Ru
En Bl

«Міхал Клеафас Агінскі – магнетычная асоба, якую нам яшчэ вывучаць і вывучаць...»

Автор: Яўген Ждановіч
02.04.2018

Здаецца, да 250-годдзя знакамітага паўстанца, дыпламата і кампазітара даследчыкі знайшлі ўсё, што тычыцца ягоных спраў. Аднак, як кажуць удзельнікі круглага стала ў Мінску, «мы толькі на пачатку вывучэння спадчыны Агінскага».

Круглы стол «Спадчына роду Агінскіх ва ўмацаванні міжкультурных сувязяў Беларусі і Літвы», што адбыўся 30 сакавіка ў Мінску, сабраў некалькі дзясяткаў даследчыкаў творчасці Міхала Клеафаса Агінскага, аматараў таленту гэтай асобы. Павел Сапоцька, намеснік старшыні Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, днямі, дарэчы, прызначаны дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея, заўважыў, што назваў бы гэтае мерапрыемства, хутчэй, «цёплай творчай сустрэчай даўніх сяброў, што не першы год працуюць на ніве вывучэння спадчыны Агінскага».

— Ужо шмат рэалізавана культурных праектаў, сваіх і супольных — з літоўскімі, польскімі і расійскімі калегамі. Мы дастаткова цікава адсвяткавалі 250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага ў 2015 годзе. І, канечне ж, яшчэ раз упэўніліся ў тым, што матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, звязаныя з родам Агінскіх, выступаюць вельмі магутным рэсурсам для культурнай дыпламатыі, Агінскія сталі фактарам, які звязвае нашыя народы і культуры, — сказаў Павел Сапоцька.

Міхал Клеафас Агінскі вядомы большасці беларусаў перадусім як аўтар геніяльнага паланэзу «Развітанне з Радзімай». Між тым Агінскі ў свой час быў больш вядомы як палітычны дзеяч, дыпламат, былы паўстанец, у якога ледзь не атрымалася пераканаць Аляксандра І стварыць аб'яднанне заходніх губерняў па мапе Вялікага Княства Літоўскага з аўтаноміяй пад пратэктаратам Расійскай Імперыі. Цар, як вядома, страціў пасля вайны з Напалеонам свае ліберальныя памкненні, у тым ліку і сімпатыі да арыстакратаў з былой Рэчы Паспалітай. Расчараваны Міхал Клеафас Агінскі пакідае ў 1823 годзе маёнтак Залессе на Смаргоншчыне, дзе збіраўся застацца назаўжды, і эмігруе разам з сям'ёю ў Італію. Там, у Фларэнцыі, ён і памёр у 1833-м.

Спадчына на перспектыву

Амбасадар Літвы Андрус Пулокас зазначае, што імя Агінскага «вельмі ўзмацняе супольнае беларуска-літоўскае культурнае жыццё».

— Здаецца, ужо тры гады прайшло, як адсвяткавалі юбілей, былі кнігі, выставы, канцэрты, ездзілі адзін да аднаго... Сам сябе пытаю, няўжо яшчэ ёсць сілы і ідэі, як гэтую тэму надалей развіваць? Аказваецца, яны ёсць — і гэта вельмі добра і прыемна. Самае галоўнае, што гэты працэс неяк незаўважна стаў значна шырэйшым, ён ужо выйшаў за межы спадчыны нашага агульнага гістарычнага дзеяча, сёння ў нас з візітам у Мінску вельмі вялікая каманда, я б сказаў, літоўскі культурны дэсант — гэта і музыка, і гісторыя, і мастацтва, і музейная справа... Усе гэтыя людзі прыехалі ў Мінск не толькі з самымі добрымі і сяброўскімі намерамі, але і канкрэтнымі праектамі. Спадзяюся, сённяшняя сустрэча паслужыць аб'яднанню намаганняў для новай працы, — падкрэсліў дыпламат.

Паводле Вітаса Руткаўскаса, дырэктара музея Агінскіх у літоўскім Рэтавасе, асобы кшталту Міхала Клеафаса Агінскага цікавыя сучаснасці, бо «спадчына асобаў, якія звязваюць дзяржавы і народы, дае нам магчымасць сёння будаваць нашую супольную працу з перспектывай на развіццё нашых культурных стасункаў».

—За мінулыя 10 год мы пераканаліся, як дзейнічае агульнае разуменне нашых гістарычных каранёў — Літвы і Беларусі, якія калісьці складалі адну агульную дзяржаву, — зазначае Руткаўскас. — Думаю, што старт новай працы да чарговага юбілею дасць нам новыя магчымасці знаёмства з супольнай спадчынай. Будзем абменьвацца выставамі, рабіць супольныя музычныя праграмы для гледачоў абедзвюх дзяржаў. Гэта правільны шлях. І вельмі добра, што ў гэты юбілейны год для нас — стагоддзе незалежнасці Літвы — і беларусы святкуюць сто год свайго абвяшчэння незалежнасці. Віншую ўсіх калег з гэтымі падзеямі, вельмі важнымі дзеля нашага разумення дат.

Новая кніга пра Агінскага

Мастацтвазнаўца Святлана Немагай, чыя новая праца «Міхал Клеафас Агінскі. Лісты аб музыцы. Карэспандэнцыя» стала цэнтрам увагі ўдзельнікаў круглага стала, нагадвае, што беларускіх і літоўскіх даследчыкаў «каля 15 гадоў збірае гэтая магнетычная асоба».

