Ru
En Bl

Жанчыны БНР: экстрым, каханне і супраца са спецслужбамі

Автор: Алесь Кіркевіч
Ссылка: Будзьма беларусамі
11.07.2018

На большасці фота ўрадоўцаў БНР вы не ўбачыце жанчынаў. Ніводнай. Здаецца, гэта была выключна пацанская тусоўка. Ці так было насамрэч? Магчыма, жанчыны не толькі ўдзельнічалі ў стварэнні нашай дзяржавы 100 гадоў таму, але часам нават бралі на сябе найбольш адказныя абавязкі.

Па-першае, рэаліі стогадовай даўніны сапраўды моцна адрозніваюцца ад нашых сённяшніх. Жанчына калі і магла займаць вядучую пасаду, дык толькі дзякуючы паходжанню, будучы каралевай, баранэсай, землеўладальніцай – як тая ж мецэнатка Магдалена Радзівіл, якая фундавала безліч беларускіх праектаў.

А што, калі ты жанчына, хочаш нешта зрабіць для грамадства, але не маеш грошай, нерухомасці і тытулу? Тады табе варта ісці ў асвету, літаратуру альбо ў тэрарызм і партызанку. Жанчыны, якія адзначыліся ў беларускім руху пачатку ХХ стгоддзя і ў БНР, акурат пацвярджаюць такі расклад. Разгледзім некалькі найбольш характэрных партрэтаў.

Палута Бадунова – фурыя БНР

badunova.jpg

Эсэрка, якая кантактавала з Леніным, асветніца, сябра Рады і Народнага сакратарыята БНР, каханка Тамаша Грыба. Гэтая жанчына сапраўды магла стаць гераіняй для беларускіх феміністак, бо ламала стэрэатыпы пра жаночую ролю ў палітыцы і грамадскім жыцці. У дадатак, асоба эмацыйная і непрадказальная.

Яе гісторыя – яшчэ і гісторыя няўдалага кахання. Палута была закаханая ў Тамаша Грыба, нават падпісвалася «Бадунова-Грыб», хоць сам Тамаш меў іншае меркаванне пра іх стасункі: не адкідаў канчаткова, але перавагу аддаваў іншай – Паўліне Мядзёлцы. Палута ладзіла суперніцы скандалы, а ахоўнікі польскай турмы, дзе трымалі Грыба, не маглі разабрацца, хто ж яго нявеста – на гэтую ролю прэтэндавалі абедзве дамы…

Урэшце ў Палуты пачалося псіхічнае захворванне, неўзабаве яна вярнулася ў БССР з эміграцыі, дзе ўсё скончылася прадказальна: 1938-ы, расстрэл.

Паўліна Мядзёлка – femme fatale БНР

miadzliolka.jpg

Гэтую німфу беларускага руху сёння памятаюць найперш праз Янку Купалу. Менавіта яна грала ў першых пастановах «Паўлінкі» яшчэ да рэвалюцыі, калі класік лез да прыгажуні са словамі: «Вы ненатуральна цалуецеся на сцэне, давайце пакажу!..» Яе сёння часам вінавацяць у смерці Купалы, маўляў, у Маскву, у той пракляты гатэль у 1942-м, ён паехаў менавіта да яе, Паўлінкі, а яна аказалася ўсяго толькі «салодкай пасткай» савецкіх спецслужбаў. Але пакінем гэта ў раздзеле фантазіяў і дадумак.

Насамрэч Паўліна вельмі шмат зрабіла ў грамадскім сектары і асвеце: займалася пацярпелымі ад Першай сусветнай і школьніцтвам, а ў 1920-я ўзялася за беларускія гімназіі ў Дзвінску і Рызе разам з «тусоўкай» Езавітава. З канца 1920-х – у БССР, пасля – у Ленінградзе. Яна праходзіла па справе «Саюза вызвалення Беларусі», была сасланая, але… выжыла. У паваенны час нават напісала мемуары «Сцежкамі жыцця» – жудасна цэнзураваныя, праўда. Нават яе колішні каханы Тамаш Грыб там апісаны ў чорных фарбах.

Усё гэта – гісторыя з Купалам, працай у Латвіі пад крылом савецкага консульства, нетыпова доўгае для «нацдэма» жыццё (памерла ў 1974-м) – дае некаторым падставы лічыць Паўліну агентам… Не будзем кідацца пустымі абвінавачваннямі, мы гэтага не ведаем. Але ведаем яе як неймаверна актыўную і прыгожую femme fatale эпохі БНР.

Вера Маслоўская – валькірыя БНР

Падчас Першай сусветнай Вера займалася арганізацыяй беларускага школьніцтва на Беласточчыне, якое немцы зрабілі легальным. Пасля – рэвалюцыя, БНР, няспраўджаная мара пра сваю дзяржаву… Роднае Падляшша, населенае беларусамі, аказалася ў складзе Польшчы. Што рабіць? Канечне, арганізоўваць там партызанку.

