Ru
En Bl

Як майстар ствараў стары Гродна ў драўляных макетах

Автор: Руслан Кулевіч
Фото: аўтара
Ссылка: hrodna.life
05.11.2018

Сёння ад некалі велізарнай калекцыі драўляных макетаў у Генадзя Зараховіча засталося толькі некалькі штук. Мініяцюрныя храмы, замкі, палацы і дамы разабралі сябры і знаёмыя.

Генадзю 54 гады і ён ужо некалькі гадоў як перастаў працаваць з дрэвам – зараз ён пячнік. Пра тое, што ён калісьці актыўна займаўся драўлянымі макетамі, нагадваюць працы ў вокнах яго кватэры на вуліцы Замкавай.

makety 1.jpg

— Я заўсёды працаваў дома і зараз, калі няма чаго рабіць, магу ўзяцца за які-небудзь макет. І рабіць яго магу доўга, бо спяшацца мне няма куды, — кажа Генадзь.

Для ўсіх макетаў не хапіла б і прыватнага дома

З дрэвам гродзенец пасябраваў яшчэ ў Зэльвенскім інтэрнаце, калі стаў займацца авіямадэлізмам. Аднойчы замест чарговай мадэлі самалёта ён вырашыў зрабіць макет царквы. З першага разу атрымалася не вельмі ўдала, але гэта стала пачаткам вялікага жыццёвага праекта.

Першыя ўдалыя макеты архітэктуры Генадзь пачаў ствараць у пачатку 1980-х гадоў, а ўжо ў 1985 разам з гісторыкам Міхасём Ткачовым і рэстаўратарам Уладзімірам Кіслым у Музеі атэізму (сёння – Музей гісторыі рэлігіі) выстаўляў вялікую калекцыю гродзенскіх макетаў, якая прастаяла больш за паўгода.

— Некалькі тысяч розных работ было ў мяне, – распавядае Генадзь. – Сёння прыватнага дома не хапіла б, каб усё змясціць. Я проста захапіўся гісторыяй Гродна і мне было цікава рабіць аб’екты гэтага горада. Я зрабіў многія дамы з раёна Новы свет, якіх сёння ўжо няма, страчаныя храмы і сінагогі. Для мяне было самым цікавым рабіць тое, чаго ўжо не было. Я рабіў макет згубленых помнікаў і не мог спыніцца, гэта быў як наркотык.

Сышоў у печнікі

Макеты храмаў, замкаў і іншых аб’ектаў патрабуюць немалых высілкаў. Неабходна ўлічыць і адлюстраваць у працэсе макетавання ўсе архітэктурныя і гістарычныя асаблівасці.

— Мне хацелася паказаць як мага больш усяго. Зрабіў працу – падарыў і далей за справу, – кажа майстар. – У 1990-х у мяне дома ўжо месца не было, дзе можна было б захоўваць макеты. Калі выстаўляў частку калекцыі на вуліцы, то ўвесь двор на Замкавай займаў. Людзі збягаліся паглядзець. Польскія і беларускія журналісты прыязджалі. Потым і з Расіі завіталі. Але ў адзін момант мне надакучыла рабіць макеты. І я пайшоў у печнікі.

На самы доўгі макет выдаткаваў 8 гадоў

Такія макеты, якія ствараў Генадзь, сёння ў Гродне ніхто не робіць. На стварэнне адной работы сыходзіла ад месяца да некалькіх гадоў. На макетах гродзенец ніколі не зарабляў.

makety.jpg

— Маладыя гродзенцы не жадаюць займацца сёння тым, чым я захапіўся ў свой час. Ніколі на макетах толкам не зарабляў. А яны экспертамі ацэньваліся ў вялікую суму, але звычайныя людзі гэтага ніколі не разумелі. Прасілі зрабіць, але ніхто не хацеў плаціць. Усім здаецца: узяў і зрабіў за вечар макет. Насамрэч на адну працу можа спатрэбіцца некалькі гадоў. Свой самы складаны праект царквы з дрэва я рабіў 8 гадоў. Вядома, не кожны дзень рабіў, а вечарамі, з вялікімі перапынкамі.

Гродна ўжо не той

Генадзю дагэтуль паступаюць заказы на макеты, але рабіць іх з вялікім задавальненнем, як раней, ён ужо не можа. Кажа, мазгі «накіпаюць» ад скрупулёзнай працы. Цяпер ён робіць макеты толькі тады, калі ёсць час і жаданне.

— За некалькі дзясяткаў гадоў наш горад моцна змяніўся. Многіх цікавых і ўнікальных аб’ектаў ужо няма. Стары замак ператвараецца ў незразумела што, драўляная архітэктура горада руйнуецца. Магчыма, калі-небудзь я ўзнаўлю стары Гродна ў макетах, але гэта будзе зусім іншая гісторыя.

У САЙТА «ПЛАНЕТА БЕЛАРУСЬ» ПОЯВИЛСЯ КАНАЛ НА ЯНДЕКС ДЗЕН. ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
Стать Гулливером сегодня может каждый на хуторе Родевичи

Именно здесь, в Ошмянском районе, расположилась миниатюрная «Страна

Статьи
Пламенеющая пламенеющей рознь. В России сожгли макет «готической принцессы» Полесья

Когда на минувших выходных глаз впервые выхватил в новостной ленте фотографию пылающего храма, сердце ёкнуло: уж

Самые популярные Самые обсуждаемые