— Вельмі радая, што тэма Агінскіх, як паказвае практыка, яшчэ далёка не завершаная, — сказала даследчыца. — Пэўны час я думала, што ведаю пра музыку Агінскага ўсё. Але калі пачала працаваць над кнігай, якая літаральны дзве гадзіны таму выйшла з друкарні (яшчэ гарачая!), пераканалася, што мы знаходзімся яшчэ толькі на самым-самым пачатку вывучэння творчасці і спадчыны Міхала Клеафаса. Але гэта і вялікая радасць — столькі новага наперадзе. Гэта скарб, які па сёння яшчэ хаваецца ў архівах, і мы толькі пачынаем да яго дакранацца глыбока і прафесійна. Вельмі важна, што галоўнае слова ў гэтай кнізе мае сам Міхал Клеафас Агінскі. Ідэя была сабраць усё, што сказаў Агінскі цягам жыцця аб музыцы. Доўгі час лічылася, што ўсё было сказана ім у працы «Лісты аб музыцы». Але аказалася, што не ўсё — былі далучаныя фрагменты з лістоў, бестсэлерам, на мой погляд, ёсць апісанне Міхалам Клеафасам сваіх падарожжаў, уражанняў ад музычнай культуры Францыі, Італіі, Турцыі. Таксама былі сабраныя фрагменты аб музыцы з ягоных мемуараў, выказванні сучаснікаў Міхала Клеафаса Агінскага пра музычны побыт кампазітара — як было арганізаванае музычнае жыццё ў ягоных сядзібах. Кніга дае нязвыклы ракурс на Агінскага, мы прызвычаіліся акцэнтаваць яго як дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, як жыхара Залесся. Гэта кніга дае нам погляд на Агінскага як еўрапейца, перш за ўсё, погляд на ягоныя вельмі шырокія культурныя сувязі, кантакты з цудоўнымі людзьмі сваёй эпохі — і не толькі музыкантамі. У кнігу ўключаныя ўсе дзевяць лістоў вядомай піяністкі Марыі Шыманоўскай, будучай цешчы Адама Міцкевіча.

Праз два гады — юбілей

Зінаіда Кучар, дырэктарка Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, кажа, што ў Беларусі ўжо пачынаецца праца па святкаванні 255-годдзя Агінскага ў 2020 годзе. Што праўда, прадстаўніца Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава папрасіла «дазволу пакуль не раскрываць планы на юбілейны год, пакінуць дзеля інтрыгі за кадрам».

— Калі казаць пра тое, што зроблена, — вы ведаеце, што ў 2014 годзе адкрылі музей. Калі зараз прыедзеце ў «Паўночныя Афіны», то ўжо можна ўбачыць адноўленую частку парку, цяпер завяршаюцца працы на мастах ля возера, з'явіўся той самы масток з гравюры Леанарда Ходзькі 1822 года, зусім хутка па ім можна будзе прагуляцца. Спадзяюся, што ўжо ў гэтым годзе пачнем новы праект у парку – і тая альтанка Амеліі, дачкі Міхала Клеафаса, ужо сёлета будзе адноўленая ў сваім парадным варыянце.

Найлепшы помнік да чарговага юбілею

Беларускі дыпламат, пісьменнік, перакладчык і публіцыст Уладзімір Шчасны добра вядомы ўсім даследчыкам і прыхільнікам творчасці Агінскага. У 2003 годзе Шчасны быў ініцыятарам правядзення ў Залессі міжнароднай канферэнцыі «Гістарычныя сядзібы. Стан і перспектывы», а таксама падрыхтоўкі пры садзейнічанні ЮНЕСКА дакументаў на рэстаўрацыю былога маёнтка Агінскага і атрыманне копіі архіва кампазітара (6.000 дакументаў) з Дзяржаўнага архіва старажытных актаў у Маскве. На ягоную думку, «настаў час стварыць інтэрнэт-рэсурс, прысвечаны Агінскаму». Да юбілею, мяркуе Уладзімір Шчасны,  неабходна сабраць усё, што тычыцца Міхала Клеафаса Агінскага, на дыску, выдаць поўную электронную энцыклапедыю — «усе дакументы, лісты, мемуары, ноты, усё, што толькі магчыма».

Што цікава, музычная дынастыя Агінскіх працягваецца дагэтуль — у Англіі працуе музыка і музыкавед Іва Залускі, нашчадак Міхала Клеафаса, у Польшчы таксама ёсць нашчадкі, звязаныя з музыкай. Стваральнік і кіраўнік творчага калектыву «Беларуская Капэла», музыказнаўца Віктар Скарабагатаў кажа, што дзеля параўнання можна ўспомніць толькі дынастыю Бахаў, але калі глядзець на працягласць дынастыі Агінскіх па часе, то гэта «ўвогуле ўнікальная ў свеце музыкі сітуацыя».


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
10 экскурсий, на которых должен побывать каждый белорус!

Существует ли какой-то экскурсионный «минимум», который необходим каждому уважающему себя белорусу для того, чтобы у

Наследие
Усадьба Огинских в Залесье

Главной достопримечательностью Залесья – как архитектурной, так и исторической – являются парк и усадебный дом

Маршруты
«Франц i Зося: каханне, мацнейшае за вайну»

Забродье – Сморгонь – Новоспасск – Крево – Боруны – Горецковщина –

Маршруты
Белорусская мозаика

Минск – Залесье – Сморгонь – Солы – Островец –

Самые популярные Самые обсуждаемые