Фантастычна, але менавіта жанчына ўзначаліла падпольны антыпольскі рух на Беласточчыне ў 1920-я па даручэнні ковенскага ўраду БНР Ластоўскага. Яна ж у выніку стала адным з ключавых фігурантаў гучнага «Працэсу 45-ці» ў Беластоку ў 1923-м: палякі да яе ўсё ж дабраліся і далі шэсць гадоў турмы. Гады зняволення красуня адбывала ў турмах Беластока і Варшавы.

Далей – цікавей. З прыходам саветаў у 1939-м яна пераязджае на Ваўкавышчыну, дзе займаецца школьніцтвам. Прыходзяць немцы – яна зноў займаецца беларускай школай. Вяртаюцца саветы – яна працягвае займацца тым самым. Проста «тэрмінатрыкс» ад беларускай асветы. Ад 1950-х яна жыве ў савецкай Польшчы, у Супраслі, дзе і памірае ажно… у 1981-м.

Зоська Верас – «жорсткі дыск» БНР

veras 1.jpg

Неймаверная жанчына, якая пражыла амаль 100 гадоў і ўсё жыццё прысвяціла беларушчыне. Нарадзіўшыся ў шляхецкай сям’і ва Украіне і толькі пасля з сям’ёй пераехаўшы ў Беларусь, яна ад 17 гадоў працавала на гэтай ніве: гурток беларускай мовы ў Гродне яшчэ да рэвалюцыі, супраца з «Нашай Нівай», «Беларуская хатка» ў Мінску, дапамога пацярпелым ад вайны, а ў 1920-я – апякунства зняволенымі палякамі вязнямі-патрыётамі ў віленскіх Лукішках.

Яна ўвесь час нешта пісала і рэдагавала, пры гэтым цікавілася… пчалярствам і батанікай. Першыя крокі пчалярства па-беларуску – яе заслуга. Першы батанічны беларускі слоўнік – таксама за ёй. У паваенны час, за саветамі, жанчына сыходзіць ва «ўнутраную эміграцыю», але з пачаткам адлігі робіцца сапраўдным ланцужком паміж двума пакаленнямі беларускай інтэлігенцыі. Яна ўсё памятае і не баіцца пра гэта казаць. Да яе, у «лясную хатку» пад Вільняй, ездзяць Барадулін, Купава, Мальдзіс і шмат хто іншы.

veras.jpg

Нібы «жорсткі дыск», Зоська зберагла і перадала неймаверна важнае пасланне з часоў БНР, якое беларусы мелі атрымаць і асэнсаваць, каб пачаць свой новы этап, будуючы незалежную краіну. А яшчэ Зоська Верас – неймаверна прыгожая жанчына, хоць найчасцей у друку мы бачым фота старэнькай бабулі. Зірніце на партрэты маладой Зоські Верас часоў БНР і «беларускай вясны», яна сапраўды фантастычная!

P.S. Час ідзе, свет навокал змяняецца. Сімвалічна, што з 1997 года Урад БНР на эміграцыі ўзначальвае менавіта жанчына, Івонка Сурвіла. Няхай сёння гэта ўжо не тая адказнасць і не крыж, як 100 гадоў таму, але няхай такі стан рэчаў будзе сімвалічнай падзякай няўрымслівым, фантастычным і прыгожым жанчынам, якія так шмат зрабілі для нашай незалежнасці, абіраючы для сябе фармальна другасныя, але ад таго не менш складаныя і важныя ролі.

У САЙТА «ПЛАНЕТА БЕЛАРУСЬ» ПОЯВИЛСЯ КАНАЛ НА ЯНДЕКС ДЗЕН. ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!


Комментарии
Оставить комментарий
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.

Смотрите также

Статьи
От любви до ненависти. Три самые роковые женщины белорусской истории

На отечественной исторической сцене появлялись самые разные женские персонажи. Но были в нашем прошлом и женщины,

Статьи
«Кузня беларускага духу» – новы аўтарскі маршрут да стагоддзя БНР

«Планета Беларусь» наведала першую вандроўку з цыклу да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі, аздобленую цытатамі з

Статьи
7 будынкаў Мінска, значна старэйшых за свой знешні выгляд

Плошча гістарычнага цэнтра Мінска менш за 1 адсотак; каменных будынкаў, старэйшых за 100 гадоў — дзве сотні. Ды і

Статьи
10 творческих женщин в белорусской истории

В истории Беларуси гораздо больше мужских имен, чем женских. Однако многие талантливые женщины не соглашались

Самые популярные Самые обсуждаемые