўным. 1 снежня 1550 года Барбара Радзівіл была каранавана і абвешчаная польскай каралевай. 

4.jpg

Пакутніца 

Калі польскі сейм каранаваў Барбару, каралева-маці ў знак пратэсту пакінула Кракаў. Па адной з версій, пры двары засталіся яе агенты з заданнем атруціць нялюбую нявестку. Да нашых дзён дайшло прозвішча прыдворнага аптэкара, італьянца Монці, які нібыта прыгатаваў яд, што звёў квітнеючую прыгажуню ў магілу. Паводле іншай версіі, агучанай афіцыйна і да таго ж пацверджанай сучаснымі даследаваннямі, Барбара памерла ад раку.

Як бы там ні было, Барбара пакідала гэты свет у страшэнных пакутах. Пачварныя нарывы пакрылі яе некалі бездакорную скуру; лопаючыся, яны напаўнялі пакой смуродам, якога не вытрымлівалі ані дактары, ані прыслуга. І толькі Жыгімонт Аўгуст да канца заставаўся каля жонкі, якая не хацела здавацца смерці. Сучаснік пісаў: «Няма нікога, хто верыў бы, што яна зможа жыць. Аднак да гэтага часу яна не перастае фарбаваць твар, каб падманваць нас да свайго апошняга ўздыху».

5.JPG

8 траўня 1551 года Барбара памерла. Насуперак традыцыі каралева не была змешчана ў кракаўскай пахавальні на Вавелі, бо Жыгімонт Аўгуст сказаў: «Не прынялі яе тут пры жыцці, не пакіну яе тут і мёртвай». Неўзабаве жалобная працэсія выехала з Кракава і накіравалася ў Вільню. Усю дарогу кароль ехаў вярхом на чорным кані ўслед за труной каханай, у кожным населеным пункце злазячы з каня і ідучы побач з катафалкам. Пахавалі Барбару ў віленскім катэдральным касцёле.

Парэшткі Барбары Радзівіл у віленскай Катэдры (выява 1931 года) і сучасны выгляд Катэдры.jpg

Парэшткі Барбары Радзівіл у віленскай Катэдры (выява 1931 года) і сучасны выгляд Катэдры

Прывід

Вядома, што падчас аднаго са сваіх наездаў у Нясвіж, да брата Барбары Мікалая Радзівіла Чорнага, кароль, які моцна затужыў пасля смерці каханай, вырашыў з дапамогай чарнакніжнікаў выклікаць яе душу. Жыгімонта пасадзілі ў крэсла ў паўцёмнай залі і хацелі прывязаць да падлакотнікаў, каб ён незнарок не дакрануўся да прывіду, але кароль даў слова, што будзе сядзець ціха і толькі на адлегласці запытаецца ў Барбары, як яму жыцьдалей.

Калі ж з'явіўся дух, Жыгімонт Аўгуст ад хвалявання забыўся на сваю клятву, ускочыў з крэсла і са словамі «Басенька мая!» кінуўся да ценю каханай, паспрабаваўшы яе абняць.

8.jpg

Пачуўся выбух, і душа Барбары не змагла знайсці шлях на той свет – ёй заставалася вечна блукаць па зямлі. З тых часоў у пакоях Нясвіжскага замка можна сустрэць прывід каралевы Барбары – Чорную Панну.

Святая 

Неўзабаве пасля пакутніцкай смерці Барбару сталі лічыць святой. Большасць даследчыкаў сыходзяцца ў меркаванні, што цудатворны абраз Вастрабрамскай Божай Маці, ушанаваны беларусамі, літоўцамі і рускімі, быў напісаны з Барбары Радзівіл па замове Жыгімонта Аўгуста. Віленская Мадонна, як яшчэ называюць гэты абраз, сапраўды вельмі падобная на партрэты Барбары: тыя ж адухоўленыя рысы твару, той жа малюнак цела...

9.jpg

Акрамя таго, на руках у Божай Маці няма дзіцяці. Тут прыгадваецца яшчэ адна трагедыя Барбары: калі яна была цяжарнай, у замку здарыўся пажар. Ад спалоху і перажыванняў дзіця нарадзілася раней за тэрмін і мёртвым...


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
От любви до ненависти. Три самые роковые женщины белорусской истории

На отечественной исторической сцене появлялись самые разные женские персонажи. Но были в нашем прошлом и женщины,

Статьи
Умереть молодым. 10 знаменитых белорусов, не доживших до возраста Христа

«Жизнь длится лишь мгновение, – говорил Жан-Жак Руссо. – Сама по себе она – ничто, и ценность ее зависит от

Статьи
Гарады Саламеі Пільштынавай, альбо Прыгоды ліцвінкі з Навагрудчыны ў розных кропках свету

Саламея Пільштынава, ці Русецкая, – гераіня даволi мала вядомая ў беларускай гісторыі. Яе называюць першай

Статьи
Жизнь рода Радзивиллов и Новогрудчина XIX века. Узнаем белорусскую историю в… театрах

Узнавать о прошлом родной страны можно не только по страницам учебников. Мы собрали несколько постановок, где

Еще
Самые популярные Самые обсуждаемые